Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Літаратура, пракуратура і маральная палітыка.


Аўтар і вядучы Сяргей Дубавец, Вільня

Простая лёгіка каторы раз падказвае, што ў кожнага выніку ёсьць прычына. І каторы раз сутыкаесьсья з тым, што - ня тут і не цяпер. Ня ў сёньняшняй беларускай грамадзкай сьвядомасьці. Тут і цяпер як толькі бярэсься тлумачыць тыя ці іншыя праявы жыцьця іхнымі першапрычынамі, абавязкова скажаш або недарэчнасьць, або глупства, або крамолу. Быццам мы ўсе - нейкія бесьцялесныя стварэньні ці літаратурныя пэрсанажы, і існуем не ў жывым жыцьці, а на старонках антыўтопіі. А як бы ты з гледзішча першапрычыны растлумачыў апошніяе менскае здарэньне ў пераходзе мэтро, - пытаецца ў мяне калега. У падземным пераходзе загінула пяцьдзесят тры чалавекі, таму што, - адказваю я, - таму што... пайшоў дождж. Гучыць, згадзіцеся, як глупства, але любыя іншыя вытлумачэньні - ці то пра агульны чмур, ці то пра кару нябесную, бо гінулі акурат перад вачыма маці божае з абраза на фасадзе катэдральнага сабору, а яшчэ й на Троіцу - усё гэта ўжо дапушчэньні, а не першапрычыны. Дождж - вось з-за чаго беларускія хлопцы насьмерць затапталі сваіх дзяўчат. Прычым, дождж сярод сьпёкі, дождж даўгачаканы і даўно жаданы... Чыстая літаратура. Памятаеце, калі герой Альбэра Камю, алжырскі француз Мёрсо, забівае араба, ён тлумачыць гэта сонцам, якое асьляпіла яму вочы. У выніку раман "Чужаніца" становіцца адным зь лепшых твораў ХХ стагодзьдзя. Але ўявіце, што Камю прапанаваў сваю вэрсію забойства інфармацыйным агенцтвам - як навіну дня. На алжырскім пляжы нехта Мёрсо забіў араба, таму што быў асьлеплены сонцам. Глупства. Ніхто б такое і перадаваць ня стаў. Тое самае і з нашай менскай трагедыяй, якая мае зусім літаратурныя прычыны. Не сказаць пра яе нельга, але чыста па-журналісцку немагчыма, бо прападае сэнс. Напрыклад, літоўская тэлевізія па сьвежых сьлядах паведаміла, што там, маўляў, абвалілася мэтро. Самі журналісты прыдумалі, бо інакш нічога не зразумела. Прыдумалі і яшчэ абурыліся - як гэта маглі так збудаваць тое мэтро, што яно абвалілася.

Зьміцер Бартосік даведаўся пра трагедыю ў пераходзе загадзя, з гараскопу, але не надаў гэтаму значэньня. Увесь дзень ён спрабаваў падмануць каварную літаратуру, якая запанавала ў жыцьці і стараўся мысьліць рацыянальна. Дзякуючы гэтаму яго занесла не на піўное сьвята, а ў Лошыцу, дзе літаратура была таксама, але пад кантролем. Тут яна не ператваралася ў стыхію.

(З.Бартосік)

(С.Дубавец: ) У панядзелак пасьля здарэньня ў мэтро увесь Менск быў як наэлектрызаваны. Нават памочніку пракурора, які выклікаў мяне дзеля тлумачэньняў, у гэты час затэлефанавала маці, як я зразумеў, зь вёскі, бо ён называў яе на Вы. Мама "вы" - так у нас яшчэ кажуць сям-там у вёсках. Старэйшаму памочніку пракурора на выгляд гадоў 25. Ён даўно шукаў мяне, каб я даў паказаньні пра тое, чаму рэдакцыя "Нашай Нівы" вылучыла свайго карэспандэнта Славаміра Адамовіча ў гарадзкую камісію па выбарах прэзыдэнта РБ. Выбары тыя даўно мінуліся і я, прызнацца, падумваў праігнараваць ужо нікому не патрэбную фармальнасьць. Але падкупіла прозьвішча старпома - Балтуноў. Пракурор Балтуноў - гэта літаратура, падумаў я, і падаўся ў адведкі ў менскую маскоўскую пракуратуру. Пракуратура - гэта ў нас таксама літаратура.

У такіх установах мне чамусьці заўсёды згадваецца дакумэнт са справы Максіма Гарэцкага, найбольш значнага, на маю думку беларускага пісьменьніка ХХ стагодзьдзя. Дакумэнт датаваны 1938 годам і назваецца пастановаю Тройкі УНКВД Смаленскай вобласьці. Колькі ні перачытваю гэтую ляканічную паперу, ніяк не магу зьвесьці канцы з канцамі. Словаў усяго чатыры: "Гарэцкага Максіма Іванавіча расстраляць". Сэнсу тут ня больш, чым у дажджы ад якога загінула 53 чалавекі. Гэта сапраўды літаратура. Адно насьцярожвае, што яна пазбаўленая мастацкай умоўнасьці, і тыя, што загінулі, загінулі ў рэальнасьці. Забітыя ў часе спэктаклю акторы ўжо не падымуцца са сцэны.

А яшчэ дакумэнт пра Гарэцкага згадваецца таму, што калі яго - расстраляць, дык чаму б не расстраляць і каго заўгодна, мяне, цябе, вас? І атмасфэра пракурорскага кабінэту нібы пацьвярджае такое дапушчэньне. На стале ў спадара Балтунова беспарадак. Адна з наглядных справаў зьехала проста мне пад локаць. Чытаю на вокладцы прозьвішча - Сонейка. Рэальнасьць зноў адступае, расплываецца, вызваляючы месца літаратуры. Балтуноў судзіць Сонейка. Далей - болей, гэта справа аб рабаўніцтве. Усё зьляпіць у адзін сказ зноў ніяк не выходзіць. Рабаўнік Сонейка пад наглядам пракурора Балтунова. Я згадваю, што калі ён мне затэлефанаваў першы раз і прадставіўся, маёй натуральнай рэакцыяй было: хлопчык, перастань балавацца. Толькі пракурорскія ноткі ў голасе ўстрымалі мяне ад гэтых словаў.

Памочнік пракурора Балтуноў дапісвае мае паказаньні. Аднак літаратура працягваецца. Я як рэдактар газэты, растлумачыў яму, якім чынам наш калектыў вылучыў карэспандэнта Славаміра Адамовіча ў гарадзкую камісію па выбарах прэзыдэнта Беларусі. Балтуноў падымае на мяне вочы апошні раз і бязь ценю сумневу ўдакладняе: "Вы маеце на ўвазе выбары ў мясцовыя саветы?" Мне застаецца толькі сьцепануць плячыма, але яго такі адказ задавальняе. Ну даручылі высьветліць законнасьць нашага ўдзелу ў выбарах, ён і высьветліў. А што там былі за выбары - афіцыйныя ці апазыцыйныя - гэта ўжо не ягоная справа.

І тут я пераходжу да іншага сюжэту. Пра тыя якраз выбары, дакладней, пра іхны кантэкст. Там таксама поўна літаратуры. Зянон Пазьняк зьняў сваю кандыдатуру, назваўшы апазыцыйныя выбары сфальсыфікаванымі і таму амаральнымі, а старшыня цэнтарвыбаркаму Віктар Ганчар у адказ заявіў, што з амаральным рэжымам немагчыма змагацца маральнымі сродкамі. Напэўна, яны спрачаліся пра славутую маральную палітыку. Але калі я паспрабаваў растлумачыць свайму літоўскаму прыяцелю, чаму Пазьняк выступіў супраць Ганчара, той не зразумеў. Дык яны ж абодва супраць Лукашэнкі, - зьдзівіўся ён.

І тут было пра што паразважаць. Значыць, яны не абодва супраць яго. Гэта ён супраць іх. Няма сумневу, што Лукашэнка даўно вядзе халодную вайну супраць апазыцыі, супраць праўдзівай гісторыі, беларушчыны і эўрапейскага выбару краіны. Словам, ён вайну аб'явіў. Ганчар гэты выклік прыняў. А Пазьняк аб'явіў вайну Ганчару. Каб разабрацца ў гэтай блытаніне, у нас ёсьць больш рэалістычныя прычыны і выразныя арыенціры, чым у выпадках з дажджом і расстрэлам Гарэцкага. Але найперш - крыху пра тую самую маральную палітыку.

Сяргей Харэўскі зьвярнуўся ў гэтай справе да далёкае гісторыі.

(С.Харэўскі: ) "У нямецкага пісьменьніка Гофмана ў кнізе "Сэрапіёнавы браты" ёсьць гэткі эпізод: два студэнты ў Каралеўцы горача спрачаюцца пра пастуляты філёзафа Канта. Выпадковае здарэньне перарывае іхныя дэбаты. Праз шмат-шмат гадоў яны сустракаюцца зьнянацку ў іншым горадзе. Зьдзівіўшыся неспадзяванаму спатканьню, яны разяўляюць раты і... працягваюць спрэчку ад перарванага месца.

Беларускія пытаньні ды іх вытлумачэньні таксама то абрываюцца на паўслове, калі, здаецца будзе вынайдзена сутнасьць, прападаюць на гады й зноў паўстаюць на тым самым месцы. Як і раней, мы гатовыя дыскутаваць, што ёсьць прычынаю нацыянальнае нясьведамасьці беларусаў, пералічваючы тыя самыя пастуляты. Разьяднанасьць канфэсійная, разьяднанасьць паміж Захадам і Ўсходам, позьні прыгон, войны, рэпрэсіі, кепскія глебы, урэшце.

Сёлета будзе ўжо 60 гадоў, як мы жывем разам у адных межах, даўно забыўшыся на эсхаталягічную розьніцу паміж канфэсіямі, а пытаньні не зьнікаюць. Што да глебаў, дык яшчэ ў 1949 годзе прэзыдэнт БНР Мікола Абрамчык у Лёндане адчытаў пра іх лекцыю-панэгірык. А савецкі генсек Хрушчоў, знаны аптыміст, даючы высьпятка менскаму чынавенству, заўважыў, што ў беларусаў дурная звычка наракаць на сваю зямельку, якая нічым ня горшая, чым у Прыбалтыцы. І меў рацыю. Сёньняшняе беларускае кіраўніцтва зноў наракае на нашую зямлю. Пра ранейшыя аргумэнты пасьпелі забыцца. Як і пра шмат чаго яшчэ... Часам здаецца, што калектыўная памяць нашага народу як аднаканальная магнітафонная йстужка запісвае інфармацыю кожнага разу толькі наверх...

Гартаючы гадавікі газэт і часопісаў 80-х, я адкрыў для сябе, якую процьму ведаў пасьпеў забыць сам. Вось тут да драбностак расьпісанае паўстаньне Касьцюшкі, а тут хораша сказана пра мэмуарыстыку мінулага стагодзьдзя... Усе тэмы шматкроць вытлумачаныя якіх дзесяць гадоў таму. Ізноў, другі раз дазнаюся пра сібірскі пэрыяд жыцьця слыннага нашага мастака Яна Дамеля. Згадалася, што ягоны паплечнік Цэзік, разам зь якім ён патрапіў у высылку, быў ня толькі фальшываманэтчыкам, але й выбітным скульптарам і ювэлірам. Што да фальшывых грошай, дык яны вырабляліся на задуму беларускіх масонаў, каб падрываць Расею і мець сродкі для свае палітычнае дзейнасьці. Кажучы сёньняшняй моваю, патрыятычнае падпольле зьдзейсьніла дывэрсію супраць акупантаў. Чым не падстава для гонару за сваіх славутых землякоў? Але забылася...

А нядаўна я натрапіў на зьвесткі пра ўжываньне алькаголю ў Горадні, за 1814 год. Нечаканыя лічбы. Улічваючы ўсіх разам, і немаўлятаў, ксяндзоў, жыдовак, шкаляроў ды татараў, атрымліваецца, што пілося на адну душу за год 69 літраў гарэлкі, 14 літраў піва ды 3 літры медавухі. Неверагодныя лічбы, калі браць пад увагу, што палова людзей ня піла з розных прычынаў. Бадай, калярытная была беларуская публіка за часоў Міцкевіча. Знаходзілі ж сілы яшчэ хапацца за шаблі... Той досьвед таксама забыты, калі не лічыць самое п'янства.

Бадай, усе старыя й банальныя спрэчкі былі б забытыя, каб пра гэта ўсё было напісана ў добрых энцыкляпэдыях, куды пакуль забываюцца ўставіць даўжыню беларускіх межаў ці прозьвішча Суворава ды ў падручніках, дзе няма ўжо і згадкі пра сечу пад Воршаю ці пра беларускіх ксяндзоў-адраджэнцаў. Урэшце, гэтыя веды мусяць быць у галовах беларускіх урадоўцаў, якія б не маглі тады нахваліцца сваёй... нашай зямелькаю".

(С.Дубавец: ) Сяргей Харэўскі кажа пра неназапашваньне нацыянальнае памяці, у выніку чаго мы кожнага разу паўтараем некалі пройдзены шлях. Разам з усімі на тым шляху памылкамі, не абмінаючы аніводнай калдобіны. Асабліва паказальная гісторыя зь ювэлірам Цэзікам, які вырабляў фальшывыя грошы для беларускіх антырасейскіх паўстаньняў. Чым не фальшывыя галасы выбаршчыкаў, аддадзеныя за Чыгіра або Пазьняка, але насамрэч - сапраўдныя галасы супраць Лукашэнкі. Гэтак любое змаганьне можна разглядаць з гледзішча чыстаплюйства, а можна - як наша змаганьне за сваю краіну і яе лепшы быт. Урэшце, каму тут і што цьвеліць вока? Зянон Пазьняк убачыў пагрозу абрасейваньня беларускай апазыцыі. Але ж апазыцыя - гэта ня мёртвае цела, якое можна апранаць у розныя нацыянальныя строі. Яна жыве і спрабуе зьяднацца, усё больш разумеючы менавіта нацыянальны характар агульных мэтаў.

А цяпер пра згаданы вышэй арыенцір, які асабіста мне дапамог хутка разабрацца ў зблытанасьці выбарчай сытуацыі. Я маю на ўвазе зварот Рады БНР з заклікам чынна ўдзельнічаць у гэтых выбарах. Відавочна, менавіта маральны аўтарытэт Рады вышэйшы за такі самы аўтарытэт усіх удзельнікаў беларускага грамадзтвага жыцьця. Дык вось Рада свайго звароту не адклікала, чым дала зразумець сваю пазыцыю, якая для нас, сымбалічных грамадзянаў БНР, ёсьць нашай пазыцыяй.

Зразумела, што ўдзел Рады ў беларускім жыцьці мае, як цяпер часта кажуць, віртуальны характар. Але зьвярніце ўвагу, калі я загаварыў пра гэта, як мала ў маіх словах стала літаратуры і як паболела рэальнасьці. Прычыны і вынікі тут не выглядаюць супярэчліва і абсурдна. Наадварот. Гэта цешыць, бо пазначае поступ - гэтаксама як і зьяднаньне беларускай апазыцыі супраць аўтарытарнага рэжыму і за Беларусь. Простая лёгіка ў гэтым выпадку становіцца дарэчнай.

Магчыма, гэта і добра, і рэалістычна, калі ідэал застаецца віртуальным. Проста так у рукі ня возьмеш, не памацаеш. На нешта такое намякаў і Павал Севярынец у сваім апошнім апавяданьні ў "Нашай Ніве", калі пісаў - лепш Пазьняк у небе... У першыя гады БНФ была спроба зрабіць зь лідэра апазыцыі апостала. Тады ў вершах і ў скульптуры яго параўноўвалі не з жураўлём, а з апосталам. Але Зянон Пазьняк так і ня стаў маральным ідэалам. Нават выехаўшы ў Амэрыку, ён ня стаў такім поруч з Барысом Рагулем і Івонкай Сурвілай. Маральным ідэалам стаў яшчэ да выезду Васіль Быкаў, чый аўтарытэт якраз спалучаецца з аўтарытэтам Рады БНР. Вось маральныя арыенціры для сьведамага Беларуса. Пра іх не спрачаюцца, ім вераць. Напэўна яшчэ адна вельмі істотная прычына гэтага і істотнае адрозьненьне і Быкава, і Рады - гэта іхная прыродная неапазыцыйнасьць. Яны ўсё ж нясуць найвялікшую адказнасьць за сваю краіну, што відаць зь іхных словаў і справаў, а не харызму змаганьня, якая разбурае простую лёгіку прычынна-выніковых сувязяў. Побач зь імі наш беларускі лёс разумееш як уласнае жыцьцё, а не як прыдуманую камсьці мастацкую літаратуру.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG