Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Мяжа краіны.


Аўтар і вядучы Сяргей Дубавец, Вільня

Колькі ў Беларусі суседзяў? Якую працягласьць мае мяжа з кожнай краінай суседкай? Ці трэба гэта ведаць? Грамадзтва, якое зусім нядаўна атрымала незалежнасьць і яшчэ не разабралася, быць яму самастойным ці ня быць, якое ўвесь час чуе то пра дэмаркацыю з дэлімітацыяй, то пра знос памежных слупоў, якое сутыкаецца зь візавымі і мытнымі рэжымамі, - ці мусіць яно пачаць мысьліць у катэгорыях аб'ёму свае краіны і той геапалітычнай сытуацыі, у якой краіна апынулася? Нарэшце, Беларусь зьбіраецца ўступіць у саюз зь Югаславіяй - ці значыць гэта, што нашыя дзяржавы маюць агульную мяжу? Магчыма, такія пытаньні ўваходзяць у адукацыйны мінімум дзіцячага садка. Тым ня менш, сёньня мы задалі іх дарослым. Адказы, за рэдкім выключэньнем, былі няслушныя, і што зусім дзіўна - аказалася, на некаторыя пытаньні адказаў увогуле не існуе.

Пры ўсіх зьменах у грамадзкай сьвядомасьці па-ранейшаму пераважае стэрэатып ня дому, ня вуліцы, а Савецкага Саюзу. У той агромністай краіне было надзвычай цяжка ўяўляць сабе ўсіх суседзяў, зь якімі мяжуе шостая частка сушы. Палітычныя вятры па лініі Усход-Захад, гэта значыць, чырвоных і белых, нашых і немцаў цалкам заглушылі геаграфічную прыродную повязь краіны з суседзямі "па вэртыкалі" - з балтамі на поўначы і ўкраінцамі на поўдні. Беларусь, зь якой рэкі расьцякаюцца ўверх і ўніз - у Батлыйскае і Чорнае мора - ужо мела ў сваёй гісторыі прыклад слушнага палітычнага саюзу - Вялікае Княства Літоўскае, якое праіснавала ў згодзе ажно 500 гадоў. З усходу і захаду Беларусь ведала толькі захопы і войны - гарачыя і халодныя. А таксама - неверагодныя прапагандысцкія прыступы з мэтай выцерці з нацыянальнай памяці тыя слаўныя 500 гадоў. Сёньня Беларусь па-ранейшаму перад выбарам. Прынамсі так мусіла б быць. Аднак пасьля апытаньня на вуліцах Менску, якое правёў Севярын Квяткоўскі, выбар падаецца гіпатэтычным. Людзей ня надта цікавіць дзіцячае пытаньне пра тое, з кім мяжуе краіна.

(С.Квяткоўскі)

(С.Дубавец: ) Севярын Квяткоўскі на вуліцах Менску зьвяртаўся да людзей з пытаньнем - якія краіны мажуюць з нашай. Прычыны масавай недасьведчанасьці могуць быць рознымі - тут і выключна спажывецкае стаўленьне да жыцьця, прывінцыялізм і парынутасьць у расейскім інфармацыйным полі, калі ўсе замежныя тэлевізійныя праграмы вяшчаюць з Масквы і больш ніадкуль, і прыглушанае патрыятычнае пачуцьцё. Прэзідэнты Лукашэнка і Ельцын ужо дамовіліся, што беларускія межы будуць таксама і расейскімі і наадварот. Адсюль бярэ пачатак тая абсурдная сытуацыя, пра якую згадаў Севярын Квяткоўскі, калі літовец ня можа разабрацца, з кім усё ж мяжуе ягоная Літва на поўдні - з Расеяй ці зь Беларусяй. Адсюль бярэ працяг савецкі стэрэатып, калі для паспалітага беларуса ягоная краіна проста фізычна не зьмяшчалася ва ўяўленьні, не магла ўвабраць і Памір, і Таймыр, і касьмічную станцыю Мір... Для астатняга сьвету ўяўленьня проста не заставалася.

Зьміцер Бартосік параўноўвае дзяржаўную мяжу зь дзьвярыма, а памежныя дзяржавы - з суседзямі на лесьвічнай клетцы.

(З.Бартосік: ) "Ня так даўно я зарабляў сабе на хлеб уласнымi рукамi - разам з параю сябрукоў умацоўваў дзьвярныя скрынi з дапамогай жалезных штыроў i пэрфаратара. Галоўная задача гэтага занятку, як і любой халтуры, заключалася ня ў якасьці працы, а ў колькасьці клiентаў. I колькасьць гэтая залежала, у першую чаргу, ад нашага ўменьня працаваць языкамi. Паспрабуйце даказаць бабулi за кардоннымi дзьвярыма, выгляд якіх за сто гадоў не спакусiў нiводнага злодзея, што якраз ЦЯПЕР i настаў час для ўмацоўваньня крэпасьцi. ЦЯПЕР, калі разам з цэнамi расьце крывая кватэрных крадзяжоў. Пасьля бабульчынай згоды i пяцi хвiлiнаў працы ўсе былі задаволеныя. У сьцяну забiты штыр, якi перажыве праўнукаў гаспадыні, а ў тваёй кiшэнi застаецца траціна яе пэнсii.

Усім было зразумела, што штыры ў сьцяне не дададуць бабульцы анiчога, акрамя хвiлiнавай радасьцi й згубы нялiшняй капейкi. Вось толькi абмінуць бабульку нiяк нельга. Таму што менавiта яна становіцца тваiм саюзьнiкам на ўвесь працоўны вечар. Напэўна, не жадаючы заставацца ў самотных дурнiцах, яна пачынае шумную агiтацыю сярод суседзяў. I вось на роў твайго пэрфаратара зьбягаецца ледзь ня цэлы пад'езд. I дзякуючы хвалi, што падняла тая першая бабуля, цябе ўжо чакае чарга.

За ўвесь свой пэрфаратарны пэрыяд жыцьця я ўмацаваў ня менш за тры тысячы дзьвярных скрыняў. I па маiх падлiках, можа якой пары соцень людзей гэта было насамрэч неабходна. Астатнiя рабiлi гэта iнстынктыўна. Каб цаною ў тры даляры не выглядаць горш за суседзяў. Умацоўвалi свае сьмярдзючыя жылiшчы нават самыя апошнія алкашы. Ня йначай, дзеля адной толькі фразы: "Хазяiн, прынiмай работу". Гэтым зваротам - хазяiн - мы давалi iм магчымасьць хоць на хвiлiну запаважаць самiх сябе.

Але былi такiя дзьверы, куды мы са сваiмi штырамi ня совалiся. Гаспадары гэтых дзьвярэй моўчкi праходзiлi паўз нашыя раскладзеныя прылады, толькi кiнуўшы высакамерны пагляд на
нашыя стараньнi. Iх дзьверы, зробленыя зь якаснай сталi, напоўненыя, на выпадак выбуху, бэтонам, з густам аздобленыя шпонам, насiлi гордую прыстаўку "эўра".

"Эх, нам усё роўна да эўрадзьвярэй не дажыць, украпляйце сваiмi штырамi"...

Ужо тры гады мой пэрфаратар не палохае дзетак беларусаў. А гэтая мудрая фраза згадваецца да сёньня. Асаблiва пры поглядзе на мапу Ўсходняй Эўропы. Хутка ўжо чатыры эўрадзьверы, наглуха задраеных для бамжоў, паўстануць на нашай пляцоўцы. А мы ўсё мiлуемся на свой аднойчы забiты штыр, ды ломiмся з агiтацыяй ў самы загаджаны тамбур. Дзе нас не аклiчуць "хазяiнам".

Але я ведаю - як бы, на першы погляд, мёртва штыр нi зайшоў у бэтон, яму й там не пазьбегнуць карозii. А эўрадзьверы сапраўды лепш. Паглядзiце, амаль усе суседзi паставiлi".

(С.Дубавец: ) Праблема ў тым, што стальныя эўрадзьверы, пра якія згадаў Зьміцер Бартосік, нашыя суседзі паставілі ад нас. Бо з нашага боку чакаюць выбухаў і пажараў. І калі Лукашэнка гаворыць, што Расея надзейна прыкрытая жывым беларускім шчытом, я думаю пра нашмат больш цывілізаваную Эўропу, якая не прыкрытая намі менавіта ад Расеі зь яе небясьпекаю развалу і краху як апошняй імпэрыі. Гэта ўжо не геаграфія, а паліталёгія. Аднак мяне не пакідае адчуваньне, што й яна паводле лёгікі - на ўзроўні дзіцячага саду. Нешта зламалася ў паспалітай сьвядомасьці менавіта на гэтым узроўні. Ня хочам ведаць. Вось чаму так захацелася памераць нашыя межы.

Сяргей Харэўскі высьвятляў іх дакладны кілямэтраж. Гэтая справа заняла ў яго цэлы тыдзень. Аднак нельга сказаць, што вынік задаволіў цалкам.

(С.Харэўскі: ) "Суседзяў не выбiраюць..." Звыклае выслоўе набывае фатальны сэнс, калi гаворка ідзе пра суседнiя краiны. Як далёка можна зайсьцi ў манiпуляцыі геаграфiчнымi паняткамi, відаць на прыкладзе iмпартаванага з Расеi выразу "блiзкае замежжа", якiм пазначаная постсавецкая прастора. Атрымлiваецца, што для беларуса Таджыкiстан гэта "блiзкае замежжа", а Польшча - "далёкае". Пасьля гэтага ўжо няцяжка пераканаць у тым, што наш сусед - Югаславія, якая ляжыць аж за трыма межамi на поўдзень ад Беларусі.

…У Вячаслава Адамчыка ў кнiзе "Чужая бацькаўшчына" ёсьць эпізод пра тое, як заходнебеларускiя сяляне чытаюць газэту. "Iталiя захапiла Албанiю, вайна будзе". "А дзе тая Албанія, да нас можа й ня дойдзе". Наіўна, але слушна: Балканы – гэта вельмi далёка. I сёньня блiжэй яны ня сталi…

Далейшаю стала Латвiя. Яна нам "больш не сусед", бо iмкнецца ў ЭС i НАТА. Мiж тым, кавалак нашае мяжы з Латвiяй, у Верхнядзьвiнскiм раёне - самы стары з усiх нашых межаў, усталяваны яшчэ ў 1924 годзе. З Латвiяй суседзяць яшчэ два раёны Беларусi: Браслаўскi і Мёрскi. Але нiхто пэўна не адкажа, колькi ж кiлямэтраў цягнецца гэтая самая старая зь беларускіх межаў. Янка Запруднiк у сваiм "Гiстарычным слоўнiку Беларусi", якi нядаўна выйшаў у Лёндане, скарыстаўся афіцыйнымі зьвесткамі беларускага Ўпраўленьня гэадэзіі й картаграфіі, і падае лiчбу ў 143 км. На розных сайтах у Iнтэрнэце фiгуруе лiчба 141 кiлямэтар, а на запыт у Латвiйскім пасольстве ў Менску мне назвалі лічбу 157... Розьнiца нiбыта нязначная, аднак...

Разнабой у зьвестках пра кілямэтраж назіраецца і з усімі астатнімі беларускімі межамі. Пра Літву ўпраўленьне гэадэзіі й картаграфіі падае лiчбу 462 кiлямэтры. У iнтэрнэтаўскiх даведнiках - 502. Дзяржаўны лiтоўскi сайт называе 724 км. А прадстаўнік Лiтоўскага пасольства ў Менску - 650.

Ну, няхай не пералiчылi пакуль дэмаркацыю зь Лiтвою. А што ж з Польшчай, мяжу зь якой, калi верыць паданьням, пад лінарку правёў Сталiн? Гэта, мiж iншым, самая "маладая" мяжа
Беларусi, вызначаная толькi ў верасьнi 1944 году. Дык вось жа i тут, зь нядаўняй мяжой СССР, пэўнасьцi няма. У беларускіх картографаў, як і ў ангельскiм слоўнiку Запруднiка падаецца лiчба 399 кiлямэтраў. У Iнтэрнэце гэтая лiчба павялiчваецца ледзь не ўдвая, да 605 кiлямэтраў! Давялося затэлефанаваць у Варшаву, у дзяржаўны Дэпартамэнт статыстыкi, дзе мне прапанавалi iншую, ужо трэцюю лiчбу - 416 кiлямэтраў.

Лiшне казаць, што мяжа з Украiнаю, па палескiх лясох ды балотах, наогул няпэўная. У афіцыйных беларускіх крыніцах яна складае 975 кiлямэтраў. Iнтэрнэтныя даведкi падаюць лiчбу 891. Затое вайсковы аташэ Ўкраiны ў Менску заявiў, што яны сыходзяць зь лiчбы 1037 кiлямэтраў.

Пры ўсёй заблытанасьці самай даўжэзнай застаецца наша мяжа з Расеяй. Паводле Ўпраўленьня гэадэзіі й картаграфіі яна цягнецца на 990 кiлямэтраў. Калi верыць Iнтэрнэту, расейская мяжа ў нас нават меншая - 959 кiлямэтраў. А вось жа прадстаўнiк вайсковага аташэ з расейскае амбасады ў Менску запэўнiў, што яны ў разьлiках кіруюцца лiчбаю 1239 кiлямэтраў.

Беларускія картаграфія й статыстыка не карэктаваліся з савецкіх часоў, таму афіцыйныя зьвесткі насамрэч хібныя. За апошнія гады адбываліся новыя дэмаркацыі межаў новых дзяржаваў. Марна шукаць дакладную iнфармацыю пра межы Беларусi ў беларускiх энцыкляпэдыях. Яе там няма... У СССР яна была "сакрэтнай" і дадаткова скажалася, каб яе ня ведалі "ворагі", а ў РБ да гэтага не даходзяць рукі. Сёньня нашыя межы за нас вызначаюць суседзi".

(С.Дубавец: ) Такім чынам, Сяргей Харэўскі высьветліў, што зьвесткі пра даўжыню дзяржаўных беларускіх межаў з розных крыніцаў розныя і таму не выклікаюць даверу. Што гэта значыць? Што мы ня толькі ня хочам ведаць межы свае краіны, але й ня можам іх ведаць. А гэта, у сваю чаргу, тоеснае іх адсутнасьці. Межаў няма. Дакладней, іх няма як фактару, зь якім трэба лічыцца.

Між іншым, неабвержнае патрабаваньне непарушнасьці межаў, якое падпісаў у Хельсынкі яшчэ Брэжнеў і якое недзе ў 80-я гады паўтаралася на ўсіх узроўнях быццам нешта ледзь не сакральнае, на нашых вачах было праігнараванае і ня раз. Самым яскравым пракладам стала аб'яднаньне Нямеччыны. Слушна, вонкавыя межы засталіся нязьменнымі. Гэтаксама, як і ў выпадку зь Югаславіяй. Але. Ці заўважылі вы, як пры гэтым пытаньне непарушнасьці межаў нібы апускалася. Сёньня яно стаіць толькі ў дыпляматычных асяродках. Дзеля шырокае грамадзкасьці акцэентаваць яго або стаміліся, або ня лічаць патрэбным. Што будзе далей? У кожным разе, мы маем справу з эвалюцыяй уяўленьняў.

Не хачу рабіць змрочных высноваў, але непарушныя межы выступаюць як фактары стабільнасьці і калі іх недаацэньваюць, тады пачынаюць перамалёўваць, перасоўваючы спачатку ва ўяўленьні, а пасьля і ў рэчаіснасьці. Недаацэнка межаў становіцца часткаю ў дысгармоніі прадчуваньня вайны. Сёньняшні союз зь Югаславіяй і Расеяй, дзе ідуць або ўвесь час здараюцца войны нібы магнэсам выцягвае з нас гэтае прадчуваньне.

Каб зразумець прыроду няведаньня, недаверу і нежаданьня ведаць, я прыгадаў рэфэрэндум, на якім беларускі народ адмовіўся ведаць бюджэт краіны. Чаму? Па-першае, усё адно ня скажуць праўды, па-другое - не сваё. Мяжа ў прынцыпе і важная, калі яна пазначае ўласнасьць. Згадайце ўсю клясычную беларускую літаратуру, дзе слова мяжа - гэта яшчэ не дзяржаўная мяжа, а граніца твайго кавалку зямлі. Або вазьміце сёньняшняга дачніка, які б ня ведаў межаў сваіх шасьці сотак. Нерэальна, праўда? Тое самае адбываецца і з краінай. Людзі, якія нібыта ўзялі на сябе адказнасьць за яе - дзяржаўны апарат - не разглядаюць яе як сваю ўласнасьць і таму ня ведаюць яе межаў. Робіцца зразумелым іхны інтэграцыйны экстаз, у якім яны імкнуцца далучыць Беларусь да Расеі, каб ужо там мысьліць сабе тэрыторыю ад Буга да Курыл. А нашае просьценькае пытаньне тут як лякмусавая паперка. Здаецца, толькі пашыр у краіне гэткае веданьне і меншай стане пагроза незалежнасьці.

А пакуль адказ на пытаньне для беларускага дзіцячага садка выглядае няпэўна. Роўна настолькі, наколькі гэтая няпэўнасьць прыймальная для палітыкаў і мінакоў зь менскіх вуліц, яна непрыймальная для культурнага кантэксту. Краіна, воляю лёсу пасаджаная на ростанях эўрапейскіх дарог, якая пазначае сабою глябальныя межы Эўропы з Азіяй, паўночнай і паўднёвай эўрапейскіх культураў, мусіла б чэрпаць і чэрпаць са сваёй падлучанасьці да такіх розных культураў як украінская, літоўская, польская, расейская. А гэтае спрадвечнае перамалёўваньне беларускіх межаў, калі адразалі і прыразалі, калі разразалі Беларусь на часткі.

І тут варта да палітычнага і культурнага дадаць яшчэ адзін аспэкт. Гістарычны. У адрозьненьне ад усіх сваіх суседзяў Беларусь на кожнай мяжы мае страты этнічнае тэрыторыі. Пераедзьце зь Віцебшчыны на Смаленшчыну або ў Латгалію, з Астравеччыны на Віленшчыну, з Горадні ў Беласток, з Гомеля на Чарнігаўшчыну, вы не заўважыце розьніцы ў выглядзе людзей, іх традыцыях і мове. У гэтым сэнсе Беларусь паўсюль мяжуе сама з сабой. І мяжа ў кожным выпадку праведзеная па жывым целе аднаго народа. Мяжа - як рана. Ці варта казаць, якое значэньне набывае кожны сантымэтар гэтага парэзу, ня кажучы ўжо пра кілямэтры і пералік краінаў, зь якімі мяжуе Беларусь.


XS
SM
MD
LG