Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што вас асабіста зьвязвае з Расеяй?


Аўтар і вядучы Сяргей Дубавец, Вільня

Наступны выпуск "Вострае Брамы" будзе прысьвечаны Калядам. Можа быць, ня столькi ўласна Калядам, колькi сьвяточнаму настрою ў беларускiм культурным кантэксьце ХХ ст. Як правiла, у пошуках гэтага кантэксту мы гаворым пра смутак, страты i жах. Пачуцьцё радасьцi ў нас таксама зьвязанае зь пераадоленьнем або здабыткамi - выйшла першая газэта, адчынiлася школа, нашыя збройныя сiлы перамаглi чужынцаў, Беларусь прызналi, Беларусь злучылi ў адно цэлае i г.д. Але ўсё гэта - яшчэ ня сьвята ў тым сэнсе, у якiм разумеюць звычайна Каляды або Новы год. Магчыма, такое яднаньне цэлага народу ў пэўнай мэтафiзычнай радасьцi для беларусаў сёньня i не ўласьцiвае. Але тады як перажывалi гэта ўсё нашыя папярэднiкi, дзе гэтае яднаньне згубiлася i ў чым ягонае верагоднае вяртаньне?

Каб вызвалiць прастору для такiх развагаў на наступную перадачу, сёньня мы паспрабуем даказаць што-нiшто з таго, што ў мiнулых выпусках не даказалася. Праўда, тэмы, пра якiя
пойдзе гаворка, застануцца актуальнымi i ў наступным годзе. Але даказаўшы распачатае, далей мы здолеем гаварыць пра гэта iнакш, больш асэнсавана i, можа быць, дзейсна.

Першая з такiх тэмаў - Дзень мовы, iнiцыятыва рэдакцыi "Нашай Нiвы", якая распачалася сёлета на Дзяды i сэнс якой зводзiцца да таго, каб усе, хто гэта падтрымлiвае, у другi дзень кожнага месяца iмкнулiся абысьцiся без чужога слова, гэта значыць гаварыць, пiсаць, чытаць i слухаць толькi па-беларуску. Напэўна, ня трэба казаць дзеля чаго спатрэбiлася такое моўнае
самаабмежаваньне, такi моўны пост. Галоўнае - пераадолець той псыхалягiчны бар'ер, якi замiнае сьведамым беларусам заўсёды й паўсюль карыстацца моваю. Прычым iнiцыятар ад пачатку ня ставiў задачу зрабiць Дзень мовы ўсенародным, а разглядаў яго як iнтымны выбар кожнага чалавека. Адзiнае наша iмкненьне - паведамiць пра Дзень мовы як мага шырэйшаму колу людзей i заклiкаць iх дзялiцца сваiмi назiраньнямi i ўражаньнямi ад таго, што ў гэты дзень адбылося. Урэшце з чытачоўскiх допiсаў мы складзем Белую кнiгу мовы. У Вострай Браме ўжо гучалi такiя занатоўкi. Сёньня - працяг. Зьмiцер Бартосiк правёў свой сьнежаньскi Дзень без чужога слова ў Вiцебску.

(Зьміцер Бартосiк: ) "Калi б ня тая сустрэча, я б, можа, i не згадаў, што 2-га сьнежня ў нас ня просты дзень, а Дзень без чужога слова. Тым больш, што правесьцi яго я павiнен быў у самых неспрыяльных умовах. А менавiта ў засьнежаным Вiцебску, куды мяне запрасiлi з канцэртам.

Зьняўшы нумар зь вiдам на мясцовы тэатар, я накiраваўся ў рэстарацыю, каб падсiлкаваца ды разам з тым нагадаць тутэйшым афiцыянткам пра сёньняшнюю наяўнасьць у iхным гасьцiнным горадзе хаця б аднаго аматара чыста беларускiх страваў i гукаў.

Цэнтравы кабак абласнога цэнтру толькi зачынаў свой "гудзёж". Нядбайна размаляваны папяровы плякат паведамляў, што рэстарану споўнiлася 25. Цыгарэтны дым яшчэ не пасьпеў ператварыцца ў сiнi туман, пра якi лянiва сьпявалi музыкi, яшчэ магчыма было адшукаць столiк з чыстым абрусам, яшчэ захоўвалася надзея на спакойную вячэру без душэўных знаёмстваў i пытаньняў - цi бываў я за Ўралам. Хуценька замовiўшы нешта, я са злоснай
цiкавасьцю пачаў разглядаць публiку. Тыповы набор пэрсанажаў часопiса "Вожык" за 73 год. Кнырападобныя заўмагi-кавалеры падлiвалi водачку сваiм мадамам, таксама якiм-небудзь
таваразнаўкам. Каб пасьля, натрэскаўшыся эскалёпаў, трэсьцi потнымi целясамi пад завываньнi чырвонамордага, валасатага салiста, якi вiдавочна забыўся надзець клёшы й чырвоную кашулю. Гэта ў iх называецца - весела правадзiць урэмя. Не разумею - як iх дасюль ня выверне ад гэтага вясельля, якое за дваццаць пяць гадоў не зьмянiла анi мэню страваў, анi iнтэр'еру сьценаў, хiба толькi крыху абнавiўся рэпэртуар ВIА.

Пачытаць газэту не атрымалася. Я выразна адчуваў нечы погляд. Праз два столiкi ад мяне сядзеў мой колiшнi камузвода. Нiчога не заставалася, як, выдаўшы на твары ўсьмешку радасьцi й намагаючыся згадаць ягонае iмя, запрасiць яго шырокiм жэстам за свой столiк. З горыччу разумеючы, што ста грамамi сустрэча баявых сяброў не завершыцца. Рэстаранны ансамбаль, нiбы на заказ, зацягнуў "Здравствуй, чужая мiлая".

Маёй моўнай арыентацыi сяржант зьдзiвiўся не адразу. Толькi пасьля чаркi "за сустрэчу". Ён удумлiва таропiўся, пакуль ня выбухнуў: "Ну, Мiцька, ты даеш. Як, бляха, па Беларускiм
тэлябячаньнi. Толькi яшчэ больш непанятна. I многа там у Гомелi вас такiх?" "Толькi лепшыя людзi раёну". "Ага, каб усiм на зло". "А, можа, на дабро?" "А, можа, на дабро. Давай, Мiця, за дабро". I перакулiў кiлiшак. А мяне, чамусьцi, усё больш прабiраў сорам за тое, што я не магу прыгадаць, як жа ягонае iмя. Зрэшты, я ўсё больш быў рады гэтай сустрэчы. Якая выразна дала мне адчуць прамiнулая з часоў савецкага войска дзесяць гадоў.

Пад ягоныя скаргi на хрэновую долю, я быццам упершыню ўсьвядомiў, што мы былi прызваныя з адной зямлi. I амаль апошнiя, каго пасьпела загрэбсьцi савецкае войска. Яшчэ да
нашага вяртаньня ў Беларусь, краiна, якой мы прысягалi на вернасьць, пачала iмклiва развальвацца. Першымi, не чакаючы дэмбеля, на радзiму йрванулi прыбалты. Мы зайздросьцiлi iм, некаторыя зларадна прадракалi ўцекачам наручнiкi й дысбаты. Але чаму нiкому з нас у галаву не прыходзiла думка, што й нам ёсьць куды вяртацца. Прычым не ўцекачамi, а чаканымi дзецьмi. Недарэчна адарванымi на два гады дзеля будаўнiцтва
валагодзкага КаГэБэ.

"Шчас я закажу гэтым салаўям чево-небудзь беларускага. Спецыальна для цiбя". Я глядзеў на крыху пастарэлае за дзесяць гадоў аблiчча свайго былога ўзводнага й нiяк ня мог уявiць яго
нiкiм iншым, як толькi савецкiм сяржантам. Чалавекам з ужо такога, здавалася, далёкага мiнулага, што мiжволi ўзьнiкала ўражаньне, быццам гэта ня я гасьцяваў у ягоным горадзе, а ён
прыехаў да мяне ў Беларусь. Праз хвiлiну з эстрады прагучала: "А теперь для нашего гостя из солнечного Гомеля звучит песня "Молодость моя - Белоруссия". Задаволены сваiм жэстам сяржант разьлiў па трэцяй i апошняй. "Ну, давай, за Беларусь нашу радную". Выпiлi якраз пад непрыстойнае енчаньне чырвонамордага салiста пра тое, што "в каждой нашей семье с намi малые дети Хатыни".

Далей ён заўважыў нейкую сваю знаёмую й наша разнамоўная, нацягнутая размова шчасьлiва скончылася. "Пака, Мiцяй". "Бывай,.. Сяржант". Я пакiдаў кабак у той час, калi "красивая
жизьнь" тут толькi пачыналася. I ў каторы ўжо раз парадваўся сваёй чужасьцi на гэтым балi. Нясьцерпна хацелася сьвежага паветра незнаёмых вулiц. Дзе ў кожнай маладой постацi я даўно й небеспадстаўна бачу патэнцыйнага аднамоўнага суразмоўцу. I ня толькi ў гэты дзень".

(Сяргей Дубавец: ) Зьмiцер Бартосiк распавёў пра свой сьнежаньскi Дзень мовы. Мiж iншым варта згадаць, што гэты дзень прайшоў у досыць насычаным падзеямi моўным кантэксьце. Тут i праская канфэрэнцыя мовазнаўцаў, якая адбылася 5 сьнежня i ўнармавала правапiс
сучаснай тарашкевiцы. Тут i судовы працэс над "Нашай Нiвай" за права пiсаць гэтым самым правапiсам, якi адновiцца ў Менску заўтра.

Яшчэ адна тэма, якую мы толькi распачалi ў папярэднiм выпуску Вострае Брамы - адносiны беларусаў да Расеi. Што вас асабiста зьвязвае з Расеяй - пра гэта казалi беларускiя грамадзкiя
дзеячы, навукоўцы i журналiсты, якiя жывуць за межамi Беларусi. Сёньня на тое самае пытаньне адказваюць мiнакi зь менскiх вулiц. Да iх зьвярнуўся Севярын Квяткоўскi.

(Севярын Квяткоўскi: ) "Нядаўна адзiн мой прыяцель вырашыў ажыцьцяўляць зносiны з cваiмi расейскiмi сваякамi з дапамогай электроннай пошты. Першы лiст быў кароткi - "здароўе добрае, п'ю мала, па Расеi не сумую". Навошта была патрэбная апошняя фраза? -
спытаўся я ў прыяцеля. Ён адказаў, што нядаўна быў у сваякоў, у расейскай глыбiнцы, дзе некалi правёў лепшыя гады дзяцiнства. З прыемнасьцю згадвалi мiнулае, але як дайшло да сёньняшняга дня, размова прыпынiлася. Сваякоў не абыходзiлi цiкавосьцi майго беларускага жыцьця, я не ўспрымаў iхныя. Думаў, гасьцяваць буду пару тыдняў, а зьехаў праз тры днi.

Цi можна назваць адказ майго прыяцеля тыповым? Каб высьветлiць гэта, я выйшаў на менскiя вулiцы, задаючы мiнакам адно пытаньне - "што зьвязвае асабiста вас з Расеяй?"

Саракагадовы спадар, якi ў Расеi правёў апошнi год на заробках, мае вельмi адмоўнае
стаўленьне да гэтай, невядомай яму перад тым, краiны. Спадар патлумачыў, што наймальнiкi яго цынiчна абшуквалi.

На заробкi ў Расею - зьява тыповая, але не татальная. Магчыма таму большасьць мiнакоў незалежна ад узросту рэагавалi на маё пытаньне зьдзiўленьнем:

- С Россiей? Нiчего такого.

- Сейчас не скажу, что связывает.

- Ой, меня нiчего, абсолютно.

- Меня? Лiчно меня нiчего. Абсолютно нiчего.

- Нiчего... Меня? Лiчно? Абсолютно нiчего!

А вось адказы iншага кшталту, прадыктаваныя ўжо не асабiстым, а агульным:

- Мы одно i тоже целое, едiное целое. Я себя счiтаю членом едiного целого.

- Нiчога. Я турбуюсь толькi аб сваёй радзiме Беларусi.

- С Россiей всё нас связывает. Я счiтаю, что Россiя без нас не прожiвёт, i мы без Россii не прожiвём.

- Нiчего такого особенно не связывает... Ну, Россiя, ну наш сосед большой... А по большому счету, мы моглi бы в другое место обратiть своi iнтересы.

Апошнiя словы належалi хлопцу-першакурснiку. Бадай, гэта найбольш характэрны для маладых менчукоў адказ. Што да перакананых прыхiльнiкаў славянскага трыадзiнства, я iх
сустрэў гэтаксама мала, як i прынцыповых абаронцаў незалежнасьцi краiны.

- Я жыву у Беларусi, у меня кварцiра в Беларусi... С Расiей што меня связывает - што Россiя многа берот ад Беларусi всякiх прадуктав.

