Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Чырвоны дзень календара.


Аўтар і вядучы Сяргей Дубавец, Вільня

Самым парадаксальным чынам розныя культурныя кантэксты сутыкаюцца ў календарах. Тут сьвятое разбураецца аб матэматыку, а велiч узрастае, дзякуючы простаму зьбегу лiчбаў.
Чырвоны, гэта значыць сьвяточны, лiсток календара заварожвае. Напрыклад, сёньняшнi дзень 22 сакавiка ў адкрыўным календары "Родны край" чырвоны. Раптам зьбiвае з панталыку памятная дата: 55 гадоў назад гiтлераўцы зьнiшчылi беларускую вёску Хатынь. Але наступны запiс амаль загалагоджвае парадокс. Сёньня Саракi, праваслаўны дзень сарака пакутнiкаў. Праўда, чырвоны лiсток не таму, а таму, што сёньня нядзеля. 25 сакавiка ў "Родным краi" -- дзень звычайны, будзённы, чорны. Нягледзячы на тое, што спаўняецца, як напiсана, 80 гадоў з дня абвяшчэньня Беларускай Народнай Рэспублiкi.

Урэшце, пачынаеш разумець, што кожны каляндар -- адбiтак свайго часу з усiмi ягонымi парадоксамi i недарэчнасьцямi. Спаленая разам зь людзямi Хатынь -- на сьвяточнай старонцы, а стварэньне першай у гiсторыi беларускай дзяржавы -- на старонцы будняў, разам, дарэчы, з каталiцкiм Дабравешчаньнем.

Крыху пазьней тэму лiчбаў, якiя заварожваюць, працягне Зьмiцер Бартосiк у рубрыцы "Прыватныя рэчы". А адкрые сёньняшнюю "Вострую Браму" Сяргей Харэўскi, якi выбраўся ў паход па менскiх выставачных галерэях.

КРАЯВIД

Узiмку i ўлетку, удзень i ўначы, з вакна i на вулiцы, у вёсцы i ў горадзе нас атачае краявiд. Справа i зьлева, з Вострае Брамы, i з вышынi птушынага палёту...

(Сяргей Харэўскі)

Сяргею Харэўскаму кiнулася ў вочы тое, што сёньня менская публiка абмяркоўвае новы амэрыканскi фiльм "Тытанiк" -- тэма размоваў тая самая, што i 80 гадоў таму. Зьмiцер Бартосiк
таксама не стрымаўся i паглядзеў шырока разрэклямаваную стужку. I ў ягонай сьвядомасьцi ўгодкi БНР сплялiся з тэмай "Тытанiка". Чаго тут болей -- каляндарнага супадзеньня цi
пошуку ў сусьветнай гiсторыi раўназначнага здарэньня?

ПРЫВАТНЫЯ РЭЧЫ

З пачутага, убачанага, прачытанага мы штосьцi засвойваем, а штосьцi не. Здаецца, адному Богу вядома, чаму нейкая зусiм неiстотная навiна застаецца ў памяцi на доўгiя гады, а нешта
вельмi важнае нават не затрымлiваецца ў галаве. Гэтак мы прысвойваем, прыўлашчваем, прыватызуем сьвет i ягоную культуру. Зьявы, падзеi ды iмёны, якiя спыняюць на сабе ўвагу,
складаюць зьмест нашай рубрыкi "Прыватныя рэчы".

(Зьмiцер Бартосiк: ) "Сыйшоўшы ўвечары 7 сакавiка на станцыю мэтро "Акадэмiя навук", я быў уражаны карцiнаю, што адкрылася мне пад зямлёю. Карцiнаю, што вельмi ж нагадвала провады на фронт. А дзе яшчэ я мог бачыць столькi заплаканых дзявочых вачэй i падкрэсьлена суворых твараў iх кавалераў. Дзяўчынкам яўна падабаўся працэс сьлёзапралiваньня. Як i iхныя хлопчыкi атрымлiвалi неапiсальнае задавальненьне ад нагоды задэманстраваць мужнасьць. Скiвiцы пацяжэлi, вочы пастальнелi, рукi на дрыготкiх дзявочых плячах налiлiся цеплынёй. Вось-вось падыйдзе цягнiк, i яны разьвiтаюцца навякi. Цягнiк падыйшоў. Усе селi i паехалi. I едучы сярод гэтых сьлёзаў, эмоцыяў i жарсьцяў я так i ня мог уцямiць -- што зь iмi з усiмi такое адбылося. Пакуль нечы голас не прамовiў: "Очань трогацельнае кiно. Пачцi как "Белы Бiм Чорнае уха". Да мяне нарэшце дайшло. У кiнатэатры "Октябрь" адбылася доўгачаканая прэм'ера "Тытанiка".

Напэўна, няма чалавека (а ўжо пасьля апошняй прэм'еры ня будзе дакладна), якi б ня ведаў, што гэта быў за карабель, да якiх берагоў iшоў i колькi чалавек затанула. I колькi яшчэ будзе
пралiта дзявочых сьлёз! Нягледзячы на тое, што, як высьветлiлася, сусьветны акiян ведаў i большыя трагедыi. I людзi гiнулi ня толькi ў нэўтральных водах... Але якi прыгожы мiт. Думаю, Камэрон не апошнi, хто зьвяртаецца да яго. I справа тут не ў грашах. Людзi любяць страшныя, прыгожа расказаныя казкi, дзе бутафорская кроў выклiкае прыемныя сьлёзы. I на танных эмоцыях захоўваецца памяць пра прыгожую, чужую бяду. Але...

У маёй краiне яшчэ ёсьць людзi, якiя ня ведаюць, што адбылося 25 сакавiка праз чатыры гады пасьля трагедыi "Тытанiка". I што самому цiкава, гэты факт не выклiкае ўва мне канвульсiяў
бясьсiльля. Нават напярэдаднi 80-годзьдзя нашай галоўнай даты. Памятаю, як мяне заводзiла абыякавасьць маiх сяброў напярэдаднi 75-х угодкаў БНР. Аб якой казалi газэты, плякаты,
нават тралейбусы тады былi размаляваныя ў гонар Сьвята. Але сьвята тады ў мяне не было. Таму сёньня ў мяне няма жаданьня абгрунтавана даказваць велiчыню той далёкай падзеi тым, каго гэта не абыходзiць. Мне ёсьць з кiм гэты дзень не, не адсьвяткаваць, толькi адзначыць.

"Непрыгожая машына нiколi ня ўздымецца ў паветра", -- казаў авiяканструктар Рабэрта Барцiнi. 25 сакавiка -- занадта прыгожая лiчба, каб зацерцiся ў самай няцьвёрдай памяцi. "25".
У дзень, пазначаны такой запамiнальнаю лiчбаю, добра падводзiць рахункi й ставiць кропкi над i. Зрэшты, яны ў 18-м годзе былi расстаўленыя. I кроў пралiвалася сапраўдная. I не вiна тых, хто паставiў на гэтую лiчбу сваё жыцьцё, што нехта не заўважыў велiчыню стаўкi. Гульня працягваецца. Можа, нават, толькi пачынаецца. 80 -- лiчба небясьпечная для людзей. Для
ненароджаных мiтаў -- гэта пытальнiк усiм тым, хто ўздыме кiлiшак з воклiчам "Жыве!"

Добра прачнуцца 25-га й пабачыць над краiнаю вясёлае надвор'е. I не хадзiць нi на якiя мiтынгi. Пашпацыраваць па горадзе, зазiраючы ў вочы мiнакоў у небеспадстаўнай надзеi натрапiць на погляд ва ўнiсон. Сустрэць сябра, у якога ўсё нармальна. Прапусьцiць зь iм па кiлiшку за жыцьцё. Пасьля запрасiць сяброўку на "Тытанiк". I, надзiвiўшыся кiношнай сьмерцi, супакоiўшы паненку, патэлефанаваўшы мацi, працягваць жыць".

(Сяргей Дубавец: ) Зьмiцер Бартосiк вярнуўся з прагляду новага кiнафiльма "Тытанiк" нiбы зь неразьбярыхi Першай сусьветнай вайны, з тагачаснага Менску, у якiм толькi што заявiла пра сваё нараджэньне новая краiна -- БНР.

Аднак вернемся да календара, зь якога мы пачалi сёньняшнюю перадачу.

У чалавека, знаёмага з гiсторыяй, акт абвяшчэньня незалежнай Беларусi 25 Сакавiка выклiкае амаль фiзіялягiчную рэакцыю. Сьцiскаецца сэрца, да горла падступае камяк, ледзь не
закладвае вушы. Нiбы стаiш на самым краi небасяга, або ставiш на карту жыцьцё... Лiтаральна па днях i гадзiнах фантастычная iдэя небывалае ў сьвеце дзяржавы высьпявае ў бясконцых спрэчках людзей, якiя ўзялi на сябе ўсю адказнасьць за лёс мiльёнаў. I ўрэшце iдэя
матэрыялiзуецца, перамагае. Псыхалягiчнае адчуваньне павiнна нагадваць стан парадзiхi. Хочацца крычаць, бо ўсё на сьвеце перапаўняе цябе, боль i радасьць уперамешку. Яны даюць жыцьцё таму, чаго нiколi яшчэ не было. Яны так вырашылi, i раптам усе зразумелi, што Беларусь -- гэта дзяржава i што iнакш яно i ня мусiла быць. Цуд нараджэньня нагадвае казку. Тата Карла стругаў бервяно i раптам яно загаварыла. Нездарма дзень стварэньня ў кожнай краiне -- самае дарагое сьвята.

Аднак вось дзiця нарадзiлася i яго ўжо можна забраць у маткi, "апрыходаваць" у камуну -- будзённа i бяз стрэсаў, бяз болю i радасьцi перайменаваць. З гэтага моманту яно -- БССР. Яшчэ адна савецкая рэспублiка, якая, зразумела, нiколi б не нарадзiлася ў штабах Кнорына i Мсьнiкяна, дзе ўсяляк змагалiся з iдэяй самастойнасьцi Беларусi.

Падобнае да парадзiшiнага хваляваньне назiралася i ў 1991-м, калi Вярхоўны Савет абвяшчаў сувэрэнiтэт. Таксама ж для большасьцi было стрэсам -- якая там Беларусь -- краiна. I таксама, нарадзiлi, амаль што ад страху, а гадаваць узялiся iншыя. Бяз болю i радасьцi. I таксама стваральнiкi апынулiся хто ў апале, а хто ў эмiграцыi. Чамусьцi не шанцуе ў нас парадзiхам. Магчыма, наступнае пакаленьне ўжо ня будзе так неабачлiва нараджаць. Ды i iдэя незалежнасьцi павiнна выклiкАць меней стрэсу ў народзе. Як-нiяк грамадзяне Рэспублiкi Беларусь. I пашпарты маем сапраўдныя.

Партыйная БССР так цi iнакш была выяўленьнем нейкае часткi або хваробаю ў целе БНР, якая патэнцыйна ўключала ў сябе i такое. Таму БССР мiнулася, як падлеткавае скажэньне, а БНР застаецца i больш прыцягвае да сябе ўвагу ў будучынi, чым у мiнуўшчыне. Гэтаксама мiнецца i цяперашняе скажэньне. Бо, як той казаў, так жыць нельга.

Прызнацца, я ня моцна веру тым, хто сёньня кажа пра дыктатуру ў Беларусi -- або заклiкае яе, або ад яе папярэджвае, што ў вынiку адно й тое. Я разумею спакутаванасьць i тых i тых па
элемэнтарным парадку, стомленасьць хаатычным бытам... Тое, што сёньня пануе ў Беларусi пакуль яшчэ можна назваць глупствам, палiтычным анальфабэтызмам, экстрапаляцыяй калгасных парадкаў на цэлую краiну. Таму жыць i дзеiць проста нязручна. Нязручна бяз грошай, нязручна i з грашыма, з залатымi рукамi i з тымi, што растуць з аднаго месца, з сувязямi i бязь iх. Ня кепска або як iнакш, а проста нязручна.

Адна знаёмая кажа, што кожны дзень вырываецца з працы, каб набыць у краме клiнковы сыр, пакуль не разабралi. Я пытаюся, а чаму сыра не завозяць болей? Падумаўшы, яна кажа: бо шмат вывозяць за мяжу. Добра, кажу, у завода ёсьць шанец прадаваць болей прадукцыi. Яна распавядае, што рагачоўскi камбiнат, якi завозiць гэты сыр у Менск, i на палову не загружаны сыравiнай. У чым прычына? Наступны аргумэнт па-за спрэчкай: Чарнобыль.

Адзiнае, што мне карцiць прыгадаць -- гэта звычайную вiленскую краму, дзе заўсёды ёсьць пяць вiдаў клiнковага сыру зь пяцi камбiнатаў, раскiданых па ўсёй Лiтве. I людзi ўжо пасьпелi
забыць, што значыць "разабралi". Але я не кажу пра гэта, бо ведаю, што баранiць сучасную беларускую эканомiку маёй знаёмай нязручна.

Сёньня на Бацькаўшчыне няма нiводнае сфэры, нiводнага месца, дзе б усё не было наадварот. Вось крытычная маса гэтых нязручнасьцяў i змушае крытыкаў рэжыму казаць пра дыктатуру.
Наркаючы на яе, яны яе клiчуць. Хто б гэта ўзяў ды зьмёў зь зямлi ўсе тыя нязручнасьцi i ўсталяваў нармальны парадак. А паколькi безалабернасьць пранiкла ў самую душу электарату, бяз сiлавых мэтадаў усталяваць парадак не ўяўляецца магчымым. Усе мiрныя парлямэнцкiя спосабы пераспрабаваныя i нi да чаго не прывялi. Аднак i асiлка на даляглядзе не прадбачыцца. Немца з гумай не вiдаць. Вiдаць расейскi капiтал, але ён прыходзiць зусiм не дзеля парадку.

Як нi круцi, у беларусаў засталася толькi адна, апошняя свая iдэя ўладкаваньня краiны. 25 сакавiка гэтай iдэi споўнiцца 80 гадоў.

Яшчэ адно гiстарычнае параўнаньне БНР i БССР. Якая зь iх -- большая рэальнасьць. Першая не праiснавала i году, другая -- 70 гадоў. Другая памерла, першая працягвае хваляваць уяўленьне ўсё новых генэрацыяў беларусаў. Але вось крытэрый -- якая зь iх якую нарадзiла культуру. Першая, калi й займалася агiтпропам, дык толькi павернутым да ўласных каштоўнасьцяў. Вершыкi пра Сакавiк беларускiя дзеткi будуць чытаць заўсёды. А вось пра дзядулю Ленiна i партбiлет давядзецца забыць. Беларуская савецкая культура за 70 гадоў вычарпала сябе дарэшты. Яе сьмерць -- гэта яе дысквалiфiкацыя. Таму што сапраўдная культура не памiрае нiколi.

Найлепшыя творы клясыкаў, якiя жылi i працавалi ў кантэксьце БНР, зьвернутыя да вечнага i да свайго. Найлепшыя творы клясыкаў сацрэалiзму апяваюць крамлёўскiя зоры i забытых
культурных герояў савецкай пары. Сёньня гэткiя каштоўнасьцi ўжо не культывуюцца i парахнеюць на ўскрайку гiстарычнага шляху. Нас па-ранейшаму вабiць за далягляд крона Зялёнага Дуба i Вострая Брама з барэльефам старажытнай Пагонi.

У даваеннай вiленскай газэце "Беларускi дзень" ёсьць верш пра чырвоныя днi календара. Урэшце кожны выбiрае сваё. Аўтар беларускага нацыянальнага гiмну Макар Краўцоў адказвае сваiм апанэнтам. Верш называецца "Майму сынэдрыёну". Вось толькi тры страфы:

Ой, дзеячы! ой, галубочкi!
Багаты ж вамi родны край.
Вы спрытна верыце, браточкi:
Той -- у Кастрычнiк, гэты -- ў Май.

.................................

Пакiньце мне спакой бяз славы,
Яе ад вас я не хачу --
Пiшу сабе дзеля забавы,
За плёткi жартам заплачу.

Бо тым душа мая й багата,
Што ў сэрцы ёсьць шчасьлiвы лёс:
Дзень Дабравешчаньня -- мне сьвята,
Народ расьпяты -- мой Хрыстос!

XS
SM
MD
LG