Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Саюз пісьменьнікаў сёньня.


Аўтар і вядучы Сяргей Дубавец, Вільня

Выезд старшыні Саюзу Пісьменьнікаў Уладзімера Някляева ў Варшаву ажывіў цікавасьць да гэтай арганізацыі. Цяпер усе толькі й варожаць - вернецца, ня вернецца. Апошнія гады СП павольна пікіраваў уніз. То ў яго забралі Дом літаратара, то ягоным часопісам урэзалі фармат, то ягоным членам зьменшылі аўтарскія ганарары. Рэакцыя пісьменьнікаў на ўсе гэтыя рэпрэсіі Лукашэнкавага рэжыму і ў малой ступені не была адэкватнай. Пісьменьнікі маўчалі, хадзілі па інстанцыях прасіць грошай, пераконвалі прэзыдэнта ў неабходнасьці шанаваць родную літаратуру.

Увогуле маруднае падзеньне Саюзу Пісьменьнікаў пачалося ў часы гарбачоўскае перастройкі. Тады СП адмежаваўся ад маладых літаратараў з іхным радыкальным антысаветызмам і незалежніцтвам, і такім чынам страціў манаполію на беларушчыну, якую меў у савецкія часы. Тады на кожным зьезьдзе гучалі выступы ў абарону мовы і нацыянальнага школьніцтва - і гэта было адзінае ўвогуле публічнае месца, дзе такія прамовы маглі прагучаць. Але пасьля такіх месцаў стала шмат. Затое ўступленьне ў Саюз Пісьменьнікаў, якое некалі лічылася сур'ёзным асабістым дасягненьнем, ператварылася ледзьве не ў ганебнае сьведчаньне канфармізму.

А канфармізм, дарэчы, быў уласьцівы саюзу заўсёды. І выяўляўся ня менш спэцыфічна як сёньня і дзесяць, і дваццаць гадоў таму. Саюз заўсёды ўмеў зьдзівіць як мужнымі ўчынкамі асобных сваіх членаў, так і ўгодлівасьцю калектыву. Дастаткова згадаць апошні выпадак, калі група імянітых паэтаў замест таго, каб паехаць на традыцыйнае Купалава сьвята ў Вязынку, адправіліся чытаць вершы да новага помніка Пушкіну ў Менску, бо там было ўсё высокае кіраўніцтва, а ў прыдачу чакаўся Лужкоў. Лужкоў, што праўда, не прыехаў.

Сёньня пра Саюз пісьменьнікаў я запытаўся ў апошняга, хто туды ўступіў, літаральна месяц таму - ў паэта і сталага аўтара "Нашай Нівы" Славаміра Адамовіча. Што такое сёньня - уступіць у СП? Што гэта значыць увогуле і для цябе, у прыватнасьці?

(Адамовіч)

Славамір Адамовіч распавёў пра сваё ўступленьне ў Саюз пісьменьнікаў з уласьцівым для паэтаў патасам. Карыстаючыся з удзелу Славаміра ў нашай перадачы, я ня мог не спытацца ў яго пра сёньняшні літаратурны працэс - даволі забытае, дарэчы, азначэньне. Тым ня менш, хто, на думку больш чым прыкметнага ўдзельніка гэтага працэсу сёньня стварае істотныя літаратурныя здабыткі? Якая роля ў гэтым Саюзу Пісьменьнікаў альбо іншых суполак і выданьняў. Свае развагі на гэтую тэму працягвае паэт Славамір Адамовіч.

(Адамовіч)

Славамір Адамовіч кажа пра свой погляд на сёньняшні літаратурны працэс. Зразумела, што запрасіўшы жывога члена Саюзу пісьменьнікаў, я меў спакусу спытацца ў яго ня толькі пра ня надта цікавае літаратурнае сёньня, але, галоўным чынам, пра заўтра. Што заўтра можа чакаць беларускі пісьменьніцкі саюз? А гэта значыць, у нейкай ступені, і літаратуру, і - шырэй - мову, а яшчэ шырэй - нацыянальную ідэю?

(Адамовіч)

Гадоў дзесяць таму мне давялося пісаць памфлет пра беларускі Саюз пісьменьнікаў. Адной з нагодаў для зьедлівае крытыкі быў адрас беларускага літаратурнага міністэрства, або, калі хочаце, і ўсёй на той час беларускай літаратуры - Фрунзэ, 5. Якое дачыненьне мае начальнік савецкай міліцыі, які на кароткі тэрмін заяжджаў у Менск, каб наводзіць тут новы парадак, да беларускага прыгожага пісьменства. Апошніх дзесяці гадоў, калі сталі магчымыя перайменаваньні вуліц, нашым літаратарам не хапіла, каб зьмяніць свой паштовы адрас. Цяпер яны ня маюць і гэтага. Не авалодалі. Сёньня ўжо без іроніі мы паспрабуем высьветліць, якое дачыненьне Фрунзэ мае да самой гэтай ціхай вуліцы побач з паркам Горкага ў Менску. Гэтай тэмай зацікавіўся Сяргей Харэўскі.

(С.Харэўскі: ) "Падчас будаўніцтва цяперашняга Дому літаратара быў зруйнаваны старасьвецкі будынак, у якім Саюз Пісьменьнікаў месьціўся раней. З тым, старым будынкам, апетым у "Сказе пра Лысую гару", зьвязаная гісторыя забойства гяўляйтэра Кубэ. Яго зьнесьлі, бадай, не дзеля таго, каб раскрыць выгляд на кубічны будынак ЦК КПБ, а каб пусьціць з пылам усе ўспаміны пра тую беларушчыну, што тут муляла вока ўладам. І прыдумалі адсунуць літаратараў аж на другі бераг Сьвіслачы, схаваць у засені былога Губэрнатарскага саду.

Вуліца, на якой сёньня стаіць Дом літаратара і якая носіць імя Фрунзе, звалася колісь Шпітальнаю. Тут, крыху вышэй, ёсьць будынак колішняга вайсковага шпіталю, у якім цяпер месьціцца вайсковая пракуратура. Гэта самы стары будынак на гэтым баку Сьвіслачы, пабудаваны яшчэ ў 30-я гады мінулага стагодзьдзя дойлідам Марконі. Тут расейскія карнікі падлечваліся пасьля сечаў з нашымі касінерамі. Па апошняй вайне шпітальны комплекс "палепшыў" маскоўскі мэтар Гусеў, які зруйнаваў старасьвецкія брамы з агароджаю ды прыляпіў да фасаду калёны. Ён жа будаваў побач і гасьцявыя дамы для высокіх візыцёраў, за высокай агароджаю. Памятаю, я запытаўся некалі ў ахоўніка-міліцыянта: "Ці можна вам задаць пытаньне?" "Так," - адказаў ён. "Вы ня скажаце, што гэта за дамы?" "Не"... Зрэшты, усе менчукі ведалі, што тут гасьцявалі са сьвітамі Хонэкер, Гусак, Кастра ды савецкія генсекі.

Тады ж, па вайне, і перайменавалі вуліцу, хоць яна ніякім чынам з бальшавіцкім героем не зьвязаная. "Побыт у Менску быў для мяне чымсьці накшталт ваеннай акадэміі", - згадваў Фрунзе, які ўсталёваў тут чырвоны лад і змагаўся зь беларушчынай. Чамусьці літаратарам не прыйшло ў галаву перайменаваць гэтую вуліцу. Вось і стаіць іхны Дом на рагу Румянцава ды Фрунзе, насупраць парку Горкага. І належыць цяпер ня ім, а прэзыдэнцкай адміністрацыі.

Новы Дом літаратара, які з фасаду выглядае як разгорнутая кніга, запраектаваў архітэктар Грыгор'еў. Менавіта пад ягоным кіраўніцтвам, тады галоўнага архітэктара Менску, быў зруйнаваны стары Дом літаратара, а крыху раней - і старажытная Няміга. Варта згадаць, што і падземныя пераходы менскага мэтро, у тым ліку і на Нямізе, былі распрацаваныя пад кіраўніцтвам усё таго ж Грыгор'ева..."

(С.Дубавец: ) Сяргей Харэўскі пачаў распавядаць пра недарэчную назву вуліцы, на якой стаіць Дом літаратара ў Менску, а скончыў фатальным прозьвішчам колішняга галоўнага архітэктара Менску Грыгор'ева. Між іншым, пасьля гэты самы Грыгор'еў стаў галоўным архітэктарам Масквы. Але гэта так, да слова. Мы ж вернемся да тэмы сёньняшняе перадачы.

Наш Саюз пісьменьнікаў, нібы ў мэтафары, я ўбачыў у нядаўнім інтэрвію віленскага джазавага музыкі Уладзімера Тарасава. Памятаеце славутае трыо яшчэ савецкіх часоў - Ганелін, Тарасаў і Чакасін? У 80-я гады яны гастралявалі ў Менску, а заўзятыя беларускія мэламаны набывалі іхныя кружэлкі, сьведчаньне поўнай творчай разьняволенасьці, якое чамусьці было магчымае ў брэжнеўскім Савецкім Саюзе. Дык вось, сёньня Ўладзімер Тарасаў добра вядомая ў Літве, у Расеі ды і ў сьвеце асоба, знакавая постаць. Нечакана яму прапануюць узначаліць віленскі Расейскі тэатар - некалі славуты, а сёньня занядбаны. Вось тут пачынаецца паралель зь беларускім Саюзам пісьменьнікаў. Тое, што новы дырэктар пабачыў у тэатры, ён акрэсьліў адным словам - кашмар.

Удакладніце, калі ласка, папрасілі журналісты, што вам не спадабалася больш за ўсё?

- Больш за ўсё, - адказаў Тарасаў, - мне не спадабалася тое, што тэатар называецца Расейскім драматычным, а насамрэч зьяўляецца нейкім савецкім клюбам.

Натуральна, трэба рабіць рэвізію, бо штаты перабольшаныя, а людзі атрымліваюць грошы, ня ведаючы, за што. Для Тарасава самае важнае наладзіць творчае жыцьцё тэатра, хоць грошай няма ня толькі на пастаноўкі, але й на ацяпленьне будынка. Тарасаў адчувае, што трапіў у катастрафічнае становішча, бо ўсё трэба пачынаць з нуля.

Чытаючы гэтыя радкі, я думаю, што нешта падобнае мог сказаць і Ўладзімер Няляеў, які прыйшоў кіраваць Саюзам пісьменьнікаў. Істотная розьніца заключаецца ў тым, што Тарасаў пачынае, а Някляеў ці то закончыў, ці то не закончыў, і калі гэтае завіслае становішча вырашыцца, - невядома.

Аднак гэта яшчэ ня ўсё і, можа быць, не галоўнае, што лучыць віленскі Расейскі тэатар і беларускі Саюз пісьменьнікаў.

"Атмасфэра ў тэатры кашмарная, - гаворыць Тарасаў, - Галоўнае, як я зразумеў, акторы тут былі ня самымі галоўнымі. Гэта вельмі дзіўна, бо галоўнае ў тэатры - якраз акторы, а ўсе астатнія працуюць на іх. Расейскі драмтэатар быў свайго роду вычварэньнем - у ім усё наадварот.

Акторы тут стараліся толькі выжыць - атрымліваюць жабрацкі заробак, ня маюць жыльля, буфэту запазычыліся вялікія грошы. Я думаю, што трэба перш за ўсё разбудзіць акторскія амбіцыі, - кажа новы дырэктар Уладзімер Тарасаў.

Апошняя фраза б'е ў кропку. Можа быць нават шырэй, чым толькі ў параўнаньні з Саюзам пісьменьнікаў, але і ў параўнаньні з усёй нацыянальнай інтэлігенцыяй, чые творчыя амбіцыі таксама сьпяць.

А вось і зноў нібы пра наш пісьменьніцкі саюз. Рэч у тым, што гадоў дзесяць таму расейскі тэатар адсялілі зь ягонага будынку ў цэнтры Вільні. Увесь гэты час там нібыта спрабавалі пачаць рэстаўрацыю, але ўрэшце сёлета руіны зьнесьлі, а тэрыторыю аддалі камэрсантам:

"Страціўшы стары будынак, - кажа Ўладзімер Тарасаў, - тэатральная трупа перажыла шок, бо пазбавілася свайго дому. Гэтая артыстычная кома працягваецца шмат гадоў. У новым велічным будынку яны жывуць як у інтэрнаце".

Тут параўнаньне крыху губляецца. Лукашэнка з Замяталіным як бы не зусім выгналі Саюз пісьменьнікаў з Дому літаратараў. Ім дазволілі здымаць кут ва ўласным доме. І таксама сытуацыю - падвесілі. Зразумела, ніхто ім вартаснае замены не прапануе, як расейскім акторам у Вільні прапанавалі стары будынак польскага тэатру. Бо інакш навошта было адымаць гмах на вуліцы Фрунзэ 5.

І на завяршэньне яшчэ адна праблема - п'янства.

"Я ведаю, што ў гэтым тэатры - гэта вялікая праблема, - кажа Тарасаў. - Калі пачаліся рэпэтыцыі, я жахнуўся ад алкагольнага перагару, які стаяў у калідорах. Думаю, што акторы бароняцца алкаголем ад таго становішча, у якое яны загнаныя. Яны нікому не патрэбныя, нецікавыя, іх ніхто ня цэніць. Але цяпер я такога не дапушчу".

Канец, згадзіцеся, аптымістычны. Гэта як калі б у беларускі Саюз пісьменьнікаў прыйшоў кіраваць, напрыклад, балетмастар Елізар'еў. Уладзімер Тарасаў шчыра кажа, што паставіў на карту сваю артыстычную рэпутацыю. А рэпутацыя - справа сьвятая. Праўда, спачатку яе трэба заваяваць. І чым шырэй яе прызнаюць - і дома, і за мяжой, тым больш яна каштуе і тым больш немагчыма яе страціць.

На маю думку, ў гэтым і ёсьць выратаваньне сытуацыі. Ні ў кога не выклікае сумневу, што такі пасіянарый як Тарасаў сапраўды створыць з расейскага тэатру зьяву неардынарную. Ён і сам ужо пазапрашаў славутых рэжысэраў з Расеі, Францыі, Польшчы і яны яму, як сябру і калегу, не адмовілі. Няма сумневу, што знойдзе ён і грошы дзеля сваіх ідэяў, як заўсёды сьмелых і творча разьняволеных. Навядзе парадак і ў трупе і ў будынку тэатру. У Саюзе пісьменьнікаў, каб яму зажыць паўнавартасна, мусіў бы зьявіцца менавіта такі пасіянарый. Ёсьць, натуральна, аб'ектыўныя прычыны, мякка кажучы, неспрыяньня з боку шавіністычна настроеных ідэалягаў цяперашняга рэжыму. Але ж і пасіянарыя не відаць. У агульнакультурным сэнсе ўсё, што робяць лукашэнкаўцы - гэта нулявы багаж. Ад гэтага не адымаецца і не дадаецца. А вось суб'ектыўная роля заўсёды лягае значным радком у летапіс часу. І нават такі экстэнсіўны ўчынак, як выезд Уладзімера Някляева за мяжу, робіцца прадметам размоваў, а можа быць і тэмай для чыягосьці верша або апавяданьня, дзе адныя назавуць паэта здарднікам, а другія - прарокам.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG