Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Наша супольная адказнасьць.


Аўтар і вядучы Сяргей Дубавец, Вільня

Амэрыканскі сьвятар і пісьменьнік Джэральд Стэнлі Лі сказаў: Амэрыка - гэта мэлёдыя. І гэтую мэлёдыю трэба сьпяваць разам. А якую ж мэлёдыю сьпяваем разам мы? Сёньня ў перадачы "Вострая Брама" мы працягнем адну з галоўных тэмаў беларускага нацыянальнага кантэксту - што нас, як народ, яднае і што можа аб'яднаць. Гутарка пойдзе пра супольныя, калектыўныя пачуцьці. У прыватнасьці, ідучы за прыкладам папулярных цяпер у Эўропе пакаяньня і кампэнсацыяў за генацыд, ці то фашыстоўскі, ці то савецкі, зьвернемся да супольнае або калектыўнае адказнасьці беларусаў. Ці ўласьцівае нам такое пачуцьцё? І што мы укладаем у такое паняцьце.

Напачатку паслухаем меркаваньне нашых землякоў, да якіх з Прагі датэлефанаваўся Сяржук Сокалаў-Воюш. Бася Пякарская, прыватная лекарка зь Беластоку, пра супольную адказнасьць беларусаў кажа наступнае:

(Б.Пякарская)

Відавочна, што Польшча, дзе жыве лекарка Бася Пякарская, ужо пераадольвае стэрэатыпы посткамуністычнага часу, калі пра адказнасьць нацыі тут гаварылі шмат. Аднак гэта ня значыць, што сёньня сама тэма перастала быць актуальнай. Яна толькі заняла сваё месца - у дзяржаўнай палітыцы, у школьнай адукацыі, у культуры. Сямён Шарэцкі ў апошнім нумары "Нашай Нівы" сказаў, што беларусаў можа аб'яднаць толькі дзяржаўнасьць. Менавіта свая дзяржава мусіць падтрымваць у нацыі гэтае самае пачуцьцё супольнае адказнасьці - за сябе і за сваю будучыню. Аднак пакуль менавіта сваёй дзяржавы ў нас у поўным сэнсе яшчэ няма. Вось як працягвае гэтую думку прадпрымальнік з Наваполацку Віталь Гідрановіч:

(В.Гідрановіч)

Віталь Гідрановіч глядзіць на праблему палітычна. Беларусы не адказваюць за дзеяньні таго кіраўніцтва, якое самі сабе абралі. Усё хутчэй наадварот - начальства, як і ў савецкія часы, дэкляруе сваю апеку над народам. Беларускі перакладчык, які жыве ў Хельсынкі Якуб Лапатка назваў такі стан рэчаў калектыўнай дурасьцю.

(Я.Лапатка)

Настаўнік-філёляг Мікола Бусел са Сьветлагоршчыны мае справу з рознымі мовамі, а гэта значыць і з калектыўнымі пачуцьцямі розных народаў. Ён пачаў свой адказ з заўвагі пра тое, што калектыўная адказнасьць можа паўстаць толькі з адказнасьцяў асабістых, а менавта гэтае пачуцьцё імкнуўся вынішчыць у людзях савецкі рэжым. Гаворыць Мікола Бусел.

(М.Бусел)

Дзякуючы Міколу Буслу мы ад агульных фармулёвак можам перайсьці да больш прыватных рэчаў. Не сакрэт, што разьвітыя нацыі пачуцьцё калектыўнай адказнасьці асацыююць найперш з фактамі гісторыі, з адказнасьцю за грахі бацькоў у часе мінулых войнаў. Не сакрэт таксама, што гэтыя войны непасрэдна зачаплялі і Беларусь. Мяркуючы пра рэзананс вакол справы фашыстоўскага злачынцы Саванюка зь Берасьцейшчыны, справу якога разглядае Брытанскі суд, у нас ня схільныя казаць, што гэта - беларус і тым больш, што прадстаўляе пэўную, хай сабе мізэрную, частку нашага народу. За савецкім часам з такімі справамі было прасьцей. Ён вырадак, а мы - савецкія людзі. Усё ясна, ніякіх экстрапаляцыяў. А сёньня? Мы ўжо не савецкія людзі, а проста беларусы. І назаві мы Саванюка вырадкам, ён усё адно мае да нас адносіны, бо ён з нас вырадак. А тут ужо цэлая прастора для дапушчэньняў. Бо калі кажуць пра літоўскіх эсэсаўцаў або ўкраінскі карны батальён, які спаліў Хатынь, тады "подзьвігі" міжволі запісваюцца на рахунак усіх украінцаў і літоўцаў. Нам скажуць - гэта ваш вырадак.

Тэму адказнасьці за мінулую вайну працягне Зьміцер Бартосік.

(З.Бартосік: ) "Калiсьцi ў сваiм пiянэрскiм дзяцiнстве мы любiлi гуляць у немцаў i рускiх. Колькi сябе памятаю, мне заўсёды хацелася быць немцам. Рускiм я ўжо быў. Таму, яшчэ й гуляць у яго падавалася ня надта цiкавым. Не спакушала нават гарантаваная перамога. Наадварот, роля невядомага заваёўнiка-чужынца вабiла незвычайна. I, не асаблiва разумеючы сэнсу словаў, я па-геройску выкрыкваў "Хай Гiтлер", падкошаны ўяўнай куляю. З тае пары "немец" стаў для мяне сынонiмам пагрозы й моцы. Пакуль я ня ўбачыў аднаго з нашчадкаў няспраўджаных гаспадароў Эўропы.

Напачатку дзевяностых да маёй знаёмай мусiў завiтаць яе дзелавы партнэр зь Нямеччыны. Яна папрасiла, каб я сустрэў яго на вакзале. На менскi пэрон няўпэўненай хадою сыйшоў зусiм ня зьверскага выгляду пузаценькi чалавечак зь перапалоханым тварам. У маiм лексыконе не знайшлося нiводнага слова, вядомага нам абодвум. Акрамя, можа, кiношнага "хандэхох". Чым я яго й прывiтаў. Але немец не ацанiў майго бяскрыўднага жарту. Адно з вымучанай усьмешкай азiрнуўся па бакох. Прабiраючыся за мною ў мярзотнай лiстападаўскай гразюцы ўздоўж руiнаў старога вакзалу, адкуль выбег перапалоханы пацук, паўз убогiя жалезныя шапiкi зь беляшамi, цi не з тых пацукоў зробленымi, скрозь мiлыя, заўжды гасьцiнныя твары нашага бамжатнiку, мой арыец раптам разгаварыўся. Прычым дзьве фразы паўтаралiся асаблiва часта, каб я iх мог запомнiць. "Das ist Ihre Schuld", i "Das alles haben wir gemacht". "Ага, - думаў я, - у цiхiм гандляры нарэшце прачынаецца волат-крыжак". Я паглядзеў на яго з павагаю. Ён нарэшце прыняў для мяне нармальны, згодны з маiмi стэрэатыпамi, выгляд. А то якi ж немец ня марыць вярнуцца ў бацькоўскiя акопы!

Я папрасiў сваю знаёмую перакласьцi тыя ваяўнiчыя фразы, якiя немец, як апантаны, працягваў гаварыць. I высьветлiлася, што мой заваёўнiк тлумачыў мне ўсю дарогу наступнае: "Гэта нашая вiна" i "Гэта ўсё зрабiлi мы". Ён ад самага цягнiка першаму сустрэчанаму беларусу, гэта значыць мне, прыносiў прабачэньнi за ўсё, што нарабiлi тут ягоныя дзяды, i за разбомблены вакзал у прыватнасьцi. Такога павароту ў сюжэце я не чакаў. Мы з сяброўкаю як маглi супакойвалi нашага заходняга госьця, тлумачыўшы яму, што стагадовы вакзал не загiнуў пад нямецкай авiябомбай, што страшныя людзi на плошчы ня ёсьць сьледзтвам
згвалтаваньня эсэсаўцамi славянскiх жанчынаў, i што бруд на вулiцах пакiнулi ня боты жаўнераў Вэрмахту. Але ён нам верыў не да канца.

Мы пасьля наладзiлi яму азнаямляльную эксурсiю па сталiцы. Па зруйнаванай Нямiзе, па скалечаным Верхнiм горадзе, па тых кварталах, што пакорлiва й сумна чакалi свайго зьнiшчэньня, i сквэрах, пераробленых са шматлiкiх могiлак. Пры гэтым мы паўтаралi яму: "Das alles haben wir gemacht" - "Гэта ўсё зрабiлi мы". Але дзеля чаго ўсё гэта, ён зразумець ня змог.
"Можа, дзеля таго, каб за нас каялiся нашыя дзецi", - прыдумаў я апраўданьне гэтай вайне.

А дзецi гулялi ў вайну. На аскепках Замкавай вулiцы добра гуляць у гэтую гульню. "Яны гуляюць у немацаў?" - запытаўся госьць. "На шчасьце, не. Але, на жаль, i не ў беларусаў".
Суцяшала адно - усе хацелi быць пераможцамi".

(С.Дубавец) "Беларусам яшчэ давядзецца сфармуляваць сваю калектыўную адказнасьць за тое, што сёньня робіцца ў краіне, за тую краіну, якую яны пакідаюць сваім дзецям і ўнукам. І гэтаксама як за Лукашэнку беларусам давядзецца патлумачыцца за ўчынкі сваіх землякоў-саванюкоў, якія ў вайну расстрэльвалі жыдоў, і за доблесных чэкістаў-энкавэдыстаў зь беларускім паходжаньнем, якія спрычыніліся да вынішчэньня ўласнага народу. І за сваіх воінаў інтэрнацыяналістаў у складзе разнастайных савецкіх кантынгентаў давядзецца патлумачыцца - найперш перад сабою, каб не чырванець перад дзецьмі, каб на іх не заставалася бацькоўская ганьба ў спадчыну. Вы скажаце, гэта ня мы або нас там было няшмат? Гэта якраз мы, пакуль мы прынамсі не адхрысьціліся ад сваіх геройскіх чэкістаў і афганцаў. Ці была ў беларуса ў савецкім войску магчымасьць ня браць на сябе злачынстваў рэжыму? Пра гэта кажа наш сталы аўтар Сяргей Харэўскі:

(С.Харэўскі: ) "Гэта было на праваслаўны Вялiкдзень. Я гасьцяваў у бацькоў свайго сябра, у вёсцы на Гарадзеншчыне. Недзе па трэцяй чарцы гаворка пайшла пра савецкiя акупацыi iншых краёў (майму сябру давялося быць у Аўганiстане). Цi была тады ў беларуса магчымасьць не рабiць злачынстваў супольна зь iншымi савецкiмi? "Была!" - нечакана рэзка ўзяў рэй за сталом стары гаспадар. I распавёў сваю гiсторыю.

"Я ня мог нарадавацца савецкiм войскам, што вызвалялi нас ад палякаў. Я ж быў сiратою. У дадатак - простага паходжаньня. Як жыў? У пана. Пры двары. Батрачыў, пасьвiў быдла. Толькi пачатковую польскую школу i меў за плячыма. Таму радавалiся мы прыходу чырвоных. Марылася, што й я буду вучыцца, як пан.

Праўда, неўзабаве застаўся бяз даху над галавою. Вяскоўцы спалiлi панскi двор. Пакралi ўсё што можна. А крыўдней за ўсё, што шмат пазьбяёдавалi проста так: паламалi, панiшчылi. Адзiн
дык нават кругi сьвежага сыру пакiдаў у гной. А якi то быў сыр!.. Не, не расейцы. Свае гэта парабiлi.

А яшчэ хацелася быць савецкiм жаўнерам. Яны ж былi пераможцамi. Ну, па вайне i нас, тутэйшых, пабралi ў Савецкую Армiю".

Гаспадар перавёў дых i працягваў пра тое, як яго, разам з гэткiмi ж хлапцамi з Заходняе Беларусi мабiлiзавалi ва ўнутраныя войскi. Раскватаравалi ў Калмыкii.

"Калмыкi народ быў ахайны. - казаў гаспадар. - Лiчы й не пiлi гарэлкi. Па-iншаму там нiяк. Пустыня, вярблюды... Зьдзiвiла галеча таго народу. Мы ж уяўлялi: чым далей у СССР, далей ад паншчыны - тым лепей. А тамака ўсё наадварот.

Патронаў мы ня мелi. Папросту цягалi з сабою стрэльбы, для выгляду. Старэйшыя калмыкi, жонкi iхныя, дзецi па-расейску - нi бэльмеса. Зрэшты i з нас, заходнiх беларусаў, мала хто ўмеў казаць гладка. А калмыкi нас вiталi як родных, зь цiкаўнасьцю. Запрашалi ў свае юрты, добра частавалi. Чым маглi: кумысам, мясам. Хлеба ў iх не было. Па вечарах мы да iх з хлебам
хадзiлi. Пра савецкую ўласьць гаварылi. Як жывецца добра. Дзеўкi ў iх былi сьмяшлiвыя. Наогул народ сьмяшлiвы. Нiхто нас не баяўся. I мы iх, лiчы, палюбiлi. Гарбату пiлi ў тых юртах да ранiцы".

Але вось надышла надта сьцюдзёная зiма. I аднаго надвячорку жаўнераў пашыхтавалi й раздалi патроны. Быў загад - атачаць калмыцкiя станы й грузiць людзей па машынах. Дэпартацыя. Калi хто будзе супрацiўляцца цi ўцякаць - каб стралялi без папярэджаньня... У марознай смузе над засьнежанай сiняй пустыняй задымiлiся юрты, падпаленыя энкавэдыстамi. Вусьцiшнае рэха разьнесла вуркатньне матораў. Зараўлi перапуджаныя вярблюды. Пачалася стралянiна...

Казаў гаспадар, што ён i многiя беларускiя хлопцы адмовiлiся канваяваць тых калмыкаў, тыкаць iх штыкамi. Зь iмi не спрачалiся. Зброю часова адабралi й парассылалi каго куды. Нiбы нiчога не адбылося. Але калмыцкiх вачэй, раскосых вачэй, з крыўдыю, з болем, ён забыць ня змог. На iм жа таксама быў шынэль энкавэдыста. I ён не дараваў гэтага тым, хто паставiў
яго перад такiм выбарам. Праз два дзясяткi гадоў ён сарваў савецкi сьцяг з сельсавету i ўтаптаў яго ў гразь. Нiбы ў тую, у якую хацелi ўтаптаць яго...

"Была магчымасьць, - казаў гаспадар, - ня стаць скотам. Але ж нас усiх павывазгалi ў тым гноi. Ну, не страляў я ў тых калмыкаў. Але ж колькi гадоў мусiў маўчаць... Таму я ведаў,
што рабiў, калi зьдзiраў сьцяг. За тое й адказаў. I мне лягчэй жыць. Iншыя маўчаць дасёньня. А iм жыць цяжка. Жыць моўчкi".

(С.Дубавец: ) Жыць моўчкі - гэта значыць не разумець, чаго ад цябе хочуць. А найчасьцей - рабіць выгляд, што не разумееш.

Севярын Квяткоўскі на вуліцах Менску спрабаваў высьветліць у мінакоў, што ЯНЫ разумеюць пад супольнай адказнасьцю. Некалькі чалавек ледзьве не абурыліся, маўляў, за што гэта яшчэ адказваць? А астатнія рабілі балючы выраз твару, маўляў, ня трэба пра такое казаць. Словам, апытаньня не атрымалася, затое атрымаўся досьвед. Тэст на адзінства і свабоду. Уяўляю, што яшчэ колькі гадоў таму людзі ў адказ на наш запыт пачыналі б сыпаць як з застольнага тосту - пра мірнае неба, пра нашых дзяцей, можа быць, пра нашу зямлю, - за што мы адказныя. Сёньня яны маўчаць. І гэта зусім не прыкмета дэкамунізацыі. Гэта прыкмета спусташэньня інфармацыйнае прасторы, у якой жыве грамадзтва. Зь іншага боку, простыя звыклыя ісьціны быццам самі ня хочуць вымаўляцца, бо чалавек глыбока ўнутры сябе адчуў, што ён насамрэч ні за што не адказны, прынамсі ні за што агульнае, супольнае. Іншымі словамі, ад яго нічога не залежыць.

Настаўнік Мікола Бусел казаў у нашай перадачы пра тое, што калектыўнае адказнасьці не бывае без адказнасьці асабістае. А асабістае адказнасьці за таталітарызмам не магло быць. Разьвіваючы гэтую думку, мы прыходзім да старое ісьціны пра тое, што адказнасьць - гэта адваротны бок свабоды. Чым больш яна непадзельная ў чалавека, тым ён вальнейшы. І калі беларусы слаба распазнаюць матыў супольнае адказнасьці, дык гэта папросту пацьвярджае тую сытуацыю несвабоды, у якой сёньня жыве наш народ.

Вядома, гэтае сёньня ня будзе вечным. Некалі мы непазьбежна станем разграбаць завалы нячыстых справаў сваіх землякоў, якія да таго часу ў вачох іншых народаў будуць лічыцца за намі, а пасьля - за нашымі дзецьмі і дзецьмі нашых дзяцей. Таму што колькі б мы ні хаваліся ад праблемы, але як напісаў малады беларускі празаік Андрэй Дынько, Саванюк - гэта мы. Пакуль калектыўная адказнасьць нацыі не сказала, што гэта ня так.

XS
SM
MD
LG