Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Боязь Захаду.


Аўтар і вядучы Сяргей Дубавец, Вільня

Днямі давялося прачытаць у прэсе пра вынікі статыстычнага апытаньня ў Беларусі і Расеі. Паводле гэтых зьвестак абсалютная большасьць беларусаў - за саюз з Расеяй, і галоўная прычына такога імкненьня - боязь NATO. Можна ставіць пад сумнеў падобныя апытаньні грамадзкай думкі. Аднак жа пра натаўскія бамбёжкі сёньня і сапраўды зусім сур'ёзна разважаюць паспалітыя беларускія людзі - што ў горадзе, што ў вёсцы. Адпаведна боязь Захаду змушае іх туліцца да вялікай Расеі, шукаць абароны ў савецкіх традыцыях, давярацца развагам кіраўніцтва РБ пра патрэбу разам з Расеяй і Кітаем супрацьстаяць ЗША і іхным эўрапейскім саюзьнікам. Боязь NATO абсалютна адэкватная, дарэчы, боязі Расеі, якая штурхае ў NATO палякаў, чэхаў і нашых балтыйскіх суседзяў. Дык што ж гэта за страх такі, адкуль ён бярэцца і на чым трымаецца? Адказаць на гэтыя пытаньні мы і паспрабуем у сёньняшняй "Вострай Браме".

Найпершы і найбольш просты адказ - дзяржаўная прапаганда, або як цяпер кажуць, замбіраваньне насельніцтва. Хоць нельга сьцьвярджаць, што сёньня яна такая ж актыўная і карыстаецца такім самым даверам, як у часы СССР. Тым ня менш. Дастаткова прааналізаваць тыя антыпольскія настроі, якія традыцыйна для БССР, а яшчэ раней - для Северо-Западного края сёньня прадукуюцца і распальваюцца рэжымам першага прэзыдэнта РБ. Тэму працягвае Сяргей Харэўскі.

(С.Харэўскі: ) "Антыпольскасьць, як частка антызаходняй рыторыкі ў роце цяперашняга беларускага рэжыму - толькі працяг рэанімацыі бальшавіцкае спадчыны. Усё пачалося з воклічу Тухачэўскага ў Менску ў 1919-м: "Байцы! На сваіх штыкох мы нясем народам Эўропы свабоду і мір! На Варшаву! На Бэрлін!" Сацыяліст Пілсудзкі гэтае ініцыятывы не ўхваліў, бальшавіцкія войскі былі разьбітыя. Наступіла эпоха ўсебаковае нянавісьці да пальшчызны. Варагаваньне з палякамі стала неад'емнай часткай беларускае савецкае культуры. Нават Янка Купала ў сваім вершы "Летапіснае", да дзесяцігодьдзя БССР пісаў:

А паляку ня сьпіцца,
З боем прэцца, як змора;
Яму панскую Польшчу
Дай "ад мора да мора".

Антыпольскасьць, памножаная на клясавы міт пра палякаў, якія нібы спрэс "паны", стала адным са стрыжняў беларускае самаідэнтыфікацыі па абодва бакі савецка-польскае мяжы. У гэтым былі салідарныя ўсе беларускія сілы, незалежна ад палітычнае афарбоўкі. Зьдзеклівае ўжываньне польскіх словаў у літаратуры стала нормаю. Напрыклад, у макаранічным вершы Якуба Коласа "Панам":

Эх, панове, "ніц не бэндзе":
Сапсуе пан справу "вшэндзе",
Бо занадта пан "гаронцы"!
І ня ў польскіх інтарэсах
Зьдзек такі чыніць "на крэсах"
Нечуваны зьдзек над сонцам!

Верш сканчаецца гэтак:

"Вы ня здольны жыць у згодзе -
"Мондры поляк, ды па шкодзе".

На канец 30-х прыпадае разгул расейска-савецкага шавінізму ў кінематографе. Дастаткова згадаць кінастужкі "Аляксандар Неўскі" альбо "Мінін і Пажарскі". Немцы, татары, швэды адназначна выглядаюць паўдуркамі. Але найбольш дастаецца ўсё ж палякам. Яны і пярэваратні, і лісьліўцы, і фанфароны. Чаго варты карыкатурны вобраз князя Сапегі (вядома ж, паляк!), які на працягу фільма шматкроць пераапранаецца то ў строй польскі, то ў швэдзкі. Беларускі кінематограф імкнуўся не адстаць. Першы ж нацыянальны фільм Юрыя Тарыча "Лясная быль", зьняты паводле аповесьці Міхася Чарота "Сьвінапас", быў таксама прысьвечаны змаганьню з палякамі...

У беларускім мастацтве тэмы савецка-польскай вайны ды антыпольскай партызанкі былі эквівалентам тэмаў грамадзянскае вайны ў мастацтве расейскім, а таму ўсебакова ўхваляліся. Напрыклад, адзін толькі сюжэт "Уступленьне Чырвонай Арміі ў Менск у 1920 годзе" скарысталі жывапісцы Зайцаў, Гусеў, Ціхановіч, Манасзон, графікі Гэмбіцкі, Волкаў, Мінін. Хапала і гэткіх сюжэтаў як "Раззбраеньне белапольскага атраду" альбо "Арджанікідзе ў засадзе пад Барысавам".

Газэта "Зьвязда" ў рэцэнзіі на ўсебеларускую мастацкую выставу 1938 году, пісала: "Барацьба з палякамі (!) ёсьць жыватрапечачай тэмаю ў беларускім мастацтве!" Проста гэтак і пісалі - барацьба нават не з панамі, а з палякамі наогул. Тым часам і ў Заходняй Беларусі, найперш у левым друку карыкатураваньне палякаў было звычайнай справаю. Мастакі Горыд, Маразовіч, Сідаровіч распрацавалі ўстойлівую іканаграфію "палякаў": у жупанчыках, канфэдэратках зь бізуном ды шабелькай... Антыпольскасьць была падрыхтоўкаю да 39 году.

Але чыя праўда ўрэшце перамагла?... Калі сёньня з вуснаў беларускага рэжыму ды ягоных маскоўскіх памагатых чуваць пра тое, што палякі Гарадзеншчыны рыхтуюцца да тэрарызму, што паўсюль гойсаюць польскія шпіёны, што касьцёл займаецца прапагандаю, як не згадаць, чым скончыўся 39 год і для палякаў і для беларусаў..."

(С.Дубавец: ) Сяргей Харэўскі распавёў пра антыпольскую прапаганду ў БССР. Да гэтага варта дадаць, што традыцыі такой прапаганды бяруць пачатак не ў Беларусі, а ў сярэднявечнай Масковіі, якая цягам усёй гісторыі ваявала з Польшчай. Беларусь жа, наадварот, найчасьцей шукала паратунку ад Масквы ў саюзах з Варшавай, пра што сьведчаць Крэўская і Люблінская уніі, аб'яднаньне ў адзіную дзяржаву Рэч Паспалітую. Тагачасная Беларусь у складзе Вялікага Княства Літоўскага была, калі зьмясьціць часы, цалкам рэальным прэтэндэнтам на ўступленьне ў NATO і эўрапейскія структуры. Сёньня ўсё наадварот. І самы час паставіць пытаньне - калі сытуацыя радыкальна зьмянілася на супрацьлеглую? Мабыць у мінулым стагодзьдзі, калі радыкальна зьмянілася кіраўніцтва краіны. Замест сваёй спалянізаванай шляхты вялікія і малыя беларускія лёсы сталі вырашаць прывезеныя з Расеі чыноўнікі. Пры ўсёй павазе да Хведара Дастаеўскага, яны цалкам падзялялі ягоную нянавісьць да палячышак. І гэткая сытуацыя захоўваецца па сёньняшні дзень. Палячышак, праўда, сталі называць па іншаму, але ня менш грэбліва - пшэкамі. І гэта, заўважце, пры некалькі мільёнах беларускіх візытаў у суседнюю краіну штогадова.

За два стагодзьдзі ў сьвядомасьці народа глыбока ўкарэнены комплекс дзяржаўнае непаўнавартасьці Беларусі. Беларусь - гэта якбы недакраіна, недадзяржава. Адсюль несур'ёзныя адносіны да беларускай мовы, да гісторыі. Беларуская дзяржава ўспрымаецца як штучная на самым паспалітым народным узроўні. Гэта чыста прапагандысцкі плён, які ня мае ніякага дачыненьня да мэнталітэту або нацыянальнага лёсу. Прычым гэты плён дасягнуў такога ўзроўню, што новыя і новыя пакаленьні начальства ўсіх рангаў дэманструюць паблажлівае стаўленьне да беларускай дзяржаўнасьці ўжо амаль несьвядома, міжволі.

Севярын Квяткоўскі параўнаў комплекс дзяржаўнае непаўнавартасьці беларусаў з комплексам маці-адзіночкі.

(С.Квяткоўскі: ) "Чаму беларусы не iмкнуцца да саюзу з Захадам, моцным i заможным? Тэза аб двухсотгадовым служэньнi ў расейскаму войску i славянскiм братэрстве прабуксоўвае, бо ёсьць прыклад Украiны...

Я ведаю дзьвюх кабет, якiя з розных прычынаў у маладым веку засталiся без мужоў з малымi дзецьмi на руках. Гэтая акалiчнасьць зблiзiла iх. Доўгi час кабеты жылi разам, дапамагаючы адна адной. Але ўрэшце iхны саюз распаўся. Адна дала аб'яву ў iнтэрнэце, i праз пэўны час выйшла замуж за грамадзянiна натаўскай на цяперашнi час краiны. Яна пiша лiсты, часам тэлефануе. Яна кажа, што нарэшце "пачала жыць" - то бок, ня мае бытавых клопатаў.

Другая засталася ў Беларусi, але таксама паўторна выйшла замуж. За ўцекача з адной расейскай гарачай кропкi. Новая сям'я зьехала зь Менску ў невялiкую вёску, што ў Гарадоцкiм раёне. Яны амаль не зарабляюць грошай, затое заўсёды сытыя i рэдка хварэюць. Муж часам iдзе ў запой, i на пэўны тэрмiн жыцьцё маёй знаёмай робiцца невыносным. Але ўрэшце ўсё нармалiзуецца. Другая кабета таксама шчасьлiвая ў сваiм сямейным жыцьцi.

Памыляюцца тыя, хто лiчыць, што беларуская настальгiя па "моцнай руцэ" роднасная суму раба па кнуце. Гэта "жаночая туга па мужчынскiм плячы". Калi шэсьдзесят працэнтаў нашых грамадзянаў галасуюць за саюз з Расеяй, дык толькi таму, што не адчуваюць шанцаў схавацца ў больш прывабнай i моцнай краiне. Што да выбару мiж Усходам i Захадам, я прыгадваю трэцяга пэрсанажа гiсторыi пра незамужнiх кабетаў. Гэта мой сябра, якога кабеты нiколi не забудуць, i якога ўсё жыцьцё будуць ўзгадваць зь пяшчотаю. Сябра так i ня змог зрабiць выбар мiж iмi дзвюма. Ён застаўся ў Менску, i зараз заканчвае пiсаць кнiгу. Сябра верыць, што дзецi ягоных каханак прачытаюць кнiгу зь цiкавасьцю. Па-беларуску".

(С.Дубавец: ) Севярын Квяткоўскі распавёў пра комплекс дзяржаўнай непаўнавартасьці беларусаў, які так падобны да комплексу сямейнай непаўнавартасьці мацярок-адзіночак. Тых самых, на чыіх пачуцьцях бясконца зарабляе грошы расейская поп-музыка. Цікава заўважыць, што ў Беларусі песьні-страданьні пакінутых жанчын ня пішуцца і з эстрады не гучаць, у такім, прынамсі, маштабе як у Расеі. І гэта хутчэй лучыць нас з заходнім сьветам, чым з усходнім. Аднак гэта, вядома, ня значыць, што у нас ці на Захадзе пакінутых адзіночак няма.

Паспрабуйце ўявіць сабе тую Нінку, якая жыве бяз мужа. Такая жанчына, зрабіўшы свой выбар на Івану з самымі сур'ёзнымі намерамі, ужо ніколі не падпусьціць да сябе Юзіка, бо мысьліць прагматычна. Наадварот, яна будзе ўсяляк адганяць таго Юзіка, або баяцца яго, хай сабе і зусім безпадстаўна. А цяпер уявім, што гэтая кабета - Беларусь. Тады робіцца зразумелым народнае пачуцьцё няпрыязі да NATO, абы немцы зноў не тапталі нашую зямлю, і наадварот - любасьці да Расеі, да Івана, якому народ гатовы дараваць і сталінскія рэпрэсіі, і калектывізацыю, і сёньняшняе сваё беднаватае жыцьцё. Народ цяпер імкнецца апускаць гэтыя тэмы ў гаворках. Гэта значыць, што выбар нашай закамплексаванай на сям'і Нінкі, і на дзяржаўнай непаўнавартасьці Беларусі зроблены. І раздвойвацца яна ня будзе.

Праўда, і гэты выбар не ад мэнтальнасьці або якогась славянска-праваслаўнага кроўнага ці генэтычнага адзінства, пра што так шмат кажуць сучасныя кіраўнікі. Рэч у тым, што пры іншых абставінах наша Нінка можа зьмяніць свой выбар. Напрыклад, Іван адвернецца ад яе або зьнікне куды-небудзь, ці памрэ, ня дай Бог. І тады ўжо з усёй рашучасьцю яна павернецца да Юзіка і адвернецца ад Івана, што і пацьвярджае сярэднявечная гісторыя Беларусі. Бо тут наўрад ці можа ісьці гутарка пра каханьне, пра глыбокае пачуцьцё. Важней для Нінкі тое, што ейны малы Андрэйка падрастае бяз бацькі.

Падобным чынам выглядае і фрэйдызм палітыкаў. Лукашэнка псыхалягічна больш падобны да жанчыны. Як, між іншым, і Кебіч, і Дземянцей. Нават Чыгір. А жынчыны тым часам выяўляюць мужчынскія рысы стойкасьці і прыроднага розуму, адказнасьці - хоць бы і Лукашэнкава Радзівонаўна або Юлія Чыгір. Але гэта ўжо іншая тэма. Тут жа прынамсі зразумела, чаму Беларусь сёньня выбірае Івана.

Яшчэ адзін погляд на антызаходнія настроі - праз культуру быту - прапануе Зьміцер Бартосік. Але замест пашыранага стэрэатыпу пра заходнюю культурнасьць, ён азадачаны іншым - чаму на Захадзе ён не пачуваецца ўтульна?

(З.Бартосік: ) "Чым часьцей я пераяжджаю нашу паўночна-заходнюю мяжу, тым болей пераконваюся, што "Захад" - гэта паняцьце не геаграфiчнае. Беларускi горад Вiльня зьмяняе сваё аблiчча штодня. Яшчэ ўчора абшарпаная камянiчка набывае раптам выгляд цалкам рэспэктабэльнага асабнячка. Некалi звычайны гастраном з марожаным мясам ператварыўся ў чысьцюткi супэрмаркет, залiты сьвятлом i поўны прыгожых тавараў. Вокны старых дамоў патроху апранаюцца ў белыя рамы шклопакетаў... Але вось загадка. Чым чысьцей i прыгажэй становiцца знаёмы горад, тым большы асабіста я адчуваю дыскамфорт. Чаму?

Мне згадваецца Максiм Гарэцкi. "Праяжджалi мы пустое мястэчка. На культуру завiдасьць паглядзець! I жаль бярэ за сэрца, што Беларусь, у параўнаньнi, дзiкая-дзiкая!" Пiсьменьнiк пiсаў гэта ў аповесьцi "На iмпэрыялiстычнай вайне" пра Прусiю, дзе яму давялося ваяваць. Тады яшчэ нашы людзi ня ведалi слова "сацыялiзм". Яшчэ далёка было да продразьвёстак i калгасаў. Яшчэ ня прыдумалi тэрмiн "жалезная заслона". Хоць яна iснавала ўжо тады. Падзяляючы адзiны кантынэнт на дзьве абсалютна непадобныя часткi. У адной стрэхi пад дахоўкаю, у другой - пад саломаю, там - чыстыя хаткi, тут - хлявы, у iх - культура, у нас... Адказ дае бацька галоўнага героя: "Мы так, як тыя сьвiньнi, увесь век у балоце жыць будзем... Мы, сынок, не паны i не жыды, каб кожнаму пад нос талерачку падстаўляць... Мы з аднае мiскi дастанем, абы даваў бог што даставаць..."

Падобна, што гэтая рэплiка занатаваная з жывога голасу. Бо ў Беларусі яе часта можна пачуць і сёньня".

(С.Дубавец: ) Тое, пра што распавёў Зьміцер Бартосік, называецца звычайна простым словам - хамства. Адсутнасьць элітарных жаданьняў - жыць чыста, ладна і ўмела. Мы, маўляў, з аднае міскі... Гэткая пралетарызацыя сьвядомасьці таксама бярэ пачатак у ХІХ ст., калі быў пераламаны хрыбет заходнім беларускім памкненьням і на зьмену прыйшлі расейскія памешчык, чыноўнік і псаломшчык са сваімі ўяўленьнямі пра жыцьцё. Заўважу, што гэта былі далёка ня лепшыя людзі Расеі, а людзі непрыкаяныя, перакаці поле, якія многімі тысячамі рынуліся да нас на дармавізну. Бытавая неўладкаванасьць у пары з пралетарскім аскетызмам сталі эталёнам, які пасьля быў узьняты на шчыт бальшавікамі.

Што з гэтага атрымалася, цяпер усім добра вядома. І тым ня менш за ўсе савецкія гады наведнікі з Расеі адзначалі культурнасьць беларусаў гэтаксама, як беларусы адзначалі культурнасьць прыбалтаў. Унутры самой Беларусі ўсходнікі ў побыце выглядалі менш культурнымі за заходнікаў. Агулам сытуацыя зьмянілася толькі ў апошнія 10 ці нават 5 гадоў. Бо цяпер ніхто ў Расеі ня скажа пра заходнясьць беларусаў, якія жывуць беднавата і часта ўбога, і якіх лоск капіталізацыі крануў у нашмат меншай ступені, чым саміх расейцаў. Ды і паміж Магілёвам і Горадняй розьніца прапала. Першы падцягнуўся, другая, наадварот, крыху прыадстала, дзякуючы ўсё той самай бядоце. Для культурнасьці патрэбныя сродкі, інвэстыцыі, прыватная ініцыятыва.

Антынатаўскія настроі спрэс перагукаюцца з прызабытым ад часоў першага нашаніўства паняцьцем цемры народнай.

Народ, беларускі народ
Ты цёмны, сьляпы быццам крот.

Гэта Максім Багдановіч. Але найбольш энэргіі прысьвяціў змаганьню зь цемрай Янка Купала, у якога беларус "цёмен сам". У тыя часы ўвесь асяродак вакол газэты "Наша Ніва" стаяў на вельмі чыстых і выгодных пазыцыях антыцемры. Па сутнасьці, у іх не было ніякіх іншых матывацыяў апроч асьветы ўласнага народу, апроч сьвятла. Ня дзіва, што і нянавісьць да захаду, да перадавых тэхналёгіяў ў тыя часы гучала б дысанансам. Змагаліся зь цемрай. Забягаючы наперад, скажу, што цемра народная нікуды ня дзелася з тых часоў і да сёньня. Вось толькі літаратура пра яе пісаць перастала. Засьціла вочы ілюзія сацыялістычнага прасьвятленьня. Цемра стала быццам бы неактуальнай, быццам бы засталася ў цёмнай мінуўшчыне. А шкада. Бо клясычныя вершы пачатку стагодзьдзя, у тым ліку і пра цемру, гучаць сёньня абсалютна актуальна. У адрозьненьне ад шматлікіх панегірыкаў калгаснаму будаўніцтву.

У нядаўна выдадзеным пятым томе поўнага збору твораў Янкі Купалы знаходзім горкае сьведчаньне таго, што сацыялістычнае прасьвятленьне напавер аказалася яшчэ большым зацямненьнем. Столькі вымучанага вершаванага шчасьця з нагоды калектывізацыі, Сталіна і савецкае ўлады і столькі незразумелай, нічым не апраўданай нянавісьці на захаду, дзе ў Вісьле плавае тапелец... Цемра ў Купалавых вершах засталася ў мінулым - там, дзе засталіся і ягоныя лепшыя творы, шэдэўры на ўсе часы.

Як ні дзіўна гучыць, але новыя часы вымагаюць вярнуцца да гэтае тэмы. "Беларусь, мая старонка, куток цемнаты". Вось жа менавіта з гэтай цемнаты гучаць сёньня словы пра боязь натаўскіх бамбёжак і прыходзяць зьвесткі статыстычных апытаньняў пра саюзы з Расеяй, Кітаем і Югаславіяй. Менавіта з гэтай цемнаты прыйшлі галасы двух Лукашэнкавых рэфэрэндумаў пра нежаданьне ведаць бюджэт краіны і пра замену гістарычнай сымболікі на эклектычныя самаробкі. Менавіта з гэтага цёмнага кута заяўляюць сёньня беларускія бацькі і маткі пра патрэбу аб'яднаньня з Расеяй, адначасова быццам бы і ня хочучы пасылаць сыноў у гарачыя расейскія кропкі, што ніяк ня вяжацца адно з адным. Цемната ёсьць сынонімам недасьведчанасьці, неадукаванасьці і няўменьня аналізаваць падзеі.

Днямі я распавядаў калегу пра сваю паездку ў Мазырскі раён. Калегу-палітыка цікавіла найперш, што людзі кажуць пра Лукашэнку. А што яны кажуць? Яны гатовыя на яго маліцца. Найперш пэнсіянэры, якім ён рэгулярна плоціць па тры мільёны. Тут, дарэчы, я заўважыў адну цікавую акалічнасьць. Справа тут не ў грашах, ня ў гэтых трох мільёнах. Найбольш за Лукашэнку настройваюць сваіх вясковых мацярок іхныя дзеці - гарадзкія бамбізы, што пакідалі родныя котлішчы і зводзяць цяпер канцы з канцамі ў гарадох. Лукашэнка сваімі сымбалічнымі трыма мільёнамі як бы ўзяў на сябе іхны сыноўскі комплекс, іхную немагчымасьць або нежаданьне апекавацца старымі. Вось чаму найперш тут усе гатовыя на Лукашэнку маліцца. А яшчэ яны цешацца, што як ураган быў, дык да ягонага прыезду дарогі парабілі, платы пафарбавалі. Са страху, вядома, яны гэта разумеюць, як разумеюць, што інакш бы рукі да тых дарог і платоў не дайшлі ніколі.

- А NATO, - спытаўся ў мяне калега, - што яны пра Захад кажуць.

- Рыхтуюцца, кажу, да бамбёжак. Маўляў, Югаславія, а пасьля мы. Закранула іх гэта за жывое.

Калега слухаў уважліва і ўрэшце выгукнуў уласнае адкрыцьцё - дык гэта ж цемра!

XS
SM
MD
LG