Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пра што мараць беларусы?


Аўтар і вядучы Сяргей Дубавец, Вільня

У мінулай перадачы гаворка ішла пра нацыянальную эліту, якая ў нас, паводле аўтарытэтнага польскага гісторыка Клачоўскага, на вагу золата. Беларуская інтэлігенцыя спрэс змагаецца. Яна выходзіць на дэманстрацыі з пратэстам супраць гэтак заніжанага ўладамі чалавечага вымярэньня, яна дамагаецца беларускамоўнай адукацыі для сваіх дзяцей, яна пераадольвае панылы настрой ва ўласнай душы. І ўсё гэта яна робіць таму, што мае надзею. Яна, прыніжаная і выціснутая за рамкі грамадзкага жыцьця і афіцыйнай сыстэмы каштоўнасьцяў, ня можа жыць так, як ёй прапануецца - ці то ў папулісцкай хлусьні, ці то ў недарэчных ідэалягічных фантомах, накшталт панславізму. Яна верыць, што хада гісторыі павернецца да яе тварам і што ўрэшце пераможа нармальнасьць, людзкасьць і беларушчына. Адсюль я і хацеў бы пачаць сёньняшнюю гаворку - пра тое, што гэта будзе за перамога і якія канкрэтныя складнікі сёньняшняе надзеі. Магчыма, нам трэба лепей уяўляць сабе беларускае грамадзтва заўтрашняга дня, у якім запануюць тыя вельмі абстрактныя дэмакратыя, рынак і рэальная незалежнасьць. Словам, у гэтай "Вострай Браме" мы паспрабуем акрэсьліць некалькі вельмі практычных пунктаў, магчыма, і спрэчных, але якія ўвядуць нас у кола праблемаў заўтрашняга дня.

У асяродках беларускае інтэлігенцыі, на канфэрэнцыях і сэмінарах, у рэдакцыях часопісаў і на вуліцы падчас Маршу Свабоды кідаецца ў вочы адна дэталь - людзі, якія прысьвяцілі сваё жыцьцё нацыянальнаму адраджэньню і якія не прымаюць цяперашніх парадкаў, ніколі не гавораць пра будучыню. А калі запытаеш, пачуеш набор аднаслоўных дэвізаў, якія ў розным парадку вандруюць па партыйных праграмах дзясятак гадоў: незалежнасьць, дэмакратыя, рынак. Адпаліраваныя, адшліфаваныя словы нагадваюць сымбалі веры, штосьці хутчэй нябеснае, чым зямное, а значыць, мала даступнае вытлумачэньню. Таму спробы расшчапіць і хоць бы разумова ўбачыць увасабленьне гэтага ўсяго ў жыцьці прыводзяць да спрэчак і часам да непаразуменьняў. І гэта яшчэ адна прычына, чаму пра будучыню не гавораць - каб не сварыцца. Напрыклад, пытаньне "Што рабіць з калгасамі?" - калі б хто надумаўся выставіць яго для дыскусіі сярод апазыцыянэраў - магло б сур'ёзна падарваць цяперашняе адзінства.

Што рабіць, рамантычны пэрыяд у Беларусі працягваецца. Можа быць, ад Каліноўскага, а можа яшчэ ад філаматаў. Гэта значыць, што гаворка ў большай ступені вядзецца пра мары, у якія б партыйна праграмныя фармулёўкі іх ні апраналі, а не пра задачы на заўтра. Нацыянальная эліта пакуль толькі марыць пра пераўвасабленьні ў краіне, а народ проста хоча жыць лепей, вось і ўсё.

Севярын Квяткоўскі правёў апытаньне на менскіх вуліцах і высьветліў, пра што сёньня мараць паспалітыя беларусы.

(Севярын Квяткоўскі: ) "Мары беларусаў. Ці можна ўбачыць мару цэлага народу? І ці здатны чалавек самому сабе адказаць на пытаньне пра сваю сапраўдную мару?

Паэт Славамір Адамовіч кажа пра мару аб нармальнай краіне Беларусі, дзе ён і ягоныя сябры й аднадумцы будуць жыць годна - "адпавядаць свайму статусу". Што да асабістага лёсу, Славамір кажа, што заўжды хоча быць поўным фізычных і творчых сілаў...

Кабета - дырэктар дробнай прыватнай фірмы кажа, што яна выхаванка старой традыцыі. Таму ў яе заўжды была мара сустрэць мужчыну, за якім "як за каменнай сьценкай". Цяпер у яе ёсьць муж, дзіцёнак. У справах і ў сямейнай гаспадарцы ўсё ладзіцца. Але кабета скардзіцца, што яе пужае адсутнасьць мараў:

- Штовечар кладуся спаць і думаю: ёсьць у мяне мары ці не? Дзіцёнак кажа - мама, чаму ва ўсіх маці сядзяць дома, а ты ўсё кудысьці ляціш-сьпяшаесься. У мяне часу няма нават для дэпрэсіі.

Студэнтка-другакурсьніца кажа, што ў яе безьліч мараў. Яна ня можа разабрацца, якая самая моцная:

- Я хачу шмат радасьці, шмат шчасьця! Але ж гэта вельмі абстрактна... Сёньня мяне радуе адно, заўтра іншае. Хачу, каб жыцьцё было як фэервэрк. Адной немагчыма радавацца, трэба, каб наўкола былі шчасьлівыя людзі. Ведаеце, у мяне ёсьць сябры, якія нават пасьля зьбіцьця ў міліцэйскім пастарунку не гублялі пачуцьця гумару.

Цікава, што збольшага адказы менскіх мінакоў не залежалі ад узросту. Вядома, былі паджылыя людзі, якія казалі пра свае хваробы, пра тое, што галоўная ў іх мара - гэта памерці спакойна. Былі пахмурыя маладзёны, якія скардзіліся на брак грошай і адсутнасьць пэрспэктывы для нармальнага жыцьця. Былі такія адказы:

- Малады чалавек, я іду з работы, я очень устала. У меня маленькая зарплата, мне нужно думать, как купіть ребенку новую обувь для зімы. Какія мечты? Хачу нармальна жыць.

Так ці йнакш, асабістыя мары людзі зьвязвалі з становішчам краіны.

Трыццацігадовы спадар:

- Якія асабістыя мары прі такой власті?! Ещё четыре года назад у меня был свой небольшой, но стабільный бізнэс. По моім планам, я б уже давно его расшыріл. На сегодняшній момент одного із моіх компаньёнов посаділі, а я, вместо того, чтобы работать, должен даказываць, что я не верблюд. Пока не сменітся власть нічего не будет.

Спадар сказаў, што марыць, каб ягоны пяцігадовы сын вырас у нармальным асяродку. Таму, ён зробіць усё магчымае, каб выправіць сына вучыцца за мяжой.

Беларусы жадаюць лепшага. Проста лепшага. Слова "лепшае" - ключавое ў адказах пра мару. Якое "лепшае"? - адказ на гэтае пытаньне кожны шукае па-свойму.

Зрэшты, калі мае рэспандэнты згаджаліся прыгадаць самае-самае патаемнае, усе, як правіла, усьміхаліся. Вось адказ маладой кабеты:

- Я ня буду казаць вам пра сваю запаветную мару. Яна вельмі асабістая. Яна зьвязаная з адным чалавекам... Я веру, што ў нас усё будзе добра.

Можна правесьці сацыялягічнае апытаньне, і высьветліць палітычныя жаданьні грамадзянаў. Можна ўсіх увесьці ў стан гіпнозу, і прымусіць мысьліць на падсьвядомым узроўні. Але, патаемнае жаданьне, альбо - запаветная мара застанецца самай няўлоўнай субстанцыяй.

Вось што мне сказаў малады хлопец, які ня лічыць сябе прыналежным да якой-кольвек пэўнай канфэсіі:

- Чалавек створаны па вобразу Бога. Бог - абсалют і любоў. Вось вам адказ - чалавек імкнецца да абсалютнае любві, безь якое ня можна быць чалавекам. Таму любая мара так ці інакш зьвязаная з словам "любоў". А інакш яна не сапраўдная".

(С.Дубавец: ) Мінакі зь менскіх вуліц мараць жыць лепей і жыць нармальна. Трэба думаць, што гэта цалкам інтэрнацыянальнае жыданьне і што гэткія самыя адказы мы б пачулі і ў таталітарнай Паўночнай Карэі, і ў галоднай цэнтральнай Афрыцы, і ў Злучаных Штатах Амэрыкі. Але гэтыя адказы не раскрываюць працэсу будаваньня будучыні. Магчыма, паспаліты народ і не павінен думаць пра такія мэханікі, і гэта ўдзел нацыянальнае эліты.

Мінулым летам "Наша Ніва" задалася мэтай даказаць, што ў Беларусі акрамя Лукашэнкі ёсьць людзі якія думаюць пра будучыню краіны, што абсалютны рэйтынг былога прэзыдэнта трымаецца толькі на тым, што ягоных канкурэнтаў не дапускаюць на тэлеэкраны. У выніку атрымалася апытаньне, у якім патэнцыяльныя канкурэнты адказвалі, што б яны зрабілі ў першую чаргу, апынуўшыся на чале дзяржавы. Сяргей Антончык прыпыніў бы палітычныя рэпрэсіі і ўзбудзіў крымінальныя справы супраць тых, хто гэтыя рэпрэсіі чыніць сёньня, Станіслаў Багданкевіч забясьпечыў бы поўную свабоду інфармацыі, каб людзі вызначыліся ў сваіх прыхільнасьцях, Вінцук Вячорка адмяніў бы інстытут прэзыдэнцтва, Віктар Івашкевіч вярнуў бы краіне яе герб і сьцяг, Сяргей Калякін адмяніў бы ўсеўладнасьць чынавенства, зрабіўшы галоўным закон, Тацяна Процька перагледзела б увесь кіраўнічы апарат - хто там здольны, а хто не, Міхал Чыгір пачаў бы з канстытуцыйнае рэформы...

Словам, кожны зь лідэраў аб'яднанае апазыцыі на першае месца ставіць сваё, аднак мэты ўсіх разам не супярэчаць адна адной. І таму складаючы іх усе разам, я каторы раз спрабую ўявіць сабе вобраз заўтрашняе краіны Беларусі - якой яна будзе. Шчыра кажучы, з гэтых адказаў зрабіць тое цяжка. Бо ўрэшце нават у расшыфраваным выглядзе ўсе прапанаваныя захады - гэта толькі пашыраныя фармулёўкі тых самых абстрактных незалежнасьці, дэмакратыі і рынку.

Футуралягічны азарт не дае мне спакою, і я спрабую хоць недзе, хоць на якім вузкім участку зрабіць прарыў у будучыню.
Разьвітаньне зь мінулым - на ўсіх узроўнях. Для нашых эўрапейскіх суседзяў гэта - люстрацыя.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG