Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Культурныя рэйтынгі ХХ ст.


Аўтар і вядучы Сяргей Дубавец, Вільня

Культурныя рэйтынгі ХХ ст. - тэма сёньняшняга выпуску "Вострае Брамы". Найлепшы пісьменьнік, мастак, кампазытар, найважнейшая кніга, газэта, кінастужка... Адзін з такіх рэйтынгаў напярэдадні новага году ў 12 намінацыях надрукавала газэта "Звязда". Пісьменьнікам стагодзьдзя ў тым апытаньні стаў Васіль Быкаў, а кнігай - Коласава "Новая зямля".

Між тым, паралельна вось ужо чацьверты год свой сьпіс ста беларускіх кніг ХХ стагодзьдзя паводле апытаньня чытачоў складае "Наша Ніва". Вынікі ў нас і ў "Звязды" разыходзяцца, прычым даволі рашуча. У нас пісьменьнікам стагодзьдзя зь вялікім адрывам названы Ўладзімер Караткевіч, а кнігай - Багдановічаў "Вянок". Прычым у абодвух апытаньнях удзельнічаюць сотні людзей. І - быццам падзяляе іх нейкая мяжа. Не сацыяльная, напэўна, і ня ўзроставая, і не нацыянальная. Бо абедзьве газэты беларускамоўныя, хоць адзна зь іх дзяржаўная, а другая незалежная. Тут штосьці ледзьве не інтымнае, бо гаворка ідзе пра патаемнае - пра любімую кнігу, любімы твор, любімага аўтара. На маю думку, прычына падзелу - у рознай прасунутасьці ў будучыню ці, дакладней, у рознай загразласьці ва ўчорашнім дні. Або, калі хочаце, у розных беларускіх культурных кантэкстах ХХ ст. Ці ня ўсё нашае грамадзкае жыцьцё вызначаецца сёньня і падзяляецца менавіта гэтым.

Характэрная рыса абодвух рэйтынгаў у тым, што яны ігнаруюць савецкую культурную герархію, дзе на вяршыні літаратурнага алімпу нязьменна знаходзіліся Янка Купала і Якуб Колас. Тут справа не ў ацэнках, а ў тым, што культура жыве. У 80-я гады і ў постсавецкі пэрыяд гэтую пару трывала зьмяніла іншая - Караткевіч і Быкаў. Памятаю нават калі гэта пачалося - калі ў 80-м годзе Васіль Быкаў, прадстаўнік так званай суворай акопнай праўды, пісьменьнік "пра вайну", напісаў прадмову да першага двухтомніка рамантычнага аматара старажытнасьцяў і добрага авантурыста Ўладзімера Караткевіча. Тады гэта ўспрынялося зь нечаканасьцю, але ў парадоксе была свая праўда. Двух зусім розных літаратараў лучыла нешта большае. Гэткім чынам сфармаваўся тандэм. І пасьля сьмерці Караткевіча ў 84-м годзе ягоную місію ўзяў на сябе паплечнік. Сучысную заангажаванасьць Быкава ў нацыянальным адраджэньні можна растлумачыць якраз гэтай духоўнай еднасьцю мэтраў. Бо да сьмерці Караткевіча нікому б і ў галаву не прыйшло назваць Быкава нацыяналістам, а пагатоў - лідэрам і духоўным бацькам беларускага нацыяналізму, як яго часьцяком называюць цяпер.

Значыць, фармуецца ўсё ж тая постсавецкая культурная герархія, пра якую мы шмат гаварылі ў ранейшых выпусках "Вострае Брамы". Іншая рэч, што заўважны гэты працэс менавіта ў такіх вось газэтных апытаньнях, а не ў полі прафэсійнай крытыкі, якая працягвае свой задоўжаны сон. Можа якраз гэткія рэйтынгі падштурхнуць спэцыялістаў да аналізу і камэнтару сытуацыі. Тым больш, што вынікі апытаньняў бываюць самымі нечаканымі. Менавіта так успрымаецца ў рэайтынгу "Звязды" тое, што абсалютнае першае месца беларускага мастака ХХ стагодзьдзя чытачы газэты аддалі Марку Шагалу.

Сваё бачаньне гэткага выніку прапануе Сяргей Харэўскі:

(Сяргей Харэўскі: ) "Упершыню ў паваеннай Беларусі артыкул пра Марка Шагала быў падрыхтаваны ў 1987 годзе, у часопісе "Мастацтва Беларусі", да стагодзьдзя мастака. Але не надрукаваны... Бо ягоным першым чытачом быў Іван Антановіч, тагачасны загдчык культуры ў ЦК КПБ. Ён адразу выявіў пільнасьць. Апроч забароны артыкула, ён замовіў "дыскусію" ў рэспубліканскім друку. Мне асабліва запомніліся "шагалаўскія" артыкулы ў "Палітычным субяседніку", у якіх мастака заплёўваў ягоны калега, Міхаіл Савіцкі, - "Шагал не вялікі мастак, бо ён фармаліст. Як і многія заможныя жыды, ён зьехаў, пакінуўшы Радзіму ў цяжкі час". Нямала намаганьняў было прыкладзена, каб адмовіцца і ад саміх твораў мастака, якія хацелі падарыць Віцебску ягоныя сваякі.

Апынуўшыся ў Парыжы Марк Шагал пісаў:

"Ніколькі не зьдзіўлюся, калі празь нядоўгі час, пасьля майго ад'езду, горад зьнішчыць мае сьляды й наогул забудзе пра мастака, які, закінуўшы ўласныя пэндзлі й фарбы, пакутаваў і біўся, каб прышчапіць тут Мастацтва, марыў ператварыць пустыя дамы ў музэі, а людзей - у творцаў".

Блізу таго й сталася... Але Шагал памыліўся. Прамінулі гады, і радзіма аддала належнае генію. Першы Шагалаўскі плэнэр, які сабраў мастакоў з тузіну краінаў, атрымаў вітальную тэлеграму ад амэрыканскага прэзыдэнта Біла Клінтана. А яшчэ празь некалькі гадоў у музэй былі дастаўленыя і сапраўдныя творы мастака: ілюстрацыі да Бібліі й гогалеўскіх "Мёртвых душаў". Шагал, нарэшце, вярнуўся. Паводле нядаўняга апытаньня газэты "Зьвязда", каго чытачы ўважаюць за "беларускага мастака ХХ стагодзьдзя", - 42 % з больш як трох тысячаў чалавек, назвалі Марка Шагала. Гэта зьдзіўляе, бо прызнаньне прыйшло тады, калі дзяржава па-ранейшаму імкнецца не заўважаць мастака. І неафіцыйныя "Шагалаўскія пленэры" упарта канкуруюць зь афіцыйнымі "Славянскімі базарамі".

Дзівіць у згаданым апытаньні й тое, што гэтак мала людзей ведаюць іншых мастакоў Беларусі. Другое месца заняў той самы Міхаіл Савіцкі, узяўшы 22 % галасоў. У "зьвяздоўскім" камэнтары пры тым заўважана цікавая акалічнасьць: тыя, хто лічыць Савіцкага найбуйнейшым мастаком ХХ стагодзьдзя, лічыць найбуйнейшым літаратарам Івана Шамякіна. Бадай, у гэтым няма пярэчаньня: і першы, і другі красамоўна ілюструюць сабою савецкую Беларусь. Ніводзін з мастакоў не атрымаў ад дзяржавы столькі, колькі Савіцкі. Ледзь не ва ўсіх дзяржаўных музэях і ўстановах вісяць ягоныя палотны і габэлены. Таму ягонае імя прыходзіць у галаву міжволі.

Ёсьць у сьпісе "Зьвязды" й іншыя творцы - Язэп Драздовіч, якога адкрылі й вярталі ўвадначасьсе з Шагалам, Вітальд Бялыніцкі-Біруля, чые творы каштуюць сёньня ў Маскве дзясяткі тысячаў даляраў. Дзеля іхнай папулярызацыі ў свой час прыкладаліся вялікія намаганьні. Але папулярызцыя - не выхаваньне. За адсутнасьцю мастацкай асьветы, ролю асьветніка бяруць на сябе мэдыі, якія й маніпулююць густамі. Прыгадайце, колькі пісалася пра Аляксандра Ісачова. Праўды, паўпраўды, няпраўды. Ягонай славе ў Беларусі пазайздросьціў бы й Далі. І колькі б ні крывіліся мастакі й мастацтвазнаўцы, Ісачоў, ці, прынамсі, ягоны фэномэн, застаўся ў народнай сьведамасьці. Таму й ягонае імя фігуруе ў сьпісе "мастакоў стагодзьдзя", побач з Аляксеем Кузьмічом, чые выставы любіць наведваць Лукашэнка. Ужо за адну толькі назву выставы "Славянскія мадоны" яго не магла не палюбіць дзяржаўная прэса. Хоць як ні круці, за творы што Ісачова, што Кузьміча, наўрад ці хто будзе плаціць столькі, колькі за творы іхных папярэднікаў. Пагатоў, ставіць у адзін шэраг. Але публіка ёсьць публіка. І таму толькі ў канцы сьпісу апынуліся Леанід Шчамялёў, Казімер Малевіч, Лёнік Тарасэвіч, Алесь Пушкін... Што да апошняга, дык і ён патрапіў у сьпіс, дзякуючы хутчэй сваёй апазыцыянэра, чым мастака.

У кнізе "Маё жыцьцё" Марк Шагал пісаў:

"Ня толькі ў майстэрстве я шукаў сэнс мастацтва... Я бачыў перад сабою іншых багоў... Да мяне дайшло: мы ўсё яшчэ блукаем вакол прадмету, баючыся ўлезьці ў хаос, разьбіць, зьнішчыць звычайнае... Куды мы йдзем? Што гэта за эпоха, якая апявае мастацтва тэхнікі і ўзносіць фармалізм? Няхай квітнее нашае шаленства!".

У Беларусі пакуль не дайшло да бачаньня іншых багоў. Мэтар Савіцкі, які называў Шагала фармалістам, па-ранейшаму прафэсар і па-ранейшаму дае інтэрвію, праклінаючы сіяністаў, Амэрыку й беларушчыну. Мэтар Антановіч па-ранейшаму займаецца пытаньнямі асьветы, выкладаючы ва Ўнівэрсытэце культуры. Але нешта ўсё ж зьмянілася непапраўна, калі гэтулькі беларусаў ганарацца цяпер сваім Шагалам. Можа й праўда, настане дзень, насуперак мастакоўскаму прароцтву, і нашыя пустыя дамы ператворацца ў музэі, а ўсе беларусы - у творцаў..."

(Сяргей Дубавец: ) “Свой Шагал у апытаньні газэты "Звязда" стаў беларускім мастаком нумар адзін. І гэта пасьля той зацятай антышагалаўскай, антысэміцкай і антызаходняй кампаніі, што вялася ў мясцовым друку, а сям-там яшчэ й працягваецца. І гэта пасьля замоўчваньня, пасьля цэнзуры, пасьля прапаганды таго, што ўсё сучаснае мастацтва падзяляецца на праўдзівы сацыялістычны рэалізм і на хлусьлівыя буржуазныя плыні. Зрэшты, як кажуць, антырэкляма - таксама рэкляма. Але асноўная прычына, мабыць, у іншым. Марк Шагал у гэтым выпадку выступіў прымірэнцам савецкіх беларусаў, у большасьці сваёй зусім не антысэмітаў, і беларусаў-антысаветчыкаў, арыентаваных на заходнія дэмакратычныя каштоўнасьці. І гэта, з пункту гледжаньня беларускага нацыянальнага адраджэньня, знакавая праява. І яшчэ адзін доказ таго, як нязначна і мала напрацавалі ў ХХ ст. уласна беларускія мастакі, або - як нязначна і мала працавала наша мастацтвазнаўства, якое мусіла "раскручваць" тыя таленты, якіх у ХХ ст. відавочна не бракавала.

Аднак, вернемся да тэмы кантэкстаў, і да таго, што застаецца ў мінулым стагодзьдзі назаўсёды. А застаецца там інтэлінцкая або дысыдэнцкая кухня з вылаўленым праз глушылкі радыё Свабода, эстрадныя і тэлевізійныя куміры, героі "Блакітных агеньчыкаў" і "Кабачкоў 13 крэслаў", праграма "Время", якую сёньня ўжо не глядзяць нават вэтэраны партыйна-гаспадарчых актываў. Занадта там усё палітызавана, - кажуць. І пераключаюць усё часьцей на НТВ або на тую ж Свабоду. Не на БТ, якое хоць і робіцца сёньня, але ідзе ў мінуўшчыне. Ой, як многа ўсяго там застаецца! Да прыкладу, уся хрушчоўская дэмакратыя са сваімі шасьцідзясятнікамі, дамамі-хрушчоўкамі, а часта і зь іхнымі насельнікамі дзе-небудзь на вуліцы Арлоўскай, якія нічога й ня чулі пра справу Захаранкі або Чыгіра і пагатоў - пра цяжкія часы беларускае мовы. А паспрабуеш завесьці гаворку, пачуеш адказ - навошта гэта ўсё? Бо "гэта ўсё" ня ўпісваецца ў вызначаныя аб'ёмы інфармацыі. А што ўпісваецца - народжана і жыве недзе ў 50-х, быццам вось толькі што Сталін памёр, або і не паміраў.

У такіх гутарках іншы раз спрабуеш сам сябе ўшчыкнуць - можа гэта - рэальнасьць, і гэта сёньняшняе ўсё - надуманае, несапраўднае, і трэба прасякнуцца сьветаадчуваньнем гэтых людзей? Ажно зараз жа зямля разьвярзаецца пад нагамі, і ты адчуваеш, як правальваесься ў тыя самыя 50-я. Стоп, так быць не павінна.

Зьміцер Бартосік ня першы дзень назірае за тым, як мяняюцца адносіны людзей да колішніх куміраў.

(Зьміцер Бартосік: ) "Днямі я выпадкова наведаў звычайную камісійную краму на ўскрайку Менску. Зайшоў ад няма чаго рабіць і запыніўся ў ёй ледзь не на гадзіну. На абшарпанай паліцы, сярод раскурочаных электрабрытваў, дабітых тэлефонаў ды іншага падобнага багацьця сапраўдным каралём прылаўка выглядла радыёла "Мэлёдыя" са стосам кружэлак на ёй. Кошт усяго гэтага скарбу быў да крыўднага малы - два з паловай мільёны. Я папрасіў паказаць мне кружэлкі.

У калекцыі, як быццам адмыслова для мяне, было сабранае ўсё тое, чым я жыў і даражыў у мінулым стагодзьдзі. Дыскі Булата Акуджавы і Юрыя Візбара, песьні Бэрнэса і Ўцёсава, поўны камплект канцэртных запісаў Высоцкага. Джаз 30-х гадоў і аўтарская песьня 80-х. Тое, за чым, здаецца, яшчэ так нядаўна я выстойваў чэргі ва ўнівэрмагах, сёньня ляжала перада мною непатрэбнаю грудаю старызны. Даважкам да старога агрэгату.

Я перабіраў кружэлкі, чытаў назвы калісьці вывучаных на памяць песень, і нейкае дзіўнае, незнаёмае пачуцьцё ці то сораму, ці то няёмкасьці, не давала мне спакойна пакласьці састарэлы тавар на месца й пайсьці сваім шляхам. Быццам перада мною ляжалі рэчавыя доказы таго, што ня вартыя былі мае колішнія намаганьні здабываць гэтыя дыскі і, хочаш – ня хочаш, даводзіцца прызнаць, што далёка ня ўсіх тваіх куміраў і настаўнікаў прыме новае стагодзьдзе. Да якога ты незаўважна для сябе дакрочыў, напяваючы іхныя вершы.

Самае цікавае, што мой уласны прайгравальнік даўно зламаўся й гэтая радыёла мне б зусім не зашкодзіла. Але я стаяў у нерашучасьці. Можна было б суцешыцца тым, што справа, маўляў, ня ў аўтарах і песьнях, а ў самім састарэлым вініле. Калі б не імёны, пазначаныя на вокладках. Я зрабіў намаганьне ўявіць таго, хто гэтае багацьце здаў. Напэўна, унук якога памерлага інтэлігента-тэхнара, ня здольны па-сапраўднаму ацаніць гэтыя рэчы. Але выкупіўшы зараз Акуджаву зь Візбарам, наўрад ці б я гэтым учынкам выратаваў іх творы. Хутчэй, толькі прыняў бы вахту ад таго, прыдуманага мною, памерлага ў мінулым стагодзьдзі савецкага інтэлігента.

Я пакінуў краму з пустымі рукамі й сумным настроем. Хай, маўляў, нехта іншы сабе зробіць антыкварны падарунак.

На вуліцы дзе магчыма зьзяла прыгожая лічба 2000. Яна закрэсьлівала толькі што пражытую эпоху. У толькі што распачатым стагодзьдзі яшчэ не напісана ніводнага радка, яшчэ не прыдумана ніводнай песьні й не пабудавана ніводнага дому. Але, напэўна, ня варта прывязвацца да часоў. Песьні й раманы пішуцца не ў часах, а ў мовах, краінах і эпохах. Хацелася б думаць, што той, хто здаў савецкія кружэлкі ва ўтыль, сёньня слухае "сваё". Хацелася б так думаць. Каб зусім не засумаваць па тым, што ўчора было табе дарагое".

(С.Дубавец: ) “Зьміцер Бартосік назірае за ўласнымі пачуцьцямі. Самае цікавае ня тое, што колішнія куміры састарэлі, а тое, як гэты працэс адбываецца ў тваёй уласнай душы. Вось за бясцэнак прадаецца тое, той культурны прадукт, што яшчэ дзесяць гадоў таму з боем даваставаўся ў чэргах. Ты стаіш, вагаесься, але ўрэшце праходзіш міма, спрабуючы зразумець, чаму ты гэтак зрабіў.

Калі сіла пачуцьця ўздымаецца да незразумелага, значыць гэта час або лёс рухаў табою, а ня ты сам рабіў сьведамы выбар.

Прызнаюся, у мяне, колішняга заўзятара першых рок-гуртоў, была падобная сытуацыя. Дарваўшыся да інтэрнэту або да цяперашніх усеабдымных музычных рынкаў, я займеў і пераслухаў бадай усё, па чым некалі, у 70-х тужыла сэрца, і што дастаць было або цяжка, або небясьпечна, або і зусім немагчыма. І што ж? 99 працэнтаў колішняга хараства ператварыліся ў друз. Ня тое гучаньне, бо аказалася, справа была ў гучаньні. Зрэшты, і словы ня тыя, і мэлёдыка, і голас - выйшаў з моды. Праўда, тое, што па-ранейшаму хвалюе, мне гэта ясна ўжо цяпер, застанецца назаўжды, і ніякія зьмены эпохаў ці тысячагодзьдзяў яму ня страшныя.

І вось тут я ўмацаваўся ў істотнай, як мне здаецца, думцы. Колішняму аматару рок'н'ролу трэба абавязкова слухаць сучасную музыку разам зь цяперашнімі тынэйджэрамі. Магчыма, у гэтым ёсьць несьмяротнасьць душы. Трэба чытаць сучасную паэзію і не адварочвацца ад прозы, як гэта часьцяком робяць вэтэраны бээсэсэраўскіх літаратурных выданьняў. І тады нам самім, а разам - і нашай мове, і нашай культуры будзе гарантаванае жыцьцё ў будучыні”.
XS
SM
MD
LG