Лінкі ўнівэрсальнага доступу

1 красавіка – Prima aprilis.


Аўтар і вядучы Сяргей Дубавец, Вільня

Скажу адразу і шчыра: не знайшоў я такіх сьведчаньняў у нашай гісторыі, якія б пацьвярджалі прысутнасьць гэтага дня - першага красавіка - у беларускім культурным кантэксьце як нейкага незвычайнага і асаблівага. Ані таго першапачатковага лацінскага prima aprilis, ані цяперашняга эўрапейскага fool's day, ані знаёмага з савецкіх часоў Дня сьмеху ў беларускай традыцыі няма.

Прычынаў, верагодна, некалькі. Па-першае, у беларусаў днём вясёлага шкодніцтва заўсёды было Купальле. Тады перацягвалі платы, каталі падпаленыя колы ці закідалі на падворак што-небудзь экстраардынарнае. Двух такіх дзён на год было б, напэўна, зашмат.

Па-другое, забітасьць і цемната, прынамсі апошнія гадоў дзьвесьце - пад расейскай акупацыяй, калі беларускі селянін страціў усялякую ініцыятыву і стараўся не вытыркацца. Гэта, дарэчы, адбілася і на ягонай уласнай гаспадарцы, якую яму ўрэзалі да межаў падворка. І тут трэцяя прычына.

У параўнаньні, скажам, зь нямецкім падворкам, наш, беларускі, часта прайграе ў сэнсе парадку, акуратнасьці, зможнасьці і прыватнаўласьніцкага духу. Зразумела, на якім з падворкаў больш лягічна ўчыніць якую сьмешную дурасьлівасьць. У немца той перастаўлены плот ці хоць адна штыкеціна зараз жа будзе заўважана, а ў нас гаспадар толькі пачухае патыліцу - хто яго ведае, можа яно так і было.

Нарэшце, справа яшчэ і ў календары. Бо часы, калі заходняя Эўропа згадвала пра багіню плоднасьці, беручыся за сваю эўрасаху, у нас найчасьцей яшчэ моцна нагадвалі зіму, прычым позьнюю - з панаваньнем усеагульнае нішчыміцы і авітамінозу. А тут яшчэ і пост, які ўладабаязны беларускі селянін трымаў, ня думаючы ні пра якія блюзьнерскія прадпрыемствы і ініцыятывы.

Праўда, гэта ўсё гаворыцца пра народ паспаліты. Што да шляхты, дык знайсьці сьведчаньні ейных выбрыкаў на першага красавіка ня так і складана. Паўтаруся, гэта не ўсеагульная плынь прыкладаў, якая б паказвала на існаваньне традыцыі, а толькі асобныя выпадкі. Іх для сёньняшняй перадачы сабраў і агледзеў Сяргей Харэўскі.

(Сяргей Харэўскі: ) "Род Радзівілаў, як вядома, паходзіць ад камандзіра рымскага легіёну Палемона, які так захапіўся паходам на славянаў, што апынуўся ў Беларусі. Тут і застаўся. Апроч сьціплых сьведчаньняў матэрыяльнае культуры рымлянаў, што раскіданыя па ўсім нашым Паўднёвым Захадзе, да нашага часу дайшло й 1 красавіка - пад назваю Прыма апрыліс. Гэты дзень і два тыдні пасля яго рымляне ўважалі за сьвяты ў гонар багіні Цэрэры, ад старалацінскага "cytera" - "маці". Гэта была багіня плоднасьці й міжплоцевых саюзаў. Апроч Цэрэры ў тыя дні ўшаноўвалі й яе дзяцей, сына Лібэра (двайніка грэцкага Дыяніса) й дачкі Лібэры. Сьвяты тыя адрозьніваліся надзвычайным лібэралізмам, як зрэшты, тагачасныя норавы наогул. Іх называлі цэрыяліямі. Вясёлы карнавал каханьня. За часамі Цэзара Аўгуста красавіцкае сьвята радасьці было пастаўленае на шырокую дзяржаўную нагу. У "Чынах Богаабранага Аўгуста" яно апісанае ад імя Цэзара гэтак:

"АўтАр Цэрэры Усеўмяшчальнай насупраць бажніцы Гонару й Трываласьці я памясьціў, на якім загадаў пантыфікам і дзеўкам, і вэсталкам адпраўляць штогод ахвярапрынашэньні ў той дзень. Рымскім плябеям кожнаму па жмені сэстэрцыяў я раздаваў. І тысячам блазнаў, што весялілі Рым, я даў падарункі таксама. Сыны мае, Гай і Луцый Цэзар, якіх усе рымскія коньнікі абвесьцілі правадырамі моладзі, даўшы ім срэбныя шчыты, кіравалі цэрыяліямі. І рымляне выдалі ім па пяць наложніцаў. У цырках і тэатрах у той дзень былі толькі камэдыі. Дванаццаць харчовых раздачаў я справіў, хлеб набыўшы прыватным чынам. Мае раздачы ў той дзень дасталіся ня менш чым 250 тысячам чалавек".

Радзівілы, як натуральныя нашчадкі рымлянаў, у немалой ступені спрычыніліся да рэанімаваньня старажытных традыцыяў у нашым краі. Пасьля паездак у Рым ды вывучэньня антычнае літаратуры яны пастанавілі ў 16 стагодзьдзі вярнуць сабе гэтае сьвята. Як Радзівіл Сіротка задумаў сабе стварыць пасад у Нясьвіжы, дык і пачалося... Пасярод штучнага возера, што аблямоўвала замкавыя валы з боку Альбы, паўстала выспа са сьвяцілішчам Цэрэры. Але пару яшчэ стагодзьдзяў 1 красавіка адзначалі сьціпла, хоць радзівілаўскую моду падхапіў увесь магнацкі сьвет. Жартоўнае сьвяткаваньне выглядала як цалкам цнатлівая забаўка. Ну маглі папужаць крыху гасьцей на 1 красавіка. Заходзяць тыя ў залю, а замест столі - акварыюм з 3-мэтровымі асятрамі, кожны тры пуды вагою. І вакол люстэркі. Ну дамы самлеюць. І ўсё... Выключэньне складалі хіба часы маньяка Гераніма Радзівіла. На 1 красавіка ён з гасьцямі забаўляўся ўдосталь з маладымі дзеўкамі-сялянкамі, якіх пасьля скармлівалі кракадзілам у басэйнах, што былі ў Слуцку. Во было відовішча!

А вось жа за юным Міхалам Каралем Радзівілам гэтае сьвята амаль наблізілася да ягонае антычнае сутнасьці. Таго самага Радзівіла пазьней назвалі Рыбанькам, за вялікую гасьціннасьць ды бясконцыя расповеды пра тое, што русалкі паходзяць ад ягонага каханьня з каралеваю селядцоў. З забаўляльнага парку ў нясьвіскай Альбе на спэцыяльных карабліках моладзь завозілі на выспачку, званаю Цытэраю. Там, у засені старасьвецкіх дрэваў, па альтаначках у хмызох, яны маглі як сьлед "адцягуцца", пабавіць свае маладыя жаданьні... Калі проста распуста абрыдала, дык інсцэнавалі камэдыю Данкурта "Тры кузэнкі". Паводле яе сюжэту тры стрыечныя сястрычкі паехалі на гэткую выспу рымскае багіні з хеўраю хлапцоў, перазнаёміўшыся як сьлед зь якімі, яны паабіралі сабе, нарэшце, спадарожнікаў жыцьця. Вось жа, адным з гэткіх першакрасавіцкіх дзён, патрапіў у Альбу й бедны францускі маладзён. У Парыжы яго не прынялі ў Акадэмію мастацтваў, таму ён і бадзяўся па нашай краіне. Звалі яго Антуан Ватто. Відовішча вясёлай кампаніі дзевак і хлапцоў, што арганізавана адпраўляюцца гарэзіць і кахацца на возера пад Нясьвіжам, уразіла яго. Ён зразумеў, чым яму скарыць Парыж. Напісаўшы велізарнае палатно з нясьвіскага побыту "Ад'езд на Цытэру", у 1717 годзе, Ватто стаў францускім акадэмікам мастацтва. Праўда, старыя акадэмікі ў Парыжы доўга ламалі галаву, каб прыдумаць, якое званьне прысвоіць мастаку, які намаляваў гэткі неверагодны сюжэт. Прыдумалі нягегла - "майстар галянтных сьвяткаваньняў". І гэта пра 1 красавіка!

Нават пасталеўшы, Рыбанька сваіх захапленьняў не мяняў. Запіс зь ягонага "Дыярыюшу", красавік 1725 году:

"Была вельмі вялікая вячэра, пасьля якое скокалі цырыманіяльныя танцы. Быў прыгожы фэервэрк. Пайшлі класьціся ледзь ня днём. З гэткай жа пышнасьцю прайшоў і ўвесь наступны дзень. Я ўжо стараўся раней пайсьці да ложку. Тут жа адну пазбавіў дзявоцтва й адразу падзякаваў Богу, што мне чыстую даў дзяўчыну, якую хай Бог ахоўвае, каб мяне пахавала. Празь дзень ізноў цешыліся ўжо ўсёй кампаніяй. Княгіня маці мая з усімі сваякамі выехала, запрасіўшы ўсіх, а я сабе з цудоўным тым целам яшчэ гуляў".

Натуральна, усіх пераплюнуў Кароль Станіслаў Радзівіл, той самы, які пане Каханку. Да яго, на Прыма апрыліс зьбіраліся з усяе краіны, каб тыднямі гуляць у цэрыяліі. Біёграфы нясьвіскага двара гэтак апісвалі красавіцкія гулянкі Пана Каханку:

"Ён займаўся распустаю, а выпіўшы, жорстка зьдзекаваўся з розных прыдворных. Нечакана грукнуць ззаду кіем, у час піцьця ўбіць у рот келіх, наліць ззаду за каўнер віна таму, хто марудна п'е, моцна стукнуць ілбамі ў час размовы, каб аж глузды павыскачылі. Самая ж прыемная ягоная забава - выкідваць розныя хвігі з абразаю для жаночага сораму. Аднойчы ён напалохаў папскага нунцыя Салузі, запрасіўшы яго на прамэнад, заехаў па яго не ў звычайным экіпажы, а ў двуколцы, запрэжанай шасьцёркай мядзьведзяў. Італьянец ледзьве не памёр ад жаху. А аднойчы ён пажартаваў зь вялікага пісара літоўскага, князя Паца. Яго п'янога кінулі ў вязьніцу, надзелі кашулю сьмяротніка й закулі ў кайданы. На раніцу ж да Паца спусьціўся ксёндз, каб даць апошняе прычасьце. Разам з катам яны пайшлі на рынкавы пляц, нібы караць яго сьмерцю. Кат занес меч над галавою Паца...Усе сябры кінуліся да Радзівіла, кленчылі і ўмольвалі спыніцца... Задаволены Радзівіл павёў Паца за руку ў палац і надарыў яму шыкоўных падарункаў. Пачалася вялікая ўцеха й п'янка. На трэці дзень Пац памёр".

Вось гэткія бывалі першакрасавіцкія жарты ў Беларусі".

(С.Дубавец: ) Сяргей Харэўскі зьвярнуўся да самага, мусіць, удзячнага матэрыялу, што да эўрапейскіх традыцыяў і ўсялякіх незвычайнасьцяў у старой Беларусі - да гісторыі роду Радзівілаў. Нагадаю, што сёньня мы распавядаем пра традыцыю першакрасавіцкіх жартаў у беларускім культурным кантэксьце. Сяргей Харэўскі працягвае свой агляд гістарычных прыкладаў.

(Сяргей Харэўскі: ) "У Расеі традыцыя 1 красавіка завялася за Пятром І, які нагледзеўся ў Галяндыі й Нямеччыне "сьвятаў дурняў", як гэты дзень называюць там. "April Fool's Day" называюць яго па-ангельску. Пасьля захопу беларускіх земляў Расеяй памяць пра сьвята каханьня й плоднасьці амаль сьцёрлася. Застаўся дзень дурняў. Беларусы, што праўда, заўсёды любілі дурыць іншаземцаў. Пакажуць, напрыклад, чучала маманта, пашытае зь мядзьвежых шкураў ды патлумачаць, каб былі асьцярожныя па пушчанскіх дарогах. Гэтак разыгралі швэцкага гісторыка й дыплямата Пэра Пэрсана, які выдаў кніжку пра свае падарожжы ў 1620 годзе.


Альбо які пан пераапране сваіх мужыкоў янычарамі, малых дзяцей памажа, каб былі чорныя, ды й тлумачыць з годнасьцю, што ўсе яны тубыльцы з-пад Багуславага Поля (цяпер Жодзіна). І за імі сачыць трэба. Ой, сачыць! Усур'ёз гэты першакрасавіцкі жарт прыняў францускі місіянэр Піліп Аўрыль, што й апісаў у 1687 годзе. Пакпілі з француза за тое, што ён меркаваў пра тутэйшы люд як пра недахрысьцяў. Асабліва ж дурылі беларусы расейцаў, што праяжджалі па "вновьприобретенному" краю. Гэтак на 1красавіка пад'ялдычылі фрэйліну зь Пецярбургу Алімпіяду Шышкіну ў Магілёве, паказаўшы ёй ананасы, "найбуйнейшыя ў Беларускім краі", "якіх тут поўна". Яшчэ яна тут ухітрылася пабачыць вінаграднікі і "ўпершыню ў жыцьці пабачыла гаі аліўкаў і валоскіх арэхаў". Ці ня вербаў зь яварамі? А расейскаму папу-чыноўніку Пятру Леўшыну, у 1801 годзе, паказалі шкуркі "чорных зайцаў", якіх нібы процьма ў ваколіцах Копыся. Жарт выйшаў настолькі ўдалы, што ў Пецярбургу, калі прыдумлялі капыскі акупацыйны герб, намалявалі чорнага зайца ў зялёным полі.

За савецкім часам была нават спроба зрабіць 1 красавіка дзяржаўным сьвятам. Праўда, толькі ва Ўсходняй Беларусі, што заставаліся пад Расеяй. Народным камісарам імпанавалі нямецкія традыцыі. Праўда, гэта быў не вясёлы народны "Дзень дурняў", а кампанія "Дня сьмеху". Па паветах Віцебшчыны й Гомельшчыны вазілі "пакоі сьмеху" з крывымі люстэркамі. Уяўляю, што за публіка хадзіла туды пасьмяяцца ў якім 20-тым... Натуральна, рэй быў за Віцебскам. У 19-м годзе 1 красавіка там адзначылі гэтак:

"Да гэтага дня мы здолелі такi зьдзiвiць землякоў. Сотня мастакоў з малярамі шчыравала ўсю ноч па горадзе. А раніцою перад жыхарамі раскрылася сапраўднае вiдовiшча: брук пляцаў і вуліц, глухія безаблічныя сьцены дамоў й бясконцыя віцебскія платы былі расфарбаваныя ва ўсе фарбы, што толькі былі пад рукою. Паўсюль былі намаляваныя коні, козы, пеўні, сабакі й людзі. Яны зіхцелі на фоне пажараў рэвалюцыі, гойсалі ў паветры, ляцелі дагары нагамі. Увесь сьвет перакуліўся. Будынак сабору на цэнтральным пляцы места быў зацягнуты вялiзным палатном, якое размаляваў я. На ярка-зялёных конях у яблыкi даўгабародыя старыя ўзьляталi ў неба... Ачышчальны вiхор рэвалюцыi зьмёў усе перашкоды... А конi - гэта чалавечая мара: маладая i зялёная, як квiтнеючы сад, зялёная, як маладая надзея! Людзі, што выйшлі першай красавіцкай раніцай на вуліцы, не пазнавалі свой Віцебск. Затое пазнавалі адзін аднаго на тых самых сьценах і платах. Моладзь рагатала, старыя дакорліва гойдалі галовамі... Да цёмнае ночы хлопцы й дзяўчаты блукалі па горадзе, шукаючы сапраўднага пачуцьця".

Гэтак апісаў сваю работу ўпаўнаважаны віцебскі камісар у справах мастацтва Марк Шагал.

Па апошнім узбуйненьні БССР, пра "дні сьмеху" было забыліся. Не да сьмеху стала на шостай частцы сьвету, той, што апынулася за жалезнай заслонаю. Прыма апрыліс адзначалі да вайны толькі ў Заходняй Беларусі. Ня гледзячы на пост, няўхвальныя позіркі сьвятароў ды паліцыянтаў. Колішні вучань Віленскай Беларускай гімназіі, Мар'ян Пяцюкевіч узгадваў, як гэта было перад вайною:

"Арганізатарам сьмеху, жартаў і сатыры быў віленскі мешчанін Грышка Марголіс, клясычны тып сэміта й пры тым яшчэ касавокі. Ён абы чым, нават сваім выглядам мог выклікаць вясёлы настрой ў клясе, нават і ў часе ўроку. На Прыма апрыліс у школе падымаўся гэткі сьмяшлівы вэрхал, што дырэктар мусіў перапыняць заняткі. А нам таго толькі й трэба. Цэлымі клясамі, дзеўкі й з хлопцамі шпацыравалі па Вільні. Дзяўчатам дарылі кветкі, ад раніцы пазьбіраныя ў Панрах. "Кавалеры" таксама частавалі дзяўчатак пернікамі. І спаборнічалі адзін перад адным, каб вызначыцца перад паненкамі, у жартах. Грышка Марголіс тут быў спрытнейшы. Жыдоўскае мовы ён ня ведаў. Відаць, ягонай роднай моваю была расейская. А таму й жартаўлівыя сказы выслаўляў па-расейску. А Васіль Станкевіч, на якога заглядаліся дзяўчаты, вясёлы й бестурботны хлапец, які ўмеў музыку рабіць на чым заўгодна, ніякае мовы ня ведаў, апроч беларускай. Станіслаў Станкевіч быў, родам з Ашмяншчыны, дык ён усё нейкія показкі па-польску распавядаў. Гэтак усе разумеліся й дружна сьмяяліся".

Пасьля Сталіна 1 красавіка йзноў вярнулася. Праўда не як эўрапейскі "Дзень дурняў" і не як рымскі Прыма апрыліс, а як студэнцкі капусьнік, як адхланьне для савецкіх людзей. Школьнікі абавязкова стараліся разыграць адзін аднаго старымі жартамі: "А ў цябе сьпіна белая!" і г. д. У гэты дзень дыктары радыё й тэлевізіі ад самага ранку спрабвалі жартаваць у ранішнім эфіры, а надвячоркам паясьнічалі "майстры арыгінальнага жанру". Нічога трывалага з таго ня высьпела. Смурныя людзі, як зазвычай, сьпяшаліся на працу, пасьля адстойвалі чэргі па харч ды гарэлку, затым сьпяшаліся па цёмных вуліцах дахаты, каб спажыць набытае. Апошнімі гадамі ў карагодзе старых, новых ды адноўленых сьвятаў Прыма апріліс згубіўся. Забыты ягоны пачатковы сэнс, недзе расьцярушыліся колішнія пачуцьці. Аднак ён вернецца. М'о калі ў нас адродзяцца нашчадкі Палемонаў ці калі гарады йзноў патрапяць у рукі мастакоў. Але вернецца абавязкова, бо Цэрэра-маці, што навучыла людзей рабіць дзяцей ды сеяць збажыну, несьмяротная. І яе навукі ніхто не адменіць".

(С.Дубавец: ) “Сяргей Харэўскі выбраў з гістарычных кніжак прыклады таго, як у Беларусі адзначалі дзень першага красавіка - прыма апрыліс у рымскай традыцыі. Гэтаксама да савецкіх часоў яго называлі і ў нас.

Ня стану пагаджацца з думкаю, што гэтае сьвята абавязкова вернецца, бо, як ужо сказаў, падобны характар мае наша ўласнае Купальле. Апроч гэтага, ёсьць і мэнтальныя прычыны. Сутнасьць гэтага сьвята ў жорсткіх, часьцяком эратычных жартах, якія зусім не абавязкова мусяць выклікаць усеагульны сьмех. На нейкім ангельскім інтэрнэтаўскім сайце з нагоды fool's day зьмешчаны мульцік: адзін дзядзька частуе другога кактэйлем, той радасна выпівае, пасьля кідаецца да прыбіральні, гучыць моцны выбух - усе рагочуць. Няйначай гэта быў кактэйль Молатава.

Мне здаецца, у нас на такое толькі сьцепанулі б плячыма. Хоць, дапускаю, што гэта вынік цяжкае спадчыны савецкіх часоў, калі ў літаратуры і ў сатыры панаваў канфлікт добрага зь лепшым, а чорны гумар хадзіў у вусных пераказах. "Дзевачка ў полі нашла пулямёт, большэ ў дзерэвне ніхто не жывёт". Праўда, уласна беларускіх такіх пэрлінаў я не згадаю. Падобна, што найбольш адэкватным люстэркам нашага гумару ды іранізму стала паэма пра Лысую гару, але ж ейны гумар вельмі спакойны, не экстрэмны, сялянскі.

Што да амаль абавязковага эратычнага характару арыгінальных першакрасавіцкіх жартаў ды шкодніцтваў, дык і гэтая рыса ідэальна ўласьцівая нашаму Купальлю, калі моладзь натоўпам кідалася ў начны лес на пошукі адной на дваіх асалоды, якую нехта дасьціпны ўвасобіў у вобразе папараць-кветкі.

Застаецца дадаць, што ад пачатку красавіка да пачатку чэрвеня ня так і шмат часу - усяго тры месяцы. І гэтая адлегласьць вызначае беларускую спэцыфіку на тле заходнеэўрапейскіх уцехаў. Цікава, што першага красавіка нараджаюцца тыя, хто быў зачаты на Купальле. Добрая нагода да тоста за эўрапейскую інтэграцыю Беларусі”.
XS
SM
MD
LG