Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускае патаемнае.


Аўтар і вядучы Сяргей Дубавец, Вільня

Напэўна ёсьць заканамернасьць у тым, што, гаворачы зь перадачы ў перадачу пра кантэкст, мы міжволі падступаемся да мяжы ўсьвядомленага і патаемнага. Што аб'ядноўвае беларусаў, у чым наша праўда, нашыя філіі і фобіі... Раскрыцьцё кожнае тэмы ўрэшце ўпіраецца ў нешта сакральнае - калі сэнсы перастаюць разумецца, а могуць толькі адчувацца ў глыбіні душы. Гэта ўжо тая сфэра, дзе пануе не навука, а рэлігія. Пашыранае меркаваньне пра нерэлігійнасьць беларусаў ідэнтычнае думцы пра тое, што беларусаў мала абыходзіць незалежнасьць іхнае краіны. Іншымі словамі, адносіны да Веры і Свабоды супадаюць. І тут адразу згадваецца адказ на пытаньне - а чаму нашыя суседзі - літоўцы або палякі такія ўпартыя ў адстойваньні свае незалежнасьці? Ды таму, што ў іх ніколі, нават у камуністычныя часы, не перарывалася традыцыя касьцёла. Зь іншага боку атэізм расейцаў і далучаных да іх беларусаў не дапускаў памкненьня да незалежнасьці... У сёньняшні дзень Хрыстовага Ўваскрасеньня перадача "Вострая Брама" прысьвячаецца пытаньню пра наша беларускае патаемнае. Хто ім валодае і якім чынам яно можа перадавацца з пакаленьня ў пакаленьне?

Адзін калега ў адказ на такія мае развагі прывёў у прыклад статыстычна нерэлігійныя нацыі старое Эўропы, накшталт галяндцаў або французаў. Маўляў, працэнт вернікаў там меншы за працэнт нявернікаў і працягвае зьмяншацца. Але зноў жа гутарка ідзе пра патаемнае, а не пра тое, хто кажа, што Бога няма, а хто - што Бог ёсьць, хто ходзіць у царкву, а хто ня ходзіць. Самы зацяты дэкляраваны атэіст можа ў душы сваёй шчыра верыць і наадварот. Тут як у знакамітым эпізодзе з фільма Андрэя Таркоўскага "Сталкер". Памятаеце, як Сталкер тлумачыць, чаму Дзікаабраз павесіўся? Ён у Зону ішоў за брата прасіць, а яго грашыма заваліла. Бо ў зоне толькі самыя патаемныя жаданьні збываюцца. Я думаю, што кожны сучасны галяндзец або француз у працэсе ўзгадаваньня абсалютна нясьведама атрымаў і пачуцьцё Бога, і пачуцьцё Свабоды. У выглядзе таго самага патаемнага жаданьня. І далей, што б ён ні казаў, за каго б ні прасіў, а жыць ён ужо будзе і з Богам, і ў Свабодзе.

Адваротны прыклад прыводзіць наш сталы аўтар Зьміцер Бартосік, які нядаўна вярнуўся з Масквы.

(З.Бартосік: ) "Мы зь iм раўналеткi з розьнiцаю ў адзiн дзень. Нават цёзкi. Нашыя бацькi, старыя сябры са студэнцтва, яшчэ да нашага зьяўленьня на сьвет Божы дамовiлiся назваць нас Мiцямi. Але сябрамi мы так i ня сталi. Ён нарадзiўся карэнным масквiчом, i сымбалем гэтага для мяне была ягоная маскоўская кватэра, абсалютна непадобная на тыя, дзе мне даводзiлася бываць дагэтуль i пасьля. Уся мэбля - ад кухоннага зэдлiка да разнога пiсьмовага стала - была зробленая гаспадаром дому. Такой колькасьцi кнiг я ня бачыў пасьля нi ў адной, адведанай мною кватэры. Шмат таямнiцаў адкрыўлася мне там.

Там, дзе ў дзьвярах можна сутыкнуцца зь якой-небудзь тэлезнакамiтасьцю, дзе няма забароненых тэмаў для размовы, i маса тады яшчэ забароненых выданьняў. Там я ўпершыню
пакаштаваў чырвоную iкру, пачуў запiсы Галiча. "Адзiн дзень Iвана Дзянiсавiча" я прачытаў таксама там. Дарэчы, i праваслаўныя абразы я ўпершыню ўбачыў там. Сваiм наiўным
пытаньнем: "Дзеля чаго дзядзю Алегу гэтыя багi", я выклiкаў нежартоўную спрэчку памiж старымi сябрамi. "Ты рускага чалавека выхоўваеш цi бусурманiна якога?" - крычаў дзядзя
Алег на бацьку, - Калi ня ты, дык я сам яго у Загорск зважу".

Мы паступова сталелi. Да мяне даходзiлi толькi кароткiя зьвесткi пра посьпехi майго маскоўскага цёзкi. Мiцька без праблемаў паступiў у МГУ. Мiцька працуе на нейкiх раскопках у
Валааме. Мiцьку прапануюць працу ў маскоўскiм фiлiяле замежнай юрыдычнай фiрмы. Мiцька купiў новую "Вольва".

Я ня быў у Маскве амаль дзесяць гадоў. I вось з пляшкай беларускай гарэлкi без папярэджаньня паехаў на Гагарынскi пляц.

Дзьверы расчынiлiся. У цемры я не адразу заўважыў, як пастарэў гаспадар майго маскоўскага прыстанку i наколькi зьмянiлася сама кватэра. Дакладней, ад яе не засталося нiчога. Седзячы на незнаёмай блiскучай кухнi, я слухаў сумны расповед некалi жыцьцярадаснага чалавека - сёньня хворага, самотнага ўдаўца, якога некалькi месяцаў таму кiнуў любiмы сын. Усё нагадвала бяздарную, банальную п'есу, напiсаную для заштатнага тэатрыка.

Неўзабаве пасьля сьмерцi жонкi мужа падкошвае iнфаркт. Пакуль ён ляжыць у шпiталi, ягоны сын - новы рускi - цынiчна падшуквае для таты месьцейка ў Доме састарэлых i наводзiць у
доме свой наварускi парадак. Руйнуецца ўсё ад старой мэблi да масьнiчынаў i выкiдаецца на сьметнiк. Старыя фалiянты на шматкi рве вецер пераменаў, спадчынныя фатэлi гнiюць пад
дажджом. Абразы здаюцца ў антыкварыят. За тыдзень у некалi абжытым доме робiцца супэрсучасны й безгустоўны рамонт за 50000 даляраў. Былога гаспадара па вяртаньнi дахаты ледзь не хапае новы iнфаркт. З сынам адбываецца размова з рэплiкамi кшталту: "Навошта я цябе хрысьцiў?", "Ты забыўся, як мы начавалi ў доме Ясенiна?"... Сын сыходзiць, бразнуўшы
браняванымi дзьвярыма. Хворы бацька застаецца ў харомах для Майкла Карлеонэ, з жабрацкай пэнсiяй. Попел танных папiросаў падае ў лазенцы на мармуровую падлогу з падагрэвам. Заслона.

"Няўжо ўсё, што я ўкладваў у яго з маленства, дарэмна?" - пытаўся ў мяне гаспадар. Ды што я мог адказаць? На жаль, цi на шчасьце, але ў банальных расейскiх п'есаў не бывае шчасьлiвага канца. I канец гэтай гiсторыi ўжо маячыць недзе наперадзе".

(С.Дубавец: ) У гісторыі, якую распавёў Зьміцер Бартосік быццам бы і няма беларускага кантэксту, але можна ўлічыць, што менавіта маскоўскія моды й вятры шмат спрычыніліся да фармаваньня нашага сёньняшняга тыпу цывілізацыі. Зрэшты, каб перайсьці да непасрэдна беларускай сытуацыі, зьвернемся да людзей на менскіх вуліцах. Апытаньне правёў Севярын Квяткоўскі.

(С.Квяткоўскі)

З апытаньня, якое на менскіх вуліцах правёў Севярын Квяткоўскі таксама не вынікае, што ў беларусаў пашыраная пераемнасьць патаемных пачуцьцяў - Веры і Свабоды. Выглядае, гэта якраз тое, што ў нашым выпадку найчасьцей выпадае з працэсу ўзгадаваньня. І самае першае, што выпадае - гэта патаемнае пачуцьцё Сябе. Тое самае калектыўнае патаемнае, якое і творыць нацыю. У цэльных і адзіных у сабе народаў гэтае пачуцьцё гадуецца ў сем'ях, у традыцыйным асяродку, у школе, хоць школа пераважна агучвае, г.зн. выкрывае патаемнае, імкнецца зрабіць яго ўсьвядомленым. Глыбіннае ўзгадаваньне тут праходзіць спосабам завучваньня, зазубрываньня, як на ўроках рэлігіі. Але гэта ўсё ж ня тое месца, дзе найперш адбываецца перадача патаемнага.

Найперш - міжчалавечы кантакт. А ў нас наша старэйшае пакаленьне, калі не цярпела ад сталіншчыны, дык часта верна ёй служыла. А сталіншчына вымагала ня толькі ўсьвядомленае, але й патаемнае любові. Ёсьць і такія мэтады ўзгадаваньня, калі ў патаемнае заганяюцца патрэбныя ўладзе пачуцьці. Гэта найперш - панічны страх і вытворнае ад яго пачуцьцё рабскае пакоры. Бадай, няма ў нашай краіне старэйшага чалавека, які б не насіў пад сэрцам хоць крупіцу гэтага страху і пакоры. Людзей іншага кшталту зусім мала, яны, як цяпер модна казаць, на ўзроўні статыстычнае памылкі. Асабіста я згадваю Ларысу Геніюш, прадстаўнікоў маладзёжнага паваеннага руху, Барыса Рагулю. У гутарках зь імі проста фізычна адчуваў прысутнасьць гэтага патаемнага пачуцьця Сябе, Свабоды і Праўды. Розумам гэта ня вытлумачыш - атрымаецца набор банальнасьцяў. Магчыма, адзіны спосаб пераемнасьці патаемнага - гэта глядзець і імкнуцца быць такім як яны. Складаная мэханіка патрабуе, як і ўсё геніяльнае, вельмі простага мэтаду. Але на гэтым прастата сканчаецца.

Ад каго звычайна перадаецца пачуцьцё Веры? Сяргей Харэўскі прыгадвае свой уласны досьвед:

(С.Харэўскі)

Гэта быў Сяргей Харэўскі. Літаратар і выдавец часопіса АРХЭ Андрэй Дынько паспрабаваў праз уласную сям'ю ўбачыць гістарычныя карані беларускага рэлігійнага нігілізму.

(А.Дынько: ) "Наша сям'я сьвяткуе два Вялікадні і два Нараджэньні Хрыстовыя. Рэч у тым, што бацька ў нас з уніятаў, а маці - з праваслаўных. Бабуля-ўніятка памірала ў 1973 годзе. "Я вытрывала 30 гадоў і да рускай цэрквы не хадзіла, дык няхай мяне бяз рускага бацюшкі й пахаваюць", - папрасіла яна перад сьмерцю. Чаго каштавала ёй гэтае рашэньне - адмовіцца ад хрысьціянскіх тайніцаў перад сконам. Зацятая. Другая бабуля, праваслаўная, на "вялікія" сьвяты не пускала маю маці і дзядзькоў да школы. Вясковы камуніст даказваў дырэктару: "Валька Карнялюк у панядзелак іграла ў мячык на выгане". Дырэктар прыбягаў да бабы Полькі і крычаў: вас у Сібір трэба, вы проці Савецкай власьці ідзеце!

У Прылуках, у царкве, куды ходзіць мая праваслаўная бабуля, два гады таму, на Вялікдзень упершыню на хросны ход вакол царквы харугвы несьлі жанчыны. Старыя мужчыны паўміралі, а з маладзейшых у царкву толькі тры ходзяць. Сярод іх і той дырэктар школы, што гразіўся Сібірам. Ну, маладзейшыя - гэта па мерках беларускай вёскі маладзейшыя. Былому дырэктару 69.

Беларусь - краіна трыюмфальнага нігілізму. Пераважная маса людзей ня вераць нікому і ні ў што. Ня вераць уладзе, закону, сродкам масавай інфармацыі, інтэлігенцыі, фондам. Ня вераць у магчымасьць нешта зьмяніць, ня вераць у нечыя добрыя намеры, у тое, што нехта жыве і ня крадзе, што можа быць слова, якое не падманвае, што ёсьць краіны, дзе жыцьцё год ад году лепшае. "Нічога няма, і Беларусі няма, і мовы няма, і нічога ня будзе, а каб і зьявілася, дык Расея ня дасьць", - махаюць рукамі вясковыя беларускія нацыяналісты. "Мяне няма", - соладка заплюшчвае вочы сталічны інтэлігент. І выбралі сабе Цэзара-нігіліста, вуснамі якога прамаўляюць пра "ўсё адно падмануць", "за цывілізаваным сьветам ісьці - трэба яшчэ паглядзець, дзе цывілізаваны сьвет", "абы была чарка і скварка", "зачэм нам эта мова", "зачэм нам эці выбары". Ня вераць яны ні ў Бога, ні ў чорта, п'юць і на Каляды, і на Дзень Волі, і на дзень дэсантніка. У іх вачах - цёмная прорва, на вуснах - вечнае "не хер нам рабіць". Адкуль гэты пераможны панк?

У ХVII cт. сілком - з ганьбай і гвалтам, з забаронамі купляць "рускія" кнігі, запячатваньнем цэркваў і адкопваньнем нябожчыкаў і выкіданьнем іх на зьядзеньне сабакам - пераводзілі ва ўніяты. У ХІХ - таксама ў праваслаўныя. А беларускае сьвятарства амаль заўжды ў вялізнай сваёй большасьці моўчкі ставала прывадным рамянём дзяржавы - Польскай, Расейскай, савецкай або нігілісцкай. Зьмены абраду падарвалі веру. Вера перастала быць дзейнай.

Калі цяжка і сумна, калі стома, калі маленькі лукашэнка-нігілісьцік ува мне пад'юджвае не прыбіраць у хаце ў Чысты Чацьвер, а пасядзець на канапе, не ісьці на ўсяночную, а паглядзець трансьляцыю па тэлевізары, я прашу ў Бога і сваіх бабуляў аднаго - зацятасьці".

(С.Дубавец: ) Андрэй Дынько, відавочна, не падзяляе патаемнае на пачуцьці Веры і Свабоды, на адчуваньне Сябе. Магчыма, у гэтай непадзельнасьці і знаходзіцца адказ на галоўнае пытаньне нашага нацыянальнага разьвіцьця.

На каго пазіраць беларусам, да каго імкнуцца быць падобнымі, каб урэшце давершыўся гэты шматпакутны працэс фармаваньня нацыі? Мой адказ - на тых людзей, якіх аб'ядноўвае сёньня Рада БНР. Але гэта толькі мой адказ. Мой і яшчэ некалькіх соцень чалавек, каму такое глядзеньне даступнае. На каго глядзяць астатнія? На ўсенароднаабранага прэзыдэнта? Тых, хто глядзіць з пашанай, усё меней. Выглядае, што большасьць проста пазірае па баках. Яны ў прастоі. Яны ня думаюць пра пераемнасьць, таму й ня маюць патаемнага пачуцьця беларусаў.

З каго бяруць прыклад вядомыя дзеячы нацыянальнага адраджэньня, на каго арыентуюцца ў сваім жыцьці, да каго імкнуцца быць падобнымі? Пра гэта мы пагаворым у нашай наступнай перадачы.

XS
SM
MD
LG