Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускія філіі і фобіі.


Аўтар Сяргей Дубавец, Вільня

У апошнiя гады ў нас сталі перадрукоўваць артыкулы пра нацыянальныя любовi i нелюбовi. Перадрукоўваюць, як правiла, з польскiх iнфармацыйных крынiцаў. Гутарка йдзе пра вынiкi ўнутрыпольскiх апытаньняў насельнiцтва пра тое, каго паспалiтыя палякi хацелi б мець за суседзяў, а каго не. Дынамiка зьменаў у сымпатыях наўпрост адлюстроўвае распад агульнага лягеру сацыялiстычных нацыяў. Скажам, наш, беларускі рэйтынг у гэтых апытаньнях за некалькi гадоў споўз кудысьцi ў самы нiз, да румынскiх цыганаў, якiя жабруюць на вулiцах польскiх гарадоў. Беларусаў, якiх, паводле пашыранага ў нас уяўленьня, любiлi ўсе, заўсёды й паўсюль, сёньня ня любяць. Ці, прынамсі, любяць менш. Нават у Літве. Нават у Расеі. Нават ва Ўкраіне. На тое ёсьць свае прычыны. Імiдж краiны свараецца сёньня найперш яе кiраўнiцтвам і адпаведнай палітыкай, а таксама паспалiтымi вiзыцёрамi, абсалютная большасьць зь якiх едзе зь Беларусi на суседзкія рэчавыя рынкi, каб чаго-небудзь прадаць.

Ёсьць тут i яшчэ адзiн падтэкст. Польскiя апытаньнi падкрэсьлена сьведчаць пра суб'ектнасьць польскае нацыi. Палякi, звычайныя людзi з вулiцы, разважаюць i выбiраюць, хто iм больш даспадобы, а хто менш, дэманструючы тым самым элемэнты дзяржаўнага мысьленьня. Мы таксама можам заявіць, да прыкладу: «ня любім палякаў». Але гэта будзе не статыстычнае меркаваньне. Таму мы ў гэтай сытуацыi выступаем у якасьцi аб'екту чыесьці любовi цi нелюбовi, i ня больш за тое. Бо нават уявiць сабе падобнае апытаньне ў Беларусi складана. Зрэшты, нiшто не замiнае нам выйсьцi на менскую вулiцу і паспрабаваць...

Дык вось жа справа тут ня толькi ў нашым жаданьнi i арганiзацыйных захадах. Справа менавiта ў страчанай або паслабленай суб'ектнасьцi нашае нацыi, iндыкатарам чаго й стала абмеркаваньне тэмы беларускiх фiлiяў i фобiяў у "Вострай Браме".

Пачнем з гiсторыi. Iснуюць летапiсныя сьведчаньні пра адносiны старажытных беларусаў да палякаў, немцаў, маскавiтаў, жмудзiнаў ды iншых. Напачатку нашага стагодзьдзя гэтая тэма ня раз падымалася на старонках «Нашае Нiвы». Калi хочаце, гэта было сапраўднае сьведчаньне нацыянальнага адраджэньня. Нацыя заявiла пра свае тыповыя сымпатыi й антыпатыi, iнакш кажучы — пра самую сябе, пра тое, што яна ёсьць. У 1919 годзе зьявiлася нават апявяданьне на гэтую тэму, паўжартоўная клясыфiкацыя народаў паводле беларускага сьветапогляду. Напiсаў гэтае апавяданьне вядомы паэт i сьвятар Казiмiр Сваяк. Называлася яно «Што Янка-ваяка казаў» і сканчалася ацэнкай беларусаў.

— Ну а мы, што Янка пра нас казаў?

— А чорт яго ведае — не пытаўся.

У гэтым «чорт яго ведае — не пытаўся» гучыць пэўнае прароцтва на цэлае стагодзьдзе, калi беларусы паступова страчвалi сваю суб'ектнасьць. I тое, што мы маем сёньня, — гэта якраз несуб'ектны погляд, дакладней, адсутнасьць погляду. Часьцяком людзi на менскiх вулiцах, да якiх з нашым пытаньнем зьвяртаўся Севярын Квяткоўскi, проста не разумелi, чаго ад iх хочуць. Маўляў, як можна кагосьцi любiць цi не любiць i, самае галоўнае, — навошта пра гэта гаварыць?! Нiбы словамi фiлёзафа Валянцiна Акудовiча з вокладкi ягонай кнiгi беларус iмкнецца заявiць адваротнае ад таго, што сьцьвярджаў напачатку стагодзьдзя: «мяне няма».

Калi мы паспрабуем сыстэматызаваць адказы нашых выпадковых рэспандэнтаў, дык атрымаем карцiну сымпатыяў i антыпатыяў не нацыянальных, а палiтычных i геапалiтычных. Што такое любоў да праваслаўных i нелюбоў да «прыбалтаў»? Ясна, што гэта не суб'ектнае меркаваньне, а ўсяго толькi ўяўленьне, сфармаванае тэлевiзiяй, найперш расейскай. Той, хто знаёмы зь лiтоўцамi, латышамi й эстонцамi, нiколi ня будзе любiць або не любiць iх усiх разам. А той, хто знаёмы з уласным народам, у якiм ёсьць i праваслаўныя, i каталiкi, i пратэстанты, нiколi ня стане любiць нейкую адну канфэсiйную групу, iнакш гэта ўжо не нацыянальны погляд. Таму гутарка йдзе пра няведаньне прадмету i плён шматгадовае прапаганды, якая iмкнулася адчужыць беларусаў ад самых сябе i ад iхных балтыйскiх суседзяў. Плёнам гэтага адчужэньня стала нацыянальная абыякавасьць, прыкрытая лёзунгам сацыялiстычнага iнтэрнацыяналiзму, якi нiбыта да ўсiх патрабаваў ставiцца аднолькава. Гэта значыць, нiяк.

Паспрабую зрабiць высновы. Пытаньне пра беларускiя фiлii й фобii, якое выглядае сёньня для многiх недарэчным або несвоечасовым, насамрэч ёсьць правакацыяй суб'екта. Гэта толькi адно пытаньне, якое вылучае свабоднага i адказнага грамадзянiна з натоўпу абыякавых да сябе i да ўсяго сацыяльных утрыманцаў, прадстаўнiкоў насельнiцтва, якое не пачуваецца нацыяй. Iншым разам мы можам гаварыць, напрыклад, пра стаўленьне да прыватнае ўласнасьцi або да партыi ўлады i атрымаць у адказ той самы няўцямны позiрк — навошта яны пра гэта пытаюцца i што гэта ўсё значыць? I тады ўжо мы самi зразумеем, што замiнае чалавеку выказацца пра свае сымпатыi й антыпатыi або нават гэтыя сымпатыi й антыпатыi мець. Урэшце гутарка не пра тое, што вы некага павiнны абавязкова не любiць або ненавiдзець. Гутарка толькi пра ваша самастойнае меркаваньне. Тое, якое ёсьць у палякаў, пра што гаварылася напачатку, i якога няма ў нас. Бо скласьцi яго нам замiнае боязь, якая амаль незаўважна зноў запанавала ў нашым постсавецкiм грамадзтве, i сацыяльная несамастойнасьць асобна ўзятага чалавека. Гэта менавiта тыя чыньнiкi, якiя разбураюць нацыю, а ўрэшце i асобу. Каб пазьбегнуць разбурэньня, варта часьцей задаваць сабе такія пытаньнi, нават калі на першы погляд яны ўяўляюцца недарэчнымi.

(Севярын Квяткоўскі: ) "Неяк мне давялося пачуць, што адваротны бок так званай беларускай талерантнасьцi — гэта бытавая ксэнафобiя. Таксама ёсьць пашыранае меркаваньне, што сынонiм славутай беларускай «памяркоўнасьцi» — гэта звычайная абыякавасьць. Адзiн мой прыяцель, якi добра паезьдзiў па сьвеце, заўважыў, што пры сустрэчы за мяжой украiнцы забываюцца на падзел на «схiдныкiв» i «захiдныкiв». У той час як беларусы падазрона глядзяць адзiн на аднаго.

Узгадайце часы кiраваньня C.Шушкевiча. Тады даходзiла да сьмешнага. У якую суседнюю дзяржаву спадар Станiслаў нi прыяжджаў, ён казаў, што менавiта гэты суседзкi народ самы блiзкi й родны беларусам. Асаблiва было цiкава параўноўваць польскiя й расейскiя iнтэрвiю колiшняга сьпiкера — проста супрацьлеглыя выказваньнi. Ня дзiва, што ў колiшнiм СССР беларусы былi «любiмчыкамi», кшталту славутага чырвонца, якi «падабаецца ўсiм». Выглядае, што такое паўiнфантыльнае адчуваньне па-ранейшаму кiруе многiмi беларускiмi грамадзянамi і сёньня. Тым часам рэйтынг беларусаў пачаў падаць, прычым, ня толькi ў палякаў цi лiтоўцаў, для якiх непрыймальная татальная стагнацыя РБ. Украiнцы расчараваныя дэкляратыўнай русафiлiяй браткоў-беларусаў, а «любвиобильные» расейцы незадаволеныя беларускай шлюбнай нерашучасьцю, спажывецкiм падыходам да «сьветлай» iдэi «ўзьяднаньня».

Цi хвалюе беларускiх грамадзянаў уласны нацыянальны iмiдж? Я спытаўся ў менскiх мiнакоў пра iхнае ўяўленьне аб беларускiх нацыянальных сымпатыях i антыпатыях. Амаль нiхто з рэспандэнтаў, незалежна ад узросту, полу i сацыяльнага стану ня здолеў даць выразны адказ. Таксама анiводзiн не сказаў, што асабiста ён мае якiя-небудзь нацыянальныя сымпатыi альбо антыпатыi. Увесь час гаворка йшла пра гiпатэтычнага беларуса, якi жыве ня побач, а дзесьцi. Звычайна людзям прасьцей было даваць прыклады ад адваротнага:

— Новы расейскі рух РНЕ выглядае вельмі пагрозьліва. У нас гэтых каранёў мяна абсалютна.

Гэты хлопец казаў, што ў нас у прынцыпе ня можа быць экстрэмiзму на нацыянальнай глебе.

Спатканы мною маёр беларускiх паветраных сiлаў лiчыць, што калi й ёсьць да каго сымпатыi, дык у першую чаргу да праваслаўных народаў. Што да нэгатыву, дык вось ягонае меркаваньне наконт антысэмiтызму:

— Антысэмітызм праяўляецца толькі ў асобах. Гэта не народны антысэмітызм, гэта асабовы. Нейкая адна індывідуальнасьць выкрэсьлівае сябе з грамадзтва, і ўсё.

Раўналетак маёра быў нешматслоўны, але ўпэўнены ў сабе:

— Да ўсіх — з сымпатыяй.

А вось два маладыя спадары, думаючы над адказам, здавалася, ажно напялiся ад напругi. Нарэшце, адзiн зь iх прыгадаў:

— Антыпатыя ёсьць да многіх народаў. Антыпатыя, як звычайна, да ўсіх каўказцаў, да суседзяў — Прыбалтыка.

Тэма «асобаў каўкаскае нацыянальнасьцi» ў далейшым узьнiкала яшчэ некалькi разоў, а пра антыпатыю «прыбалтаў» узгадала толькi адна кабета, якая сказала, што яна расейка, а ейны муж паляк:

— Да прыбалтаў... ну, калі толькі да эстонцаў. Я чула — да латышоў, гэта тычылася людзей, якія там жылі.

Сама гэтая жанчына асабiста нiколi не сустракалася зь якiмi-небудзь праявамi ксэнафобii.

Дзяўчына-студэнтка, як i большасьць iншых, пачала свой адказ з цытаваньня афiцыйнай тэзы аб «фiрмовай» беларускай талерантнасьцi. Тады я запытаўся, што яна пад гэтым разумее:

— Спакойны народ. Баязьлівы... Якому ня хочацца ўлазіць кудысьці ў перадзелкі: мітынгі, стачкі...

Паразважаўшы, дзяўчына дадала, што калi нiкуды ня «ўлазiць», дык нiчога й не атрымаеш:

— Так і атрымліваецца — што мы маем?..

Чалавек, які стаяў побач зь дзяўчынай на тралейбусным прыпынку, сказаў, што беларусы ставяцца да ўсiх аднолькава абыякава, а праз хвiлiну iншы спадар дадаў:

— Ня ведаю, па-мойму, у Беларусі самі сябе ня любяць.

Нядаўна ў нас прагучала думка аб тым, што беларусаў яднае шэраг комплексаў. На мой погляд, адзiн зь iх — самаедзтва. Сапраўды, як можна кагосьцi любiць цi ненавiдзець, калi абыякавы да самога сябе? Слова «абыякавасьць» — ключавое для разгадкi шэрагу беларускiх «таямнiцаў». Можа, менавiта праз гэтую якасьць беларусы прайшлi праз жорсткiя выпрабаваньнi, i захавалi сябе ў гiсторыi? Калi так, узьнiкае iншае пытаньне — навошта?"

(Сяргей Харэўскі: ) "На самае простае пытаньне «што ты любiш?» дзецi найперш пералiчваюць стравы, якiя iм даспадобы, i толькi пасьля задумляюцца над падтэкстам пытаньня. На запыт «каго любiш?» дзецi пералiчваюць блiжэйшых сваякоў i папулярных тэлевiзiйных пэрсанажаў.

На пытаньне «каго любiш?» дарослыя адкажуць як i дзецi. Толькi старэйшых дарослы беларус найперш «шануе». Як i дзецi, дарослыя любяць тэлегерояў. Асаблiва тых, каго даўно ведаюць. Напрыклад, вядучага праграмы «Клюб падарожнiкаў» зь беларускiм прозьвiшчам — Сянкевiча. Аднак тых, хто надта часта мiльгае на экране, ня любяць. У гэтым адна з прычынаў нелюбовi да Гарбачова: «Во — iзноў вылез!» Беларускай пашанаю карыстаюцца больш разважныя дзеячы культуры, лепш зь сiвiзною, а не палiтычныя дзеячы, манеры якiх падобныя на манеры герояў рэклямы. А рэклямы беларус ня любiць. Самарэкляма раздражняе яшчэ больш.

Для нашых суайчыньнiкаў больш любiмыя тыя народы, якiх яны лiчаць «раднейшымi». А таксама тыя, якiя маюць станоўчы вобраз на экранах тэлевiзараў: заходнеэўрапейцы, для кагосьцi, магчыма, яшчэ амэрыканцы цi японцы.

Беларус — скептык. I таму ягоны прыватны досьвед заўсёды пераважае над iдэалёгiяй альбо «агульнапрынятымi» ўяўленьнямi. Адзiн стары беларус распавядаў мне як у часе вайны эстонскiя жаўнеры, што ахоўвалi нямецкiя эшалёны з прымусовымi работнiкамi, дазволiлi яму забраць зь няволi свайго брата. Больш ён iх нiколi ня бачыў, але захаваў добрую памяць пра гэты народ. А вось мае сваякi, колькi б iх не пераконвалi, ня любяць лiтоўцаў з тае прычыны, што ў часе вайны лiтоўскiя жаўнеры зладзiлi ў іхнай вёсцы танцы, дзе самi ж iгралi й танчылi зь дзяўчатамi, а пасьля атачылi пляцоўку, загналi вясковую моладзь у вагоны й адправiлi ў Нямеччыну. У ХХ ст. беларускае ўяўленьне пра iншых i тчэцца з гэткiх вузялкоў на ўспамiн. Нехта бачыў у вайну iтальянцаў, другi — працаваў у Францыi, трэцi — сядзеў у Сiбiры з чачэнцамi... Калi амаль усе жыды пакiнулi Беларусь, большасьць пра iх пачала шкадаваць. Бо iх усё ж добра ведалi i збольшага разумелi.

Беларуская нелюбоў — рэч зьменлiвая. Разгайданае праз расейска-савецкую прапаганду варагаваньне з палякамi насiла абстрактны характар, а сёньня наогул сьцiраецца са сьведамасьцi. Як i нянавiсьць да немцаў цi «iзраiльскiх ястрабаў i iх заакiянскiх пакравiцеляў». Беларусы ўсё ж не даўмелiся тэарэтычна абгрунтаваць прынцыповую нялюбасьць да тае цi iншае нацыi, што ёсьць ва ўсiх нашых суседзяў.

Беларус ня любiць таго, чаго не разумее. Iншых моваў, тэхнiчных навацыяў i палiтычнага аптымiзму... Гэтыя рэчы прынесьлi ў Беларусь акупацыi, экалягiчныя бедзтвы й страчаны давер да ўладаў... Гэтак малыя дзецi ня любяць прасаў, аб якiя можна абпячыся, i нажоў, аб якiя можна парэзацца. Але сталеючы, дзецi забываюць свае боязi й антыпатыi, усё болей разумеючы сьвет, якi iх атачае".

(Зьміцер Бартосік: ) "Неяк мы з прыяцелем, едучы на аўтамабiлi зь Лiтвы ў Беларусь, вымушаныя былi гадзiны дзьве змарнаваць на мяжы. Усе тэмы дня перагаварылi, анэкдоты пераказалi, i я, ад няма чаго рабiць, уключыў прыёмнiк. Каб пачуць голас блiзкай радзiмы.

Радзiма перадавала радыёспэктакль пра фашыстаў, запiсаны годзе так у 79-м. Злыя фашысты ляцелi бамбiць Маскву, ведучы свае размовы, натуральна ж, на мове беларускага радыё.

"Нам выпаў вялiкi гонар, Фрыдрых. Мы першыя скiнем свой сьмяротны груз на бальшавiцкую сталiцу". "Так, Зыгфрыд, ракавую гадзiну для гэтых дзiкуноў прабiць выпала нам". "Эх, шкада, мяне ня бачаць зараз мая Марта й маленькi Франц".

"Заўваж, — сказаў мне сябра, — варта перарабiць iмёны пэрсанажаў, замянiць Фрыцаў на Алесяў, як гэтая нафталiнавая пастаноўка ператвараецца ў супэрсучаснае political fiction. 2041-ы год, беларуская авiяцыя пануе ў расейскiм небе. Гiстарычны рэванш i гэтак далей".

I сапраўды, марудны час чаканьня паляцеў весялей. "Эх, хутчэй бы ўжо наша перамога, мой сябар Фрыдрых". "Не хвалюйся. Калi ўсё пойдзе такiмi тэмпамi, дык празь месяц загонiм рускага мядзьведзя за Ўрал. Ад гэтых плянаў займае дых".

Надышла наша чарга. "Ну што, мой дружа Зыгфрыд, паляцiм, пабамбiм маскалёў?.. — перадражніў я радыётэатар і дадаў сур'ёзна. — Каторы год жыву ў самай прарасейскай краiне сьвету, але калi ў розных жыцьцёвых сытуацыях усплывала раптам мая расейская нацыянальнасьць — хаця б якi знак прыязi! Усьмешка, цi пацяпленьне ў iнтанацыi". "Дык што, табе было б лепш, калi б ты сустракаў адчужэньне?" "Напэўна, усiм было б лепш. Не парушалiся б правiлы гульнi. Беларусам самiм лёсам i гiсторыяй паказаны бок, адкуль трэба чакаць небясьпекi. I менавiта людзi адтуль павiнны адчуваць сябе тут "не в своей тарелке".

"Дык, па-твойму, нацыю робяць яе фобii?" "Напэўна, так. Фобіі, скiраваныя вонкi. Нацыя толькi тады становiцца нацыяй дзяржаўнай i паўнавартаснай, калi дакладна ведае — адкуль чакаць набегу й каго клiкаць на дапамогу.

Палякi зь лiтоўцамi гэта ведаюць. А ў нас ужо сто гадоў як сфэра нацыянальных прэтэнзіяў замкнулася на самiх сабе. Беларусафiлы беспасьпяхова змагаюцца з беларусафобамi. Можна напiсаць мiльён тэкстаў пра тое, якiя мы таленавiтыя хлопцы альбо наадварот — якiя бяздарныя. Але дух ад гэтага не займе. Духу патрэбны вораг, якога трэба зьнiшчыць". "Ну ты й фашыст! Дзе ж яго ўзяць, таго ворага? Няйнакш у Смаленску цi ў Вiльнi?" "Думаю, ён хутка сам заявiць пра сябе. А пра тое, дзе знаходзiцца Вiльня, усе павiнны проста памятаць. Каб мы са сваiмi вiленскiмi нумарамi на аўто не былi для беларускага мытнiка людзьмi чужымi. Таму, што едзем ня з "рускаязычнай рэспублiкi". "Ведаеш, — сказаў мне сябра напрыканцы, — калi ў цябе раптам будзе сын, назавi яго Фрыдрыхам. Цi Адольфам. Каб дух заняло".

Дабраўшыся да сваёй сталiцы, мы даведалiся, што фашысты ўжо ў горадзе. Тыя фашысты, якiя нашай мовы не разумеюць".

XS
SM
MD
LG