Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вільня - старая сталіца.


Аўтар і вядучы Сяргей Дубавец, Вільня

Кожны дзень у Вільні ёсьць нехта знаёмы зь Беларусі. Каб перадаць што-небудзь у Менск, ня трэба чакаць аказіі. Мастакі, літаратары, бізнэсоўцы, палітыкі, сваякі тутэйшых. Вось мільганула постаць Рыгора Барадуліна і зьнікла ў кавярні "Грамулька". А вось Яўген Будзінас стаіць каля віленскай сынагогі - кагосьці чакае. Ужо гадзіну стаіць. Калі сядзець ля вакна ў доме на вуліцы Завальнай, а менавіта тут месьціцца Беларускі Інфармацыйны цэнтар, і назіраць за людзьмі, якія гэтай дарогай ідуць у горад і назад на вакзал - каго толькі ні пабачыш. Маладафронтаўцаў, анархістаў менскіх, я ўжо не кажу пра сталых віленскіх перабыўцаў - Сямёна Шарэцкага з двума целаахоўнікамі ці, скажам, аташэ па культуры беларускага пасольства Скараходава, а то й пасла Гаркуна. І тым больш не кажу пра супрацоўнікаў тутэйшых беларускіх установаў - адукацыйных, выдавецкіх, урэшце і проста знаёмых віленскіх беларусаў. Калі ж дадаць да гэтага віленскіх беларусаў незнаёмых, якіх пазнаеш па мове, дык складзецца ўражаньне, што ўсяго гэтага, беларускага, тут шмат. Ці дакладней, што выглядае беларушчына ў Вільні на тле ўсяго астатняга нібы пад павелічальным шклом. Горад працягвае выконваць сваю ролю і беларускага асяродку. Нягледзячы на непразрыстую мяжу, ня тое, што тут ужо дзесяць гадоў незалежная Літва з адзінай дзяржаўнай мовай - літоўскай, нягледзячы ні на што. Як трава, ня ведаючы законаў фізыкі, прабіваецца скрозь асфальт, так і жывая беларушчына ў Вільні кіруецца законамі ўласнае прыроды і вечнасьці.

У мінулую пятніцу ў Вільні пачаліся дні гораду, якія расьцягнуцца ажно на два тыдні. Акурат да гэтага часу трывала сфармавалася адчуваньне, што Вільня ад Беларусі не аддаляецца, а наадварот, набліжаецца. Усё болей тут робіцца ўсяго беларускага. Хоць прырастае яно як бы не зусім афіцыйна, як бы саромеючыся, што ніхто яго зьверху не інсьпіруе, ніхто не дае дазволу. Яно ўсё тут як бы кажа: я тут пасяджу хвіліначку, і чакае рэакцыі. А рэакцыі няма. Калі не парушаеш законаў - сядзі і дазволу не пытайся. Тэму працягвае Сяргей Харэўскі.

(Сяргей Харэўскі: ) "Днямі ў Вільні выйшла яшчэ адна беларуская кніга. Тая самая, Васіля Быкава. "Пахаджане". Пакуль я распакоўваў першы пачок быкаўскае кнігі, з прыдзірлівай нецярплівасьцю ўглядаючыся ў якасьць друку, на госьці завітаў фатограф Анатоль Кляшчук.... Ён бываў тутака апошні раз гады з тры таму, як высьвячаўся беларускі касьцёл Сьвятога Барталамэя. Кляшчук добра ведае айца Яна Шуткевіча - яшчэ зь Менску, таму ня мог прапусьціць гэткае падзеі... А гэтымі днямі ён пад'ехаў проста так - пацёгацца па месьце, паздымаць. Надвор'е для фатографа ці не найлепше гэтымі днямі. Паветра празрыстае.

Мы пайшлі з гары долу, у суплёт вуліц. Дзіўна хадзіць побач з фатографам. Прынамсі Клешчуку непатрэбныя парады, ён сам сабе абірае, што і як здымаць. Застаецца толькі сачыць за ягонай работай ды падтрымліваць сяброўскую гаману. Вось з тралейбусу выйшла дзяўчына. Уся нейкая зацятая, сур'ёзная. Адразу ж дастала пачок цыгарэт ды ліхаманкава пачала яго распакоўваць. "Ці не маглі б Вы ўсьміхнуцца, калі ласка", - просіць Анатоль па-беларуску. Дзяўчына шчасьліва й зьдзіўлена ўсьміхаецца, зьнянацку пераўвасобіўшыся ў абаяльную мадэльку. Для фатографа - некалькі ўдалых кадраў.

Пахмуры дзядзька дзелавіта выбірае дрывотню, проста ў цэнтры гораду, паміж навюткіх крамаў і славутых кавярняў. Зірнуўшы краем вока на фотааб'ектыў, крыху лагаднее, але ад справы не адрываецца. Тузін кітайцаў, зь нібы прышпіленымі ўсьмешкамі, мінаюць атвор Вострае Брамы. Жабракі, чамусьці, інстынктыўна ўбіраюць працягнутыя толькі што далоні. Тыя зь іх, што сядзяць пад Вострай Брамаю, сапраўдныя прафэсіяналы. Тут яны зазвычай цьвярозыя й пабожлівыя. Памятаю, на Новы Год, самаму артыстычнаму зь іх надарылі скрыню шампанскага! Ён радасна ляманціў, віншуючы ўсіх на ўсіх тутэйшых мовах і не спыняў пры тым жагнаньняў.

А фатографы дзіўны народ. Яны выхопліваюць з плыні жыцьця толькі тое, што можа трапна ўлезьці ў іхны фокус. Але й віленчукі - народ незвычайны. Сядзяць баба зь дзедам на гаўбцы, карцінна падпёршы рукамі галовы, углядаюцца сабе ў віленскія завулкі... Кляшчук вокамгненна дастае фотаапарат, пачынае здымаць. Спыняюцца спакойна сабе машыны. Нітхо не прысьпешвае фатографа. Во здаецца й старыя яго заўважылі... Але дзед, не адрываючы рукі ад падбародзьдзя, толькі крутануў вокам ды мармытнуў: "Няхай сабе... Здымай".

У Вільні гэтымі днямі надвор'е дзвонкае - яснае й прахалоднае. Верасьнёвая Вільня выглядае найвыгадней: паджаўцелае й месцамі ўжо апалае лісьце раскрывае большы архітэктурны краявід. Горы, падквечаныя сьпеласьцю лістоты, падстаўляюць вачам свае выгодныя бакі, красуючыся ў шкляных промнях ціхага сонца. Калі надыходзіць верасень - я заўсёды міжволі хвалююся. Бо не пазбыўся таго школьніцкага трымценьня праз гады. Мо таму, што я й сам цяпер настаўнік. Заўтра йзноў на заняткі. У Віленскі пэдагагічны ўнівэрсытэт. А там - знаёмствы, прывітаньні, прадстаўленьні.

Я пазнаёмлю іх з аб'ёмам ведаў, што абяцаюся даць студэнтам. А яны мяне - са сваім досьведам пра тое, як жывецца ім цяпер у Рэспубліцы Беларусі. Сёлета будзе набраны чарговы новы курс віленскіх студыёзусаў зь Беларусі. Гэта розныя людзі, рознымі шляхамі яны дазнаюцца пра магчымасьць навучаньня ў Вільні. Бадай, па-рознаму яны бачаць і сваю будучыню з дыплёмам беларусаведаў. Але факт - колькасьць студэнтаў зь Беларусі ў Вільні з году ў год не зьмяншаецца. Я запытаўся ў адной з настаўніц беларускай катэдры пэдунівэрсытэту, Ніны Пяткевіч, ці лёгка працаваць са студэнтамі зь Беларусі, якія вучацца тут завочна й чым яны розьняцца ад студэнтаў стацыянару, якія стала жывуць у Літве. Ніна Пяткевіч адказала мне:

- Лёгка! Вельмі яны добрыя, адказныя, лепей падрыхтаваныя. Яны больш падрыхтаваныя. І... усё ж больш адказныя. Як гэта ня дзіўна. Яны вельмі зацікаўленыя.

Ёсьць розьніца вялікая! У іх вышэйшы агульны ўзровень, у грамадзянаў Беларусі. І ня толькі гэта тычыцца спэцыяльнасьці - мовы, літаратуры. Але і ўменьня разважаць, фармуляваць думкі, выказваць іх. Нешта аспрэчваць... Усе, хто ў нас працуе, адзначаюць, што зь беларускімі студэнтамі нашмат цікавей працаваць. Яны больш свабодныя! Як ні дзіўна... У сваіх паводзінах і ў разважаньнях ... Яны ня гэткія зажатыя, закамплексаваныя, як літоўскія студэнты. Як ні дзіўна... Хоць Літва ў нас краіна дэмакратычная й свабодная, а ў Беларусі - таталітарызм. Гэта нас усіх вельмі зьдзіўляе. Розьніца відавочная. І заўважаюць яе ўсе...

Мяне заўсёды дзівіла, аднак, чаго шукаюць у беларушчыне тыя студэнты, што жывуць у Літве й часьцяком нават ня маюць ніякіх беларускіх каранёў. Навошта ім тая беларушчына? Ніна Пяткевіч кажа:

- Я ня ведаю. Трэба спытацца ў іх. Ня ведаю як гэта растлумачыць...

Сапраўды растлумачыць гэта цяжка. Пагатоў і самі тыя студэнты ня маюць пэўнага адказу. Яго трэба шукаць адно ў віленскім паветры. А як ставяцца літоўскія студэнты-беларусісты да Беларусі й наадварот?.. Ніна Пяткевіч:

- Тыя, хто бываў там разы з тры, тым Менск падабаецца. Мо яны ўсяго там ня ведаюць. Нашыя стацыянарнікі - у марах пра Беларусь. А завочнікам, натуральна, Вільня падабаеццца. І горад прыгожы й крамы багатыя. Але каб хто хацеў застацца, я ня чула. Можа тэарэтычна нехта й хацеў бы... Сьвярбіць мне, канешне такое пытаньне. Ад самага першага курсу. Але мне здаецца гэта нібы нетактоўна. І неяк не магу адважыцца ў іх запытацца. Мяне саму гэта вельмі цікавіць.

(Сяргей Дубавец: ) Сяргей Харэўскі разам са сваімі калегамі зь беларускай катэдры Віленскага пэдунівэрсітэту, дзе ён выкладае гісторыю культуры, разважае пра Вільню і Менск у вачох сёньняшніх віленскіх беларускіх студэнтаў.

Карэнным віленчукам беларусам сапраўды падабаецца Менск. Асабліва вучням і настаўнікам віленскай сярэдняй школы імя Францішка Скарыны. Іх заварожваюць прасторы сталінскага праспэкту, ампірная параднасьць фасадаў, роднасьць чалавечага клімату. У Вільні нічога гэтага няма. Тут роднасьць выпраменьваюць ня людзі, а старыя сьцены, ад чаго вуліцы робяцца ўтульнымі, нібы пакоі дому. Тут - бабілён нацыяў і моваў, літоўцы і палякі - тутэйшыя і прыежджыя з Польшчы, габрэі, расейцы - эўрапеізаваныя і савецкія. Няма таго, што груба можна было б назваць чалавечай масай. Таму і кожны знаёмец, сустрэты ў натоўпе, успрымаецца як асобны лёс і космас. Нібы ў павелічальным шкле бачыш ягоную індывідуальную каштоўнасьць. Вось чаму менскіх беларусаў так прыцягвае Вільня, а віленскіх - Менск. І мне думаецца, што гэткія прыцягненьні - зусім ня сёньняшняя зьява, а нешта спрадвечнае. Тое, што поўніла энэргіяй творчы парыў нашых продкаў, што падсілкоўвае нас і будзе выпраменьвацца і праз сто гадоў. Як бы не мяняўся сусьветны парадак у гэтым кутку сьвету. Вільня - зорка нумар адзін беларускай паэзіі была, ёсьць і будзе. Бо ж і сёньня пішуцца вершы пра Вільню...

Тым часам Сяргей Харэўскі працягвае.

(Сяргей Харэўскі: ) "Хто ж тыя студэнты-беларусісты, што сярод розных магчымасьцяў адукацыі ў Літве, абіраюць менавіта катэдру беларусістыкі? Колькі я ні заводзіў са студэнтамі размоваў, нязьменна высьвятлялася, што іхная беларускасьць зусім неабавязкова вынікае зь іхнага паходжаньня. Адкуль жа яны бяруцца? Я запытаўся ў загадчыцы катэдры, спадарыні Лілеі Плыгаўкі...

- Ёсьць сярод іх і выпускнікі нашай віленскай беларускай школы. Можна падзяліць абітурыентаў на дзьве групы: тыя, хто ўжо добра ведае беларускую мову й культуру Беларусі ды тыя, выпускнікі польскіх і расейскіх школаў, якія гэткіх ведаў ня маюць і набываюць іх ужо ў нас з нуля. Летась прыйшло, напрыклад, два чалавекі з польскіх школаў... Беларусаў мала. Прычым, я не займалася гэтым пытаньнем спэцыяльна па ўсіх сваіх курсах, але, мяркую, што беларусаў 50% ня будзе.

Дык што яны тады шукаюць у беларушчыне? Мой адказ на гэтае пытаньне ўсё глыбей патанае ў мэтафізыцы... Навошта ім усё гэта? Што атрымаюць студэнты ў Вільні ад таго, што будуць ведаць мову й культуру Беларусі? Адказвае спадарыня Плыгаўка:

- Кайф! Ёсць, вядома, шмат прычынаў: жаданьне атрымаць дыплём пра вышэйшую адукацыю, жаданьне ведаць яшчэ адну мову, яшчэ адну культуру, увогуле, спазнаць яшчэ адну краіну. У іх пэрспэктыва - далей вучыцца, на магістратуры ў Менску. Па спэцыяльнасьці то пэрспэктывы мінімальныя. Беларускіх прафэсійных асяродкаў тут няшмат. Яны то могуць працаваць у любых асяродках - радыё, газэты, нядзельныя школы...

Дарэчы, некаторых сваіх колішніх віленскіх студэнтаў я бачыў ня тое што ў Менску, але і ў Варшаве, дзе яны робяць сабе далейшую навуковую кар'еру... А тыя зь беларусаў-завочнікаў, што вяртаюцца ў Беларусь? Што чуваць пра іх?

- У якім бы сацыяльным стане там ні была беларуская мова, беларусіст заўсёды знаходзіў сабе працу й знойдзе! Таму ў іх ёсьць гварантыі працаўладкаваньня. Адкуль у нас студэнты? З Ашмянаў, Воранава, Астраўца, зь Ліды, з Баранавічаў, з Пружанаў, зь Менску. Але збольшага з памежнага рэгіёну. Ім зручней вучыцца ў Вільні, бліжэй. Амаль ва ўсіх іх ёсьць тут сваякі. Няма праблемы з жыльлём. Яны часта прыяжджалі сюды раней, яны ведаюць гэты край. Яны яго не баяцца, успрымаюць нармальна. І ёсьць жаданьне даведацца больш.

Для ашмянскіх які тут сэнтымэнт?.. Яны ўспрымаюць Вільню як свой горад. Яны тут добра адаптаваныя і выдатна сябе адчуваюць. І, што дзіўна, яны тут часьцей размаўляюць па-беларуску ў горадзе. І на іх ніхто не зьвяртае ўвагі й ня дзівіцца...

У любым разе, ахвочых вучыцца ў Вільні ня менее. Колькі б ні было таму аб'ектыўных ды суб'ектыўных перашкодаў. Наколькі ж вялікая цікавасьць зь Беларусі да віленскай адукацыі сёлета?

- Цікавасць велізарная! Званкоў вельмі шмат! Але ня ўсе яны выніковыя, гэта значыць ня кожны пазваніўшы прыйдзе да нас вучыцца. Мы толькі першы год адбіралі па конкурсе. І гэта была нашая памылка. І сёлета мы далі ўсё ж магчымасьць вучыцца ўсім, хто хоча. І паназіраць натуральны "адсеў". Сёлета мы плянавалі набраць 15 чалавек, але колькі будзе жадаючых, столькі й прымем!

Неўзабаве Катэдра беларускай мовы, літаратуры й этнакультуры ў Вільні адзначае сваё дзесяцігодзьдзе. Віленскія беларусы за апошнія дзесяць гадоў чаго толькі ні пабачылі... Дзесяць гадоў таму тут была амаль пустка, калі гаварыць пра прафэсійныя асяродкі. А сёньня тутака беларусы маюць свае школу, тэлевізію, радыё, газэты й нават, нарэшце касьцёл. Калісьці тутэйшая беларушчына зазнала й бурную ўвагу да сябе з боку Менску. На кожныя афіцыйныя й неафіцыйныя прыёмы, сустрэчы, банкеты беларускага чынавенства абавязкова запрашаліся тутэйшыя беларусы, якіх тое самае чынавенства адорвала шчодрымі абяцанкамі... Але часы пайшлі нетакоўскія. Ці адчуваецца зьмена ў настроях студэнтаў, ад зьмены палітычнага клімату ў Беларусі? Наўпрост запытаўся я ў Лілеі Плыгаўкі...

- Безмоўна гэта ўплывае на нас. Памятаю, як быў курс на беларусізацыю ў Беларусі, было больш да нас павагі. Больш зацікаўленасьці. І, зразумела, каб беларуская мова на сёньняшні дзень была б прыярытэтнаю ў Беларусі, дык і тут бы спатрэбіліся нашыя спэцыялісты, спатрэбіліся б перакладчыкі, спатрэбіліся б выкладчыкі мовы ў памежных раёнах...

Гэта ўсё слушна. Але адказы маіх калегаў-выкладчыкаў не вытлумачваюць аднаго, таго самага пытаньня, адкуль вырастае сама сабою беларушчына ў Вільні, адкуль бярэцца патрэба ў ёй у тых студэнтаў, якія вось ужо дзесяць гадоў запар запаўняюць беларускія аўдыторыі тутэйшага пэдунівэрсытэту... Можа паветра тут асаблівае? Анатоль Кляшчук зазначыў, што вось ужо каторы раз гаворыць у Вільні па-беларуску й дагэтуль усе яго разумеюць. Адказваюць хто як хоча, зазвычай па-польску ці па-расейску. "А гэтым разам, - кажа Кляшчук,- зайшоў ва ўстанову. Я ёй па-беларуску. А яна мне павольна па-літоўску. Пры тым ветліва й прыязна. Паразумеліся! А ў Менску як на каго нарвесься..." І праўда, мо ўсё пачынаецца з павагі да іншага? Але й гэта не вычарпальны адказ. Трэба яшчэ над тым падумаць, блукаючы віленскімі вуліцамі. У верасьні - самы час для таго..."

(Сяргей Дубавец: ) “Сяргей Харэўскі зноў спасылаецца на віленскае надвор'е. На маю думку, гэта мэтафара прыцягальнае сілы колішняе беларускае сталіцы. Мабыць для таго каб горад быў духоўнай сталіцыю нацыі, яму зусім неабавязкова быць сталіцай фармальнай.

Тутэйшыя беларусы спрадвеку лічылі Вільню беларускім горадам. І сілкавалася Вільня людзкімі рэсурсамі найперш зь беларускіх мястэчак і вёсак. Так было і ў незалежным Вялікім Княстве Літоўскім, калі Скарына друкаваў тут свае кнігі. Так было і пад расейскай імпэрыяй, калі тут нараджалася сучасная беларуская гуманітарная навука і культура, калі Вільня стала цэнтрам паўстаньня Кастуся Каліноўскага. Так было і пад нямецкай акупацыяй, калі тут разгарнулася беларускае школьніцтва. Так было пры паляках, у міжваенны пэрыяд. І пры савецкай Літве тутэйшыя беларусы лічылі Вільню беларускім горадам. Упершыню гэткае спрадвечнае ўяўленьне пахіснулася дзесяць гадоў таму, калі віленскія беларусы атрымлівалі літоўскім пашпарты. Фармальная працэдура мела, між іншым, каласальны псфхалягічны эфэкт. Віленскія беларусы сталі грамадзянамі Літвы і як бы людзьмі іншага гатунку ад сваіх суродзічаў - грамадзянаў Беларусі. Пачалося фармаваньне меншасных суполак і характэрныя для такіх суполак ва ўсім сьвеце сваркі. Адзінае цела беларушчыны сталі лякалізаваць і дзяліць. Але і гэты працэс ужо не такі прыкметны сёньня. Тое, што мелася зьменшыцца - зьменшылася і яго амаль не відаць. Затое, як у тым Жылкавым вершы - чуваць прыбой нямоўкнучы з палёў. Усё болей зьяўляецца на вуліцах старое сталіцы натуральных беларусаў. Проста прыяжджаюць, або паступаюць на вучобу, нехта сюды - жэніцца... І кожны дзень у Вільні ёсьць нехта знаёмы зь Беларусі”.
XS
SM
MD
LG