Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Песьняры".


Аўтар і вядучы Сяргей Дубавец, Вільня

Напачатку гэтага месяца выпадковая сустрэча зьвяла мяне зь "Песьнярамі" - зь легендарным беларускім музычным калектывам. Там не было самога Ўладзімера Мулявіна, не было і тых ягоных калегаў, якія, адкалоўшыся ад яго, назваліся "Беларускімі Песьнярамі". Гэта былі чацьвёра хлапцоў - той самы новы склад славутага ансамблю - якіх Мулявін набраў на месца раскольнікаў. Сустрэча, паўтаруся, была зусім выпадковай і адбывалася ўвечары каля вогнішча ў адной з маленькіх вёсачак на Блакітных азёрах. "Песьняры" старанна выстройвалі пад гітару вакальныя акорды знаёмых зь дзяцінства песень, дэманстравалі сваю музычную падрыхтоўку і здольнасьці, а таксама, як і ўсе папярэднія пакаленьні гэтага самага нацыянальнага беларускага гурта, размаўлялі міжсобку па-расейску. Нехта зь іх пасьпеў захапіць вайну ў Аўганістане, а ўсе разам паводзілі сябе як звычайныя, зусім не экзальтаваныя хлопцы, можа быць, крыху напалоханыя сваім сёньняшнім зорным статусам. Слухаючы іхныя песьні і сёрбаючы юшку з толькі што злоўленых краснапёрак, я пусьціўся ў развагі пра "Песьняроў" у беларускім культурным кантэксьце ХХ стагодзьдзя.

Між іншым, мне прыгадаліся словы аднаго знаёмца пра тое, што ён ня любіць і ніколі не любіў "Песьняроў" і заўсёды ставіўся да іх як да эрзацкультуры. Любіць ці не любіць - асабістая справа кожнага, аднак нельга не пагадзіцца, што "Песьняры" сталіся складоваю часткай сучаснае культуры, нават пэўнай вяршыняю гэтай культуры. Нічога падобнага ні да іх, ні пасьля на беларускай музычнай сцэне не адбывалася, а гэта лішні раз сьведчыць пра фэнамэнальную зьяву. Некалькі пакаленьняў беларусаў гадаваліся на гэтых песьнях, а часам і прасякаліся ад іх нацыянальным пачуцьцём, станавіліся сьвядомымі беларусамі.

Думаючы пра гэта і слухаючы іх, я ня мог адчапіцца ад думкі пра мову, пра тое, што "Песьняры" ніколі па-беларуску міжсобку не гаварылі. Ні сёньняшні склад, ні раскольнікі-"Беларускія", ні тыя першыя, клясычныя. І я шукаў вытлумачэньня гэтага парадоксу. Калі на іхныя сьпевы адгукаліся душы і дзяцей і дарослых, калі многія менавіта ад "Песьняроў" набывалі родную мову, самі "Песьняры" часьцяком ня тое, што не гаварылі, але й ня ўмелі гаварыць па-беларуску. Памятаю даўні дакумэнтальны фільм пра іх і там эпізод рэпэтыцыі. Мулявін у залі натхняе Барткевіча, каб той прасякнуўся глыбінёй тэмы. Сьпявалі, знаецца, народную баляду пра маладую жонку, якую злая сьвякруха ператварыла ў калінавы куст. Вяртаецца муж з далёкай дарогі, а маці яму кажа - ідзі, сьсячы тую каліну. Секануў ён раз, секануў другі... Не сячы мяне, Ясю, я ж твая жана... Тут Мулявін спыняе песьню і кажа Барткевічу: "Представь себе - дорога, слепой едет". І ўсё. За гэтай няўклюднай фразай праглядае, можа быць, і ўвесь фэномэн "Песьняроў" ці, можа быць, самога Мулявіна - трапнае пападаньне. Ня думаючы. Так з гэтым абразком у адной фразе, якім ён адразу настройвае выканаўцу, так і з самімі песьнямі, якія адразу станавіліся клясыкай і падхопліваліся народам. Для "Песьняроў" пісала шмат кампазытараў, шмат працавала аранжыроўшчыкаў, але былі і свае ўласныя творы, да прыкладу, напісаныя Мулявіным на словы Максіма Танка "Завушніцы". Песьня, якая назаўсёды стала анталягічнай. Зрэшты, такіх песень у "Песьняроў" шмат.

Магчыма, што і ўся школа Мулявіна стала таксама трапным пападаньнем. Можна доўга шукаць, адкуль што ўзялося, ды так і здаволіцца высновай пра шанцунак і талент. Выпускнік Сьвярдлоўскай музычнай вучэльні пасьля службы ў войску застаецца ў Беларусі і на хвалі сусьветнай бітламаніі стварае тое, што мы й можам назваць сучаснай беларускай музыкай. Парадоксаў у гэтай гісторыі вельмі шмат. У час, калі тутэйшыя гурты сьпявалі пераважна па-расейску, прыежджы Мулявін стварае беларускі гурт. Былі, праўда, спробы паўтарыць песьняроўскі посьпех - і ў "Верасоў", і ў "Сяброў". Але як паўтарыць шанцунак і талент? Таму ні першыя, ні другія ня сталі настолькі нацыянальнымі, самадастатковымі, не зрабілі гэткага нават генэтычнага пападаньня, і ня сталі клясыкамі. Іхныя песьні ня будзе граць барды ля вогнішча або сымфанічныя аркестры, ня будуць апрацоўваць джазавыя вакальныя групы, як гэта адбываецца сёньня зь песьнямі "Beatles" і зь песьнямі "Песьняроў". Мулявінскае пападаньне было ў першааснову, ён ствараў першародныя культурныя прадукты, якія будуць жыць заўсёды.

Слухаючы ля вогнішча, як сьпявае новы склад старога гурта, я спрабаваў нейкімі экспэрымэнтальнымі мадэлямі падступіцца да песьняроўскага фэномэну. Я спрабаваў уявіць сабе мулявінскую мэлёдыку ў кантэксьце расейскае культуры, хоць бы і тыя самыя "Завушніцы". Прызнаюся, нічога гарманічнага ў мяне не выходзіла. Мэлёдыка адпрэчвала і расейскія словы, і ўяўны расейскі антураж. Адначасова я разумеў, што цяжка знайсьці такое беларускае сэрца, якое не адгукалася б на гэтыя акорды. І тады мяне захапіла іншае пытаньне - чаму не ўзьнікае кантакту паміж гэтай самай нацыянальнай і папулярнай музычнай школай і нацыянальнай сьвядомасьцю. Прасьцей кажучы, чаму яны ўсе пасьлядоўна не гавораць міжсобку па-беларуску, ня ўмеюць, што называецца, зьвязаць па-беларуску двух словаў? Вось гэты парадокс і заводзіць развагі кудысьці ў глыбейшыя слаі беларускага культурнага кантэксту.

Разабрацца ў гэтым, абмежаваўшыся адным Мулявінам, не выпадае. Інакш можна было б сказаць, што вось, маўляў, прыехаў расейскі чалавек, і нічога дзіўнага, што гаворыць па-расейску. Але за мінулыя гады ў "Песьнярах" папрацавалі дзясяткі, калі ня сотні, людзей, найперш, вядома, беларускіх. Шукаць адказу ў прагматычным падыходзе, у імкненьні моўна адпавядаць большасьці публікі таксама не выпадае. Наўрад ці людзі, так захопленыя музычнай творчасьцю, будуць прагматыкамі. Хутчэй яны проста пакідаюць свой моўны выбар, так бы мовіць, на самацёк. А вось ужо самацёк гэты, які ёсьць сама публіка, ён прагматычны.

Між іншым, ужо на сёньняшнім этапе гісторыі старога гурта відаць, што праблема тут ёсьць. Верагодна, зьмянілася сытуацыя, а тая мадэль узаемадачыненьняў, якая склалася ў "Песьнярах" за гады, не зьмянілася. Новыя хлопцы сьпяваюць і прафэсійна і захоплена, але няма адчуваньня, што іхнае мастацтва - узнаўленьне старых схемаў і адпаведнасьць старой школе - сапраўды патрэбнае - ім, мне, іншым. У выніку застаецца якасная імітацыя клясычных "Песьняроў", ня больш. Затое тыя гурты, якія захопленыя яшчэ й беларушчынай, няхай сабе і рамантычнай, выглядаюць самакаштоўнымі і з гэтымі вось нэапесьнярамі не сыходзяцца як з алеем вада.

Ад вогнішча мы разыходзіліся позьняй ноччу. Кожны ў свой бок. Ня думаю, што пабачыўшы афішу "Песьняроў", я памкнуся на іхны канцэрт, як гэта бывала ў пачатку 80-х. Бо ведаю, што ў лепшым выпадку пачую якасную імітацыю знаёмай і любімай "Александрыны". Але адно пытаньне так і застаецца для мяне не адказаным. Калі на музыку і вершы адгукаецца твая беларуская кроў, чаму тады творцы і выканаўцы гэтае музыкі ня ведаюць ані Беларусі, ані мовы, ня якой сьпяваюць? Беларушчына і песьняроўшчына так і не знайшлі кантакту за чвэрць веку шчыльнага супрацоўніцтва. Чаму? Гэта пытаньне кантэксту. Замест песьняроўшчыны можна ўжыць слова публіка, а замест беларушчыны - культура. І мы атрымаем некантакт беларускай публікі і беларускай культуры, які выяўляецца ў нашмат шырэйшай тэматыцы, чым толькі калі гутарка заходзіць пра "Песьняроў". Гэта пытаньне ўсёй беларускай культуры і адказваць на яго мусіць яна, культура, а ня публіка.

Магчыма, адказ і ляжыць паміж гэтымі характарыстыкамі культуры і публікі: паміж рамантызмам і прагматызмам. І якраз культура мусіць зрабіць крок ад першага да другога. Крок да прагматызму. Бо новае пакаленьне "Песьняроў" загаворыць па-беларуску тады, калі загаворыць публіка. А апошняе - гэта працэс і мы, мабыць, толькі ў самым-самым ягоным пачатку.

(Сяргей Харэўскі: ) "Адно с самых моцных перажываньняў майго дзяцінства зьвязанае зь "Песьнярамі". Здарылася гэта ў санаторыі на Чорным моры. Там было поўна гэткіх жа дзяцей з розных краёў СССР, і, натуральна, гаварылі найперш пра тое, як і што робіцца ў кожнага на радзіме. Нас, беларусаў, было двое, я ды яшчэ адзін хлопец, тоўсты, у акулярах, з прозьвішчам Чыж. Вось жа нам, вучням расейскіх школаў, асабліва не было што распавесьці пра нашую Бацькаўшчыну. Малыя дагестанцы, татары ды літоўчыкі за тое кпілі з нас. А нам было страшна зайздросна, бо ў іхных аповедах паўставалі іх прыгожыя краіны, са сваёй гісторыяй, звычаямі, мовай.

Аднаго разу мы сядзелі каля тэлевізара ды глядзелі ўсё запар. Ішоў дождж. І тут пачаўся канцэрт "Песьняроў". На экране зьявіліся вусатыя хлопцы ў пярэстых строях і засьпявалі па-беларуску. Нясьцерпна захацелася дахаты, у Менск. Увадначасьсе мяне расьпінаў гонар за тое, што гэткіх песьняроў нямашака болей нідзе. А яшчэ за тое, што ніхто з чужых дзяцей не разумеў беларускай мовы. Гэта быў найлепшы доказ таму, што і ў мяне ёсьць свая, уласная мова. Ніхто больш з нас, беларусаў ня кпіў. Дзякуючы "Песьнярам", цяпер пра Беларусь ведалі ўсе. І ўспрымалі яе менавіта гэткай, якой яна паўставала ў сьпевах Мулявіна, Барткевіча, Кашапарава... Нічога болей ня трэ было тлумачыць.

Па вяртаньні ў Менск я, як і большасьць маіх старэйшых суайчыньнікаў, павывучваў "песьняроўскія" сьпевы. Балазе, іх тады было чуваць паўсюль. Прынамсі ў маёй сям'і ніводнае застольле не абыходзілася бязь Ясевай канюшыны і "дуг-дуг-ду" пра нейкую Волагду. На вялікую купалаўскую праграму я пайшоў ня толькі з бацькамі, але й зь дзядзькамі, цёткамі ды стрыечнымі сёстрамі й братамі.

Пазьней я не адчуў крыўды, калі пабачыў газэтку ЛДПР, дзе паведамлялася пра тое, што "Песьняры" ўдзельнічаюць у рэклямнай кампаніі Жырыноўскага. На рабым здымку былі ўсё тыя ж вусатыя дзядзькі. Зоркі савецкай эстрады, якіх па-ранейшаму вітаюць на абсягах шостай часткі сьвету. Яны не зьмяніліся. Зьмянілася Беларусь. Яна стала большаю за эстраду.
XS
SM
MD
LG