Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бібліятэка "Фрагмэнтаў".


Аўтар і вядучы Сяргей Дубавец, Вільня

Нацыянальнае кнiгавыданьне ў Беларусi нiяк не параўнаеш з польскiм, дзе кнiгарнi заваленыя айчыннай прадукцыяй усiх кiрункаў, або зь лiтоўскай, дзе на падтрымку кнiгавыдаўцам
дзяржава дае паўтара мiльёны бюджэтных грошай у год. Тым ня менш, пры ўсёй неспрыяльнасьцi палiтычнай i эканамiчнай мiнулыя год-два адзначаныя i ў нас, акрамя iншага, зьяўленьнем двух даволi якасных i прэтэнцыёзных кнiжных сэрыяў. Гэта сэрыя "Архiў Найноўшай Гiсторыi", якую выдае БГФ "Наша Нiва" i Бiблiятэка часопiса "Фрагмэнты", якая выходзiць у Цэнтры Эўрапейскага Супрацоўнiцтва "Эўрафорум". Абедзьве сэрыi налiчваюць ужо амаль па дзесяць кнiг, сярод якiх ёсьць бясспрэчныя здабыткi нацыянальнай культуры, абедзьве зусiм розныя паводле спэцыфiкi, кола аўтараў, жанраў i зьнешняга выгляду. Сёньня гутарка поўдзе пра адну з гэтых сэрыяў - Бiблiятэку "Фрагмэнтаў" - якую каардынуе паэт i фiлёзаф Iгар Бабкоў. У канцы перадачы - адна думка пра сучасную фiлязофiю.

OPUS CITATUM

Сэрыя складаецца зь дзьвюх калекцыяў - мастацкай "Галерэi Б" i фiлязофскай "Сучаснае мысьленьне". Надалей плянуецца распачаць яшчэ дзьве калекцыi - "Беларуская эмiграцыя" i "Сярэдняя Эўропа". У чым асаблiвасьцi гэтых кнiг i якiм чынам iх зьяўленьне абумоўленае сёньняшняй культурнай сытуацыяй у Беларусi? Пра гэта зь Iгарам Бабковым размаўляў Севярын Квяткоўскi:

(С.Квяткоўскі: ) "Камэнтуючы сучасную беларускую культурную сытуацыю, Iгар Бабкоў прамаўляе слова "стома". Маўляў, мiнуў пэрыяд канца 80-х - пачатку 90-х, калi здавалася, што выйдзе яшчэ адна кнiжка, музычны альбом, прамовiцца яшчэ адно патрэбнае слова, i сытуацыя кардынальна зьменiцца. Сытуацыя, якая базавалася на хiсткiм кампрамiсе памiж руцiннай адраджэнскай iдэалёгiяй i прагай фэерыi. Мiнула таксама постадраджэнская сьцiшанасьць, калi iмёны, якiя перад тым гучалi як адкрыцьцё, сышлi ў цень:"

(І.Бабкоў: ) "Сёньняшняя сытуацыя нагадвае мне другi старт. Асаблiвасьцi гэтага старту ў тым, што ўсе проста спрабуюць рабiць клясныя рэчы. Не арыентаваныя на зьмену агульнай культурнай сытуацыi. Арыентаваныя не на адраджэньне, а на тое, што iмкнецца выявiцца.

Спачатку была iдэя - выдаваць клясныя кнiжкi, потым паўсталi калекцыi. У аснове - мэтафара Борхесавай "Бабiлёнскай Бiблiятэкi". Мы ўявiлi адну з галерэяў i назвалi яе "Галерэя Б" - Галерэя Беларусь. Звышкрытэр, якi, здаецца, удаецца вытрымаць - кожную з гэтых кнiжак можна перакладаць".

У мастацкай сэрыi "Галерэя Б" ужо выйшлi кнiгi выбраных вершаў самога Iгара Бабкова, зацемкi Леанiда Галубовiча, якiя ўжо некалькi гадоў друкуюцца ў ЛiМе, а таксама кнiгi маладых аўтараў, якiм, на маю думку, не хапае патрабавальнае рэдактуры, г.зн. уласна лiтаратурнае практыкi. Бясспрэчным здабыткам калекцыi стаў зборнiк "Рэчаiснасьць" Алеся Разанава.

Ён нават нагадаў тыя кнiгi гэтага паэта, якiя выходзiлi ў глыбокiя савецкiя часы i апанiравалi сыстэме як тэматыкай, формай, так i незвычайнай экспрэсiяй, жывой энэргiяй слова. Пасьля таго Разанава доўга не друкавалi, а яшчэ пазьней выйшла некалькi ягоных кнiг палепшанай палiграфii, але кнiжкi тыя былi, мне падалося, перагарэлыя i перачаканыя i таму мала
энэргетычныя. I вось зборнiк у калекцыi "Галерэя Б". Адно, што такога вострага чаканьня Разанава, як у пачатку 80-х, сёньня ўжо няма. Хоць, кажуць, новую кнiгу раскупiлi раней за
астатнiя. Гэта ня дзiўна, бо ў лiтаратурным сэнсе астатнiя саступаюць разанаўскай "Рэчаiснасьцi".

Блукаю па Вiльнi.
На даўнiх мурах
новыя назвы, -

так гучыць адзiн з пункцiраў. А яшчэ я раптам заўважыў дзiўную, на першы погляд, лiтаратурную повязь - блiзкасьць да Разанаўскiх твораў таго, што пiша Адам Глёбус. Гэта вельмi матэрыяльнае пiсьмо, вельмi рэчавае i вельмi мужчынскае. А праз тое - i вельмi беларускае. Лiтаратары падобныя да вясковых мужчынаў, якiя робяць сваю канкрэтную штодзённую працу.

Скажам ужо Галубовiч - не настолькi акрэсьлена беларускi пiсьменьнiк. Для лепшых твораў беларускай лiтаратуры апошнiх дзесяцiгодзьдзяў ён - хутчэй правiла, а Разанаў i Глёбус -
выключэньне, iншы кiрунак.

Iгар Бабкоў не плянуе выдаць вершы Глёбуса, хоць, на маю думку, ад гэтага калекцыя выглядала б больш цэльна. Пра свае пляны каардынатар сэрыi распавёў Севярыну Квяткоўскаму:

(С.Квяткоўскі: ) "Сярод аўтараў, чые творы Бабкоў жадаў бы выдаць у "Галерэi Б" у будучынi - Марыя Роўда, Лявон Вольскi, а таксама "Выбранае" Алега Мiнкiна... Таксама галоўны рэдактар "Фрагмэнтаў" плянуе запачаткаваць калекцыю пад назвай "Сярэдняя Эўропа", дзе ў перакладах выйшлi б Чэслаў Мiлаш, Мiлан Кундэра, Мiларад Павiч i iншыя".

(І.Бабкоў: ) "Мы маглi б выдаць дзьве тоўстыя кнiжкi, i на гэтым усё б скончылася. Але мы робiм маленькiя, бо хочам, каб зьяўлялiся самi кнiжкi. Калi кнiжкi зьяўляюцца, то ёсьць адчуваньне жыцьця. Калi кнiжкi выходзяць, тады яны нарэшце пачынаюць пiсацца".

(С.Квяткоўскі: ) "Бабкоў лiчыць, што яшчэ рана казаць пра зьяўленьне новае генэрацыi, якая вырасла на плёне творчасьцi сучасных незалежных культурных асяродкаў. Ён лiчыць, што i часопiс "Архэ", i культурнiцкая дзейнасьць Маладога Фронту, i iншыя iнiцыятывы сёньняшнiх дваццацiгадовых так цi iнакш непасрэдна зьвязаныя з "старэйшымi".

(І.Бабкоў: ) "Новая генэрацыя - гэта генэрацыя сёньняшнiх шаснаццацi-сямнаццацiгадовых. У "НН" была нататка пра "Вулей", пра тое, што яны зьбiраюцца... - гэта людзi, якiя нi ў чым не залежаць. Нi станоўча, нi адмоўна... Ёсьць старая кiтайская показка пра тое, што ня трэба цягнуць расьлiны, каб яны хутчэй вырасьлi, бо можна вырваць з коранем".

(С.Дубавец: ) Iгар Бабкоў пачаў свае характарыстыкi са слова "стома". I трэба сказаць, што большасьць кнiг мастацкай i фiлязофскай калекцыяў адгукаюцца на гэтае слова. "Стома" выяўляецца як ў недаробленасьцi некаторых тэкстаў i твораў, так i ў тэматыцы i зьмесьце, на якiх ляжыць пячатка нязбыўнае тугi. Гэта дэкаданс. Здаецца, з часоў Багдановiча ў нас нiколi так шмат i з такiм натхненьнем не пiсалi пра сьмерць.

Тэматыка сьмерцi разьлiтая па кнiжках, i можа быць, асаблiва часта сустракаецца ў Сяргея Дубаўца, для якога, цытую "Усё занадта добра, каб не прыходзiлi думкi пра сьмерць". Адзiн за адным аўтары манерна гавораць пра сьмерць нацыi, лiтаратуры, слова. Вяршыня гэткага манернiчаньня - кнiга Валянцiна Акудовiча "Мяне няма". Яе ўважлiва прачытаў Сяргей Харэўскi:

(С.Харэўскi: ) Сама назва гэтае кнiгi - "Мяне няма" - ужо разьлiчаная на правакацыю чытача. Але назваю тое не сканчаецца. Першыя словы першага пасьля прадмовы тэксту: "Не было, каб я чуў ад некага: люблю Мiнск".

Па-першае, ня верыцца; па-другое, пасыл падаецца занадта адвольным, каб на iм выбудоўваць наступныя развагi. Па-трэцяе, аўтар дысквалiфiкуе сябе як лiтаратурнага крытыка. Згадаем
словы Караткевiча пра Менск, цытую: "... ён прыўкрасны. У кожны час дня i ночы, у кожную пару году. А будзе яшчэ лепшым". Канец цытаты. Прыгадаем кнiгi Сыракомлi, Шпiлеўскага,
урэшце Пазьняка. А затым - цэлы россып вершаў i песень. "Родны мой горад, любоў мая"...

Можа, каб у тэксьце замест слова "Мiнск", стаяла слова "Менск", высновы аўтара былi б iншыя. "Мiнск" зусiм не "Мэдына", роўна ж як i "Мэкка" - ня "Вiльнюс". Гэта Вiльня,
паводле Жылкi, крывiцкая Мэкка. I менавiта МЕНСКУ, гэтага трансцэндэнтнага места, ня можа ня быць, бо ёсьць Беларусь, якая ў iм матэрыялiзавалася ад Слова. I гэтае Слова было -
Незалежнасьць.

Акудовiч пiша: "Мiнск пазбаўлены ўцэнтраванага ў структуру прасторы сымбалiчнага мiту, паэтычнай дамiнанты, сярэдзiны самога сябе..." Канец цытаты. А гара Верхняга гораду, дзе ад
каталiцкай Катэдры да праваслаўнай трыста крокаў, - цi ня ёсьць i Альфаю i Амэгаю? Больш вiдавочны i канкрэтны сымбаль прыдумаць цяжка. Але Акудовiч прагне эпатажу, выбiраючы ўсё мацнейшыя словы: "Мiнск - места адзiнокiх самотнiкаў, у якiм самагубцаў больш, чым дзе".

Таксама ня верыцца. Бо не ўяўляецца анi Парыж, анi Лёндан без самотнiкаў, без самагубцаў, як распаўсюджанага тыпажа. Розьнiца ў тым, што МIНСК самагубца сам, якi мэтадычна
зьнiшчае самога сябе фiзычна i калi-небудзь ён завершыць гэтую работу, саступiўшы месца МЕНСКУ, якi жыве толькi з нашае любовi. Як зь любовi Шагала перахаваўся Вiцебск.

Што да Марка Шагала, дык тут аўтар ня ставiць пад сумнеў iснаваньне Вiцебску. Тут Акудовiч сумняваецца на iншы прадмет. Наколькi Шагал - фэномэн беларускi. Цятую: "этнiчна - гэбрай, сацыяльна - расеец, эстэтычна - эўрапеец, духоўна - касмапалiт)". Канец цытаты. Сам Шагал пра сябе пiсаў: "я малiў свайго прадзеда, якi расьпiсаў сынагогу, падараваць майму
пэндзлю хоць адзiную кроплю жыдоўскае сапраўднасьцi". Значыць, i этнiчна, i эстэтычна, i духоўна Шагал перадусiм быў габрэем. А сацыяльна паходзiў з габрэяў-паўпралетарыяў... Паводле сусьветных дэфiнiцыяў Шагал - францускi мастак, родам з Расеi. Ягонае расейскае грамадзянства гэтаксама не аспрэчыць, як, напрыклад, польскае - беларускага мастака Тарасэвiча. Але тое, што гэты габрэй-мастак быў у Вiцебску "абшарнiкам Вялiкае Расеi", - такога да Акудовiча не прыдумаў нiхто...

Мiрскi замак, Эйфэлева вежа i пiрамiда Хэопса знаходзяцца, на думку Акудовiча, на аднолькавай адлегласьцi ад гледача тэлевiзара. I гэта слушна, калi глядач сядзiць ля тэлевiзара ў Сант'яга альбо ў Манiле. Француз жа выдатна ведае, хто такi Эйфэль, а Мiрскi замак для большасьцi беларусаў да сёньня - абстракцыя, якую тэлевiзар нiяк не наблiзiў.

У клясычныя эпохi палякi, французы i ангельцы, пра якiх пiша Акудовiч, шырака карысталiся ўсё ж ня столькi сваiмi, як трансэўрапейскiмi культурнымi знакамi: хрысьцiянствам, лацiнаю
i рымскiм правам. I гэта не размыла iхныя культуры, а наадварот, надала iм клясычныя вывераныя формы. Недакончаная ў сваiх формах культура беларусаў, апанаваўшы iнтэрнэт, увайшла ў сусьветны кантэкст у адначасьсе з астатнiмi, крышталiзуючы сябе шматкроць хутчэй.

Камунiкатыўны выбух, якiм напрыканцы кнiгi пужае аўтар, ужо адбыўся. Нiчога ў беларускiм сьветапоглядзе не зьмянiлася. На жаль. Бо каб гэткiя зьмены адбылiся, большая частка нашага
грамадзтва вольна апэравала эўрапейскiмi мовамi i найноўшымi камунiкатыўнымi тэхналёгiямi.

"Мяне няма", "Горад, якога няма", "Не было, няма i ня будзе"... Калi б Валянцiн Акудовiч быў школьным настаўнiкам, можна было б падумаць, што ён правакуе вучняў на абвяржэньне
сваiх вiдавочных iнтэлектуальных правакацыяў. Вучнi мусяць абвергнуць хiтрага мэтра, а ён задаволена ўсьмiхнецца: "Рацыя". Толькi пры чым тут "Сучаснае мысьленьне"?"

(С.Дубавец: ) Гэтак спакваля мы перайшлi да фiлязофскай калекцыi "Сучаснае мысьленьне" i ўжо акрэсьлiлi характар гэтае фiлязофii - дэкаданс. Сам Iгар Бабкоў пра гэтую калекцыю сказаў Севярыну Квяткоўскаму наступнае:

(С.Квяткоўскі: ) "Iгар Бабкоў гаворыць пра тое, што новая беларуская культура ня здолела выйсьцi з стану iснаваньня ў паралельнай прасторы. Адна з магчымасьцяў перарваць знутры гэтую паралельную прастору для яго - заснаваньне кнiжных сэрыяў "Сучаснае мысьленьне" i "Галерэя Б":

(І.Бабкоў: ) "Сучаснае мысьленьне" - гэта спроба паказаць, што ёсьць ня толькi лiтаратура, але й фiлязофiя, i культуралёгiя, такая зьява, як беларускае мысьленьне. Але гэта было б прыгожымi пражэктамi, каб не было самiх кнiжах".

(С.Дубавец: ) "У кожным разе новая калекцыя адлюстроўвае той фiлязофскi дэкаданс канца стагодзьдзя, якi паступова запаноўвае ня толькi ў асяродку Iгара Бабкова i ня толькi ў Беларусi, а цi не паўсюль у фiлязофii i эстэтыцы. Тут i "Канец гiсторыi" Фукуямы i Гiбель Тытанiка ў ролi самага касавага фiльма канца тысячагодзьдзя.

Iншая рэч, ужо безадносна да новай сэрыi, - гэта сам фэномэн сучаснага мысьленьня.

Сучаснае мысьленьне ня ставiць пытаньня пра сэнс жыцьця або, як пiсаў Камю, пра тое, цi вартае жыцьцё таго, каб быць пражытым. Сучаснае мысьленьне цяжка ўявiць сабе як прафэсiю. Доктар фiлязофскiх навук - гэта той, хто абазнаны ў гiсторыi фiлязофii, але ён зусiм не ўспрымаецца жывым мысьляром, ад якога сучасьнiкi чакаюць якогась лёсаноснага павароту думкi, як чакалi яшчэ ад Гайдэгера. Сучаснае мысьленьне блукае ў стракатых скопiшчах постмадэрнiзму i кампiлюе, спрабуе спалучыць неспалучальнае. Як у краiне на пераломным этапе iдзе перадзел уласнасьцi, так у фiлязофii, эстэтыцы i маралi адбываецца перадзел уяўленьняў. Мысьляры i мастакi цягнуцца да самых яркiх i выразных пэрсанажаў гiсторыi. Палемiка вакол iмя i асобы Пiначэта мiжволi набывае характар жывога сучаснага
мысьленьня. У нашай сытуацыi залiшняя палiтызаванасьць журналiстаў замiнае iм з такiм самым патасам i абагульненьнем абдумваць сытуацыю, у якую трапiў старшыня калгасу
Старавойтаў, хоць матэрыял нiбы сам просiць аб гэтым.

Мiж iншым, параўнаньне гэтых двух лёсаў - таксама кампiляцыя, праўда, я б не назваў яе постмадэрнiсцкай, бо постмадэрнiзм адразу зьнiкае адтуль, дзе зьяўляецца лёгiка. Увесь сьвет
лютуе або пратэстуе над Пiначэтам, хоць у Гiшпанii, дзе яго мусяць судзiць, пасьля 70 гадоў турэмнае зьняволеньне не прадугледжана. Гэта значыць, што Пiначэту ў кожным разе
гварантаваная спакойная старасьць i магчымасьць апраўдваць перад сьветам свой жыцьцёвы выбар. У той самы час ягоны раўналетак Старавойтаў яшчэ да суду сядзiць у жалезнай клетцы ва ўласнай краiне, дзе паважны ўзрост не зьяўляецца аргумэнтам. Чым не матэрыял для сучаснага мысьленьня пра ўласную нацыю, чый лiдэр пры гэтым умудраецца знаходзiць сабе падтрымку найперш менавiта сярод пэнсiянэраў?

Такiя развагi не здаюцца мне публiцыстычнымi або палiтычнымi. Сучаснае мысьленьне робiць iх фiлязофскiмi. Прычым аб'ектам мысьленьня робяцца як сучасьнiкi, так i пэрсанажы гiсторыi.

Напэўна, невыпадковы i зварот да асобы Гiтлера. Адразу два новыя фiльмы трапiлiся на вочы: наша стужка "Дамова з Гiтлерам" Уладзiмера Коласа i расейская "Малох" Арабава i Сакурава.

Сюжэт "Малоха" распавядае пра адзiн дзень з жыцьця Адольфа Гiтлера i Эвы Браўн, праведзены вясной 42-га на дачы фюрэра ў Альпах.

- Вы калi-небудзь задавалi сабе пытаньне, чаму сярод фiнаў столькi вар'ятаў i чаму ў чэхаў вусы заўсёды глядзяць унiз? - пытаецца за сталом у свайго атачэньня Гiтлер. Усе адмоўна
хiтаюць галовамi,

- А я задаваў, я задаваў... - задумлiва паўтарае Гiтлер i працягвае:

"Я начамi ня спаў ад гэтых пытаньняў, яшчэ ў юныя гады трапятаў, прадчуваючы адкрыцьцi... Гэтыя бяссонныя ночы дзiцячага шчасьця, гэтая сьвежасьць арганiзму, не абцяжаранага адказнасьцю за лёсы сьвету...

Фiны вар'яты ад таго, што ў iх увесь час зiма i паўночнае зьзяньне. Усе паўночныя народы вар'яцеюць ад гэтага. Сьнег выпраменьвае тугу.

У чэхаў вусы растуць унiз ад таго, што яны паходзяць ад манголаў. Немцам пашанцавала, моцна пашанцавала. Паўночнае зьзяньне iх не кранула, а манголы прайшлi стараной. Цёплы
клiмат быў калыскаю старажытных германцаў. Ён спрыяльны для бiялягiчных мутацыяў, ён вызваляе схаваныя сiлы ў чалавека! Але любыя мутацыi - лухта, дзiцячая забава, калi няма руху... Няма пугi, якая прымушае народ рухацца! Любы народ у сваiх нацыянальных межах
падобны да стаячай вады. Ён загнiвае, пакрываецца бросьняй. Такой вады не пап'еш. Такой вадой ня ўмыесься. Нават човен засядзе... Толькi рух прымушае народ абмалоджвацца, вылучаць на перадавыя пазыцыi самых нахабных, дзёрзкiх i разумных! Ломка нацыянальных межаў падобная да веснавой паводкi. Рака разьлiваецца й цячэ, як ёй захочацца. Народы iдуць, самi ня ведаючы куды! Вада ачышчаецца i робiцца крынiчнай. Мэта гэтага руху няважная, бо якая можа быць у руху мэта? Толькi сам рух".

Далей фюрэр распавядае пра свае пляны паляпшэньня чалавечай пароды.

"Усе сьмярдзяць, храпуць, пярдзяць i рыгаюць, седзячы за адным сталом. Стаяць у чэргах у прыбiральню. Чухаюцца. Калупаюцца ў зубах i ў носе. Спакою iм захацелася!? Утулку!? Плюшавых крэслаў!? Сямейнага бульёну. Каб бюргер тлусьцеў i раскладаўся ад тлушчу!? Каб па вечарах усе пiлi гарбату, па нядзелях хадзiлi ў царкву; а потым смакталi пiва пад дрэвам i жэрлi сасiскi?! Ня будзе вам спакою! Ня будзе сямейнага бульёну! А будзе пуга! Я ня дам вам спакою! Я буду хвастаць вас i хвастаць! Трыдцаць гадоў! Сорак гадоў! Пакуль вы з быдла не
ператворыцеся ў людзей".

Гiтлер абагаўляў спорт. Можна ў прынцыпе зразумець, чаму прэзыдэнт Лукашэнка пераасэнсоўвае сёньня Гiтлера. I гэта таксама частка сучаснага мысьленьня.

Леў Талстой перад сьмерцю надта перажываў, што напiсаў столькi тоўстых кнiжак, а ў чалавеку нiчога не зьмянiлася, не палепшылася. Магчыма, за такое iмкненьне палепшыць чалавека Ленiн i назваў Талстога люстэркам рускай рэвалюцыi. Калi знаёмiсься зь нядаўна выпушчанай у Францыi "Чорнай кнiгай камунiзму", разумееш, што мусiла б, паводле Ленiна,
адлюстроўвацца ў Талстым. Ня ведаю, цi чытаў Талстога Гiтлер, але сучаснае мысьленьне зблiжае iхныя пазыцыi. Леў Талстой, Адольф Гiтлер, Аляксандар Лукашэнка, Старавойтаў i Пiначэт - кожная з гэтых асобаў дае вялiзныя магчымасьцi для развагаў пра дабро i зло, i калi на хвiлiну адвернесься, пасьля не заўсёды разумееш, пра каго менавiта iдзе размова.

Вiдавочна, што сучаснае мысьленьне выглядае значна больш дэмакратычным у параўнаньнi з ранейшым, традыцыйным мысьлярствам. Аднак вiдавочна i тое, што сёньня значна цяжэй у
гэтай сфэры стаць заканадаўцам i напiсаць шэдэўральны твор. Адна з сэрыяў, у якой такi твор можа зьявiцца - гэта бiблiятэка часопiса "Фрагмэнты".
XS
SM
MD
LG