Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Культура пасьля камунізму.


Аўтар і вядучы Сяргей Дубавец, Вільня

7 лістапада 1999-га. Беларусь восьмы год жыве без артыкула ў Канстытуцыі пра кіраўнічую ролю камуністычнай партыі. Вонкава зьмянілася мала што. Па гарадах, мястэчках і вёсках па-ранейшаму стаяць помнікі Леніну, гэтае імя па-ранейшаму носяць вуліцы і калгасы. Намэнклятура ўсіх узроўняў сьвята захоўвае стыль работы колішніх партыйных кіраўнікоў. Паспаліты народ ад усёй сусьветнай рэвалюцыі, якая мучыла яго на працягу ХХ стагодзьдзя, пакінуў сабе адзін каляндарны дзень, дакладней, яго назву - Акцябарскія. На Акцябарскія прыяжджаюць да сваякоў, зьбіраюцца за сталом, да Акцябарскіх трэба нешта дарабіць, пасьля Акцябарскіх дамовіліся вярнуць пазыку. Акцябарскія - гэткі самы пункт адліку часу як Каляды або Вялікдзень. Сумнеўна праўда, каб сёньня за сямейным сталом на Акцябарскія прамаўлялі тосты, так бы мовіць, па тэме. Бо ўсё, што засталося ад тэмы ў сьвядомасьці народа - гэта сама дата, непрацоўны дзень.

Тады сама ў 1991-м, калі быў адменены партыйны артыкул Канстытуцыі, аднавіўся выхад першай беларускай газэты "Наша Ніва". Рэдакцыя сваёй задачай паставіла дэкамунізацыю культуры. Гэта значыць, адраджэньне культурных традыцыяў, не дэфармаваных, не папсаваных савецкай ідэалёгіяй, выхад з ружовага туману. З тае пары прамінула восем гадоў. Самы час акінуць вокам наша інтэлектуальнае жыцьцё - ці адбываецца ў ім ачышчэньне ад колішняй дагматыкі? Якія каштоўнасьці прыйшлі на зьмену "Маральнаму кодэксу будаўніка камунізму".

Найбольшы беспарадак - быццам тут з грунтоўным ператрусам прайшліся ўсе шматлікія спэцслужбы краіны - пануе сёньня ў беларускай літаратуры. Адбываецца пакутлівая ратацыя клясыкаў савецкага пэрыяду ў незалежніцкія, а то й постмадэрнісцкія шыхты. Ратуюцца ня групамі, ня цэхамі і ня жанрамі, а па адным - хто можа. На руінах колішняе адзінае літарганізацыі блукае недарэчны прывід, у якога адабралі ідэалёгію, сказаўшы пры тым, што пісьменьнік у нас па-ранейшаму застаецца пасадай дзяржаўнай, перадавым атрадам намэнклятуры, з істотна ўрэзаным, што праўда, ганарарам і абмежаванымі магчымасьцямі друкавацца. Увесь гэты хаос адлюстроўваецца на старонках новых літаратурных часопісаў. Напрыклад, у часопісе АРХЭ - найбольш яркім праекце мінулага году. Вось як прадстаўляе сваё выданьне на тле сучаснай беларускай літаратуры заснавальнік АРХЭ Андрэй Дынько:

(А.Дынько: ) "У нумары часопіса "ARCHE" рэдактар Валерка Булгакаў піша пра літаратурнае аб'яднаньне "Бум-бам-літ": "Гэтае аморфнае эклектычнае ўтварэньне дае немалую карысьць каляніяльнаму рэжыму. ... Згодна з абноўленай каляніяльнай дактрынай, якая праводзіцца ў жыцьцё шмат дзясяткаў гадоў, не выпадае наўпрост адмаўляць існаваньне беларускай мовы і літаратуры. Досыць адно сфальшаваць - выкастраваць - іх унівэрсальную нутраную існасьць, ператвараючы мову ў псэўдамову, а літаратуру - у псэўдалітаратуру, агідную кожнаму нармальнаму чалавеку, існуючую па-за нарматыўнай, сусьветна прызнанай эстэтыкай і прадукуючую дэфэктыўныя ці, прынамсі, неадпаведныя духу часу вобразы і сэнсы".

У гэтым жа нумары друкуе сваё апавяданьне "Бронікі, альбо навэля пра каня" Вячаслаў Адамчык. Ён паспрабаваў зьмясьціць гэты твор у часопісе "Маладосьць", але там яго забракавалі: трэба, маўляў, прыбраць кепскае пра партызанаў...

Беларускае слова па-ранейшаму зводзіцца да літаратуры, журналістыкі і гістарыяграфіі - за выняткам слоўнікаў мэталюргічнай тэрміналёгіі. У такіх нэакаляніяльных умовах спробы фармальнага падзелу беларускіх творцаў паводле стылістыкі іхных твораў на традыцыяналістаў, мадэрністаў і постмадэрністаў аказваюцца штучнымі. Дзе ж праходзяць лініі разрыву ў сучаснай беларускай літаратуры?

... Схема Адамчыкавых "Бронікаў" такая: партызан крадзе каня; мужык ідзе свайго каня забіраць, і яго забіваюць; мужыкоў сын, паліцыянт, адплачвае за бацьку, наводзячы на вёску канакрада карнікаў; па акрузе сьцелецца чадны смурод чалавечыны.

Апавяданьне гаматнае, куды менш ачэсанае проці іншых тэкстаў на так званую тэму "вялікай айчыннай вайны ў творчасьці сучасных беларускіх пісьменьнікаў" (ну, але ў гэным і ёсьць сіла "Навэлі пра каня"); яно гаматнае проці Адамчыкавай жа "Леанарды" ў "ваенным" нумары "ARCHE"; яно "ідэйна бяскрыўднае" проці Кудраўцовай драматычнай прозы ў нядаўнім "Полымі", дзе ў фінале беларускі партызан такі забівае гэбіста, хоць і сам гіне.

Чаму ж тады гэтае апавяданьне так натуральна глядзіцца на старонках пятага нумару "ARCHE" побач з наркаманскімі фрашкамі Ірвіна Ўэлша, "Чарнавікамі" Славаміра Адамовіча або спробамі прыўласьціць для беларускага слова ўмоўна беларускую груба нецэнзурную лексыку?

Бо ва ўсіх гэтых выпадках літаратурная творчасьць разумееца як найперш парушэньне межаў, забаронаў, лімітаў дазволенага - хоць кожны творца разумее іх па-свойму. І бо цяпер нацыянальная эманцыпацыя адбываецца менавіта праз усявэктарнае рассоўваньне межаў дазволенага ў беларускім дыскурсе - ад працяглага перагляду "міту партызана" ў дыскурсе літаратурным да вяртаньня лёзунгу "нацыянальнай рэвалюцыі" ў дыскурсе палітычным ці апанаваньня беларускім словам дыскурсу сэксу.

Крытэрам падзелу ў нашай пакутнай літаратуры ёсьць сёньня стаўленьне аўтара да задачы нацыянальнага вызваленьня. Ну, а інтэнцыя нацыянальнага вызваленьня, яна, нібы чарадзейнае слова, адной сваёй прысутнасьцю або адсутнасьцю гатовая ператвараць і літаратуру ў графаманію, а графаманію ў літаратуру, ня толькі што.

І правадыр "Бум-бам-літу", непрыкрыты постмадэрніст, а цяпер літкансультант Саюзу Пісьменьнікаў Вішнёў займае месца на п'едэстале поруч з рэалістам Далідовічам, а клясык заходнебеларускай прозы Адамчык зрынаецца ў пекла блюзьнерскага часопіса зь нярускай назвай".

(С.Дубавец: ) Андрэй Дынько казаў пра сучасны літаратурны працэс і пра часопіс АРХЭ. Застаецца пытаньне - ці беларуская літаратура апрытомневае пасьля камунізму, ці сапраўдны катарсіс або, калі хочаце, крызыс яшчэ не наступіў? На карысьць першага адказу сьведчыла б ажываньне крытыкі - галоўнага санітара і парадкавальніка літаратурнага працэсу. Аднак ніякага такога ажываньня не назіраецца - ніхто нават не спрабуе расставіць кнігі па паліцах. Таму застаецца другі адказ - пра пярэдадзень крызысу і яшчэ большага хаосу. Гэта калі казаць пра літаратуру ў цэлым - пра яе школы, канцэпцыі і жанры. Што да самых літаратараў, дык яны вырываюцца зь беспарадку па адным. Няпроста рабіць гэта сучасьнікам, а яшчэ цяжэй клясыкам. Іх нібы зачынілі ў вялізным ангары з шыльдаю "Пераацэнка каштоўнасьцяў", і яны там марнуюцца за іржавымі жалезнымі дзьвярамі, бо цэх гэты каторы год не працуе. Дзеля ілюстрацыі я папрасіў супрацоўніка "Нашай Нівы" Анатоля Прасаловіча - прадстаўніка наймалодшай літаратурнай генэрацыі - адзначыць у нашай праграме чарговы дзень нараджэньня Якуба Коласа.

(А.Прасаловіч: ) Каторы ўжо раз пішу сабе ў нататніку вялізнымі літарамі "Паехаць у Мікалаеўшчыну!", дзе штогод нібыта ладзяцца Коласавы чытаньні, ды ўсё нейк не выпадае. Трэцяга лістапада - чарговая гадавіна нараджэньня славутага пісьменьніка.

На вялікі жаль, сёньня шмат хто з маладзейшых, чуючы імя Якуба Коласа, у лепшым выпадку толькі з сумам і абыякавасьцю пазяхае. Большасьць сьвядомых беларусаў з двох волатаў беларускага пісьменства выбірае Янку Купалу. Сапраўды, творчасьць Коласа адрозьніваецца ад купалаўскай пэўнай скоранасьцю, большай жалобнасьцю, бяз закліку да змаганьня:

Нас перанесьлі на глебу чужую
Сьвету, прастору няма,
Ўсе нас забылі, ніхто нас ня чуе,
Чуе нас толькі турма.
Колас - гэта адвечная беларуская самота песьняра:
На саломцы тонкай
У траве густой
Сьпее Адзінокі
Колас сіратой.

У новым кантэксьце разьвіцьця беларускай літаратуры, дзе адчуваецца нязломная скіраванасьць на стварэньне нечага пазытыўнага і грунтоўна аптымістычнага, Якуб Колас застаўся па-за ўвагай цяперашніх адраджэнцаў. Але, як ні круці, ён таксама сымбалізуе цэлую эпоху беларускае культуры, эпоху, якая яшчэ далёка ня скончылася.

Ня я адзін заўважаю Коласавы "Казкі жыцьця" ў прыпавесьцях Васіля Быкава, а ягоныя манумэнтальныя "Ростані" - ці мала ў якіх творах сучасных літаратараў, сьвежы прыклад - нашаніўскі "Дзёньнік маладога спэцыяліста" Сяргея Балахонава, уражаньні ад працы ў сельскай школе.

Дарма, што Якуб Колас - не беларускі кубіст, ня наш якабінец. Я-Куб. Удумамйцеся ў імя, у ім - трохвымернасьць беларускае ідэі. Колас - гэта наш родны кут удоўжкі, ушыркі і ўвышкі.

Я не асабліва сябе дакараю за тое, што ізноў не паехаў у Мікалаеўшчыну. Раз ад разу ў нядзелю, калі шэрая маса мінчан у сваім хаўтурным маршы павольна перасоўваецца ў бок Камароўкі, мы, менчукі, зьбіраемся пад дзядзькам-дзедам Коласам, які ў задуменьні сядзіць на сваім пляцы і паглядае на нас зьверху. Што ў поглядзе ягоным?

Мо' лёгкая крыўда на тое, што мы забыліся, што і ён наш Міцкевіч".

(С.Дубавец: ) Анатоль Прасаловіч адзначыў у "Вострай Браме" чарговы дзень нараджэньня Якуба Коласа. На маю думку, сум у вачох клясыка зьявіўся не ад таго, што яго забылі ці недаацэньваюць. Такога не забудзеш. Іншая рэч, што маштаб і характар ягонага вобразу, значна шырэйшы за аб'ём чыгуннага помніка на аднайменнай плошчы, сфармаваўся ў абставінах камуністычнай ідэалёгіі, а ніякае рэальнае пераацэнкі ў іншай сыстэме каардынат нашчадкі не зрабілі. Восьмы год незалежнасьці, дванаццаты год перастройкі... Колас чакае. Чаканьне - сумны занятак.

Яшчэ адзін тоўсты інтэлектуальны часопіс найноўшага часу называецца "Фрамэнты". Там таксама як і ў Архэ друкуюцца літаратары, але пераважнае месца займаюць філёзафы. Яны выказваюцца і дыскутуюць. Пра дыскусію з апошняга нумару ў нашай праграме распавядзе Сяргей Харэўскі.

(С.Харэўскі: ) "Радыкалізацыя думак пад уплывам дыктатуры й інфармацыйных патокаў, якія штодня прыносяць усё новыя паведамленьні пра гвалт, не абышла і беларускіх філёзафаў. Новы нумар часопіса "Фрагмэнты" амаль цалкам прысьвечаны "вайне культураў". За што йдзе тая вайна? У сваім артыкуле "Этыка памежжа" Ігар Бабкоў так характэрызуе сытуацыю на беларускіх "фронце":

"Беларуская культурная прастора мае складаную канфігурацыю бікультуральнасьці: кафігурацыю суіснаваньня ў межах пэўнага паўвызначанага цэлага беларускай і заходнярускай частак. І галоўныя падзеі ў межах культурнай прасторы адбываюцца паміж гэтымі складнікамі: барацьба за цэнтар, імкненьне быць лідэрам, жаданьне заваяваць найбольшую прастору, выцясьняючы, дыскрэдытуючы суперніка, робячы яго аб'ектам. Адным словам, культурная рэальнасьць апошняга дзесяцігодзьдзя ў Беларусі - гэта вайна культураў".

Такім чынам, вайна йдзе за прастору...

Крытыкуючы беларушчыну за яе гамагенную традыцыю, запазычаную зь мінулага стагодзьдзя, за тое, што так і не прыдбала долі, сам аўтар вызначае ёй тое ж месца - змаганьне за... іншую долю, ці хоць бы дольку ад прасторы. Сумнеўным падаецца й назіраньне аўтара, што задача беларушчыны - "дыскрэдытаваць суперніка". Хто той супернік? Паводле Бабкова - "заходнерусізм". І стан вайны ён уважае за норму. Бо далей піша: "Цэльнай і поўнай беларуская культура можа адбыцца - у сёньняшніх умовах - толькі як культура памежжа, як культура ўнутранай разьмежаванасьці, сустрэчы й пераходу адрозных (апрычоных, канфліктных) культурных частак". Канец цытаты. А хіба ў беларушчыны былі не такія ўмовы і ў ранейшыя часы? Якраз сёньня беларусы ўяўляюць сабою блізу маналіт у культурным ды мэнтальным сэнсах, зь якога напроч вынятая лацінская й жыдоўская спадчыны, станавыя і, на сёньня, партыйныя адрозьненьні. Сёньня беларусы аддаюць перавагу маскоўскім газэтам ды расейскаму тэлебачаньню, пры тым маючы цьмянае ўяўленьне пра сучасны стан уласнае культуры, ды і палітыкі. А пра "заходнерусізм" у нас больш ведаюць беларускія нацыяналісты, чым "славянскія" культуртрэгеры. Калі вайна і сапраўды ідзе, дык гэта вайна не за ўсю нашую рэальную прастору, якая ўжо вызначылася са сваімі прыхільнасьцямі, а за анклявы ў беларускім пастсавецкім маналіце, бо ніводная культурніцкая ініцыятыва ня можа ахапіць нашую прастору цалкам. Таму супернікі могуць суіснаваць, не мяжуючы, ваяваць, не дакранаючыся адзін да аднаго.

А вось на думку Валянціна Акудовіча прасторы няма наогул (адпаведна і межаў). Ён гэтым разам назваў свой текст "Нідзе і Ніхто". Тэхнічны поступ зьнішчыў прастору: "Культура - гэта падзеі часу, трывала зафіксаваныя ў прасторы. Калі прастора адсутнічае, то знакам і падзеям культуры няма дзе статычна зафіксавацца..." Канец цытаты. Самая моцная мэтафара фіксаванае статыкі - могілкі. За што ж тады ваяваць? Напрыканцы Акудовіч робіць нечаканую выснову.

"Зрэшты, у сэнсе пэрспэктывы мы мала чым адрозьніваемся ад іншых. Беларусь сёньня - гэта Францыя заўтра. Калі культура як цэлае перастае быць падставовым апірышчам быцьця, то ўсіх нас чакае аднолькавы лёс. І магчыма адзінае, што нас неўзабаве будзе адрозьніваць адзін ад аднаго, - гэта колькасьць волі да супраціву сытуацыі Нідзе і Ніхто".

Вынікае, што ваяваць трэба за сваю адрознасьць. І тады, паводле Акудовіча, народзіцца прастора. Прыклад з Францыяй парадаксальны, прыгожы, але некарэктны. Калі зь ім згадзіцца, гэта будзе азначаць, што ў французаў "бацькаўшчына" яшчэ не адсьпявала сваёй гістарычнай песьні...

І нібы ў супрацьвагу сафізму сваіх калегаў ноту рэлізму прыўнес у апошнія "Фрагмэнты" Алесь Анціпенка артыкулам "Радыкалізм мысьленьня, унівэрсалізм і ўніфікацыя культуры".

"Шматлікія некрафілічныя мэтафары, кшталту "Бог памёр"(Ніцше), "Руіны чалавека"(Акудовіч), "Народ памёр"(Бабкоў), "Сьмерць аўтара"(Барт) ды іншыя даволі лёгка ствараюць уражаньне сытуацыі культурніцкіх прыцемкаў, у якіх далёка не заўсёды разрозьніваюцца контуры ня тое што саміх культурных зьяваў, але нават рэаліяў гэтага сьвету. З геаграфічнай мапы раптам "пазьнікалі" Сярэдняя Эўропа і Менск, якіх няма, ды й аўтар гэтых мысьліўных фігураў Акудовіч, сьцьвярджае, што і яго няма. Сэмантыка падобных мэтафараў - у правакаваньні культурае сытуацыі і самога культурніцкага мысьленьня, якое ў нашым стагодзьдзі на глебе ўнівэрсальнасьці й ўніфікацыі аказалася занадта схільным да кампрамісу з самім сабою і рэчаіснасьцю.

І хаця працэсы ўніфікацыі культураў спраўды мелі й маюць месца ў нашым стагодзьдзі, аднак яны не вызначаюць нутраную лёгіку разьвіцьця. У адваротным выпадку трэба было б казаць пра сьмерць, а не пра вайну культураў. І калі вайна культураў напраўдзе ідзе, дык гэта вайна за адхіленьні, вайна супраць уніфікацыі і культурніцкага ўнівэрсалізму, а гэта значыць, супраць сьмерці культураў".

Радыкалізм беларускае найноўшае філязофіі мае свае карані. Найперш у сацыялягізаваным мысьленьні, вылушчыцца зь якога нам гэтак і не давялося. Па-ранейшаму філёзафы пачынаюць з палітычнае прадмовы, згадваюць Клінтана і Лукашэнку, тэлевізар і Амэрыку, ад іх і будуюць свае канструкцыі. Філёзафы пужаюцца паўсядзённай зьменлівасьці быцьця, сурочаць войны... Яны імкнуцца выяўляць сваю адрознасьць з адхіленьнямі, каб стварыць культуру памежжа, якая, можа быць, статычна зафіксуецца ў прасторы. Гэты паранармальны стан завецца імі вайною культураў супраць уніфікацыі. Але сама беларуская рэчаіснасьць ёсьць адхіленьнем ад эўрапейскае культурнае й палітычнае практыкі. І вайна, якую вядуць філёзафы, гэта ўрэшце вайна за... эўрапейскую ўніфікацыю і культурніцкі ўнівэрсалізм, за кампраміс з самімі сабою і рэчасінасьцю. А культуры йснуюць сабе самі, несупынна вырабляючы ўсё новыя творы, што дзіўна і вельмі важна. Каб філёзафам было пра што разважаць у культурніцкіх прыцемках".

(С.Дубавец: ) Філёзафы з часопіса "Фрагмэнты" дыскутуюць пра вайну культур. Пра гэта распавёў Сяргей Харэўскі.

На маю думку, вайна - гэта занадта акрэсьленае дзеяньне, а культура - занадта сыстэмная зьява для таго, каб у нашай сытуацыі называць рэчы такімі імёнамі. Можна казаць пра ваяўнічасьць культурнікаў і пра заняпад культуры. Напрыклад, галоўнага беларускага эстэтыка прафэсара Крукоўскага асабіста я апошні раз чуў на зьезьдзе БНФ, дзе ён выступаў у абарону Зянона Пазьняка. Даўно не выходзілі і кнігі Уладзімера Конана - яшчэ аднаго стаўпа беларускай эстэтыкі. Вучань Конана эстэтык і паэт Алег Бембель падаўся ў манастыр. Якой-кольвек зьмены пералічаным творцам не зьявілася. Разам зь іхным маўчаньнем сьцішылася і створаная імі сыстэма каштоўнасьцяў беларускае культуры, якую яны плённа распрацоўвалі за савецкім часам і якая найлепшым чынам сыстэматызавала нашы нацыянальныя здабыткі. Здаецца, сёньня культуры моцна бракуе гэтых людзей у вежах, якія зьвяраюць нацыянальны шлях па зорах, па плёнах папярэднікаў і па ўдарах сэрца. Менавіта бязь іх утвараецца хаос, зь якога ўжо не відаць ані канцэптуальнага, ані жанравага выйсьця. Пра авангард ці нейкую навізну, новае слова ўсе ўжо і думаць забылі. Тут бы выжыць, абы перажыць...

У Беларусі ёсьць таленавітыя мастакі, але мы ня можам вылучыць іх і назваць, бо гэтага не зрабілі беларускія мастацтвазнаўцы. Беларуская мова пакінутая на сямі вятрах і выбірае альбо інэрцыйны савецкі, які ні ёсьць, але парадак, або чакае свае клясычнае граматыкі ў выкананьні новых мовазнаўцаў. Мова, як і згаданы Якуб Колас, чакае пераацэнкі. Беларуская гісторыя думае не пра тое, што ёй пісаць, але найперш - як пісаць, каб супадала з сучаснымі перакананьнямі ці з патрабаваньнямі тых, хто плоціць за гэта грошы, альбо - каб не нашкодзіць. У выніку штосьці галоўнае ўвесь час высьлізвае з тэкстаў, а паміж высновамі ніяк не ўзьнікае сувязі.

Самая паказальная сытуацыя ў беларускім тэатры. Найбольш публічнае мастацтва нязьменна зьбірае поўныя залі і нязьменна ўражвае цудоўнай ігрою артыстаў, а таксама рэжысурай і сцэнаграфіяй. І ўсё гэта адбываецца пры фактычна поўным заняпадзе нацыянальнае драматургіі. Становішча блізкае да мэтафары. Найбліжэйшае да вулічных настрояў мастацтва сыгналізуе пра тое, што ўсё гатова да жыцьця. Але крызысуе прапанова (чытай літаратура), крызысуе прафэсійная рэфлексія (чытай крытыка). Зрэшты, і квіток у тэатар каштуе як жэтон на мэтро. Крызысуе грамадзтва. Магчыма, гэта і ёсьць сама ва ўсёй красе задоўжаная і пакутная, такая цяжкапераадольная дэкамунізацыя - адраджэньне пасьля камунізму.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG