Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Юбілеі 2001-га. Год Янкі Лучыны.


Аўтар і вядучы Сяргей Дубавец.

Сёньняшнюю Вострую Браму я зрабіў агляднай. Рэч у тым, што не аднойчы раней перадача прысьвячалася розным гістарычным юбілеям. Летась, да прыкладу, мы адзначалі стогадовыя юбілеі Уладзімера Жылкі, Уладзімера Дубоўкі, а таксама Наталі Сарот. Цалкам лягічна напачатку новага году агледзець, якія каляндарныя даты чакаюць нас наперадзе. Тым больш, што зьмена стагодзьдзяў схіляе да рэтраспэкцыяў і параўнаньняў. Адзінае абмежаваньне -- гаворка пойдзе толькі пра юбілейныя даты. А клясычны юбілей прыпадае на кожныя 25 гадоў. Некалі менавіта такі прынцып быў абраны для складаньня календароў у "Нашай Ніве". Крок гісторыі ў дваццаць пяць гадоў – аптымальны для таго, каб зьмянілася культурнае пакаленьне і каб новыя людзі маглі пераацаніць асобу, зьяву ці падзею зусім па-свойму. Такім чынам – юбілеі 2001-га, юбілеі, якія выбудоўваюцца ў пэўную ерархію, што дазволіць нам вызначыць імя гэтага году – чыім імем ён можа ці мусіць быць пазначаны ў гісторыі. Забягаючы наперад, скажу, што ў "Вострай Браме" мы назвалі яго годам Янкі Лучыны – менскага паэта, якому сёлета спаўняецца 150 гадоў.

25 гадоў таму ніхто вялікі ў Беларусі не нарадзіўся. Пакуль. Бо тэрмін настолькі кароткі, што даслужыцца да энцыкляпэдыяў, бадай, немагчыма. Затое 25 гадоў таму адразу некалькі выдатных асобаў пакінулі гэты сьвет. 20 сакавіка 1976-га ня стала Ўладзімера Дубоўкі. Рэпрэсаваны яшчэ ў 30-м годзе, Дубоўка доўгі час пакутаваў у Гулагу ды так больш і не вярнуўся на Радзіму. Апошнія гады паэт дажываў у Маскве, дзе шмат перакладаў па-беларуску клясыкаў сусьветнае паэзіі. Мэмуарысты згадваюць, што Дубоўка быў моцна наляканы турмою...

7 чэрвеня 1976 году памёр яшчэ адзін паэт – Міхась Машара. Найбольшы росквіт ягонае творчасьці прыпадае на перадваенны віленскі пэрыяд. З пасьляваеннае і савецкае творчасьці Машары, бадай, нічога ўжо і не прыгадваецца. А вось ягоная паэма "Падарожжа", дзе ён апісвае Вільню, раз-пораз прыпамінаецца. Напрыклад, наведваньне паэтам Беларускага музэю імя Івана Луцкевіча:

Званю, мне адчыняе дзьверы тыя
Наш знаны крытык Навіна,
Ня бойся, Муза, мы малыя,
Малых малая і віна.

Навіна – гэта псэўданім Антона Луцкевіча. Пра якую такую віну піша Машара – дасьледнікі маўчаць...

9 жніўня 1976 году ня стала Івана Мележа -- аўтара ўсім вядомага раману "Людзі на балоце" і цэлай "Палескай хронікі" -- твораў, якія, верагодна, назаўсёды прапісаныя ў бібліятэчцы актыўнага чытаньня беларусаў...

17 кастрычніка таго самага году памёр на эміграцыі Радаслаў Астроўскі – беларускі палітык, які ў міжваенны пэрыяд быў дырэктарам Віленскай беларускай гімназіі і выкладаў дзецям матэматыку. Астроўскі легальна працаваў за немцамі, таму савецкія гісторыкі называлі яго "фашысцкім паслугачом". Верагодна, у чорна-белых колерах яно так і выглядала. Але нацыянальных інтарэсаў Беларусі і беларускае нацыі тады ня ўлічваў ні чорны, ні белы колер...

А вось 50-гадовы сёлетні юбілей, які таксама зьвязаны з падвядзеньнем рысы жыцьця. 3 студзеня 1951 году памёр архітэктар Iосiф Лангбард – найбуйнейшы творца сёньняшняга аблічча Менску. Самыя прыкметныя будынкі беларускай сталіцы – гэта творы Лангбарда: Опэрны тэатар і Дом ураду, Дом афіцэраў і Акадэмія навук...

15 студзеня мы прыгадаем пра 75-я ўгодкі першага нумару віленскага беларускага сатырычнага часопіса "Маланка". А 9 жніўня адзначыць свой 75-гадовы юбілей знаны дзяяч беларускай эміграцыі ў Амэрыцы гісторык Янка Запруднік...

100-гадовыя юбілеі. Сёлета 5 верасьня споўніцца сто гадоў з дня нараджэньня беларускага палітыка і знанага віленскага дзеяча Арсена Канчэўскага. Драўляны дом на вуліцы Летняй, дзе Арсен жыў разам з братам Ігнатам – тэарэтыкам каапэрацыі і філёзафам пад псэўданімам Ігнат Абдзіраловіч, – захаваўся дагэтуль...

У адзін год і дзень з Арсенам Канчэўскім нарадзіўся Віталь Вольскі – чалавек, які ў самы разгар сталінскіх рэпрэсіяў працаваў у ворганах НКВД, а пасьля пісаў добрыя патрыятычныя п'есы і кніжкі для беларускіх дзетак. Усе ведаюць ягонага "Несьцерку" і тоўстую кнігу "Падарожжа ў краіну беларусаў". Праўда, і гэта ня ўся творчасьць Віталя Вольскага. Ягоны сын Артур таксама стаў знаным паэтам і грамадзкім дзеячом, а ягоны ўнук – Лявон – грае і сьпявае ў папулярным рок-гурце NRM...

Сёлета 20 лістапада спаўняецца сто гадоў празаіку Міхасю Зарэцкаму. Яшчэ як сьлед не прачытанаму і недаацэненаму. Раман Зарэцкага "Вязьмо" ўключаны ў навучальныя праграмы. А сам ён быў расстраляны ў 1937-м...

І цяпер я пераходжу да імя гэтага году.

Сёлета 6 ліпеня спаўняецца 150 гадоў з дня нараджэньня Янкі Лучыны. Паэт надта любіў тонкі стыль і краявіды. Сярод тагачаснага ўсеагульнага захапленьня народніцтвам Лучынавы "Паляўнічыя акварэлькі з Палесься" ўспрымаюцца зусім па-эстэцку. Іх варта перачытаць.

Янка Лучына або Ян Неслухоўскі – надзвычай разьвіты для свайго часу і той моўнай сытуацыі паэт. Ён ці ня першы аб'яднаў у сабе дзьве плыні зародкавага беларускага нацыяналізму – усходнюю і заходнюю, мог пісаць і па-польску, і па-расейску, кантактаваць адначасова і з заходне-рускімі і з крэсовымі дзеячамі краю. Але найперш, натуральна, мы глядзім на эстэтычныя вартасьці ягонае паэзіі.

Са спадчыны Лучыны захавалася найболей твораў па-польску. Праўда, тут ёсьць адна асаблівасьць. Ня могучы шырака друкавацца па-беларуску, паэт перакладаў свае беларускія творы на польскую мову, у выніку чаго захаваліся якраз апублікаваныя вершы і паэмы. Найперш гэта тычыцца Лучынавага шэдэўру – паэмы "Паляўнічыя акварэлькі з Палесься". Можна цалкам дапусьціць, што арыгінал гэтага твору пісаўся па-беларуску, бо захаваўся адзін разьдзел – "Стары лясьнік" – на беларускай мове. Цікава, што галоўны герой акварэлек – Стары лясьнік – больш літаратурны, чым, скажам, сацыяльны ці этнаграфічны пэрсанаж. Як заўважае дасьледнік Уладзімер Мархель, цытую, "Па маштабу і ўзроўню мастацкага абагульненьня роўнага яму вобраза ні ў беларускай літаратуры, ні ў іншамоўнай літаратуры Беларусі другой паловы ХІХ ст. няма. Таму "Паляўнічыя акварэлькі з Палесься" можна паставіць у такі гістарычна пэрспэктыўны рад выдатных твораў, як "Песьня пра зубра" Міколы Гусоўскага і "Пан Тадэвуш" Адама Міцкевіча, якія прадвызначылі зьяўленьне "энцыкляпэдыі беларускага жыцьця" – "Новай зямлі" Якуба Коласа".

Гаспода вось. На градцы посуд. Чыста ў хаце.
Абраз з выявай Божай Вастрабрамскай Маці
На покуці ў вянку. Таўстуха-печ. Вакол
Абеглі лавы проста змайстраваны стол.
На ім выглядваў хлеб з-пад чыстай палатніны,
Нож побач, соль на сподку. Ток чысьцюткі з гліны,
Заместа мосту, -- гаспадыніна хвала.
Пры печы вілы, качарга і чапяла.

Лучына моцна прывязаны да рэчаў і да краявідаў, што часьцяком робіць ягоныя вершы паэзіяй чыстай красы, якая прадвызначае і яшчэ аднаго паэта будучага ХХ ст. – Максіма Багдановіча. Іншае непасрэднае школы паэтычнага эстэтызму па-беларуску папросту не існавала. Словам, і ў тым, што сказана раней, і ў тым, што будзе сказана далей, Янка Лучына выглядае першым, піянэрам, адкрывальнікам. Нездарма менавіта ягоную паэтычную кніжку палічылі патрэбным выдаць пачынальнікі нацыянальнага адраджэньня ў 1903 годзе, праз шэсьць гадоў пасьля сьмерці аўтара. Гэта значыць, што пачынальнікі ўбачылі ў паэзіі Лучыны эфэктыўны сродак абуджэньня нацыянальнае сьведамасьці беларусаў. Але ж з гэткім самым посьпехам мы сёньня знаходзім у тых вершах і чыстую красу, і "Курс усеагульнай літаратуры канца ХІХ ст." (так называецца адзін зь вершаў), і вечна актуальныя філязофскія сэнтэнцыі. Вось чытаю такія радкі:

Падумае мудры ля блізкай магілы:
"За марай пайшоў я ў дарогу,
Мне бляскам фальшывым надзея сьвяціла;
На сьвеце жывем мы задоўга".

Чытаю гэтыя Лучынавы радкі і згадваю выснову, якую зрабіў моцна расчараваны ў сваіх філязофскіх пошуках Альбэр Камю: мы занадта доўга жывем. У дачыненьні да творцаў гэтую думку можна разьвіваць у такім сэнсе: а што б стаў пісаць Максім Багдановіч, пражыві ён даўжэй за свае 26 гадоў, якіх яму, здаецца, хапіла, каб цалкам выказацца і стаць беларускім паэтам нумар адзін? Зь іншага боку, 26-гадовага Купалы яшчэ недастаткова, каб гаварыць пра вялікага паэта і народнага песьняра.

Яшчэ адна рыса, якая адрозьнівае Янку Лучыну ў шэрагу іншых паэтаў і адначасова пашырае нашыя сёньняшнія ўяўленьні – ён мянчук. Нарадзіўся, пражыў і памёр у Менску. Ня так шмат засталося ў цяперашняй беларускай сталіцы старое спадчыны, каб ігнараваць гэткі факт. Больш за тое, Лучына быў прыкметным у горадзе чалавекам, рэгулярна наведваўся ў тэатар і нават вітаў заежджую трупу са сцэны ад імя ўдзячных менчукоў. Па-беларуску, дарэчы. Можна сабе ўявіць, як кожны сустрэчны на менскай вуліцы вітаўся з гэтым барадатым чалавекам, які зь цяжкасьцю перасоўваўся па ходніку на мыліцах. Пра менскія адрасы Яна Неслухоўскага я папрасіў распавесьці мастацтвазнаўцу Сяргея Харэўскага”.

(Сяргей Харэўскі: ) “Лучыну я адкрыў для сябе сам. Яшчэ ў дзяцінстве, неяк добра паблукаўшы сярод бібліятэчных паліцаў, вышукваючы, што пачытаць пра індзейцаў ці піратаў, я залез на самыя недасяжныя верхнія паліцы. Там было адно беларускае. Узяў цьвярдзенькую кніжачку, разгарнуў – Янка Лучына.

Не я пяю – народ Божы
Даў мне ў песьні лад прыгожы
Бо на сэрцы маю путы
І з народам імі скуты...

Я йзноў і зноў вяртаўся да гэтае кніжачкі, якую было зручна браць з сабою куды заўгодна. Гэтак я прыдбаў сабе першага любімага беларускага паэта.

Яшчэ больш я пачаў ганарыцца Лучынам, калі дазнаўся, што і ён мянчук. Прынамсі, для мяне гэта было йстотна. Бо астанія беларускія дзеячы культуры ўспрымаліся неяк абстрактна: з Ушаччыны, Вузьдзеншчыны, Навагарадчыны... Быццам бы сапраўная беларушчына недзе далёка, далёка ад Менску. А тут зь Менску.... і беларус!

Неўзабаве закарцела знайсьці й ягоную магілу. Гэта давялося таксама рабіць самастойна, бо тады пра Менск несавецкі літаратуры не было. Як сапраўдны сьледапыт, я знайшоў магілу Неслухоўскага блізу Кальварыйскага касьцёлу. На велічнай чорнай стэле – эпітафія па-польску.

Шукаць адрасоў Лучыны ў самім Менску – марна. Часьцяком памылкова сьцьвярджаюць, што ён працаваў у старасьвецкім будынку, што на рагу Валадарскага й Кірава, дзе ўнізе кавярня "Мядуха". Гэта ня так, бо гэты буднак быў пастаўлены праз 8 гадоў пасьля ягонае сьмерці. А тая ўправа Лібава-Роменскае чыгункі знаходзілася на рагу Захар'еўскай і Архірэйскага завулка.... Гэта значыць, акурат на месцы цяперашніх ходнікаў ля Палацу прафсаюзаў.

...Дзіўная ў беларусаў традыцыя служыць на чыгунцы. Тамсама дзе й Янка Лучына, пасьпелі папрацаваць і Альбэрт Паўловіч, і Ўладзіслаў Галубок...

Дарэчы, жыў Янка Лучына зусім побач з працаю, праз квартал, недзе на Юраўскай, ад якой засталіся два дамы ў двары таго ж Палацу прафсаюзаў. І недзе тутака ж знаходзіліся рэдакцыі "Минского листка" й "Севро-западного календаря", дзе зьявіліся ягоныя беларускія вершы. Выглядае, каб спатрэбілася знайсьці месца для помніка Лучыну, дык сама лягічна было б паставіць яго дзе-небудзь на Цэнтральнай, то бок Кастрычніцкай плошчы... І плошчу заадно перайменаваць.

Зрэшты, ня варта пакуль нічога ставіць! Некаму ж ужо прыйшло да галавы зьнесьці стары сапраўдны помнік Яну Неслухоўскаму на Кальварыйскіх могілках. Каб на тое месца ўскласьці невялічкую шыльду з надпісам па-беларуску. Падыйшоў я неяк... Няма таго прыцягальнага трымценьня, якое перажыў колісь”.

(Сяргей Дубавец: ) “Сяргей Харэўскі прапанаваў пераназваць менскую Кастрычніцкую плошчу ў плошчу Янкі Лучыны. На першы погляд неадэкватная прапанова выглядае ўсё болей дарэчы, калі знаёмісься з жыцьцём і творчасьцю гэтага ці ня самага яркага менскага культурнага героя. Лучыну ўсе ведалі ў Менску, а сам ён імкнуўся зьведваць Менск. Ягоны нарыс "З крывавых дзён", прысьвечаны паўстаньню 1863 году ў Менску, поўны фактаў, якія ажыўляюць нам горад у мінулым стагодзьдзі, як зрэшты і ў наступным. Выхалашчаны русыфікаваны і саветызаваны горад набывае свае адметныя рысы і камяні пачынаюць прамаўляць – мы чуем іх голас.

Такім чынам, Янку Лучыну 6 ліпеня споўніцца 150 гадоў. Верагодна, мы зробім яшчэ перадачу ці нават не адну, у якіх будзем разглядаць розныя аспэкты гэтага імя і гэтага жыцьця і жыцьця, якое адбывалася вакол гэтага імя. А сёньня, на завяршэньне перадачы (нагадаю, яна аглядная і прысьвечаная юбілейным датам новага году) я назаву яшчэ некалькі дзён, якія варта адзначыць сёлета.

15 ліпеня 325 гадоў таму нарадзіўся апошні кароль Рэчы Паспалітай Станіслаў Аўгуст Панятоўскі. Пасьля гэтага беларусамі кіравалі толькі расейскія начальнікі або іхныя марыянэткі...

8 траўня 450 гадоў таму памерла легендарная Барбара Радзівіл...

І апошняя дата ў маім сьпісе. 19 траўня 1476 году, гэта значыць 525 гадоў таму нарадзілася Алена Іванаўна, дачка маскоўскага князя Івана ІІІ і жонка вялікага князя літоўскага Аляксандра. Іван меркаваў з дапамогай гэтага шлюбу актывізаваць агрэсію Масквы на землі Вялікага Княства Літоўскага, а Аляксандар – наадварот – думаў такім чынам тую агрэсію спыніць. Во якая роля выпала на долю беднай кабеткі Алены Іванаўны! Ну, не магла ж яна разарвацца на дзьве паловы, каб дагадзіць і бацьку і мужу. Скончылася ўсё трохгадовай вайною дзьвюх краінаў. Яшчэ адной, у сёньняшніх тэмінах, расейска-беларускай вайною.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG