Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Славамір Адамовіч. Плавільшчыкі расы.


Аўтар і вядучы Сяргей Дубавец, Вільня

Сёньня ў рамках "Вострае Брамы" - перадача да выхаду ў сьвет кнiгi выбраных вершаў Славамiра Адамовiча "Плавiльшчыкi расЫ" - або рАсы - тут сьведамае двоечытаньне. Гэта
шосты паэтычны зборнiк Адамовiча. I калi казаць пра папярэднiя, дык яны, выходзячы адзiн за адным па працягу дзесяцi гадоў, пазначылi кожны сваю эпоху, бо эпохi за гэты час мянялiся iмклiва. Першая, яшчэ савецкая кнiжка паэта, называлася "Кальварыйскiя клёны". Гэта 90-ы год. Час, калi прадукцыя самвыдавецтваў пачынала патроху легалiзавацца, i паводле
зьместу не заўсёды можна было адрозьнiць цэнзураваную кнiгу ад нелегальнай. Наступныя - "Зямля Ханаан" i "Зваротныя правакацыi" выйшлi адпаведна ў 93-м i 94-м у Полацку,
пазначыўшы тагачасны рэнэсанс беларускiх рэгiёнаў. На сталiцы ставiўся крыж, затое падымалiся колiшнiя спракаветныя культурныя гнёзды. Кнiжка "Каханьне пад акупацыяй" друкавалася ў 96-м у Польшчы, што на той час таксама было тыпова для альтэрнатыўнай беларускай культуры. Чытаў аўтар свой зборнiк ужо ў турме. "Сьпiраль Бруна", якая ўключыла турэмныя вершы, друкавалася зноў у Менску у 98-м годзе. I вось нарэшце "Плавiльшчыкi расы" - кнiга, якая выходзiць у Вiльнi, аб'ядноўвае ўсё лепшае з папярэднiх, як быццам зьбiрае сьляды паэта, раскiданыя ў часе i прасторы, у розных гарадах, краiнах i эпохах.

Пасьля таго, як кудысьцi падзяваўся эксцэнтрычны Адатоль Сыс менавiта Адамовiч стаў той постацяй, чый лёс i чые паводзiны ўспрымаюцца як працяг вершаваных фiкцыяў. Дастаткова пералiчыць створаны iм палiтычны пэрфоманс - арганiзацыю "Правы рэванш", 10-месяцовае зьняволеньне ў турме за верш "Убей президента" альбо спробу публiчна зашыць сабе рот.

Сяргей Харэўскi згадвае Вiцебскi суд над Адамовiчам двухгадовае даўнiны, дзе яму давялося быць грамадзкiм абаронцам.

(С.Харэўскi: ) "У той дзень, два гады назад, мароз быў такi самы як сёньня, - пякучы. Па дарозе да Вiцебску, куды мы ехалi на адкрыцьцё судовага працэсу, зьмерзьлi ўшчэнт. Уяўленьне малявала жудасныя карцiны зьледзянелае вязьнiцы, у якой канае ад сьцюжы
беларускi паэт. Адвакат Гары Паганяйла супакойваў усiх i трымаўся жвава, ледзьве не з асалодаю прадчуваючы судовы двубой. Ягоная ўпэўненасьць нас сагравала.

Гаварылi толькi пра Адамовiча, перабiралi дэталi ягоных прыгодаў. Менавiта ў гэтай дарозе я даведаўся пра першую судзiмасьць Славамiра. Некалi ён узяў ровар у хлопца, якi заляцаўся да ягонае сястры. Кавалер падаў у суд. Сястра ажанiлася зь iншым. А вось судзiмасьць
засталася. Глупства? Але ж адбылося яно менавiта з Адамовiчам. Спадар Паганяйла
заўважыў, што гэтак ужо наканавана, альбо, як кажуць, напiсана на раду. Цi мала пiсалася вершаў пра Лукашэнку? Ёсьць творы цалкам падсудныя паводле любых законаў, баранiць аўтараў якiх нават яму, адвакату, не выпадае. Але ж на прыцэл патрапiў адзiн Адамовiч. Ня ён выбраў свой лёс, гэта лёс выбраў яго.

Разважаючы пазьней над словамi адваката, я прыгадаў Адамовiчаву паэзiю: "антрацыты", "гiяцынты", "сьмех суккуб". Усё нiбыта не зь яго. Мiлiтарныя й эратычныя "навароты" як
наўмысна выпiнаюцца зь ягоных радкоў, каб зарэтушаваць, завуаляваць ягонае "ego". I толькi зрэдку, нiбыта праз выпадковы парэз цi жорсткую драпiну выяўляецца ён сам. Як у вершах з-за кратаў.

***
Iзноў кастрычнiк. Час пасадкi дрэваў.
На саджанцах раса дрыжыць,
а ты,
ты ўспамiнаеш падарожжа ў Крэва,
значэньня стратэгiчнага масты,
любiмы шлягер, iнтэрнат, свабоду,
турму, сабак, iржавыя драты,
супрацiўленьне мужных, слабых згоду,
неадэкватнасьць зла i дабраты;
ты ўспамiнаеш, як заходзiць сонца,
як на цэнтрал навальваецца змрок,
як з выменi каровiнага ў донца
струменем б'е антысухотны сок.
Ах, памяць, памяць! Файная ўласьцiвасьць,
яна табе ня дасьць асатанець,
яна сiлкуе годнасьць i гiдлiвасьць
да усяго, што западло цярпець.
Ты ўспамiнаеш, як цьвiтуць вяргiнi,
як лес шумiць, як асядае пыл
на жыта прыдарожнае, як гiне
блакiтны чмель у белай конскай грыве,
як баба ў лазьнi свой шаруе тыл;
ты ўспамiнаеш, як шманалi "хату",
як ты ня стаў з рукамi на сьцяну,
як дапамог твайму блатному "брату"
жывот ускрыць, прачнуўшыся ад сну.

Ранiцай перад будынкам суда таўклiся на сьнезе з тузiн людзей, вызiраючы за кожны рог i гадаючы, адкуль прывязуць Адамовiча. Апэратары й фатографы ладавалi свой рыштунак, спадзеючыся "злавiць" удалы ракурс. Яго прывезьлi сапраўды нечакана. Скруцiўшы, як толькi можна, некалькi чалавек у адно ймгненьне ўвапхнулi яго зь дзьвярэй машыны ў заднiя дзьверы суда. Рэпарцёры ў роспачы загулi...

Першае паседжаньне ледзь не было сарванае самiм Адамовiчам, якi не жадаў выказваць давер суду.

... За кратамi недарэчна вясёлага блакiтнага колеру стаяў стомлены знэрваваны чалавек зь зямлiста-жоўтым тварам. Ягоная калматая з рудзiною барада i караценькiя валасы надавалi яму падабенства з чачэнскiм баявiком, якiх тады паказвалi штодзень у тэлевiзары. Ён пачаў задзiрацца з судзьдзём, то ўставаў, то сядаў, не адказваў на пытаньнi. Вiрлаваў шалёна вачыма i выскаляў зубы мiлiцыянтам. На просьбу Паганяйлы, паседжаньне перарвалi, каб адвакат мог пагаварыць са сваiм падабаронным.

Калi паседжаньне аднавiлася, Адамовiч ужо быў у гуморы, пакладзiста адказваў на ўсе запыты, уважлiва сачыў за сваiм адвакатам. Але здавалася, што ён ужо вельмi далёка. У руках ён круцiў новую кнiжачку ўласных вершаў, што выйшла на волi. I раз-пораз шукаў вачыма сваiх сяброў у залi... Магчыма, зразумеў, што ён не адзiн.

Тым часам працэс iшоў сваёй хадою. Маладзенькi перакладчык, якi перакладаў зь беларускай - суду i на беларускую - Адамовiчу, ужо ўвесь змакрэў. Па ягоным расчырванелым твары
кацiлiся буйныя кроплi поту. Яшчэ крыху, i страцiў бы прытомнасьць. Ён моцна бянтэжыўся, калi яго папраўляў чалавек з-за кратаў.

Суд перарваўся на полудзень. Адамовiча пакiнулi ў клетцы. Пад час суда зьняволеных у Вiцебску ня кормяць. Нiякiмi ўгавормi мiлiцыянтаў мы ня здолелi тады перадаць яму харчу. Пасьля было даўжэзнае беларуска-расейскае чытаньне справы. Заплаканы твар Адамовiчавай мацi. Ён сам ужо канчаткова згубiў цiкавасьць да працэсу i, вымерханы, расьцягнуўся на лаве ў блакiтнай клетцы. У залi вiсела нясьцерпная задуха. Ад выгляду мiлiцэйскiх зiмовых шапак мне стала млосна. Я выйшаў на двор. Мяне сустрэў зыркi блакiт марознага неба свабоды. "... Блакiтны чмель у белай конскай грыве..." Недарэчы прыйшла ў галаву думка, што краты для паэтаў, бадай, i мусяць быць вось гэткага колеру, як неба. Напэўна ў гэтую ж хвiлiну нараджаўся новы Адамовiчаў верш. Пра свабоду..."

(С.Дубавец: ) У творчых плянах выдавецтва "Наша Нiва", дзе выходзiць новая кнiга Славамiра Адамовiча, ёсьць i яшчэ адно выданьне, зьвязанае з гэтым iмем. Гэта кнiга пра неардынарную зьяву - пра паэта ў турме КГБ. У Беларусi паэты не зьнявольвалiся з з часоў сталiнскiх рэпрэсiяў. Нават у гады савецкае стагнацыi ўявiць сабе такую дэманстратыўную помсту з боку
кiраўнiчага рэжыму было цяжка. Аднак пакiнем гэтую тэму для iншае перадачы. А цяпер зьвернемся да самiх вершаў. Паэт Алег Мiнкiн зрабiў невялiчкi аналiз новае кнiгi паэзii. На ягоную думку, тое, што пiша Адамовiч - гэта асьцярожны мадэрн.

(А.Мiнкiн: ) "У беларускай паэтычнай традыцыi Славамiр Адамовiч належыць да "залатой сярэдзiны", якую запачаткавалi Максiм Багдановiч, Якуб Колас... Ён глядзiць на Зямлю дзяцiным позiркам, нiбыта праз павелiчальнае шкельца. Сьвет ягонай паэзii населены
"яшчаркамi", "iмхастымi мухамi", "восвамi", чмялямi", "кажанамi", "валунамi", "спарышамi"...

У прыполе начнiц дагараюць там ясачкi зоркi,
А самотны пугач, тэрарыст глухадольных балот,
Штось "па фенi" балбоча й ляцiць яго крык за пагоркi,
Дзе фiлонiць сава, дзе кажан зачапiўся за дрот...

Зямны сьвет Адамовiча - пукаты, дэталёвы i, што вельмi йстотна, любы ягонаму апiсальнiку й стваральнiку. Прырода мiталягiзуецца паэтам i, паводле глыбiннага духу паганства, адушаўляецца. У Славамiра "камянi варушацца, як шчанюкi", з "глыбiнi iмкнуцца", "растуць". Ёсьць i наўпрост сьведчаньнi ягонай паганскай прыхiльнасьцi: "Ты не кiдай на каўчэг мой глiну, а гронку воўчага лыку ўскладзi".

Гарадзкое жыцьцё хоць таксама мiталягiзуецца, але выдаецца не такiм утульным, нават крыху варожым. У горадзе "Кантралёры з жэтонамi ловяць "зайцоў" за каўнэр, Хтосьцi ў бруднай кавярнi прыткнуўся за столiкам з краю", "Пусты, як патэльня, пакой, дзе шпалеры, У цемры блiшчаць фасфарычным сьвятлом, Дзе сумныя ложкi, шалёныя дзьверы, Дзе ўсё, што ня
знойдзеш, ёсьць мэталалом"...

На тле фармальных пошукаў у цяперашняй беларускай паэзii Адамовiч выглядае даволi "традыцыйна". Ягоныя фармалiстычныя "адхiленьнi" i "ўхiлы" ня лезуць у вочы, успрымаюцца адаптаванымi, асвойтанымi ў агульным "клясычным" рэчышчы. Я б назваў паэзiю Адамовiча ў пляне формы - асьцярожным мадэрнам.

Што тычыцца лексыкi вершаў, дык Славамiр з добрым чуцьцём i смакам ужывае дыялектызмы й малаўжываныя словы ("пахiтоскi", "акарына", "рыдван", "шугай", "абарог", "налой"), стараславянiзмы ("векша"), нэалягiзмы й парадаксальныя словазлучэньнi ("брутальны прыпынак", "блудадзеiць", "атрасiны", "вiдма", "кармiнавая цiшыня"), празаiзмы й разнастайную тэрмiналёгiю ("дзяржстрах", "курс валют", "Н2О"). Паўтару, што ўжывае iх паэт вельмi густоўна й незаўважна для чытача.

Назва кнiгi "Плавiльшчыкi расы" i ейны эпiграф адпавядае новаму, што зьявiлася ў творчасьцi Славамiра апошнiх чатырох гадоў. Гэта - налёт аўтабiяграфiчнасьцi, зьвязаны са
зьняволеньнем i ўтрыманьнем у СIЗО КГБ, i нечаканая здольнасьць да палiтычнае й бытавое сатыры. А, самае галоўнае, гэта - зварот да нiцшэанскай "фiлязофii жыцьця". Мажлiва, гэта цалкам натуральны для Славамiра зварот-пераварот, якi некалi адбыўся й з Арцюрам Рэмбо ў
"Адным леце ў пекле", мажлiва - цудоўная iмiтацыя.

Выхад кнiгi Славамiра Адамовiча станецца падзеяй у беларускай паэзii, дзе сёньня, побач зь нязвыклай i нечуванай раней разнастайнасьцю, ня склалася яшчэ новая шкала каштоўнасьцяў i
пануе хаос".

(С.Дубавец: ) Алег Мiнкiн прааналiзаваў вершы Славамiра Адамовiча. А сталы аўтар нашае перадачы Зьмiцер Бартосiк зноў зьвярнуўся да асобы паэта i заўважыў, што Адамовiч сам выбiрае сабе час.

(З.Бартосiк:) "На Новы год я атрымаў паштоўку. Нiчога дзiўнага ў тым, што сябра павiншаваў з Калядамi, вядома, не было. Калi б ня пара акалiчнасьцяў. Паштоўка прыйшла з суседняй вулiцы. I аддрукаваны гэты шэдэўр з выяваю шампанскага на тле Спаскай вежы быў на фабрыцы Гознака ў 1959-м годзе. Каб здагадацца, ад каго прыйшло нагэтулькi стыльнае вiншаваньне, чытаць подпiс было неабавязкова.

Упершыню я яго ўбачыў сярод тлуму й дыму грандыёзнай папойкi ў бары Дому лiтаратараў. Такiя папойкi нярэдка здаралiся напачатку 90-х. Ён прыцягнуў маю ўвагу перш за ўсё сваiм зьнешнiм антуражам. У iм усё з выклiкам дысанавала з дваццацiгадовай даўнiны iнтэр'ерам казённага кабачка для "сярэдняга зьвяна". Неверагоднай канфiгурацыi капялюш, галiфэ ўзору НКВД, як на парад надраеныя высачэзныя афiцэрскiя боты. I давяршаўся гэты маскарад незвычайнай жывасьцi поглядам. З такiмi позiркамi альбо выклiкаюць на дуэль, альбо адкрываюцца ў каханьнi.

Пасьля мы пазнаёмiлiся. На пытаньне "Вы хто?" чалавек адказаў: "паэт", - прычым з такой iнтанацыяй неабвержнасьцi дадзенага факту, быццам назваў сваё воiнскае званьне. Але
пачуўшы ў той жа вечар "Я нiколi ня лашчыў радкi свае, Я iх бiў па скулах i рэбрах, Каб яны рассыпалiся iскрамi I былi камусьцi патрэбны", я больш ня меў сумневаў наконт таго, з кiм
маю справу. Пасьля былi блуканьнi агульнай кампанiяй па начным Менску, дзе на мосьце празь Сьвiслач я йзноў зьдзiвiўся, наколькi чалавек у галiфэ адпавядае непрэтэнцыёзнаму менскаму ампiру. "Ну, артыст, - думаў я тады, - толькi кабуры не хапае".

Пра тое, што артыст iграе абраную ролю ўсур'ёз, я даведаюся крыху пазьней. Калi да ягонага факстротнага вобразу дададуцца словы "арышт", "амэрыканка", "галадоўка", "рэанiмацыя". I
словы расейскага паэта Кушнера "Времена не выбирают, в них живут и умирают" упершыню не пададуцца мне аксiёмаю. У Беларусi можна абраць сабе часiну па густу. I ня толькi пры
дапамозе прычоскi, цi дзякуючы пакрою гарнiтура.

Але летась, на вечаровай узьбярэжнай памiраючага крымскага курорту, куды нас занес журналiсцкi лёс, я iзноў глядзеў на яго, нiбы ўпершыню. Дзiвячыся, як парою дакладна
могуць супасьцi вобраз i вiдарыс, зьмест i форма. I справа тут ня ў моры, не ў вясёлых гуках джаз-банды, што разносiлiся далёка ўздоўж берагу, i не ў аскепках прамiнулае эпохi - усiх
гэтых балясiнах ды калянадах. А ў тым, дзеля чаго жывуць паэты. Ён убачыў сваю музу. Яна, тыповая пастаральная пастушка, зь вялiкiмi блакiтнымi вачыма гандлявала нейкiмi
бясхiтраснымi сувэнiрамi. I наўрад цi чакала сустрэчы з кавалерам у ядвабным гальштуку. Дагэтуль незвычайна ашчадны, ён скупiў ледзь не палову яе тавару й павёў у блiжэйшы
дансiнг. Яна, у сваёй паркалёвай сукенцы i танных сандалетах i ён, у шырокага пакрою гарнiтуры i ў капелюшы, сярод джынсы, скуры ды аглушальных дэцыбэлаў выглядалi пэрсанажамi з даўно забытага кiно. Ён тэатральна запрасiў яе на танец пад нейкую папсовую драбядзень, што неслася з магнiтафону. Але ў ягоным танцы ўсё роўна ўгадвалася "Рыа-Рыта". А я сядзеў у куточку, жлукцячы пiва ды цiха ненавiдзеў сваю ролю статыста ў ягоным
спэктаклi.

Мне цяжка ўявiць сытуацыю, пры якой я асабiста апрану на сябе галiфэ й хромавыя боты. I наўрад цi я кардынальна памяняю свае густы ў бок пышнагрудых "мiс 48-мы год". I шыракаполыя капелюшы мне таксама не пасуюць. Мне застаецца адно цытаваць. I калi раптам цёплаю летняю ноччу я апынуся ў кампанii нейкай панi, якая, мiлуючыся на роўны адбiтак поўнi ў водах Сьвiслачы, прагне ад мяне паэзii, мне ня трэба доўга напружваць памяць у пошуку адпаведнага моманту радочка. Я скажу ёй: "Мажлiва, я кахаю, Але ня так, як вы; Мажлiва, я хаваю Пад пахай нож крывы, I вы не рызыкуйце Са мной iсьцi ў кiно - Я блытаю часамi Жывую кроў зь вiном"...

На дзень народзiнаў паэт падараваў мне кiшанковы гадзiньнiк. Ягоны мэханiзм ня спынiцца, пакуль мая памяць будзе захоўваць паштоўку з далёкай вулiцы Сурганава i аблiчча яе аўтара.
Невысокага чалавека з поглядам сямнаццацiгадовага, бязьмежна закаханага юнака, у дарагiм капелюшы, зь сiвiзною ў валасах".

(С.Дубавец: ) Сярод постацяў, якiя прыцягвалi ўвагу Славамiра Адамовiча - iтальянскi паэт Габрыэле Д'анунцыо. Хтосьцi з крытыкаў злучыў iмя нашага паэта ў бяспроiгрышным, на першы погляд, параўнаньнi з Маякоўскiм. Кажу на першы погляд, бо тут, мiж паэтамi, адсутнiчае найважнейшае адзiнства. Маякоўскi - iмпэрац, чаго пра Адамовiча нiяк ня скажаш.

Зь iншага боку, Адамовiч адным выглядам сваiм правакуе параўнаньне з творцамi прамiнулых часоў, на што зьвярнуў увагу Зьмiцер Бартосiк. Iншы раз здаецца, што тут у самой антрапалёгii ёсьць нейкая рэтрынка, а гратэскавасьць толькi падахвочвае такiя параўнаньнi.

Раптам адчуеш, што ня раз бачыў гэтае аблiчча на пажоўклых альбомных здымках. Ну, чысты пэрсанаж дэтэктыву пра мiжваенную Беларусь, дзе пiжонiстыя Наваградзкiя экстраваганты ў
даўгаполых капелюшах абмяркоўваюць рабаўнiцтва банка. Зрэшты, можа ён быць i
чупрынiстым белазубым камбайнёрам з савецкае кiнакронiкi 30-х. У сучаснасьць Адамовiч ня ўпiсваецца. Магчыма, ягонае аблiчча як тып зноў вымалюецца на менскiх вулiцах заўтра, калi ўсё навокал абсядзе ва ўтульным i крыху высьлiзганым, як драўляныя парэнчы ў лёнданскiм пабе, антуражы нацыянальнага адраджэньня.

I ўсё ж параўнаньнi з замежнiкамi кульгаюць, бо Адамовiч занадта беларускi паэт - паводле рэалiяў, мэнтальнасьцi, духовае энэргii, крывi. I таму разгледжваць ягонае творчае
паходжаньне найперш трэба ў беларускай традыцыi.

Паэты - людзi знакавыя. Варта мне было ў самай папулярнай iнтэрнэтаўскай шукалцы "Альта Вiста" зрабiць запыт на Адамовiча, i адказ быў не без падтэксту - шукалка знайшла 666
спасылак. Розныя там былi Адамовiчы, але ўвагу прыцягнула мiстычная лiчба. Дарэчы, славуты вершык "Убей президента" даўно боўтаецца ў Iнтэрнэце. I яшчэ дарэчы, ён перакладзены як мiнiмум на ангельскую i польскую мовы. Кажуць, вершык бяздарны, затое якi пэрфоманс!

З прозьвiшчам Адамовiч быццам бы ўсё ясна. А хто яшчэ ў беларускай лiтаратуры насiў iмя Славамiр? Быў такi аўтар, дакладней псэўдонiм - Славамiр Цыбаты, якiм падпiсваўся творца, якi стаў культавым у позьнесавецкай беларускай лiтаратуры i прадмовы да кнiг якога пiсаў Васiль Быкаў. Я маю на ўвазе Ўладзiмера Караткевiча. Ягоны энэргетычны збой, характар мысьленьня, ягоная лiтаратурная прырода - усё гэта не магло расьцярушыцца разам зь фiзычнай сьмерцю пiсьменьнiка. Нейкi час, зыходзячы з гiстарычнай тэматыкi, ролю
Караткевiчавага наступнiка прарочылi Ўладзiмеру Арлову. Але Арлоў перарос гэтыя прароцтвы. Няўрымсьлiвая энэргiя i схiльнасьць да iнтэлектуальных правакацыяў Славамiра Цыбатага перацякла ў творы Славамiра Адамовiча.

I пакуль на стале маiм горы папер i асадак,
а на чыстым лiсьце я пiшу свой чарговы радок,
ты ня зьнiкнеш, зямля, i ня зьнiкне твой вечны парадак,
i наступнай вясной твае дрэвы распырскаюць сок.

Славамiр Адамовiч сваiмi творамi працягвае тую паэтычную традыцыю, у якой ствараў вершы Ўладзiмер Караткевiч. Новая кнiга Славамiра "Плавiльшчыкi расы", якая гэтымi днямi
выходзiць у выдавецтве "Наша Нiва", пацьвярджае гэтую пераемнасьць.

XS
SM
MD
LG