Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Забытыя адрасы. Даваенная дача пісьменьнікаў у Падблоні.


Аўтар і вядучы Сяргей Дубавец, Вільня

Паміж забытых адрасоў беларускай культуры ёсьць такія, што хочацца пра іх даведацца і чым шырэй распавесьці іншым, а ёсьць адрасы, пры якія, бадай, лепей было б і ня згадваць. Сёньняшні адрас не належыць ні да першых ні да другіх. Шукаючы яму параўнаньня, я чамусьці згадваю дачу Гітлера ў Альпах - тая самая эпоха і той самы грамадзкі клімат - мяжа зямнога раю ўшчыльную падыходзіць да мяжы пекла. Дастаткова зрабіць адзін неасьцярожны крок... Гаворка ідзе пра дом творчасьці беларускіх пісьменьнікаў. Не пра тыя старэнькія ўтульныя Каралішчавічы, пра якія можна, відаць, цэлы кораб распавесьці ўсялякіх сьмешных і горкіх, нязьменна літаратурных гісторыяў. І не пра сёньняшнюю Іслач, дзе пачуваесься як на нейкім Салярысе, дзе пустымі калідорамі па начах блукаюць забойцы, а беларускія літаратары напоўніцу прасякаюцца ірэальнасьцю сваёй зямной місіі. Гаворка пойдзе пра даваенную пісьменьніцкую дачу - у Падблоні. Тую, куды гурбою прыяжджалі новасьпечаныя ляўрэаты сталінскіх прэміяў, пілі шампанскае, гулялі ў більярд, а на раніцу нязьменна не далічваліся каго-небудзь са сваёй цэплай кампаніі. Зьміцер Бартосік адправіўся на гэты забыты адрас, каб ажывіць яго ў памяці сучасьнікаў.

(Зьміцер Бартосік: ) "На гэты забыты адрас я наўмысна зьбiраўся паехаць прыгожым летнiм дзяньком. Каб сонца асьвятляла навакольле, нiбы на засьвечаных старых фотаздымках. Каб абавязкова на аўто, з адкрытым вакном. I каб з магнiтафону лiлася неверагодна прыгожая музыка тых часоў, калi слова "Падблонь" для любога беларускага пiсьменьнiка было напоўнена глыбокiм сэнсам. У гэтым слове чулася афiцыйнае прызнаньне, блiзкая рэальнасьць вялiкiх прэмiяў, магчымасьць увайсьцi ў абранае кола савецкiх клясыкаў, ды мала яшчэ што...

Якая яркая й жыцьцярадасная музыка стваралася ў самыя страшныя часы чалавецтва! Нiбы нейкая адмысловая калыханка для соннага розуму. Тымчасам у Амэрыцы - Ку-Клукс-Клан, у Нямеччыне ды Iталii нараджаецца фашызм, Гiшпанiя гатовая ўзарвацца грамадзянскай вайною, сталiнскi Саюз ужо дасьпеў да новых ахвярапрынашэньняў, а сусьветны эфiр напоўнены чароўнымi гукамi мажорных факстротаў. За якiмi сапраўды можна не пачуць стрэлаў ды стогнаў. Тая эпоха заўжды будзе для мяне страшнаю тайнаю. I тое, што я сёньня жыву у адным часе з тымi, хто яе засьпеў, толькi дадае той эпосе загадкавасьцi.

Колькi нi чытаў пра яе, колькi нi слухаў аповедаў сьведкаў, так i ня здолеў адчуць яе смаку. Мне так i не зразумець, як гэта можна жывога чалавека пасадзiць на вядро з пацуком. Што можна адчуваць, бязьдзейна назiраючы, як адзін за адным зьнікаюць у невараць твае сябры і сваякі, зь якiмi яшчэ ўчора браў чарку й марыў пра грандыёзныя пляны? Кiм трэба быць, падпiсваючы калектыўны паклёп на калегу? Напэўна, трэба вельмi сур'ёзна верыць у рай зямны, i ведаць, што такое сапраўдны страх.

Якое ж, iншым разам думаеш, шчасьце, што гэтая жудасьць цябе абмiнула. I сёньня можна адно гуляцца ў адгрымелую вайнушку. Апрануўшы белыя штаны, паехаць у даваенны Дом творчасьцi й адпачынку Саюзу беларускiх пiсьменьнiкаў з гэтай вось ужо амаль нікому невядомаю назвай "Падблонь".

Сёньня тых, хто адпачываў тут у пэнатах, засталiся адзiнкi. А тых, чый адпачынак у сонечнай Падблонi перарвалi доўгiмi катаваньнямi й тэрмiнамi, бадай, не засталося зусiм. Яе добра памятаюць тыя, хто напрыканцы трыццатых гадоў быў дзіцём. Дзецьмi пiсьменьнiкаў. Сам я ўпершыню пачуў пра Падблонь ад братоў Вольскiх, спадароў Гаральда й Артура, для якiх Падблонь была неадемнаю часткаю дзяцiнства. Вось, што мне распавёў спадар Гаральд.

(Гаральд Вольскi: ) "Гэта каля Пухавiч, паўтара кiламетры ад станцыi "Пухавiчы". Падблонь. Дом творчасьцi быў там. Гэта было iменiя былога мiнiстра шляхоў зносiн, у царскiм правiцельстве. Гэта быў двухпавярховы дом. На першым паверсе сталовая, падсобныя памяшканьнi. На другiм зал танцавальны, раяль стаяў. I длiнны калiдор, i там шлi комнаты. Акрамя там быў яшчэ летнi флiгель. Бравенчаты такi. Там тожа жылi пiсьменьнiкi. І дзецкая плашчадка, дзе дзецi жылi. Апошнiя гады мы жылi аддзельна, дзецi ад бацькоў. Ну там з пiсьменьнiкаў хто жыў - Чарот, Крапiва, Броўка, Чорны, бацька мой, Кучар, Маўр, Цiшка Гартны, многа было каго там.

Быў такi эпiзод, калi Барысёнак жыў, у яго сын быў - Гарык. Мы з Iгарам Крапiвой (ён нам нашкодзiў добра, цi што?) мы яго пабiлi добра. А потым прывязалi да дрэва й падпалiлi касьцёр. Папугаць яго. У гэты час шоў Броўка з Кучарам. Убачылi й пачалi нас лупасiць. Нагой пад зад аднаму. А Крапiва толькi лаўреата палучыў Сталiнскай прэмii. Дык Броўка Iгару пад зад нагой улупiў i кажа: "У-ух, ты няшчасны ляўрэат-т-т." Так яму зайздросна было. Ну мы адступiлi, наламалi пруцьеў добрых, там у бярэзьнiку. I падыйшлi ззаду й добра адлупцавалi пруцьямi iх. I за забор удралi. Вось такая была гiсторыя перад самай вайной.

Я неяк прыйшоў у трыццаць восьмым годзе дамоў, i мне сказалi, што Кузьму Чорнага арыштавалi. Я бацьке сказаў: "Во, Кузьма, дзядзька Кузьма "вораг народа". I тады бацька пашчочыну мне даў. "Заўтра я такiм жа ж "ворагам народа" буду, i сказаў, хто такi Сталiн, што за рэжым. Усё гэта ён мне ў трыццаць восьмым годзе сказаў. Ён тады таксама быў выключаны з партыi, зьняты з усiх пасад. I яго наверна спасло тое, што ён у гады маладосьцi быў калiсьцi сам чэкiстам. Так жылi... усе баялiся друг друга".

(Зьміцер Бартосік: ) "Той дзень, калi я ехаў у Падблонь, быў пахмурны. Не да белых штаноў. Мая машына нiбы адмыслова не завялася. У электрычцы з магнiтафона суседняй кампанii гучала непрыгожая расейская музыка дня сёньняшняга. Але й без дадатковага маскараду Падблонь захавала сваю страшнаватую аўру. Дарма, што былая сядзiба расейскага чыноўнiка цяпер увайшла ў межы гораду Мар'iна Горка. Дарма, што яе галоўны дом злучаны сэлiкатнаю прыбудоваю з асноўным санаторскiм корпусам (тут цяпер дзiцячы артапэдычны санаторый). За высокiм берагам рэчкi Цiтаўкi, парослым векавечнымi дрэвамi старога парку, чырвоны фасад з нэагатычнымi вежамi прымусiць спынiцца любога выпадковага падарожнiка. Былая дача расейскага мiнiстра шляхоў зносiн Макеева пасьля шэрых райцэнтраўскiх пабудоваў выглядала ледзь не старадаўнiм замкам. Нават паўразбураныя скульптуры пiянэраў i школьнiц пасярод палянак можна было сьпiсаць на няўдалы густ яго благародзiя. Але вернемся ў часы савецкiх пiсьменьнiкаў.

Працягвае спадар Артур Вольскi".

(Артур Вольскi: ) "Усё вельмi сьветла было. I рыбалкi, i каля вогнiшчаў. Я памятаю там непадалёк ёсьць такi гаёк. I пойдуць туды Крапiва, Броўка, Глебка, яшчэ хто. Пляшку з сабой прыхопяць, разьвядуць вогнiшча, i на ражэнчыках сала смажаць. I хлеб падстаўляюць, каб капала на хлеб. I мне дадуць кавалачак, i я з такiм задавальненьнем еў. Такая рамантыка. Канечне, гарэлку мне не давалi.

Патэфон быў. Раяль быў. Вельмi хораша, дарэчы, сьпявала Эдзi Агняцьвет. Там такiя вечары наладжвалiся. Нехта чытаў вершы. Нехта сьпяваў. Мы там дзецi пiрамiды рабiлi (тады гэта модна было) такiя спартыўныя.

Бiльярдны стол вялiзны быў. Я страшэнна ганарыўся, што аднойчы выйграў у Крапiвы. У вялiкi сапраўдны бiльярд. Ён вельмi добра гуляў. У яго вока было. Я памятаю - прыкладзецца так. Ён сам высокi. I памятаю, як кiй кладзе памiж пальцаў, i вока такое... шэрае такое... ну, як бы сказаць, пiльнае такое... Р-р-р-аз, i шар у лузе.

Я памятаю нават яшчэ Цiшку Гартнага. Ён там на другiм паверсе займаў пакой. С сынам Алегам, з дачкой. Алесь Дудар там праводзiў сваё апошняе лета перад апошнiм арыштам. Сумны быў такi, гуляў трохi ў валейбол. Але адчуваў, што вось-вось яго зноў пацягнуць. Як старэйшыя гаварылi, я чуў, ён спадзяваўся там адседзецца. Забiралi адтуль непастрэдна. Я не памятаю, каго раней, каго пазьней. Але адтуль непасрэдна забралi Андрэя Александровiча. Гэта было на маiх вачах. Там пiсьменьнiкi сабралiся... там рэчка такая невялiкая, Цiтаўка. I заточка такая была на тэрыторыi Дома творчасьцi. I пiсьменьнiкi, яны былi тады даволi маладыя яшчэ, наважылiся там рыбу сеткаю лавiць. I вось Андрэй Александровiч хадзiў па тванiстай заточцы й, як я памятаю, на нагах у яго былi летнiя парусiнавыя пантофлi. Парашком зубным iх чысьцiлi. Ён проста ў iх хадзiў, каб не паранiць ногi, i тут яго паклiкалi. I ён зьнiк. А пазьней адтуль быў узяты Мiкола Хведаровiч.

Дзецi, падлеткi, мы ўжо ведалi, што гэта такое - Iосiф Вiсарыёнавiч. Мы ўжо ведалi. Таму, што на нашых вачах гэта ўсё рабiлася. Таму нiчога ня верылi. Проста прыстасоўвалiся. I маё пакаленьне гэта амаль цалкам пакаленьне прыстасаванцаў".

(Зьміцер Бартосік: ) "Дачка паэта Мiхася Клiмковiча, аўтара тэксту гiмна БССР, Мая, таксама ў той час адпачывала з бацькамi ў Падблонi".

(Мая Клiмковiч: ) "Прыяжджае машына з НКВД-iстамi, у штатскiм. А людзi сядзяць там на лавачцы. Пытаюцца: "А дзе Александровiч?" Пытаюцца жанчыны: "Славiк, дзе папа?" - А папа пайшоў рыбу лавiць. - Ну пазавi папу. Прыходзiць папа, босы, у закатаных штанах. З вудай, з рыбай. А яму кажуць: "Прайдзёмце". Выводзяць яго, содзяць у машыну. I ўсё. Чалавека няма. У нас было дома, што бацька таксама сабе горла перарэзаў. Калi бачыў, што будзе яму дрэнна. I я таксама ня ведала. "Папа ў бальнiцы", - мама сказала. А я сястру гляджу, i ўсё гэта... Так што, канечне... такi ўзрост, то ня надта што й запомнiлася. Потым ужо вайна запомнiлася далей. Калi прайшлi праз яе. А там... Там харошая была... кожную нядзелю прыязджалi пiсьменьнiкi, а так жонкi зь дзецьмi гулялi. Харошыя былi... часы былi харошыя... Калi ня ведаць усяго гэтага страху, якi тады быў".

(Зьміцер Бартосік: ) "Сёньня ў Падблоні амаль усё засталося такiм, як у расповедзе колiшнiх шчасьлiвых дзяцей 30-х гадоў. I парк, i прыгожая затока, i ўтульны стук колаў на чыгуначным мосьце празь Цiтаўку. I адсюль, з-за дрэваў, нябачна, што там робіцца па-за раем.

Я прысеў на ўслончык пад старой лiпаю. Паўзь мяне прайшоў сумны хлопчык гадоў дзесяцi на мылiцах. Пацыент санаторыя, былой дачы расейскага мiнiстра Макеева, былога iнтэрнату мар'iнагорскага тэхнiкуму, былога Дому творчасьцi пiсьменьнiкаў, былога вайсковага шпiталя. Цiкава, ці ведае сумны хлопчык, што на месцы ягонага ложку, магчыма, тварыў Пятрусь Броўка? Цi Глебка? Ці Крапіва".

(Сяргей Дубавец: ) “Зьміцер Бартосік распавёў пра сваё наведваньне забытага адрасу беларускай культуры - даваеннага дому творчасьці пісьменьнікаў у Падблоні. Здаецца, нямала ўжо пра тую эпоху і напісана, і фільмаў зьнята. А кожнага разу - быццам не да канца паддаецца ўсьведамленьню сама лёгіка тых узьлётаў і падзеньняў. Быццам сапраўды ў сталінскія гады з складанага мэханізму жыцьця была выцягнутая нейкая важная дэталь. Паміж зямным раем і зямным пеклам не засталося ніякага іншага выбару. Чысьцец зьнік. Той, які дае надзею на выратаваньне, той, што можа ўлічыць нейкія асаблівасьці і спэцыфікі чалавечых душаў, той, безь якога ўчынкі і прысуды набываюць незваротны характар. Калі ты штосьці сказаў пра куміраў, або нават калі не казаў, але некаму падалося, што сказаў - мяжа пяройдзеная і няма ніякай магчымасьці пераіграць, адкруціць назад, апраўдацца. Ты яшчэ цешысься сваім узьлётам зь вясковае бядноты на самыя вышыні грамадзкай ерархіі, ты яшчэ радуесься тым генэральскім побытам, які ўчыніў для свае сям'і, для дзяцей, ты яшчэ поўны энэргіі, каб напісаць новую оду камунізму і рэвалюцыі, якія падарылі табе гэты фантастычны ўзьлёт. Але ты разумееш, што ня менш фантастычнае чакае цябе падзеньне. І фары ў начным акне ўтульнага і сытага пісьменьніцкага дому творчасьці азначаюць толькі адно - па тваю гэта душу, ці не па тваю. Калі па тваю - ніхто, ні жонка твая, ні сябры, ні ты сам - ніхто ня будзе за цябе прасіць. Бо чысьцец адменены, яго няма. З раю зямнога можа быць шлях толькі ў пекла”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG