Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Крыж Эўфрасіні.


Аўтар і вядучы Сяргей Дубавец, Вільня

Адным з наступстваў цяперашняга далучэньня Беларусі да Расеі стане фатальнае зьбядненьне беларусаў на ўласную культурную спадчыну. Не сакрэт, што найболей нашых нацыянальных рэліквіяў у розныя часы было вывезена ў Расею. І калі тое, што забралі літоўцы або палякі, намі ўлічваецца ў рамках нацыянальнай праграмы "Вяртаньне", дык далучэньне да Расеі не пакідае нават надзеі на тое, што ў будучыні мы або ўнукі атрымаем свой спадчынны скарб з Масквы ці Санкт-Пецярбургу. Між тым, палітыка цяперашніх інтэгратараў гэты балючы аспэкт мае на ўвазе і імкнецца ўсяляк яго затушоўваць. Красамоўная гісторыя - з Крыжом Сьвятой Эўфрасіньні Полацкай. Вось ужо амаль стагодзьдзе шукаюць яго Беларусы па ўсім сьвеце. А некалькі гадоў таму з блаславеньня РПЦ і кіраўніцтва краіны быў створаны дублікат гэтай рэліквіі. Маўляў, пытаньне закрытае і можаце больш не прарывацца ў запасьнікі Эрмітажа, нават калі ваш крыж і знаходзіцца там. Цяпер гэта ўсё наша агульнае, брацкае. Вось вам замена, цешцеся. Крыж ёсьць, значыць пошукі трэба спыніць.

Аднак ці могуць гэтым здаволіцца беларускія навукоўцы ды проста сьведамыя грамадзяне сваёй краіны? Ці гатовыя яны спыніць захады і перастаць думаць пра колішнюю прапажу? На гэтыя пытаньні мы і будзем адказваць у сёньняшняй перадачы. Сюжэт, прысьвечаны Крыжу Сьвятой Эўфрасіньні Полацкай падрыхтаваў Сяргей Харэўскі.

(Сяргей Харэўскі: ) "Гэты Крыж быў створаны беларускім ювэлірам Лазарам Богшам у 1161 годзе на замову Эўфрасіньні, ігуменьні Спаскага полацкага манастыра. Крыж стаў першай уласна беларускай хрысьціянскай рэліквіяй. У яго былі ўмантаваныя кавалкі Хрыстовага Крыжа з кроплямі ягонае крыві, камяні ад Дамавіны Божае Маці, часьцінкі мошчаў Сьвятых Стэфана й Панцеляймона і кроў Сьвятога Дзімітрыя. Аснова Крыжа была вырабленая зь ерусалімскага кіпарысу. Лазар Богша шчыльна ўвабраў свой твор у золата і ўпрыгожыў яго шматлікімі каштоўнымі камянямі й эмалевымі абразкамі Сьвятых.

Пасьля сьмерці Эўфрасіньня, якая валодала Крыжом, была далучаная да ліку Сьвятых. У запавеце яна пагражала тым, хто возьме Крыж з манастыра, карамі нябеснымі ды вечным праклёнам. Гэта ведалі ўсе, таму Крыж заставаўся некранутым да 1921 году, калі бальшавікі перадалі яго ў Магілёўскі музэй. У 41-м годзе НКВД падрыхтаваў музэйныя скарбы да эвакуацыі. Празь дзень Магілёў занялі немцы. Так прапаў сьлед рэліквіі, і пачаліся ейныя пошукі па ўсім сьвеце.

Летась у Менску выйшлі дзьве кнігі, прысьвечаныя гэтай нацыянальнай беларускай сьвятыні. Першая кніга "Крыж - краса царквы", падрыхтаваная ў Менскім Епархіяльным Упраўленьні Праваслаўнай Царквы. Другая кніга, напісаная Ўладзімерам Арловым, пры ўдзеле Ганны Сурмач і Барыса Стука, завецца "Жыватворны сымбаль Бацькаўшчыны". Абодва выданьні так ці інакш прымеркаваныя да стварэньня мастаком Кузьмічом копіі сапраўднага страчанага Крыжа.

На маё зьдзіўленьне, дзьве кнігі пра адно аказаліся зусім рознымі. Рознымі ня толькі фарматам, але й тымі вэрсіямі ды меркаваньнямі, што там выкладзеныя. У епархіяльнай кнізе, напісанай у расейскай стылістыцы мінулага стагодзьдзя, няма нават і згадкі пра доўгія й карпатлівыя пошукі сваёй нацыянальнай сьвятыні, якія вядуць беларусы па ўсім сьвеце, няма і слова пра тое, што Крыж, урэшце, прапаў у Расеі. Менавіта гэтым акалічнасьцям прысьвечаная кніга Ўладзімера Арлова. Сам аўтар на маё пытаньне, навошта спатрэбілася яшчэ адна кніга пра крыж, адказаў наступнае:

"Мая кніга задумвалася ў працэсе работы на Крыжом мастака Кузьміча і гэта была нагода згадаць усё, што зьвязана з гэтай рэліквіяй, і паразважаць над значнасьцю Крыжа аўтэнтычнага, над яго лёсам, а таксама над магчымымі кірункамі яго вяртаньня. Гэты Крыж зьяўляецца нашай агульнай рэліквіяй, агульнай для хрысьціянаў усіх канфэсіяў. І нават шырэй - наш Крыж можа паяднаць нас усіх, і мусульманаў і юдэяў..."

Сярод розных геаграфічных назваў і шматлікіх імёнаў, што паўстаюць на старонках кнігі "Жыватворны сымбаль Бацькаўшчыны", згаданыя й дасьледаваньні журналіста Алякандра Лукашука, які шукаў Крыж за акіянам, нават у ФБР. Зьвязаўшыся зь ім, першае, што я высьвятліў, - нават у даволі аб'ёмістай кнізе Арлова пра акалічнасьці расьсьледаваньняў сказана яшчэ ня ўсё. Што ж не ўвайшло ў кнігу? Аляксандар Лукашук:

"Падчас свайго знаходжаньня ў Штатах, праз сваякоў і знаёмых я займаўся пошукамі і ў галерэі Моргана, і нават у ФБР. Па вяртаньні я працягваў тэму пошукаў у Беларусі і зьвярнуўся да вядомага расейскага пісьменьніка Юліяна Сямёнава. Юліян Сямёнаў меў надзвычайныя магчымасьці доступу да сакрэтнае інфармацыі і асабліва да інфармацыі савецкіх спэцслужбаў, бо ён быў іх улюбёным аўтарам. І адзін са сваіх бэстсэлераў Сямёнаў прысьвяціў пошукам каштоўнасьцяў, якія былі вывезеныя з СССР падчас другое сусьветнае вайны. Ён правёў сэрыю пошукаў у розных эўрапейскіх калекцыях. Паколькі ён апэраваў закрытай інфармацыяй, я меркаваў, што ёсьць сэнс зьвярнуцца і да яго. Я пайшоў да тагачаснага міністра замежных справаў Беларусі, Пятра Краўчанкі, з гэтай ідэяй. Ён гэта ўхваліў і я падрыхтаваў гэткі ліст ад імя МЗС, у якім выклаў гісторыю Крыжа і вэрсіі ягонага зьнікненьня й знаходжаньня. Ад Сямёнава прасілі падзяліцца альбо зьвесткамі, альбо ідэямі. Гэты ліст, за подпісам Краўчанкі, быў адпраўлены на адрас Сямёнава. На жаль, неўзабаве пісьменьнік памёр, і мы не дазнаемся ніколі, ці падрыхтаваў ён адказ. Вось гэта і была самая сур'ёзная спроба выйсьці на крыніцы, блізкія да Лубянкі, але яна скончылася безвынікова..."

Прафэсар Адам Мальдзіс шмат гадоў ачольваў пошукі Крыжа Эўфрасіньні Полацкай, пра што ў кнізе Арлова напісана вельмі падрабязна. Менавіта Адам Мальдзіс распрацоўваў самыя розныя вэрсіі, шукаючы Крыж і за акіянам, і ў Эўропе, і ў Расеі. Калі я затэлеванаваў паважанаму прафэсару, мяне найперш цікавіла, ці працягваюцца росшукі сёньня.

"За мінулы год, бадай, нічога ня зроблена. Я ўскладаю вялікія надзеі на супрацоўніка КГБ з Магілёва, спадара Багдановіча, які вельмі імпэтна займаецца гэтым пытаньнем. Толькі па гэткіх каналах цяпер можна нешта зрабіць".

І сапраўды, КГБ вельмі сур'ёзна займалася гэтым пытаньнем зь першых дзён незалежнасьці Беларусі. У 97-м годзе ў двух частках газэта "Звязда" надрукавала вялікі дэтэктыўны артыкул Сяргея Багдановіча "І ўсё ж след вядзе на ўсход..." Сп. Багдановіч дапытаў дзясяткі людзей у зьвязку з гэтай гісторыяй і зрабіў адназаначную выснову: Крыж - у Расеі. У той жа "Звяздзе" быў надрукаваны й артыкул кіраўніка прэсавае службы КГБ Генадзя Сенюкова, які пацьвердзіў высновы свайго калегі. На гэта зьвяртае ўвагу і Ўладзімер Арлоў:

"Калі пару гадоў таму прэсавы сакратар КГБ даваў інтэрвію газэце "Звязда", яно звалося "Крыж Эўфрасіньні трэба шукаць у Расеі". Аднак у сьвятле сёньняшняга закону Расеі аб рэстытуцыях, ягонае вяртаньне малаверагоднае..."

Уладзімер Арлоў згадаў нядаўна прыняты ў Расеі закон аб рэстытуцыі, аб вяртаньні культурных каштоўнасьцяў тым краінам, якія ўваходзілі ў антыгітлераўскую кааліцыю. Аднак Рэспубліка Беларусь у сьпісе гэтай кааліцыі ня значыцца, бо была на той час складовай часткай Савецкага Саюзу, спадкаемцам якога стала сёньняшняя Расея. Аднак вернемся да пошукаў Кыжа.

Пазьней КГБ пачало замоўчваць вынікі сваіх дасьледаваньняў. За два апошнія гады больш - ані слова... Хоць гэтая ўстанова па-ранейшаму выяўляе шмат клопату аб рэліквіі, пра што падрабязна напісана ў епархіяльнай кнізе "Крыж - краса царквы". Складваецца ўражаньне, што ўся справа па тэрміновым стварэньні копіі Крыжа курыравалася менавіта спэцыялістамі КГБ. Дзеля таго, каб хутчэй "зьняць пытаньне". І аўтары епархіяльнай кнігі здымаюць гэтае пытаньне: маўляў, вывезьлі рэліквію фашысты і зьнішчылі... А замест сапраўднага Крыжа давайце шанаваць новы, работы Міколы Кузьміча. Гэты новы крыж таксама ўнікальны. Мастак у кнізе падрабязна распавядае, з чаго і як выраблены ягоны твор. У крыж укладзеныя рэліквіі з Палестыны, Расеі і зь Берасьця. За гэткую няпростую й таленавітую працу мастака павіншавалі і патрырях Расеі Алексій ІІ, і мітрапаліт Філарэт, і Аляксандар Лукашэнка, і прэм'ер Лінг... Ніводзін зь іх не сказаў пра тое, што сапраўдны Крыж Сьвятое Эўфрасіньні, жывая сьвятыня, можа пыліцца недзе ў расейскіх сховах... Але мастак вырабіў мастацкую рэч, якой цяпер моліцца праваслаўны люд. Ці можа стаць новы крыж сьвятыняю? На гэтае пытаньне адказваюць Уладзімер Арлоў, Аляксандар Лукашук і Адам Мальдзіс... Уладзімер Арлоў:

"Я думаю, безумоўна, можа... Але для гэтага патрэбны пэўны час. Нават калі будзе знойдзены сапраўдны Крыж, яны могуць суіснаваць як дзьве сьвятыні. Бо крыж мастака Кузьміча, вобраз Крыжа Сьвятой Эўфрасіньні, дзякуючы намаганьням царквы мае ўсе тыя ж рэліквіі, што меў і Крыж аўтэнтычны, нават кавалачак дрэва з Крыжа Гасподняга..."

Аляксандар Лукашук: "Не. Гэта абсалютна выключана. Гэта кшталтам таго, каб была вандалам нейкім зьнішчаная мадона Рафаэля, нехта паспрабаваў бы яе ўзнавіць і абвесьціць што гэта ёсьць твор Рафаэля. На маю думку, новы Крыж - гэта практыкаваньне ў нейкіх іншых сфэрах..."

Адам Мальдзіс: "Мне здаецца, што можа. Чаму? Па-першае, пры ягоным вырабе скарыстаныя мошчы, рэліквіі са сьвятых земляў. Па-другое, ён ужо твор мастацтва, сам па сабе. І таму я не падзяляю скептычнага погляду на тое, што ён ня мае права быць, што ён зьяўляецца падробкаю. Мы, вядома, павінны разумець, што гэта зусім ня той Крыж, і да яго трэба ставіцца як да новага твору мастацтва. Нездарма ж мы гэтак доўга спрачаліся наконт таго, як яго называць: "крыж, створаны па вобразу Крыжа".

Спробы зрабіць копіі з Крыжа былі й раней. Вядомы беларускі дзяяч у Латвіі Сяргей Сахараў, напрыклад, пісаў у 1939 годзе пра адну гэткую копію ў мястэчку Абэрне (цяпер Пыталава). Ня цяжка, пры сучасных тэхналёгіях, вырабіць і трэцюю і пятую копіі ды таксама іх высьвяціць. Тады што ёсьць Сьвятыняю? Падабенства, хай сабе дакладнае, і арыгінал розьняцца як цела і Душа. Але толькі Душа мае жыцьцё вечнае... Таму пошук сапраўднага Крыжа ёсьць перадумоваю вяртаньня нам часьціны нашае беларускае Душы.

У кнізе "Жыватворны сымбаль Бацькаўшчыны" прыведзеныя розныя вэрсіі зьнікненьня той, першай, арыгінальнай сьвятыні. Якая ж з гэтых вэрсіяў найбольш праўдзівая? Адказвае Аляксандар Лукашук:

"Самымі верагоднымі ёсьць дзьве вэрсіі: Крыж недзе ў Расеі, альбо ён зьнішчаны, разабраны па частках на каштоўныя мэталы й каменьне. Але я думаю, што ён знаходзіцца ўсё ж у расейскіх сховішчах. Там шмат чаго знаходзіцца... Прыгадаем скандал, які цяпер разгараецца паміж Расеяй і Нямеччынай, у справе рэстытуцыяў культурных каштоўнасьцяў, якія савецкія войскі вывезьлі па рэпарацыях. У тым ліку гаворка там ідзе й пра золата Троі. Гэтая культурная каштоўнасьць ня ўпісваецца ў межы стагодзьдзяў, тысячагодзьдзяў. Нават іх не вяртаюць, хоць усім вядома, дзе яны. Гэта тая ж зьява, што і наш Крыж. Калі правесьці гэткую паралель, дык цалкам магчыма, што яны знаходзіцца ў адным месцы. А дабрацца да іх можна будзе, хіба, падчас паралельных зь немцамі пошукаў. Альбо ў выпадку нейкага палітычнага цуду".

Аўтары епархіяльнай кнігі "Крыж - краса царквы" ставяць у гэтай, амаль тысячагадовай гісторыі кропку. А кніга "Жыватворны сымбаль Бацькаўшчыны" сканчаецца шматкроп'ем. Бо пытаньняў з году ў год становіцца ня меней, а болей. Хоць самыя сур'ёзныя й правераныя сьведчаньні паказваюць, што Крыж трэба шукаць у Расеі. Калі ён і сапраўды там, чаму расейцы маўчаць, якія могуць быць іхныя матывы хаваць нашую сьвятыню? Гаворыць Аляксандар Лукашук:

"Першая прычна можа быць чыста бюракратычная. Напрыклад, нехта зь беларусаў не паехаў у Маскву й не заплаціў добры хабар нейкаму чыноўніку, які мог бы адказаць на гэтае пытаньне. А другая прычына больш важная, ірацыянальная. Дзяржава расейская, як і многія іншыя, посттаталітарныя грамадзтвы, вельмі часта кіруюцца нейкімі мэтафарычнымі лексычнымі вызначэньнямі. Кшталтам: доля, місія, прызваньне, пакліканьне... Вось гэтым і можна растлумачыць гэткую рэч, як знаходжаньне Крыжа ў Расеі, альбо цела Леніна ў маўзалеі на Чырвонай плошчы".

Уладзімер Арлоў больш катэгарычны, ён зьвязвае гэтую праблему з апраўданьнем расейцамі сваёй злачыннай гісторыі:

"Крыж тут не выключэньне з правілаў. Расеі, музэйшчыкам расейскім, нават прафэсару Ліхачову, якога называюць "сумленьнем нацыі", уласьцівы спэцыфічны падыход да нарабаваных каштоўнасьцяў за стагодзьдзі. Яны насамрэч лічаць, паколькі яны нас "адукоўвалі" і "кроў за нас пралівалі", то маюць права на ўсё, што скралі ў нас..."

Дасьледчык Адам Мальдзіс растлумачыў гэта наогул проста:

"Мне падказвае ўнутраны голас, што ён у Эрмітажы. Відаць, па просту ніхто ня хоча ўзяць на сябе адказнасьць за тое злачынства..."

Ці вернецца калі Сьвяты Крыж Эўфрасіньні ў Беларусь і калі б гэта магло адбыцца? Адзін з атараў кнігі "Жыватворны сымбаль...", Уладзімер Арлоў, сьвярджае:

"У нас няма падставаў у гэтым сумнявацца. Крыж мае каштоўнасць толькі як крыж. Бо тыя камяні, золата, што там ёсьць, пасьля побыту ў руках ваяўнічых атэістаў, надта вялікай каштоўнасьці ня маюць. У свой час адна баўгарская перакладчыца з баўгарскае мовы маю кніжку "Эўфрасіньня Полацкая" вазіла да славутае Вангі. І тая, патрымаўшы кнігу ў руках, напрарочыла вяртаньне нам нашага Крыжа. Мне ўяўляецца, што ён вернецца тады, калі мы будзем вартыя гэтага вяртаньня".

Спадар Мальдзіс таксама верыць у словы адной з самых славутых прарочыц нашага стагодзьдзя, баўгаркі Вангі:

"Калі можа адбыцца вяртаньне - хто ж ведае... Але ў маёй памяці стаяць словы баўгарскае прарочыцы Вангі, якая адказала: "Чаго тыя беларусы хвалююцца? Хутка ён знойдзецца..."

Верагодна, што гэтая драматычная гісторыя, ня скончыцца ў нашым тысячагодзьдзі. Ня скочыцца заклінаньнямі цэзараў ды іхных папоў. Ня скончыцца яна і на ўнікальным крыжы работы Міколы Кузьміча. Ня скончыцца і на гэтых дзьвюх кнігах.

Кніга, якую выдаў расейскі праваслаўны патрыярхат, ёсьць спробаю прыўласьціць нашую сьвятыню. Аднак яны здолелі прыўласьціць толькі выбітны твор сучаснага ювэлірнага мастацтва. А ўнікнуўшы пошукаў сапраўднага Крыжа, пазбавілі сябе права на яго ў будучыні.

Кніга Ўладзімера Арлова зь яго суаўтарамі, ёсьць падсумаваньнем усяго, што нам вядома пра гэты сымбаль на сёньня. Апроч таго, аўтары недвусэнсоўна паказваюць, дзе ён, дзе яго шукаць".

(С.Дубавец: ) Сяргей Харэўскі распавёў пра цяперашнюю сытуацыю вакол Крыжа Эўфрасіньні Полацкай. Геаграфія гэтай гісторыі ахапіла паўсьвету - ад Нью-Ёрку да Магілёва, ад Ерусаліма да піцерскага Эрмітажа. Што ж далей? Напэўна, калі адзіную эфэктыўную працу ў гэтым накірунку вёў КГБ і калі пасьля менавіта пад ягонай апекай вырабляўся дублікат, каб "закрыць пытаньне" пра арыгінал, тады верагодна, што сёньня ніхто гэтай справай не займаецца. Прафэсар Адам Мальдзіс так і сказаў, што за апошні год нічога ў справе пошукаў ня зроблена. Значыць, тыя, хто ставіў задачу спыніць гэты працэс, свайго дамагліся? Думаю, што не. Бо тут пачынаюць дзейнічаць тыя чыньнікі, што не залежаць ад палітыкаў і інтэграцыйных працэсаў. Дапытлівая чалавечая прырода, які-небудзь зусім юнак абавязкова натрапіць на сьлед найвялікшай беларускай рэліквіі і урэшце адшукае яе для свайго народа ў якіх-небудзь запыленых сховах - як тую папараць-кветку, што прынясе ягоным суайчыньнікам гонар за сваё і людчэйшую долю.
XS
SM
MD
LG