Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Айцец Ян Шуткевіч


Сяргей Дубавец

(эфір 2 ліпеня 2000)

Аўтар і вядучы Сяргей Дубавец.

Калі надзяваеш ласты і маску і даеш нырца ў цёмныя воды возера Балдук, цябе яшчэ не пакідае думка пра тое, што глыбіня гэтага возера — 40 мэтраў. Дно, парослае дзівоснымі расьлінамі, можна разглядаць як у тэлевізары. Крыху вусьцішна робіцца ад таго, што яно такое стромае, так імкліва зьбягае ўніз і губляецца там у цемры вазёрнае глыбізны. Вось бы сюды з батыскафам - адгукаецца ў табе прага пазнаньня. Што там можа быць, на сарака мэтрах? Якія-небудзь затанулыя чаўны, вайсковыя дасьпехі прамінулых часоў, сьведчаньні гісторыі. Нарэшце трэцяя думка, якая ўспрымаецца табою як адкрыцьцё - гэтае падводнае царства, поўнае таямніцаў і свайго неперапыннага жыцьця — гэта таксама Беларусь.

Ужо на беразе, малюючы сабе ва ўяўленьні карту свае краіны, ты думаеш пра тое, якую тэрыторыю займае яна - падводная Беларусь? Тысячы азёраў і рэк... Сюды ж дадаем непралазныя балоты і лясныя чашчобы, дзе жывуць сваім адасобленым жыцьцём усе гэтыя нябачныя воку тысячы ласёў, ваўкоў, барсукоў... Словам, усё, дзе не бывае, не гаспадарыць чалавек. Пасьля невялікае дыскусіі зь сябрамі пагаджаемся, што гэта можа быць і трэцяя частка. Краіна, у якой мы жывем і не жывем адначасова. Краіна, якая таксама носіць найменьне Беларусь, але існуе па-за грамадзкімі дачыненьнямі ды парадкамі, што завялі людзі. Краіна-анклаў. Зрэшты, зь ейнага гледзішча гэта якраз мы на сваіх цывілізацыйных выспах — анклаў. Калімы разумелі гэта, бадай, зусім іншым было б і наша стаўленьне да гэтае краіны, дзе мы, аказваецца, ня поўныя гаспадары і дзе далёка ня ўсё існуе ў адпаведнасьці з законам.

Разьвіваючы гэтую думку, абавязкова прыйдзеш да высновы, што і ў чалавечым грамадзтве ў Беларусі сытуацыя падобная. Мы тут ламаем дзіды на менскіх вуліцах, часта не падазраючы, што адначасова з намі існуе паралельная Беларусь, свая планіда са сваёй лёгікай і сваімі парадкамі. Да прыкладу, гэтымі днямі па ўсёй краіне ідуць пілігрымы. Іхны пешы маршрут — да Будслава, дзе сёньня ўшаноўваюць сьвяты абраз Маці Божай Будслаўскай. Не вар'яты-фанатыкі, а людзі паспалітыя, ідуць-пяюць, зьдзяйсьвяюць свой подзьвіг. Ідуць ажно з Гомеля, а гэта з паўтысячы кілямэтраў. У гэтых шлях займае два тыдні. Ёсьць такія, што ўвесь шлях ідуць на каленях. Вось бы ўзьняцца ў паветра, ды пабачыць, як па беларускіх дарогах імкнуць гэтыя чалавечыя ручаіны. Каб ацаніць аб'ём гэтае чалавечае энэргіі, што рэалізуецца ў паралельнай Беларусі. Менавіта там сканцэнтравалася ці ня ўсё беларускае сучаснае падзьвіжніцтва, якое пакінула анэмічнае цела Беларусі гэтай — сацыяльнай, культурнай, эканамічнай. Сёньняшняя "Вострая Брама" — толькі пра адзін прыклад беларускага падзьвіжніцтва.

Дарэчы, раней беларускія вернікі за самы вялікі аб'ект свайго паломніцтва мелі якраз Вострую Браму ў Вільні. Але цяпер сьвятыню адрэзала мяжа. І пілігрымы ходзяць у Будслаў. Наколькі мы ў гэтым сэнсе прагрэсуем, можна ацаніць, параўноўваючы сёньняшні дзень і старую гісторыю, калі ў Беларусі паломніцтва было ніяк ня меншым, даходзілі ажно да Ерусаліма. Хрэстаматыйныя прыклады пілігрымак Эўфрасіні Полацкай або Мікалая Радзівіла Сіроткі пацьвярджаюць гэта. Цяпер жа непераадольныя межы гэтую масавую зьяву сканцэнтравалі на тэрыторыі краіны.

Адным з найбуйнейшых завадатараў духовага неспакою ў Беларусі ў апошнія дзесяцігодзьдзі стаў ксёндз Ян Шуткевіч. Сяргей Харэўскі задаўся мэтай разгадаць таямніцу ягонага чалавечага подзьвігу.

(Сяргей Харэўскі: ) "Памятаю адну калядную ноч. Са сваімі роднымі й сябрамі мы пайшлі ў беларускі касьцёл Сьвятога Барталямэя, што ў Вільні, на Зарэччы. Гэта была першая калядная імша ў ім, першая пасьля 1946 году, калі ў апошні раз тут служыў ксёндз Адам Станкевіч — перад сваёй высылкаю ў Расею, адкуль, з ГУЛАГу, ён ужо не вярнуўся. З таго часу касьцёл быў замкнуты й закінуты. І вось у Вільні зноў беларускія Каляды — у сваім касьцёле...

Тускна сьвяціла пара лямпак без абажураў, яны зьвісалі проста на дратах. Аўтар, вялікі кавалах дыхты, зацягнуты драпіроўкамі, асьвятляла колькі сьвечак. Падлога праламаная, закіданая старым ліналеўмам. Столі няма наогул. Сьцены ў рыштаваньнях. Халодна й няўтульна. Купка людзей шчыльна пастала ля самай катэдры, зь якой прамаўляў ксёндз, айцец Ян. Ён вітаў тых, хто прыйшоў на беларускую ймшу менавіта сюды. Бо й Хрыстос нарадзіўся ў бедным убогім хляве, а не ў палацы. І першыя прыйшлі да яго простыя пастухі. Яшчэ ксёндз згадваў высакародны ўчынак арцбіскупа Парыжа, які, едучы ў катэдру на сьвяточную калядную літургію, пабачыў мноства агнёў пад парыскімі мастамі. Ён прыпыніўся й пайшоў пад мост, дзе сотні бедакоў на свой лад рыхтаваліся да Божага Нараджэньня. І застаўся там зь імі. У жабракоў было неверагоднае захапленьне, пакуль паліцыя зьбівалася з ног, шукаючы прымаса Францыі... А яшчэ айцец Ян згадаў бядотную Беларусь, пакінутую й разгубленую, у якой не стае волі, каб стаць на ногі, і гонару, каб быць сабою...

А неўзабаве адбылося і ўрачыстае адкрыцьцё касьцёлу Сьвятога Барталямэя. Было багата народу, біскуп, арцыбіскуп. Шматлікія і ўрачыстыя вітаньні беларусам, што атрымалі, нарэшце, сваю сьвятыню, праз паўстагодзьдзя чаканьня... Касьцёл меў ужо зусім іншы выгляд. Тут усё было хораша й чыста. Сьціпла, але густоўна. Зьзяла бельлю навюткая столь, пералівалася толькі пакладзеная падлога. Айцец Ян Шуткевіч не хаваў свайго задавальненьня. З аптымізмам заклікаў беларусаў маліцца ў роднай мове...

Айцец Ян добра вядомы ў Беларусі. Аднаго разу, зусім выпадкова, заблукаўшы ў беларускіх дарогах, я завітаў у маленькую лясную вёсачку Ігнацішкі пад Лынтупамі.

Тут, проста сярод вёскі, стаіць вялікі крыж з прымацаванай да яго шкляной каплічкаю Дзевы Марыі. Штовечар, увесь травень і ўвесь чэрвень, зьбіраюцца пад ім людзі, кленчаць, моляцца й сьпяваюць. Пайшоўшы празь лес на сьпеў, я аказаўся на скрыжаваньні вясковых вулак, дзе пад тым крыжам сабралася ўсё тутэйшае жыхарства ад старых да малых. Счакаўшы канца сьпеву, разгаварыўся з тутэйшымі кабетамі. Спытаўся, калі быў пастаўлены гэты прыгожы крыж. І імя айца Яна Шуткевіча ўсплыло амаль адразу... Навыперадкі, хорам яны загаварылі. Маўляў, гэты крыж загадаў ім паставіць ён. Яшчэ за саветамі. Казаў, каб не баяліся, трымаліся свайго.

«Ён ў нас служыў у Лынтупах, ён і ў Менску катэдру адстроіў. Айцец Ян Шуткевіч. У нас быў, пасьля ў Паставах год быў. У нас касьцёл аднавіў, у сярэдзіне красату зрабіў. Тады паехаў. Ён як скульптар, такі чалавек. Умее рабіць. Нам гэтую скульптуру прывез. Тады ў Менск паехаў, там рэстаўрацыю зрабіў. Там цяпер прыгожа. А ў Паставах які касьцёл быў, вой!... Абы-які... Там жа ўсё з чырвонае цэглы. І там ён усё зрабіў. Адкрасіў, адрабіў і паехаў... Ён і загадаў нам паставіць гэты крыж».

Паслухаўшы кабетаў, я ўявіў сабе волата, які варочае людзкімі лёсамі й цяжкім берамем зямных клопатаў. Але гэта ўсё праўда. Менавіта Ян Шуткевіч нейкім дзівам за часоў СССР здолеў паадчыняць паўтузіна касьцёлаў на Віцебшчыне й Меншчыне. Але найперш ён праславіўся аднаўленьнем менскага катэдральнага сабору. А гэта азначала выратаваньне ня толькі душаў, але і ўнікальных помнікаў нашае старасьвеччыны. Моцна запала мне ў памяць сялянскае параўнаньне ксяндза са скульптарам. Пра тое, што ў Беларусі яго помняць дабром, я сказаў айцу Яну па прыезьдзе ў Вільню.

— Так, так. І ў Паставах, і ў Лынтупах, і ў Камаях, і ў Менску. — Згадаў ён і працягваў. — Там другія людзі. Яны там бедныя матэрыяльна, але вельмі багатыя духоўна. Сэрцамі багатыя! Я хацеў бы паехаць у Ігнацішкі. Гэта там быў першы крыж. Мы яго паставілі яшчэ пры камуне. Мы ні ў кога не пыталіся. Вёска маленькая. Паставілі — і ўсё! Паставілі, нам нічога ніхто не сказаў. І гэтак абышлося. А пасьля ўжо зрабілі каплічку. І каплічку за могілкамі пакрылі. А пасьля пайшлі касьцёлы расьці, як грыбы па дажджу: Паставы, Лучай, Даніловічы, Сьвір... Гэта ўсё я адчыняў. У Задзеў'і я таксама адчыняў. І гэтак далей, гэтак далей. Мая апошняя была катэдра. Я вельмі замучыўся... Хацеў бы ўжо адпачыць у сваёй хаце. Але й гэтая хата мяне ня грэе. Там чатыры пакоі. Але зімою жыву ў адным, бо не магу ўсё абагрэць. Мне на бэнзын парою не хапае... Як будзеце там... Я аб іх думаю амаль кожны дзень. Яны вельмі добрыя. Яны вельмі дапамаглі. З тым рамонтам касьцёлу. Каб не яны... Божа! Я ня ведаю, што было б...

Айцец Ян не ўдаваўся ў аповед пра тое, як і што яму там перашкаджала, якіх высілкаў каштавала тое аднаўленьне. Напрыклад, адзін тэатразнаўца зь Менску распавядаў мне, што яму давялося скрасьці з рэквізыту Купалаўскага тэатру сапраўдны пастаўскі касьцельны звон ды завесьці айцу Шуткевічу. Той грэх быў адпушчаны. А старасьвецкі звон цяпер на сваім месцы. І стаяць дасёньня, сьвецяцца хараством бажніцы. Як жа Вы гэта зрабілі?

— Ну, зрабіў. Там рабілі фрэскі жывапісцы зь Зімняга палацу, зь Пецярбургу! І ў Паставах яны рабілі фрэскі. У Лынтупах людзі маюць цяпер тое, што заслужылі. У Паставах іншыя людзі... Апроч сям'і Барыса ў Ігнацішках, там вельмі цяжкія людзі. Але я думаў, што перараблю іх па-свойму. Але ўсяго не абдымеш, усё ня зробіш. Жыцьцё кароткае. Лучай уратаваў, гэты касьцёл Агінскіх, Сьвятога Тадэвуша. Там рабілі тыя ж жывапісцы, што рабілі ў Нясьвіжы, для Радзівілаў...

І праўда, адноўленыя сьвятыні будуць радаваць нас. Але найбольшы чын айца Яна – аднаўленьне Катэдральнага сабору ў Менску, дзе да таго 50 гадоў месьціліся спартовыя залі. Можа памятаеце тую ганебную валтузьню паміж дзюдаістамі ды вернікамі, пераважна жанчынамі, якія прасілі вярнуць сьвятыню. Сем тыдняў тады айцец Шуткевіч штодня ладзіў шэсьці вакол касьцёлу са сьпевамі й малітвамі... Пасьля той крыж, які несьлі вернікі, быў пастаўлены над сьвятыняю. І пачалося аднаўленьне. Айцец Ян згадвае гэта:

— У Менску мы адбудоўвалі катэдру. Гэта было пекла на зямлі. Я там быў першы дэкан і першы пробашч. А цяпер там у Менску як вада ў ступе тоўчыцца... Да мяне йшла моладзь з унівэрсытэту, з мэдінстытуту, з касэрваторыі. Адусюль!

Я папрасіў айца Яна распавесьці пра тое, як яму служыцца цяпер у Вільні. Бо прамінула ўжо больш за два гады. І цяпер касьцёл Барталямэя ўжо мусіў стаць апірышчам беларушчыны...

— Я прыехаў у Вільню, каб служыць беларусам. Але беларусаў у мяне няма. Чалавек шэсьць у нядзелю на імшы бывае. На беларускай імшы. Вось і ўсё. Я думаю зьехаць. У Менск ці ў Маскву. І гэты статус беларускага касьцёлу будзе згублены. Прыцягнуў во энтузіязмам, але далей цягнуць не магу. Беларусам гэта непатрэбна. Вось і ўсё такое маё жыцьцё».

Я быў уражаны гэткімі словамі. Айцец Ян абурана распавядаў, як адзін сьведамы беларус дае дзіцяці літ і адпраўляе яго ў касьцёл, а сам за вуглом сядзіць у бары і прапівае за гэты час усе 50 літаў. У выніку касьцёл бедны і ня мае беларускае суполкі, якая б здольная была падтрымліваць сваю бажніцу ці хоць бы зьбіраць дастатковую колькасьць вернікаў на беларускія службы. Заўважу, што сьведамых беларусаў-каталікоў у Вільні дастаткова...

Добра памятаю, неяк улетку, яшчэ як ня быў той касьцёл вызвалены ад скульптурных майстэрняў, я наўгад завітаў у ягоны дворык разам з Адамам Глёбусам. Нас сустрэлі гукі беларускае малітвы... Двор быў поўны людзей. А зусім побач, поруч з намі, стаялі дзьве чысьцютка ўбраныя дзяўчынкі-мурынкі зь вялікімі белымі бантамі. І нават яны старанна выводзілі: «Маці ласкавая, маліся за нас...» Айцец Ян:

— Хацелася б, каб беларусы дапамаглі нашаму касьцёлу... Але ім тое ня рупіць. Школа тут беларуская ёсьць. Пытаюся: «Саша, можаш па-беларуску? Пеця ўмееш? Наташа ўмееш?.. Скажы: «Ойча наш... «Ойча-наш-які-ў-небе-сьвеньці-пшыдзь-крулество-твое!»... Пачынаюць па-польску гаварыць. Дзесяць дзяцей было пры першай камуніі. Я ім выпатрабаваў манашку, каб яна вучыла іх рэлігіі й яшчэ чамусьці... Ну і яксьці так ідзе. Мне, шчыра кажучы, ня хочацца нават ісьці на беларускую ймшу. Лічаныя людзі прыходзяць. А статус маем беларускага касьцёлу! Дзе ж беларусы?»

(Сяргей Дубавец: ) "Сяргей Харэўскі распавядае пра расчараваньне ксяндза Шуткевіча ў віленскіх беларусах, якія ня надта падтрымліваюць адноўлены беларускі касьцёл на Зарэччы. Айцец Ян некалі абурана распавядаў, як адзін сьведамы беларус дае дзіцяці літ і адпраўляе яго ў касьцёл, а сам за вуглом сядзіць у бары і прапівае за гэты час усе 50 літаў. У выніку касьцёл бедны і ня мае беларускае суполкі, якая б здольная была падтрымліваць сваю бажніцу ці хоць бы зьбіраць дастатковую колькасьць вернікаў на беларускія службы. Заўважу, што сьведамых беларусаў-каталікоў у Вільні дастаткова. Але праблема мне бачыцца тут у дачыненьнях дзьвюх паралельных Беларусяў, з чаго я пачаў сёньняшнюю праграму. Беларусь духоўная зьдзяйсьняе подзьвіг і апэлюе да Беларусі сацыяльнай, нацыянальнай - па матэрыяльную падтрымку. А тая перажывае стан анэміі і абыякавасьці да ўсяго на сьвеце і таму адказвае маўчаньнем.

Асабіста мне ў гэтай гісторыі найперш цікавая самая асоба ксяндза Шуткевіча. Ня так часта сустракаеш нагэтулькі моцных духам людзей. Сяргей Харэўскі працягвае:

(Сяргей Харэўскі: ) "Спадар Шуткевіч у Вільні жыве ў бацькавай хаце. Ня верыцца, што ён нагэтулькі самотны. Міжволі захацелася дазнацца пра ягонае жыцьцё болей. Напрыклад, як ён за савецкім часам абраў для сябе сьвятарскае падзьвіжніцтва...

— Я ня зь Вільні сам. Я ад 39-га году жыў у Горадні. У Горадні жыў з мамаю... І ў беларускай школе вучыўся. А ў Вільні ў бацькі была хатка. І пасьля, калі скончыў кансэрваторыю, як мама памерла, так і пераехаў сюды. Не хацеў у Горадні быць сам. А тут яшчэ больш сам!

Я зь дзяцінства хацеў сьвятаром быць! Як быў маленькі, як помню, хацеў быць доктарам, сьвятаром і музыкам! Каб памагчы людзям. Як прыходзіць якая дзяўчына, чакае дзіцяці, пытаецца, ці забіваць тое дзіця ці не? Не! Не забіваць таго дзіцяці. Каб яно нарадзілася. Каб не было яе ўлоньне труною.

Сем гадоў працаваў у Маскве дырыжорам! Фурцава дала мне кватэру на восьмым паверсе, на праспэкце Калініна. У Маскве я быў роўны з роўнымі. У Георгіеўскай залі бываў на прыёмах. Як быў Хрушчоў, як быў там Гарбачоў, каралева Бэльгіі, калі быў Клібэрн. У Маскве я не адчуваў сябе чалавекам другой катэгорыі.

Чаго мне не хапала? Мама памерла раптам, у 75-м годзе. А як мама памерла... То мне... ня трэба было ўжо жыць. Аддаў ключы ад кватэры ў Массавеце, пераехаў у Вільню й паступіў у Ковенскую сэмінарыю!

А ў Горадні мне было вельмі цяжка. КГБ мяне перасьледавала. За тое, што я адстаяў арган у Фарным касьцёле і той касьцёл. А цяпер яны радуюцца, што ёсьць той касьцёл з арганам. КГБ мяне ненавідзела ў Горадні!…

Са словаў айца Яна ўсё вынікае нібы проста — адно за другім. Аднак не магу прыпомніць, каб хто зь людзей, прылашчаных самой Фурцавай, міністаркай культуры за Брэжневым, гэтак проста кідаў сытае месца й крута мяняў біяграфію. Лішне казаць, што любы новы ксёндз за саветамі міжволі мусіў грэбсьці супраць плыні. І айцец Ян не збаяўся гэткага лёсу. Ані кагэбэшнага цкаваньня, ані людзкага неразуменьня.

Дзіўна. Гэты сьвятар, апроч сваёй прарабскай чорнай работы, пасьпяваў дазнавацца людзей, унурвацца ў іхныя праблемы, будзіць іхныя сэрцы... Айцец Ян:

— Усе лынтупскія людзі вельмі цяжкія. Ці ня самая цяжкая парафія ў Беларусі. Камаі — гэта неба і зямля як Лынтупы! А ў Менску, Божа! У Менску — беларусы! Людзі з адкрытымі сэрцамі! Менск, Паставы... У Паставах там была пара палякаў, Бумбліс, Дзеўгуць, шляхта. Дык яны мелі за зло, што я па-беларуску малюся. І пісалі ў нейкай памыйнай польскай газэце, што я іх «русыфіцырую».

У Вільні раней ў Вострай Браме маліліся па-беларуску. А цяпер — «труба дело». Усё падзялілі. Гэтак хацелі мы тую свабоду, ну, вось і маем свабоду...

Цяпер айцец Ян кажа, што хацеў бы зьехаць назад, у Беларусь. Яму рупіць, што бракуе там сьвятароў, якія б ведалі наш народ. «Цяпер панапрыехалі чужаземцы й насаджаюць нам сваю культуру!» — кажа айцец Ян. З гэтым цяжка спрачацца. Пагатоў, гэта тычыцца ня толькі каталікоў. Сотні лаўцоў душаў з Усходу і Захаду прыехалі да нас. Але вось гэткіх «аднавіцеляў», як айцец Ян, якія б гэтак дбалі й пра нашу спадчыну і пра наш дух, адзінкі. Што ж мусіць рабіць сапраўдны сьвятар у Беларусі? — спытаўся я ў айца Яна.

— Ну, што трэба сьвятару рабіць? Не пужаць пеклам, не дакараць, што мала даяце грошай, трэба ведаць маладзёжныя праблемы. Быць чалавекам для людзей... Я не пэсыміст. Мне шкада Менску, шкада Беларусі.

Жывучы ў Вільні, прамінаючы тутэйшыя сьвятыні, я міжволі згадваю словы айца Яна. Бадай, неўзабаве і ў Менску, і па ўсёй Беларусі ачуняе люд. Прынамсі, мне дадае веры тое, што ані ў маленечкіх Ігнацішках, ані ў Лынтупах, ані ў Лучаі не забыліся на чалавека, што зьбярог ім сьвятыні. Але, бадай, і гэтаму чалавеку, айцу Яну Шуткевічу, самае месца ў Беларусі, сярод тых людзей, што шчыра й зь любоўю гавораць пра яго. А што да Вільні. Тут жывуць дзясяткі тысячаў беларусаў. Палова зь іх – каталікі. І гэтыя людзі не шукаюць сабе праблемаў. Ходзяць да тых касьцёлаў, што бліжэй, якія прыгажэйшыя, заможнейшыя. Для большасьці зь іх мова – не праблема. Па-польску, дык па-польску, па-літоўску, дык па-літоўску. Ёсьць — у езуітаў — імша нават па-расейску. А ехаць на другі канец гораду, каб «падымаць» беларушчыну ў нядаўна адноўленым касьцёле... Беларуская Вільня — люстэрка Беларусі. Калі вернецца вера й мова па ўсёй Беларусі, вернецца сама сабою беларушчына і сюды, у віленскія сьвятыні.

(Сяргей Дубавец: ) "Сяргей Харэўскі размаўляў зь беларускім ксяндзом Шуткевічам, які ў Вільні аднавіў беларускі касьцёл.

Такім чынам, Беларусь падзялілася на два паралельныя сьветы. Адзін, фасадны, жыве мімалётнымі палітычнымі ды сацыяльнымі праблемамі, вяртаецца ў СССР або пратэстуе супраць гэткага вяртаньня, змагаецца за незалежнасьць і супраць яе, вырашае, ісьці ці ня йсьці на восеньскія выбары ў парлямэнт. А другі жыве адно вечнасьцю і выратаваньнем душы. Хвалі часу перакочваюцца над ягонаю галавою, не зьмяняючы сутнасьці, бо надта ж яна глыбокая. Нібы тое возера Балдук, дно якога вядзе на саракамэтровую глыбіню. Спакусьліва нырнуць туды, у самую пучыну. Але ў самую не атрымаецца. Ад вялікага ціску можа лопнуць галава. Да такіх нырцаваньняў трэба прывучаць сябе штодзённа на працягу многіх гадоў. Магчыма нават усё жыцьцё.

XS
SM
MD
LG