Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пасаджэньне на кол. Гістарычны прататып сёньняшняй улады ў РБ


Аўтар і вядучы Сяргей Дубавец, Вільня

З гісторыі і літаратуры мы ведаем, што ўзурпатары ўлады звычайна настолькі ж даюцца ў знакі сваім народам, наколькі ўдзячны ўяўляюць сабою матэрыял для псыхолягаў, пісьменьнікаў, дасьледчыкаў культуры. Іх вобразы часьцяком становяцца знакавымі, іх імёны пішуцца на вокладках тоўстых раманаў. Канцэнтрацыя ўсёй улады у адных руках мабілізуе чалавечую асобу, усё, што ў ёй ёсьць добрага ці благога. Астатнім выходзіць паказальная навука - чалавечая прырода ў чыстым выглядзе.

Дыктатары як правіла самотныя, звыш меры заклапочаныя ўласнай бясьпекай, а таксама думкамі пра свой сыход. Да прыкладу, Сталін на схіле дзён зусім сур'ёзна разважаў пра несьмяротнасьць, а Гітлер баяўся, што яго будуць вазіць па Расеі ў жалезнай клетцы. Не раўнуючы, Ямельку Пугачова. Прычым ня столькі клетка яго палохала, колькі Расея - агромністая і бяскрайняя, што абяцала расьцягнуць паездку да немагчымасьці.

Ня склаў выключэньня ў сьпісе такіх кіраўнікоў і першы прэзыдэнт РБ - гэткі ж усеўладны, гэткі ж самотны, заклапочаны ўласнай бясьпекай і праблемай сыходу. Маю на ўвазе нядаўняе шчыраваньне Аляксандра Лукашэнкі перад супрацоўнікамі КГБ пра тое, што апанэнты пасадзяць яго на кол. Каб гэта не ўсур'ёз, падумаў бы, што апавяданьне нейкае. Цытую: "Яны крычаць у адзін голас - Лукашэнка вінаваты. Гэта дэмакраты, дэмакраты, якія апрануліся ў дэмакратычную тогу! Яны ўжо мяне асудзілі без суда! Мяне, галаву дзяржавы. Дык вось, каб ня мучыліся болей журналісты з нагоды вось гэтых усіх гучных справаў і злачынстваў, я хачу заявіць наступнае - так, я вінаваты, што гэта здарылася ў краіне. Я, бо - прэзыдэнт. І больш не шукайце вінаватых... Але судзіць мяне будуць толькі тады, калі мне ў даверы адмовіць народ. І калі яны захопяць уладу. Тады яны ўсе без суда і сьледзтва пасадзяць мяне на кол".

Незвычайная выснова пра гэткі экзатычны для сябе спосаб сыходу, на першы погляд, гучыць як самавыкрывальніцкая мэтафара. Сапраўдны змагар за народную долю, якім звычайна падае сябе першы прэзыдэнт, мусіў бы сказаць - яны мяне ўкрыжуюць. Але вырвалася іншае - пасадзяць на кол. Толькі ўся рэч у тым, што гэта ніякая не мэтафара. І згадаўшы пра кол, Аляксандар Лукашэнка даў вельмі ёмістую характарыстыку сваёй уладзе, дакладна ўказаўшы на яе гістарычны прататып і на прататып яе праціўнікаў, якія маглі б прыйсьці да ўлады на зьмену першаму прэзыдэнту. Адначасова ясьней убачыўся зьмест тых мінулых сямі гадоў, якія Беларусь пражыла з вобразам гэтага чалавека.

Рэч у тым, што пакараньне сьмерцю цераз пасаджэньне на кол у гісторыі Беларусі практыкавалася ў дачыненьні толькі да аднаго віду злачынцаў. На кол саджалі казакаў. І гэта адзіны выпадак, які настаўнік гісторыі Лукашэнка мог штудзіраваць яшчэ ў магілёўскім пэдінстытуце. Арыгінальнае пакараньне запомнілася на ўсё жыцьцё, бо ў тым проціборстве першы прэзыдэнт быў на баку пакараных.

Напэўна, ня кожны дзень кіраўнікі краінаў па ўсім сьвеце шчыруюць пра гэткі свой сыход. Апроч таго, архаічнасьць пакараньня змушае да развагаў пра культуралягічны зьмест пасаджэньня на кол. Раптам ажываюць цэлыя гістарычныя эпохі з нашэсьцямі барбараў, самымі неверагоднымі катаваньнямі і самымі разнастайнымі трактоўкамі тых ці іншых прадметаў забойства. Але будзем дакладнымі. На маю просьбу Сяргей Харэўскі падрыхтаваў агляд выпадкаў і тлумачэньняў пакараньня калом у беларускай і сусьветнай практыцы.

(Сяргей Харэўскі: ) "Пра саджаньне на кол мы ўпершыню даведваемся са школьнага курсу гісторыі Беларусі. У беларускіх савецкіх падручніках гэтай сьмяротнай карай ілюстравалі нялюдзкасьць "польска-літоўскіх паноў" у дачыненьні да "мірных казакаў-вызваліцеляў".

Гэткія школьныя стэрэатыпы я прыгадваў падчас колішніх археалягічных раскопак у Мазыры. Тамака на Спаскай гары мы выявілі вялізарны роў, шчыльна забіты людзкімі парэшткамі. Не, гэта не былі ахвяры бальшавікоў ці нацыстаў. Гэта было масвае пахаваньне сярэдзіны ХVII ст., то бок, часоў тых казацкіх наездаў.... Шкілеты розныя, жаночыя й мужчынскія, дзіцячыя й старэчыя. У многіх рукі закручаныя за сьпіну, некаторыя без галоваў. Сотні, сотні людзей памерлі тутака ў адначасьсе гвалтоўнай сьмерцю. Хто мог гэтак масава зьнішчаць паспалітае насельніцтва старога Мазыра?... Не татары ці маскалі, бо ім патрэбныя былі рабы, не свае вайскоўцы, што натуральна... Пра швэдаў архіўныя крыніцы нам нічога не гавораць. Гэта рабілі казакі. Тутака ляжаць і жыды, якіх казакі нішчылі бязь літасьці, зрэшты, як і шляхту, тут і сьвятарства, і просты люд паспаліты. Пасьля гэтага рову па-іншаму уяўляеш сабе тыя школьныя сцэны саджаньня казацкіх правадыроў на калы. Па-іншаму бачыш ролю Міхала Вішнявецкага ці Януша Радзівіла, якія неверагоднымі высілкамі ўтаймавалі казацкую навалу...

Вобраз "кала" у беларускай і агульнаэўрапейскай традыцыях, надта магутны. Перадусім гэта вобраз мужчынскага, прыяпічнага пачатку. Вакол кала ўсё абарачаецца колам. Кол пазначае межы. На кол навязваюць быдла. Калок становіцца апірышчам кволаму дрэўцу... Пры тым у эўрапейскай цывілізацыі кол ніколі не выкарыстоўваўся як спосаб катаваньняў. На тое йснавала табу. Марудная пакутніцкая сьмерць, калі душа паволі пакідае цела, несумяшчальная з уяўленьнямі пра чысьцец і пекла. Кол напаткаць можа хіба пасьля жыцьця зямнога. У сярэднявечнай традыцыі йснавалі цэлыя плоймы грэшнікаў, якіх на тым сьвеце чакае менавіта кол. Але нават на тым сьвеце кала пазьбегнуць жанчыны. Ва ўяўленьні эўрапейскіх сярдэнявечных тэолягаў й казаньнікаў, вечна пакутваць на кале павінны былі: ліхвяры, аматары салодкага жыцьця, няверныя сужэнцы, распусьнікі, садаміты... Пры тым інтэрпрэтацыі "саджаньня на кол" был самымі разнастайнымі. Напрыклад, у адным нямецкім мястэчку, як паведамляе кроніка 13 стагодзьдзя Цэзарыя Гэйстэрбахскага, вартаўнік царквы, які быў патрапіў на той сьвет, пабачыў там нейкага спадара Тэадорыха, які пры жыцьці вызначаўся ўменьнем жыць на шырокую нагу ды сваімі неўтаймоўнымі пажадамі ў дачыненьні да жанчынаў. Дык вось жа, у пекле таго Тэадорыха чэрці ўсё саджалі на кол, а пасьля здымалі. Сам кол быў уторканы гострымі лёзамі. А шатаны, цягаючы душу грэшніка ўніз, уверх, напявалі, прысьвістваючы вясёлую песеньку пра адрынутага Богам Тэадорыха. Між іншым і саміх нячысьцікаў можна было зьнішчыць, прабіўшы іх калом. Гэткі спосаб пазбаўленьня ад нетапыроў ведамы ўсім індаэўрапейскім народам. А вось ва Ўсходняй Эўропе, ад Трансыльваніі да Падзьвіньня абавязкова ёсьць удакладненьне, што кол мусіць быць асінавым....

Этнографы й антраполягі зафіксавалі саджаньне на кол, як спосаб забойства, у прымітыўных плямёнаў Цэнтральнае Афрыкі, Новай Гвінэі, Амазоніі, там-сям у Азіі. На падставе параўнаўчага аналізу, яны прыйшлі да ўнёску, што гэткая сьмяротная кара была вядомая амаль сярод усіх плямёнаў часоў нэаліту й тычылася перадусім ворагаў-ваяроў, то бок усё ж мужчынаў. У тыя часы палонных ня бралі. Працінаньне калом, зьнізу ўверх, абазначала пазбаўленьне мужчынскага, і, адпаведна, ваярскага пачатку. Пры тым, ганебнасьць гэткае сьмерці была агульназразумелая. Таму найлепшым ратункам для патэнцыйных ахвяраў была сьмерць у баі. Бо ганьба пасаджанага на кол мужчыны лягала на ўвесь род.

Пад канец пазамінулага стагодзьдзя большасьць плямёнаў, што мелі гэткія звычаі, спрасьцілі працэдуру сьмерці праз кол. У палінэзійцаў, індзейцаў Амазоніі, у народаў басэйну Конгі гэты рытуал замяніўся насаджваньнем на кол галавы ворага. І праўда, выйшла эканомія часу, бо ў клясычных выпадках сьмерць пасаджанага на кол чалавека мусіла наступаць праз два, а то й тры дні. Адрэзаная галава на калу – дастатковы сымбаль.

Зварачае на сябе ўвагу, што надзяваньне, насаджваньне, натыркненьне на кол, распаўсюдзілася разам з патрыярхатам. І датрывала гэтае катаваньне да гістарычнага часу ў самых "мужчынскіх" мадэлях цывілізацыяў. З азіяцкіх глыбіняў у 15 стагодзьдзі прывандраваў гэткі спосаб катаваньняў і ў Эўропу, дакладней, на яе ўскраіны, што пачалі межаваць з Асманскай імпэрыяй цюркаў, у якіх саджаньне на кол было распаўсюджанай практыкай. І менавіта ад турак яе запазычылі ўладцы Рэчы Паспалітай, Бальканаў, Расеі. Збольшага, выглядае, славяне... Нагадаю, што гэткая сьмерць разглядалася ня проста як спосаб неверагоднага гвалту над целам, а менавіта як спосаб зганьбіць саму мужчынскую прыроду таго, каго гэтак забівалі. У Расеі сьмяротная кара праз колапасаджэньне была ўдасканаленая: на калу рабіліся адмысловыя засечкі, альбо ўбіваліся кліны, каб расьцягнуць сам працэс паміраньня, падчас якога можна было яшчэ дапытваць асуджанага....

Стоячы над археалягічным раскопам у Мазыры, на Спаскай гары, гледзячы на процьму людзкіх парэшткаў, міжволі ў маім ўяўленьні паўстала карціна тае крывавае эпохі 17 стагодзьдзя. У 1648 годзе Мазыр быў захоплены казакамі, адсюль, дашчэнту зрабаваўшы места, яны выпраўляліся ў далёкія рэйды ўглыб Палесься, а часам даходзілі нават да ваколіцаў Нясьвіжа ды Слуцка. За год іхнага крывавага баляваньня былі панішчаныя дзясяткі бажніцаў і кляштараў, спаленыя багата мястэчак, шляхецкіх засьценкаў, вёсак, тысячы людзей былі пазабіваныя. На вызваленьне Мазыра скіраваўся гэтман польны Януш Радзівіл зь вялікім войскам. Абложныя ў Мазыры казакі, на чале са сваім правадыром Міхненкам, адмовіліся капітуляваць. Бо ведалі, што дараваньня ня будзе. Радзівіл узяў места штурмам, а казакоў папасаджваў на калы. Недзе тутака ж, на Спаскай гары, стаялі тыя калы, побач з брацкай магілаю казацкіх ахвяраў...

Гэта быў выключны выпадак. Нечага падобнага болей у нашай гісторыі не было. Кара тычылася менавіта казакаў. Бо ў тагачасным паспалітым уяўленьні казакі былі недалюдкамі, рабаўнікамі, якія нічога ня сеялі, нічога не выраблялі, ня мелі нават сем'яў. Ніколі ў нашай гісторыі гэткай страшнай сьмерцю не каралі сваіх – хто б то ні быў, шляхціц, селянін ці жыд. І ці не таму казакі, вычуваючы ўсю сваю асацыяльнасьць, прадбачыўшы сваю ганебную кару, гэтак лютавалі па нашай зямлі ад Вільні да Мазыра, не пакідаючы за сабою нічога? Ці ня жах пазбавіцца сваёй мужчынскасьці, ці то чалавечнасьці (што ва ўкраінскай мове тоесна), штурхаў іх на ўсё больш жахлівыя злачынствы: гвалты, дзетазабойствы, сьвятакрадзтва?.."

(Сяргей Дубавец: ) Бескарыснасьць казакаў выглядае нават большым злом, чым іхныя разгульныя злачынствы. Гэта прастой, праяданьне і прапіваньне, адсутнасьць руху. Вельмі падобная сытуацыя з нашымі сямю гадамі без рэформаў, бязь зьменаў, безь якога-кольвек імкненьня хоць бы ў які бок. Казаччына. Тая самая інтэграцыя з Расеяй - таксама, дарэчы, галоўная зьнешнепалітычная дактрына Хмяльніцкага - выглядае бесталковай і бязмэтнай як у гісторыі, так і цяпер. На простае пытаньне - навошта Аляксандру Лукашэнку зноў быць прэзыдэнтам Беларусі - няма і ня можа быць адказу. Як не было і не магло быць сфармуляванае мэты тых колішніх казацкіх набегаў. Я ўжо не кажу пра зьнешняе падабенства і "казацкае" прозьвішча чалавека, празванага ў народзе "бацькам".

Атрымліваецца, што карані цяперашняе ўлады нашмат глыбейшыя, чым савецкі пралетарызм і камбедаўшчына. Зрэшты, і гэтыя зьявы наўпрост паходзяць аднекуль адтуль, зь бесьсямейнай і безмаёмаснай казаччыны, у якой усю гаспадарку складаў нарабаваны абшчак, паняцьця асобы не існавала, а чалавечае жыцьцё не каштавала нічога.

Паралель з казаччынай і згадка пра кол падказваюць нам і гістарычны антыпод гэткага бязроднага разгулу, а менавіта тую сілу, якая выступала ўтаймавальнікам казачкоў і судзіла іх сваім бязьлітасным судом. Гэта арыстакратыя. Менавіта яе, радавітую і багатую шляхту разам з усімі яе вонкавымі і духоўнымі адзнакамі разглядалі казакі як свайго найлюцейшага ворага. Не складала для іх праблемы братаньне з татарамі, не было ў іхных шэрагах адрозьненьняў паводле нацыянальнае прыкметы - сеча зьбіралася пераважна зь беглых сялянаў ды крымінальнікаў усіх масьцей. А вось арыстакратыю ненавідзелі і баяліся. Міжволі згадаеш, што толькі прыйшоўшы да ўлады, першы прэзыдэнт адабраў у краіны бела-чырвона-белы сьцяг і герб Пагоня - бо гэта арыстакратычныя сымбалі. На зьмену іх была ўсталяваная падкрэсьлена дысгарманічная і падкрэсьлена бязродная сымболіка - зялёна-чырвоны сьцяг і герб, празваны ў народзе капустай. Сюды ж варта далучыць выказваньні новага кіраўніка пра дзьве вялікія мовы сьвету і пра тое, што "сваіх рэпіных у нас няма". Што можа быць большай сатысфакцыяй для казацкае душы, чым упікнуць шляхту яе нерадавітасьцю. Гэта як паэта папракнуць негеніяльнасьцю.

Менавіта арыстакратызму так баіцца Аляксандар Лукашэнка ў сваёй апазыцыі, калі кажа пра іх, якія пасадзяць яго на кол. Верагодна якраз у арыстакратызме хаваецца вялікая сіла вяртаньня краіны з прастою на шлях разьвіцьця.

Праўда, не ўяўляю, каб людзі галасавалі за арыстакратаў. Тыя мусяць прыйсьці нейкім іншым шляхам. Народ выбірае казачка. І менавіта пра казачка сьпявае ён у сваіх песьнях, а ніяк не пра Радзівілаў. Бо казачок, гарачая галава, сымбалізуе сабою вольніцу і адсутнасьць якога-кольвек прымусу, а Радзівіл патрабуе парадку і дысцыпліны. Казачок, як той рамантычны камуніст, усталёўвае ўсеагульную роўнасьць, хай сабе ў беднасьці, і цешыцца самымі простымі праявамі жыцьця, запрашаючы ўсіх астатніх далучацца. А як чаго ня выйшла, дык і тлумачэньні таму самыя простыя - маўляў, нявыкрутка. Радзівіл жа сымбалізуе ерархію паводле паходжаньня, маёмасьці, здольнасьцяў, адукацыі. У выніку атрымліваецца поступ - растуць гарады, павялічваецца скарб, адкрываюцца ўнівэрсытэты, выдаюцца кнігі, краіна і нацыя набывае міжнародны прэстыж. Пасьля налятае на ўсё гэта шараварная брація, зьядае ўсё назапашанае, усе адпачываюць цэлымі заводамі і калгасамі, ані табе змусу, ані якіх лішніх патрэбаў, кшталту тых кніг з унівэрсытэтамі. Настаюць часы прастою, нявыкрутак і падзеньня міжнароднага прэстыжу. Гэткая плебеізацыя на зьмену ранейшаму арыстакратызму. Доўга так цягнецца ці каротка, але прыходзіць урэшце Радзівіл і садзіць гарачую галаву на кол - як у Мазыры, у 17-м стагодзьдзі. Ёсьць аказваецца і такая гістарычная лёгіка, пра якую міжволі нагадаў першы прэзыдэнт, абраніўшы такую нечаканую, на першы погляд, фразу пра свой нетрывіяльны сыход.

Ёсьць і яшчэ адно ў зьвязку з гэтым сьведчаньне - але ўжо не рацыянальнае. Выглядае, што папулярныя песьні пра казачэньку-плэйбоя - плён пазьнейшае народнае творчасьці і акадэмічнае рамантызацыі казаччыны. Да ранейшых сьведчаньняў трэба аднесьці легенду пра казачага атамана Залатарэнку, які гойсаў па Беларусі аж да Вільні. Між іншым, у Вільні ён, маючы 40 тысяч шабель, дачыста выразаў усё насельніцтва - асаблівы мастак быў на ўсялякія мудрагелістыя забойствы немаўлятаў. Пасьля гэтага дачыста спаліў горад. Далей - цытую легенду:

"Бог не прабачыў Залатарэнку ягоныя злачынствы. Ён быў забіты пад Шкловам. Цела ягонае выставілі ў царкве на катафалку. Паглядзець на страшнага казака сабралася мноства народу, але зараз жа народ разьбягаўся ў жаху. Бо труп Залатарэнкі то падымаўся ў труне, то зноў падаў, твар ягоны быў страшэнна скрыўлены, зубы ашчэраныя, а з роту чуліся енкі. У дзень пахаваньня народу сабралася мора. Калі манахі пачалі адпраўляць жалобнае набажэнства, труп Залатарэнкі падняў руку, зь якой сьцякала кроў і тройчы крыкнуў: Уцякайце! Уцякайце! Уцякайце!

У панічным жаху кінуліся бегчы папы, казакі і ўвесь народ. У гэты момант царква загарэлася і разам зь ён труп Залатарэнкі паглынуў агонь".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG