Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нашы жыцьцёвыя арыенціры.


Аўтар і вядучы Сяргей Дубавец, Вільня

Усё пачынаецца зь перайманьня чыіхсьці рухаў, словаў, манераў. І вось ужо па гэтым пазнаюць нас саміх. Не заўважыўшы, мы пераймаем таксама і штосьці неўсьвядомленае, патаемнае і такім чынам фармуемся як асобы. Скажы мне, хто твой сябра, настаўнік, прадмет пераемнасьці, і я скажу табе, хто ты. У сёньняшняй перадачы мы працягнем гутарку пра жыцьцёвыя арыенціры. У мінулы раз мы гаварылі пра тое, што чалавек верыць ня розумам, а душою, што пачуцьці Свабоды, Праўды і самога сябе рэальныя, калі яны не ўсьвядомленыя, а патаемныя і што перадаецца патаемнае не праз адкрытыя выхавальніцкія натацыі, а найчасьцей праз асабісты прыклад.

Таксама ў мінулай перадачы нарадзілася спакуса выкарыстаць гэты мэханізм дзеля высьвятленьня будучыні нашае нацыі і краіны, нашага культурнага кантэксту. Каго ўважаюць за жыцьцёвы арыенцір тыя людзі, якія пачуваюць у сабе адказнасьць за Беларусь? У выніку мы мусім атрымаць адказ на пытаньне - куды, па вялікім рахунку, сьветлыя галовы нацыі ня сёньня дык заўтра з'арыентуюць ня толькі сваё, але й наша з вамі жыцьцё.

Паслухаем гэтае апытаньне крыху пазьней, а пакуль зусім дарэчы будзе абгрунтаваньне жыцьцёвага арынціру, якое зрабіў Сяржук Сокалаў-Воюш. Ты мусіш сам імкнуцца стаць арыенцірам для іншых, - кажа ён.

(С.Сокалаў-Воюш)

Так мяркуе Сяржук Сокалаў-Воюш. У ягоным разуменьні існуе прынцыповы ўзроставы бар'ер стаўленьня чалавека да ідэалу. І цяпер самы час даведацца, на каго альбо што арыентуюцца людзі, якія самі ўжо сталі прызнанымі арыенцірамі для іншых. Тэму працягвае Севярын Квяткоўскі.

(С.Квяткоўскі: ) "На каго ці на што арыентуюцца ў жыцьці сёньняшнія беларускія адраджэнцы? З гэтымі пытаньнямі я зьвярнуўся да асобаў, якія стаялі ля вытокаў цяперашняй незалежнасьці краіны.

Рэдактар прафсаюзнай газэты "Рабочий" Віктар Івашкевіч паміж словамі «адраджэнец» і «нацыяналіст» ставіць знак роўнасьці. Ён лічыць, што для сапраўднага адраджэнца галоўнае, каб была дзяржава. Форма будаваньня гэтае дзяржавы – пытаньне не ідэалягічнае, а тэхналягічнае. У прыклад Івашкевіч прыводзіць чыннасьць Юзэфа Пілсудзкага:

- Пілсудзкі ў сваёй дзейнасьці закумуляваў усе шляхі пабудовы незалежнай дзяржавы. Пілсудзкі быў сацыяліст, узначальваў легіёны, наладзіў вельмі добрыя кантакты з польскай буржуазіяй. Усё гэта ён рабіў не дзеля сацыялізму, не дзеля буржуазіі, а дзеля незалежнасьці Польшчы... Зараз праблема ў тым, каб адраджэнцы навучыліся ня толькі вершы складаць, але працаваць па пабудове дзяржавы.

Лідэр Маладога Фронту Павал Севярынец арыентуецца на асобу Зянона Пазьняка:

- Зянон Пазьняк. Гэта крышталь беларускага нацыяналізму. Я не магу настолькі пранізьліва ставіць пэрсанальныя і нацыянальныя пытаньні, як гэта робіць Пазьняк. Ён гэта робіць бязь ценю сумненьня, як і належыць прароку.

Кіраўнік праваабарончай арганізацыі «Вясна-96» Алесь Бяляцкі ў сваёй чыннасьці «мадэрнізаваўся разам з усім сьветам». Ён зарыентаваны на аб'яднаную Эўропу, цытую - «аб якой яшчэ пятнаццаць гадоў немагчыма было марыць».

Беларускі Гуманітарна-Адукацыйны Ліцэй традыцыйна ўважаецца за кузьню кадраў Адраджэньня. Але дырэктар Ліцэю Ўладзімер Колас пазьбягае ўжываць слова «адраджэньне»:

- Па-шчырасьці, мне па-просту надакучыла гэтае слова. Для мяне яно асацыюецца з пэўнымі няспраўджанымі спадзяваньнямі. Я ўвогуле рацыянальна падыходжу да гэтага пытаньня. Для мяне перад усім – нармалізацыя нашае сытуацыі. Выздараўленьне, агульнае. Арыентыр – нармальны чалавечы матэрыял: людзі, пазбаўленыя нейкіх хібаў у мэнтальнасьці, у сьветаўспрыманьні.

Называць канкрэтныя імёны Ўладзімер Колас ня стаў.

А вось выканаўца абавязкаў старшыні БНФ Лявон Баршчэўскі ва ўласнай грамадзкай дзейнасьці кіруецца прынцыпамі, якія сьцьвердзіў у свой час Леў Сапега:

- Ён паказаў, што ніякае начальства ня можна ставіць па-над законам. Гэтую думку ў нас і сёньня большасьць насельніцтва не ўспрыняла.

Мастак Аляксей Марачкін арыентуецца на новага беларуса, які зьявіўся за часы найноўшага Адраджэньня. Гэта чалавек, які «на бытавым узроўні гаворыць па-беларуску, мае выкшталцоныя паводзіны, і імкнецца спазнаць гісторыю і культуру свайго народу». А таксама, гэта чалавек-змагар, як, напрыклад, Язэп Драздовіч:

- Язэп Драздовіч – чалавек, які сваім жыцьцём ахвяраваў дзеля радзімы, дзеля людзей.

Гісторык Міхась Чарняўскі таксама ўсё жыцьцё арыентуецца на чыннасьць людзей-змагароў. Спадар Чарняўскі прыгадвае, што найпершы ўрок адраджэнства ён атрымаў у 1950 годзе, калі за заклікі да незалежнасьці Беларусі былі расстраляныя ягоныя старэйшыя школьныя сябры:

- Падпольшчыкі мядзельскія паўплывалі на мяне вельмі моцна. Для мяне ідэал у сёньняшнім адраджэньні - гэта моладзь. Але моладзі прыйдзецца вельмі цяжка, таму што гэты рэжым ужо нельга зьмяніць дэмакратычным шляхам".

(С.Дубавец: ) Севярын Квяткоўскі зьвярнуўся да вядомых беларускіх адраджэнцаў з пытаньнем пра тое, на каго яны арыентуюцца ў жыцьці. У выніку атрымаўся наступны пантэон: Юзэф Пілсудзкі, Зянон Пазьняк, Леў Сапега, Язэп Драздовіч, мядзельскія паваенныя падпольшчыкі... Вельмі цяжка знайсьці рацыянальныя матывацыі гэтых ідэалаў. Найперш гэта рэальныя людзі і лёгіка падказвае шукаць працяг - а на каго, у сваю чаргу арыентаваліся яны? Напрыклад, Леў Сапега ці Юзэф Пілсудзкі? Што лучыць гэтых кіраўнікоў дзяржавы і вечнага вандроўніка мастака Язэпа Драздовіча, акрамя нашае пашаны? Іх лучыць рамантычны арэол і героіка, якімі асьвечаныя іхныя вобразы. А гэта значыць, што іхны прыклад нельга назваць жыцьцёвай праграмай тых, хто на іх з'арыентаваны. Хіба беларускае адраджэньне ўсё яшчэ ня вырасла з свайго рамантычнага маленства? Выглядае што так. У гэтым сэнсе думка, якую выказаў Сокалаў-Воюш, выглядае нашмат больш прагматычнай. Магчыма, розніца ў тым, што Сокалаў-Воюш жыве ў Празе і штодня назірае зусім іншую рэальнасьць, чым апытаныя намі беларускія адраджэнцы, якія жывуць у Менску, у спыненай рэальнасьці позьнесацыялістычнага застою.

Рамантызм добры, пакуль не прыйшла сталасьць. Тады ён ператвараецца ў інфантылізм. Зь іншага боку, хіба заганная справа, калі чалавек з маладосьці і да канца дзён захоўвае вернасьць абранаму арыенціру? Урэшце гэтаксама выглядае і выбар веры, а гэта толькі ўмацоўвае чалавека духоўна і пасяляе ў ім надзею. Ён пачуваецца як бы створаным з аднаго матэрыялу раз і назаўсёды. І гэта зусім ня той выпадак, калі чалавек зьмяняецца ў залежнасьці ад вонкавых пераменаў аж да самага мозгу костак.

Верагодна, што яшчэ ў большай ступені гэтая выснова тычыцца нацыі, якая мусіць захоўваць сваё аблічча і сярод іншых і ў зьменлівым часе. Культавыя постаці найперш уплываюць на еднасьць людзей у цяжкія хвіліны і на выхаваньне дзяцей, іх ідэнтыфікацыю сябе як беларусаў.

За савецкім часам гэтыя культавыя постаці аж перанасялялі школьныя падручнікі. І тут гутарка ідзе найперш пра ўрокі расейскае літаратуры. А вось ці прапаноўвала калі-небудзь мэханізм пераемнасьці і жыцьцёвыя арыенціры літаратура беларуская. Проста літаратура, а ня тая, што служыла ідэалёгіі. І ня тая, што бясконца аплаквала цяжкую долю беларускага мужыка, народа і ягонай мовы. Пра ўласны досьвед у гэтай справе згадвае Зьміцер Бартосік.

(З.Бартосік: ) "Колькi гадоў таму, калi я ўстаў пад бел-чырвона-белыя сьцягi, адзiн нацыяналiст азадачыў мяне просьценькiм пытаньнем: "А якi твой улюбёны беларускi лiтаратурны герой?" "Мiколка-паравоз", - аджартаваўся я. Але ўсё ж наважыўся тэрмiнова й дэталёва пазнаёмiцца з тым, ад чаго мяне на працягу майго школьнага навучаньня так доўга вызвалялі - з тоўстымi кiжкамi на беларускай мове.

Я менавiта так i сказаў зьбянтэжанай бiблiятэкарцы: "Дайце мне тры самыя тоўстыя кнiжкi на беларускай мове". Замова была задаволеная хутка. Праз пару хвiлiнаў бiблiятэкарка вынесла мне "На ростанях" Коласа, "Каласы пад сярпом тваiм" Караткевiча i "Палескую хронiку" Мележа. Таўшчынёю тамоў я застаўся задаволены.

Першым на маiм шляху зьявiўся вясковы настаўнiк Лабановiч. Непiтушчы сацыялiст з арыентацыяй на Расею. Чалавек даволi сумны, часам нават занудны. Але згадваю яго толькi добрымi словамi. Менавiта ён навучыў мяне сваёй мове, зрабiў завочную экскурсію ў Пiшчалаўскi замак - цяперашнюю Валадарку i паказаў шлях да Вiльнi. На гэтым мы й разьвiталiся.

Наступны герой, вельмi малады, празрыстай душы чалавек, якi, нiбы Магелан, адкрыў сваю краiну ды вырашыў стаяць за яе насьмерць, падаў мне iншы ўрок. Слова "Беларусь" у яго арганiчна спалучалася з залiтай сьвятлом жырандоляў заляй родавага палаца, кiнутай у твар пальчаткай, разьлiтай па шляхетным навакольлi шчымлiвай мэлёдыяй разьвітаньня з радзiмай. Але, на жаль, я безнадзейна перарос маладога пана Загорскага ў цынiзме.

Але тое, што Беларусь - гэта яшчэ й беспраглядьдзе надзеяў i безвыходнасьць лёсаў, на ўсю поўнiцу даў мне адчуць аўтар трэцяй тоўстай кнiжкi. Якую я адкладаў на пасьля, напалоханы ленiнскiм ляўрэацтвам пісьменьніка. Толькi, як высьветлiлася, дарэмна. Гiсторыя закiнутай у балотах палескай вёскi Куранi чыталася мною з iмпэтам паглынальнiка дэтэктываў.

Пасьля я ня раз бываў у знаёмых мясьцiнах. На некалi вiрлiвым пляцы мястэчка Юравiчы перад велiчнымi руiнамi езуiцкага калегiюму лянiва апахмялялiся ўнукi Васiля Дзятла. На Берасьцейшыне, у размаляванай мацюкамi залi аднаго з закiнутых шляхецкiх палацаў, тры яснавокiя хлапчукі мiрна рэзалiся ў буру. Нязьменнай засталася толькi Вiльня.

На старое ж пытаньне я адказваю па-ранейшаму: "Мiколка-паравоз" мой любiмы герой. Я нiколi не прачытаю аднайменную кнiжку. Але езьдзiць на паравозе люблю. Асаблiва да Вiльнi".

(С.Дубавец: ) Зьміцер Бартосік лічыць, што пытаньне пра любімага літаратурнага героя - надуманае. Гэтым самым ён аспрэчвае пашыраны стэрэатып пра ідэалы, на якіх дзеці мусяць вучыцца ў кнігах. Магчыма, прычына ў тым, што сам Зьміцер ужо вырас са школьнага веку.

За савецкім часам людзям прапаноўвалася надзіва шмат ідэальных прыкладаў. Ад Марата да Чэ Гевары, ад П'ера Бязухава да Паўкі Карчагіна, ад Гарыбальдзі да Дзяржынскага. Памятаеце: "делать жизнь с кого? С товарища Дзержинского". Леніна прапаноўвалі таксама, але ня так адкрыта. Гэты пэрсанаж выстаўляўся ў ролі Бога-бацькі. Вось яшчэ малады Маркс ад вашай пераемнасьці хіба не круціўся б у дамавіне. А Ленін быў у прынцыпе боствам бесьцялесным, чыстым розумам камунізму. Прычым накачка народа ідэальнымі пэрсанажамі была ўзьведзеная ў ровень дзяржаўнай палітыкі.

Сяргей Харэўскі бачыць ідэальны прадмет для пераемнасьці толькі ў дзяцінстве. Дарослыя, калі й арыентуюцца, дык толькі на жывых.

(С.Харэўскі: ) "У год, калі памёр Сталiн, мой бацька стаў у сваёй вясковай школе старшынём камсамолу. У той час ён быў захоплены Кастусём Калiноўскім i паклаў нямала намаганьняў, каб школе надалi iмя слыннага паўстанца. Канстанцiн Вiкенці Калiноўскi ўяўляўся яму тады хлопцам у сялянскай сьвiтцы, рыхтык як на палотнах Гугеля й Кудрэвiч, дзе ён ачольвае сярмяжнае сялянскае войска. Юначы iмпэт, аднак, ня быў ухвалены ў вышэйшых iнстанцыях, хоць бацькава школа й выбiлася ва ўзорна-паказальныя. Грамату далi. Пра Калiноўскага параiлi не шумець. Недзе тады ў юначых душах i былi пасеяныя зярняты нязгоды i прынцыповае беларушчыны.

... Iдэалы-пэрсаналii - усё ж справа ўзроставая. I я быў у дзяцiнстве неарыгiнальны, калi марыў быць мараком, геолягам i лётчыкам. Тады для мяне iдэаламi былi пэрсанажы Стывэнсана, Вэрна i Сабацiнi. Праўда, невядома адкуль, праклюнулася і любоў да каўкаcкiх
гeрояў з расейскае лiтаратуры. Я вельмi шанаваў Шамiля, чым зьдзiвiў настаўнiцу тае самае лiтаратуры. Гэтак i напiсаў у сачыненьнi, што мае iдэалы - гэта Спартак, якi ваяваў з Рымам
i Шамiль, якi ваяваў з Расеяй. Савецкая школа ў БССР спараджала i такiя гiбрыды. Бракавала толькi беларускага кампанэнту. Калi ж па праграме дайшлi да Калiноўскага, дык я "адхiнуў усе сумненьнi разам". Натуральна, маё захапленьне, па сямейнай традыцыi, было бязьмежным. Калi ж я перажыў i ўзрост Калiноўскага, дык узораў для перайманьня й шанаваньня стала меней...

Сталеючы, людзі разумеюць, што гeроі кніг і кіно - гэта мастацтва. Толькі мастацтва... і пакрысе забываюцца на мушкецёраў, індзейцаў ды палярнікаў. Шукаюць узораў сярод жывых. Аднак, ідэал - недасяжны. І ў наблiжэньнi многiя кумiры могуць аказацца ня гэткiмi, якiмi нам iх малюе нашае ўяўленьне. Чытаючы кнігі Караткевіча, я ўяўляў яго калі ня Чорным Войнам, дык прынамсі Андрэем Беларэцкім. Мне пашчасьціла пазнаёміцца зь ім асабіста. Я не расчараваўся. Проста раз і назаўсёды пераканаўся ў тым, што творца й ягоная торчасьць ня тоесныя.

Аўтарытэтам для мяне ёсьць асобы, якіх я ведаю асабіста і якія мяне не расчаравалі на працягу нашага знаёмства. Асобы, якія мяне здзіўляюць. Мяне зьдзіўляе папа Ян Павал ІІ, які кожны дзень прамаўляе да людзтва, заклікаючы быць людчэйшымі, і, сярод бальканскае куламесы не шукае "сваіх" і "чужых", каб нешта зьмяніць у нашых душах. Мяне зьдзіўляе Васіль Быкаў, які па-ранейшаму піша добрую літаратуру і не мяняе сваіх прынцыпаў, каб нешта зьмяніць у людзкіх галовах. Мяне зьдзіўляе мой бацька, які штодзённа ходзіць настаўнічаць за мізэрныя грошы, каб штосьці зьмяніць ва ўяўленьнях студэнтаў і па-ранейшаму шануе Кастуся Каліноўскага... Асобы, якія добра робяць сваю справу".

(С.Дубавец: ) У Сяргея Харэўскага дзіцячае імкненьне адпавядаць ідэалу ператварылася з гадамі ў зьдзіўленьне.

Такім чынам мы разгледзелі розныя думкі наконт ідэалаў. На маё меркаваньне, яны ўсе правамерныя і ўсе дастаткова пашыраныя ў грамадзтве. Частка людзей абавязкова арыентуецца на каго-небудзь. У Беларусі гэтая арыентацыя найчасьцей агучваецца кіраўніком краіны. Вось Лукашэнка - гэта Машэраў сёньня. Праўда, цяжка ўявіць, навошта сёньня Машэраў, калі і ў часы Машэрава краіна не зазнала ані эканамічнага, ані маральнага і культурнага росквіту. Але такі ідэал, зноў жа, для пэўнай групы людзей.

Бясспрэчна, што для ўсіх выразныя ідэалы патрабуюцца ў дзяцінстве. І тут я зноў згадваю словы, якія сказаў сёньня Сокалаў-Воюш - дрэва арыентуецца на вокны, страху і комін дому, пакуль урэшце не вырастае і само ня робіцца арыенцірам. Дык на чым сёньня вырастаюць беларускія дзеці?

Адказаў, відавочна, можа быць шмат. І ўсе яны будуць сьведчыць пра тое, што беларусы свой падлесак менавіта як нацыя не даглядаюць. Няма нават таго культу, які назіраўся ў савецкія часы з кнігамі Караткевіча. Прычына гэтага зразумелая - яна ў незацікаўленай дзяржаўнай палітыцы і невыразнай дзейнасьці апазыцыі. А калі гаварыць не пра нацыянальныя, а пра агульначалавечыя арыенціры - што мы пабачым тут?

Дзеля цікавасьці я стаў шукаць у сусьветным павучыньні, каго прапануюць і абіраюць у якасьці прыкладу для перайманьня на Захадзе. І сустрэў там ляльку Барбі, Элвіса Прэсьлі і Ісуса Хрыста. Так бы мовіць, на розныя катэгорыі і ўзрост насельніцтва. І вось што падумалася - у якасьці высновы да сёньняшняе перадачы. Нашы адраджэнцы таксама гавораць пра хрысьціянства, але наўпрост назваць Хрыста жыцьцёвым арыенцірам не наважваюцца. Тут яшчэ існуе важны бар'ер на пераходзе ад бязьвер'я да веры, ад калектыўнага да індывідуальнага, ад залежнасьці да самастойнасьці. Словам, ад гульні ў жыцьцё да ўласна жыцьця.



Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG