Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Цэнзура.


Аўтар і вядучы Сяргей Дубавец, Вільня

Самая прыкметная зьява ў сёньняшнім грамадзкім жыцьці Беларусі - цэнзура. Натуральна, гаворыцца і пра зьніклых палітыкаў, і пра выбары прэзыдэнта, і пра ўсё тыя ж чарнобыльскія наступствы. Але чырвонай ніткай у кожнай тэме - хаваньне праўды. Цэнзура. Яна, даўняя знаёмая, захінае сваімі белымі прасьцірадламі ня толькі лічбы і факты, але й жывых людзей. Яна злавесная і бязьлітасная, нелягічная, амаральная і нахрапістая, яна ўсюдыісная. У страху ёй прыслужваюць малыя і вялікія начальнікі, падымаюць яе сьцяг паспалітыя грамадзяне. Хтосьці кідаецца, каб сарваць ейныя прасьцірадлы, але большасьць паўтарае нібы заклён: так і павінна быць.

Акурат у гэтыя дні зьявіўся ў друку пятнаццаты нумар маскоўскага часопіса "Досье на цензуру". Гэта расейская вэрсія вядомага ангельскага выданьня "Index on censorship". Чарговы нумар цалкам прысьвечаны Беларусі. Журналісты, эсэісты, навукоўцы распавядаюць расейскаму чытачу пра наш край.

Колькі гадоў таму, у 96-м, прысьвячаўся Беларусі і нумар ангельскага мэтрапольнага часопіса. "Index on censorship" знаёміў з выпадкамі цэнзуры, падаваў пераклады забароненых тэкстаў. Там пераважалі пісьменьнікі і літаратурныя тэксты. Сёньняшні расейскі часопіс карэнна адрозьніваецца ад таго. Ён больш журналісцкі, калі не сказаць газэтны. Тут няма ўласна індэксу цэнзуры, або дасье на цэнзуру. Аўтары прэпаруюць самое паняцьце цэнзуры і робяць калектыўную разборку паняцьцяў Беларусь, беларуская нацыя, мова, беларускі лёс. Яны абвяргаюць і даказваюць існаваньне Беларусі. У выніку атрымалася найноўшая прэзэнтацыя нашай краіны, нашых клопатаў і нас самых расейскаму чытачу. Забягаючы наперад, скажу што ўяўленьні пра Беларусь зьмяняюцца, але пачну зь перадгісторыі, з цэнзуры.

Сёньня цэнзура выключаная зь беларускага заканадаўства. Яна супярэчыць міжнароднай Дэклярацыі правоў чалавека. Тым ня менш, яна ёсьць.

Калі яна ў нас пачалася? З прыходам расейскае адміністрацыі дзьвесьце гадоў таму. Адно зь першых сьведчаньняў знаходзім у лісьце Яна Чачота да сябра. 1822 год. Гаворка ідзе пра творы Адама Міцкевіча, якія будуць друкавацца ў Варшаве, бо тут, у Вільні, - піша Чачот, - зубатая цэнзура. Ужо тады - зубатая. Гэта і зь ейнымі зубамі будуць змагацца паўстанцы 1831-га і 63-га гадоў.

Машына расейскае цэнзуры прыйшла ў Беларусь на штыхах, забараніла друкаваньне па-беларуску і была цынічна адкрытаю. Кнігі і часопісы без пазнакі "Дазволена цэнзурай" не выходзілі або лічыліся незаконнымі і друкаваліся за мяжой - у Польшчы ці Ўсходняй Прусіі. Быў выпадак беларускага выданьня і ў сталіцы імпэрыі - у Санкт-Пецярбургу. Але тады кніжка выйшла з пазнакаю "На болгарском языке" - каб увесьці ў зман цэнзуру.

Першая беларуская газэта "Наша Доля" ўжо пасьля дазволу беларушчыны ўсё адно забаранялася цэнзурай, яе нумары канфіскоўваліся. Сякая такая адліга настала ў першыя савецкія часы, прыблізна да 1929 году. Чым мацней былі адпушчаныя акупацыйныя лейцы, тым мацней гэта пасьля і ўдарыла нібы бумэрангам - людзей высылалі і расстрэльвалі. Але той пэрыяд для беларускага слова - перад рэпрэсіямі - нібы кароткі ўздых на поўныя грудзі. Прынамсі з такім адчуваньнем і сёньня чытаюцца тагачасныя творы, часопісы і кнігі. Пасьля вайны пачаліся доўгія гады больш ці менш пасьпяховага адваёўваньня ў цэнзуры то слова, то імя, то нават літары. З найдрабнейшых крупіцаў здабывалася тое сваё поле, на якім можна было б зноў ажыць беларушчыне.

Пасьля распаду СССР загаварылі пра наступствы Чарнобыля, пра гістарычную праўду, пра сталінскія рэпрэсіі. Але неўзабаве і гэтая адліга скончылася. Тое было ў літаратуры, тое самае і ў выяўленчым мастацтве. Тэму працягне Сяргей Харэўскі.

(С.Харэўскі: ) "Як і большасьць тых, хто атрымліваў мастакоўскую адукацыю, я сутыкнуўся з цэнзураю рана. У вучэльні намаляваў быў плякат, як тады вадзілася, на "востра-палітычную" тэму. Зрабіў абрыс паўднёва-амэрыканскага кантынэнту, надаўшы яму рысы тамтэйшага "мачо" ў самбрэра. Па руках-нагах зьвязаў стужкай у колерах сьцягу ЗША. Выкладчыца, глянуўшы на мой твор, катэгарычна заўважыла, што яна з-за нас у турму сядаць не зьбіраецца. "Выглядае, што амэрыканцы, - казала яна, - спавілі Лацінскую Амэрыку бантам, і падарылі... Каму падарылі? Савецкаму Саюзу?.. " Усе мае аднагрупнікі зьнямелі. Яны пачалі пільней углядацца ў свае самаробныя плякаты. Пра экалёгію, пра шчасьлівае дзяцінства, пра вайну... Аднаго хлопца проста так і зьвінавацілі ў няведаньні савецкай вайсковай сымболікі. "Ён якой у вас нацыянальнасьці?" — пыталіся выкладчыкі.

Зь іншага боку, абсалютная большасьць выкладчыкаў-мастакоў у менскай вучэльні імя Глебава ў сярэдзіне 80-х "пакрывала" сваіх гадаванцаў. Яны, будучы пераважна "членамі партыі", нібы адчувалі адхланьне ў дачыненьнях з падлеткамі, якія чыталі рэлігійную літаратуру, гаварылі міжсобку па-беларуску, слухалі "забугорныя" рыдыёстанцыі...

Гаворка вядзецца пра часы Брэжнева, Андропава, Чарненкі. Цэнзура, наколькі б старашнай і ўсюдыіснай яна ні была, абавязкова ўпрэцца ў асобу. Заўсёды былі гэткія людзі, што гатовыя абараніць ад цемрашальства. У менскай мастацкай вучэльні былі гэткія пэдагогі, як Выхадцаў, Санько, Уласаў, Калюжны, Луцэвіч, Пракапенка, якія ніколі не крытыкавалі прылюдна сваіх вучняў з-за іхных перакананьняў. Гэтыя людзі давалі нам, сваім вучням, надзею. Не на тое, што зьменіцца лад, час, рэжым. Хто ў тое мог тады верыць?! Але надзею, што людзкасьць ёсьць вышэйшай каштоўнасьцю. А вось жа навокал менавіта ў 80-я гады ў Беларусі выставы забараняліся адна за адной, то з-за палітычных "перабудовачных" матываў, то з-за буржуазнае авангарднасьці. Праўда, справа не даходзіла да бульдозэраў, як у Маскве, у хрушчоўскую "адлігу", але й да мастакоўскага падпольля не дайшла, як у Польшчы пры Ярузэльскім. Пакаленьні гадаванцаў мастацкіх вучэльняў і інстытутаў ад самага пачатку сваёй творчасьці ведалі, што ім вось ГЭТА ніколі не дадуць паказаць. Мастацкая адукацыя такім чынам несупынна дэградавала ад колішняе свабоды і ўзроўню адукацыі Віцебскае школы.

Адну са сваіх першых выставаў суполка "Пагоня", што сёлета адзначае свае дзясятыя ўгодкі, мусіла ў 91-м зрабіць за кардонам, у Гайнаўцы. Пасьля нібы ўсё стала на свае месцы. Некалі апальныя мастакі ў незалежнай Беларусі апанавалі залі, музэі й салёны. Не надоўга. Гісторыя найноўшае цэнзуры бярэ свой пачатак ад 96-га году, калі была зьнятая выстава ўсё той жа "Пагоні", што традыцыйна прымяркоўвалася да Дня Волі, 25-га сакавіка. 4 сакавіка, пасьля "экскурсіі" ў Палац мастацтва чыноўнікаў з Лукашэнкавай адміністрацыі, на паседжаньні ў Саюзе мастакоў было вырашана выставу зьняць. Галоўным непажаданым творам стала інсталяцыя - калектыўная праца мастакоў. Гэта было балотнае пудзіла ў касцы з гумовым дручком, тэніснай ракеткаю й бярозавым венікам. З таго разу ці не на ўсіх выставах "Пагоні" адбываюцца традыцыйныя скандалы: то творы здымаюць і ставяць да сьцяны, то яны проста прападаюць…

Але гэта ўжо нікога не пужае. Урэшце, са сьценаў той жа мастакоўскай вучэльні, у гэтак званыя "застойныя" гады павыходзіла цэлая пляяда творцаў - Адам Глёбус, Тодар Кашкурэвіч, Міхал Анемпадыстаў, Лявон Вольскі ды багата, багата іншых, для якіх цэнзура сёньня – умоўнасьць. Калі хочаш і насамрэч тварыць. Дзякуючы тым самым настаўнікам, многіх зь якіх ужо няма".

(С.Дубавец: ) Сяргей Харэўскі параўнаў цяперашні стан цэнзуры ў Беларусі з хрушчоўскімі часамі. Гэта таксама адліга. Тады хіснуліся былі падгнілыя пАлі сталінізму, сёньня - разьвітага сацыялізму. Сутнасьць жа цэнзуры ні тады, ні цяпер не зьмянілася. Папросту цяперашні рэжым таксама яшчэ не завершыў сваёй крышталізацыі, яшчэ ня стаў татальным. Аднак няцяжка дапусьціць, што пры захаваньні яго пасьля выбараў будуць зробленыя новыя крокі ў гэтым кірунку. Так як пасьля першых выбараў былі ліквідаваныя недзяржаўныя электронныя мэдыі, так цяпер мусяць быць зачыненыя і друкаваныя. Зусім як пасьля хрушчоўскае ідэалягічнае замінкі. А там і да мастакоў вернуцца так званыя мастацкія саветы зь людзьмі ў цывільным - гэта значыць, папярэдняя перадвыставачная цэнзура. Ізноў цэнзурнае дзеяньне скіроўваецца найперш супраць усяго сутнасна беларускага, таго, што ёсьць для кожнага іншага народу нацыянальнымі інтарэсамі.

За ўсю гісторыю для Беларусі, яе нацыі і культуры існавала і існуе толькі адна цэнзура - чужая. Ніякай сваёй мы ніколі ня ведалі й ня ведаем. Бо ў прынцыпе ўсё наша - ужо толькі за інтанацыю сваю заслугоўвала і заслугоўвае забароны з боку любой адміністрацыі.

Але вернемся да маскоўскага часопіса "Досье на цензуру". Ягоны чарговы, пятнаццаты, нумар цалкам прысьвечаны Беларусі. І называецца ён "Дрыгва на краі Эўропы".

Я ўжо сказаў, што аналізу мэханізмаў цэнзуры ў Беларусі, як і самых прыкладаў у гэтым часопісе няма. За выключэньнем хіба што нататкі Аляксандра Фядуты пра тыя скандальныя "белыя плямы" ў "Советской Белоруссии" і іншых афіцыёзных выданьнях на месцы антыкарупцыйнага дакладу. Зрэшты, сканчаецца тая нататка горычным уздыхам аўтара: "А змагаемся ўсё болей са справамі рук сваіх".

Словам, у клясычным выглядзе індэксу фактаў супраць слова ў Беларусі часопіс не дае. Хоць фактаў больш чым дастаткова. Верагодна, прычына ў тым, што часопіс разьлічаны на расейскага чытача і што для расейскага інтэлігента цэнзура - гэта зьява свая, расейская. Так склалася гістарычна. Чыя ўлада, тых і цэнзура. З цэнзурных камітэтаў там выходзілі майстры пяра, клясыкі літаратуры. І тут прынцыповае адрозьненьне зь беларускай сытуацыяй, дзе цэнзура ніколі не была сваёй, а была прышлай і заўсёды антыбеларускай. Будзь то ўласна расейская цэнзура ці цэнзура савецкага марыянэткавага ўраду ці прарасейскага цяперашняга.

Расейскаму інтэлігенту ўласьціва разважаць пра цэнзуру і дэмакратыю, містыфікуючы гэтыя паняцьці. Дэмакратыя - кажуць яны - абстрактная, а карані цэнзуры - у недасканаласьці сьвету. Яны схільныя падмяняць цэнзуру і норму. Расейская цэнзура можа быць і "во благо", яна можа быць у сабе. На тое й цэнзура, каб яе ўмела абыходзіць, - кажа расейскі пісьменьнік.

Што да нас, дык, ня маючы ў гісторыі прыкладаў уласна беларускай цэнзуры, мы гаворым пра цэнзуру нямецкую, польскую і расейскую.

Цэнзура ў Расеі можа быць уважлівай і чуткай, "нястрогай", схаванай і адкрытай, беларуская - толькі рэпрэсіўнай. Расейцы спрачаюцца пра цэнзуру на карысьць грамадзтва. Словам - цэлая палітра фарбаў. Для беларушчыны цэнзура - без адценьняў. Гэта заўсёды адназначна як сьмерць, як забойства.

Тое, што расеец можа ўспрымаць, гуляючы, як літаратурную гульню ці гульню словаў, у нас разумеецца толькі як ганебнае - самацэнзура. Гульня з уласнай грамадзянскай годнасьцю і сумленьнем.

Нарэшце, у расейскай літаратуры нярэдка можна сустрэць выраз - "айчынная цэнзура", уявіць які ў Беларусі зусім немагчыма.

Вось жа гэткае зусім рознае значэньне цэнзуры ў Расеі і Беларусі і немагчымасьць апісаць беларускія выпадкі ў зразумелых расейцам катэгорыях - усё гэта, верагодна, і прывяло да адсутнасьці ў маскоўскім часопісе "Досье на цензуру" фактаў і да "баданьня" іншае тэмы - Беларусі. Што ж гэта за штука такая, як яе зразумець? Зыходны матыў у тэкстах часьцяком - а ці існуе яна наогул? Ня буду ўступаць з аўтарамі ў палеміку, адзначу толькі цікавую тэндэнцыю, якой у папярэднія гады не было. Аўтары ў большасьці сваёй імкнуцца знайсьці Беларусь у самых сабе - просяць яе адгукнуцца. Іншым разам небеспасьпяхова.

Тон гэтаму задала сваім уступным маналёгам Сьвятлана Алексіевіч:

"Я б сказала, што паводле свайго сьветапогляду я - касмапаліт. А жыцьцёвая філязофія - гэта, канечне, швэйцэрства, этыка глыбокай пашаны да жыцьця, асабліва пасьля Чарнобылю... Склалася я, канечне, у расейскай культуры. А Беларусь - гэта хутчэй геаграфія, але геаграфія душы, і ўнутрана я, канечне, чалавек адсюль, ад гэтай мяккасьці, ад гэтай цярпімасьці, дружалюбнасьці. І шмат іншага, няўлоўнага...

І беларуская мова - таксама ў нейкім сэнсе мая мова. Бо мова - гэта ня толькі словы, гэта і старыя вясковыя людзі, і пабудовы, і галашэньне, якое і ў кнігах у мяне таксама ёсьць, гэта і зацемненасьць, няяснасьць сэнсу, распушчаная ў часе..."

Іншыя аўтары нібы падхопліваюць гэтую інтанацыю і працягваюць кожны на свой лад. То нібы ўхіляюцца, баючыся адкрытых словаў і прызнаньняў, то нібы паглыбляюцца кудысьці ва ўласную падсьведамасьць, спрабуючы апісаць, цытую, "практычны мэтад выкліку ў сабе беларускага духу" - ня з родавай альбо нацыянальнай традыцыі, а зноў жа вельмі асьцярожна - зь беларускіх зямлі, вады, паветра і агню. У выніку выходзіць нешта на мяжы кавээну і эсэістыкі. Ніхто з аўтараў не выступае, так бы мовіць, магільшчыкам беларушчыны, але і будучыню краіны, нацыі, мовы прадказваюць з многімі агаворкамі і хутчэй зь цьмяным спадзевам, чым з адкрытаю верай.

Зноў гэтае паняцьце - вера ў Беларусь, якое ў нашых перадачах праглядаецца не ўпершыню і нібы ўсё больш матэрыяльна.

Заўважце, наколькі зьмянілася яшчэ гадоў дзесяць таму палярнае стаўленьне да будучыні беларушчыны, наколькі яно зьмякчэла і наблізілася да таго, каб з "нарысаў гістарычнага пэсымізму" - з прыпіскай: хай бы хто-небудзь мяне разуверыў, - стаць нарысамі аптымізму.

Бадай толькі тры пасылы ў пятнаццатым нумары маскоўскага "Досье на цензуру" падаліся мне сур'ёзна памылковымі. Першы належыць дырэктару менскага Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту Анатолю Міхайлаву. Вось ён:

"На гэтым шляху праблему нацыянальных моваў абысьці немагчыма. Але давайце аддамо сабе справаздачу ў тым, што існуе нешта накшталт лёсу кожнай канкрэтнай мовы. Мы разумеем, напрыклад, якая розьніца паводле ступені распаўсюджанасьці паміж ангельскай і, скажам, чуваскай мовамі. Гэта ня значыць, што чуваская мова непаўнавартая - не пра тое гаворка. Але ёсьць пэўная дадзенасьць, не лічыцца зь якой, прынамсі, памылкова. У той самаідэнтыфікацыі, якая адбываецца цяпер, ёсьць сур'ёзная небясьпека: навялічыць правінцыйнасьць нашых інтэлектуальных даляглядаў, якая зь вядомых прычынаў была непазьбежная ў сілу нашага агульнага мінулага. Аднак тады гэтая правінцыйнасьць дыктавалася ідэалягічнымі меркаваньнямі, цяпер - нацыянальнымі".

Трэба думаць, што лёс мовы - зьява рукатворная. Гэты лёс сёньня цалкам залежыць ад творцы, ад інтэлігенцыі і ад дзяржавы. Скажам, калі ў Літве па-літоўску выдаецца ў сто разоў болей філязофскіх кніг, чым у Беларусі па-беларуску, гэта не спрыяе адсталасьці літоўцаў у гэтай сфэры і хоць нейкаму лепшаму лёсу беларусаў. Што да разьвіцьця філязофіі, дык, на маю думку, нас даўно чакаюць у цэнтральнай Эўропе акурат як беларусаў, бо нашае зьвяно ў ланцугу гісторыі думкі цэлага рэгіёну не заменіць ніхто. Літва, Польшча, Украіна, а таксама Ўсходняя Прусія складаюць гістарычна цэльны з намі культурны рэгіён, які спрадвеку падпадаў пад расейскую агрэсію, дзякуючы Расеі рабіўся рысаю аседласьці габрэяў, і наша незавязанасьць на Расеі зусім ня значыла б, што мы страчаныя ў сьвеце. Якраз навязваньне расейскае адукацыі і расейскіх культурна-мэнтальных стэрэатыпаў спрыяе вырываньню нас з нашага прыроднага асяродзьдзя і нашай на тле той жа Расеі правінцыйнасьці.

Другое, на маю думку, памылковае ўяўленьне ў апошнім нумары "Досье на цензуру" - пра "расейскамоўнае" насельніцтва Беларусі. Маўляў, у нас нідзе не пачуеш жывога беларускага слова. Трэба быць чалавекам, прыежджым з Масквы, каб пераканацца, што гэта ня так. Ня буду зноў спасылацца на зьвесткі перапісу пра родную мову, паўтару толькі выказваньне Адама Глёбуса пра тое, што "калі мы гаворым па-расейску, у душы мы гаворым па-беларуску". Мабыць з гэтым пагадзілася б большасьць нашых "расейскамоўных", якія ў апытаньнях паўтараюць адно - ужо ня мы, дык дзеці нашы мусяць загаварыць. Адсюль і тыя вынікі перапісу. Трэба ўлічваць, што гутарковая мова - гэта зусім ня тое, што мова пісаная, у адпаведнасьці зь літаратурнымі нормамі. Чаго, між іншым, не разумеюць выдаўцы нашых расейскамоўных газэт і часопісаў, якія ў імкненьні быць бліжэй да публікі, змушаныя пісаць моваю Пушкіна, тады як народ зусім ня моваю Пушкіна размаўляе.

Нарэшце, трэці пасыл, які можа ўвесьці ў зман расейскага чытача. У артыкуле журналіста Эдуарда Мельнікава:

"Выкладаючы гэтыя і іншыя факты незвычайнай палітычнай кар'еры Лукашэнкі, ня будзе занадта вялікай сьмеласьцю разуверыць каго б ні было ў тым, што ўсё, што адбылося ў Беларусі ёсьць нейкая выпадковасьць, фатальны зьбег абставінаў. Наадварот, усё глыбока заканамерна, бо зь некалькіх кандыдатаў у прэзыдэнты беларускі народ беспамылкова выбраў "свайго". Бо лад думак, узровень мысьленьня, нават (а можа быць, і больш за ўсё) манера размаўляць маладога лідэра ёсьць дакладны зьлепак ладу думак, мэнталітэту, псыхалёгіі сярэдняга беларуса - такім, якім яго вылепілі вякі беларускай гісторыі".

Ня буду пагружацца ў сфэру палітычнае аналітыкі і супярэчыць аўтару, маўляў, не за яго галасавалі, а супраць папярэдняга. Заўважу толькі істотную рэч. Нацыянальная мэнтальнасьць у такіх сваіх праявах - зьява амбівалентная. І тая пагалоўная большасьць, якая падтрымала згаданага кіраўніка - яна ж адначасова маральная меншасьць беларускае нацыі. Думаю, у гэтым сэнсе беларусы мала адрозьніваюцца ад іншых эўрапейцаў. Адно што яны маладая нацыя, чыя маральная большасьць толькі фармуецца, нарастае, набіраецца сілаў. Маральная меншасьць, нават калі яна фізычная большасьць - заўсёды аморфная і схільная да застою, да адсутнасьці пераменаў. У ейным полі і робіцца з боку ўладаў усялякая непатрэбшчына, заводзіцца цэнзура і запаноўвае ўсеагульны прытоены страх. Што да маральная большасьці, дык яна і бярэцца зь веры ў сваю краіну.

Кожная краіна і нацыя паходзіць з такога перакананьня - гэта мы, мы існуем. А тады толькі напрацоўваюцца аргумэнты - зусім адметная культура, свой гістарычна шлях і зусім спрыяльны патэнцыял на будучыню, каб быць моцнай і вартай павагі эйрапейскай дзяржавай.

Мне згадваецца герой аднаго гішпанскага фільма - стары настаўнік, які кажа зусім простыя словы: "Толькі адно пакаленьне павінна вырасьці ў свабоднай Гішпаніі і Гішпанія больш ніколі ня будзе несвабоднай краінай". Ішоў трыццаць шосты год, пачатак фашызму. Настаўніка расстралялі. Але праўда ягоных словаў засталася. Што для Гішпаніі, што для Беларусі.
XS
SM
MD
LG