Гэта словы местачковага пэнсiянэра, якi прыехаў у Менск да сваякоў. А вось жыхар Менску, былы iнжынер, а сёньня "вольны мастак", сказаў, што мае сувязь з шматлiкiмi расейскiмi сваякамi й сябрамi, але да Расеi як да краiны ставiцца вельмi адмоўна. Свае словы ён патлумачыў наступным чынам. Расею насяляюць добрыя людзi, якiя фэнамэнальным чынам
няздатныя стварыць зь сябе паўнавартаснае грамадзтва. А яшчэ спадар з горыччу дадаў, што беларусы пайшлi не на шмат далей. Тым ня менш, зьяжджаць ён не зьбiраецца".

(Сяргей Дубавец: ) Такiм чынам, беларусаў асабiста як правiла нiчога ня зьвязвае з Расеяй. Для самой iдэi апытаньня было важна даведацца менавiта пра гэта. Праўда, нашыя рэспандэнты ўсё ж не прамiнулi заняцца ацэнкамi Расеi i расейскага народу. Заўважу, што пры гэтым мiнакi зь менскiх вулiц не адхiлiлiся ад даўняе, можна сказаць, спрадвечнае традыцыi. Яшчэ ў пачатку стагодзьдзя Казiмiр Сваяк акумуляваў гэтую традыцыю ў сваiм апавяданьнi "Што Янка ваяка казаў". Янка ваяка вяртаецца ў вёску i пачынае раздаваць кароткiя ды забойчыя характарыстыкi розным народам. I вось лiтаральна адна фраза: "Расейцы - гэта
малы народ ды вялiкiх iнтарэсаў". У Дастаеўскага такая характарыстыка нiбыта адваротная, але сэнс у вынiку той самы. "Рускiя людзi ўвогуле шырокiя людзi, шырокiя, як iхная зямля, i надзвычай схiльныя да фантастычнага, да беспарадачнага. Але бяда быць шырокiм без асаблiвай генiяльнасьцi".

Аднак, паўтаруся, тэмай нашага апытаньня былi зусiм не характарыстыкi, а толькi асабiстыя сувязi. Не балянсаваць на кромцы ксэнафобii хацелася, а толькi даведацца, наколькi сапраўды ўкаранёнае гэтае беларуска-расейскае адзiнства ў душах нашых паспалiтых людзей. I разьвiваць гэтую тэму хочацца ня ў бок характарыстыкаў, а ў той самы бок сувязяў, унутранай лучнасьцi з краiнамi-суседкамi. Што вас асабiста зьвязвае з Польшчай, з Украiнай, з Латвiяй i Лiтвою? Гэтыя пытаньнi мы задамо нашым экспэртам i мiнакам зь менскiх вулiц ужо ў наступным годзе. У вынiку атрымаецца карцiна ўнутранага геапалiтычнага самапачуваньня беларусаў, якую нельга ня ўлiчваць пры збудаваньнi розных разумовых канструкцыяў,
садружнасьцяў i альянсаў.

Яшчэ адна тэма, якую мы мусiм дагаварыць сёлета - гэта тэма пакараньня або адплаты за злачынствы супраць чалавечнасьцi. Тут Беларусь яшчэ нiяк не далучылася да сусьветнага кантэксту. Мiж тым сёлетнi перасьлед чылiйскага дыктатара Аўгуста Пiначэта сьведчыць пра актуалiзацыю гэтае тэмы.

На маю думку, у падобных працэсах заўсёды прысутнiчае неадпаведнасьць. Бо палiтыка судзяць ня столькi за палiтычныя рашэньнi, колькi за факты канкрэтных забойстваў, якiх гэты
палiтык фiзычна не ўчыняў. Вы скажаце, што ён даваў злачынныя загады i мусiць несьцi за гэты адказнасьць. I мы непазьбежна трапляем у эмпiрычную плоскасьць, дзе ёсьць месца меркаваньням i розначытаньням маральнага, псыхалягiчнага цi нават цывiлiзацыйнага парадку. Палiтыка трэба судзiць за палiтыку, за прынятыя iм антыканстытуцыйныя рашэньнi. А за канкрэтныя забойствы мусяць несьцi адказнасьць канкрэтныя забойцы.

Так цi iнакш, але працэс Пiначэта, працэсы сэрбскiх, харвацкiх, басьнiйскiх генацыдчыкаў, заклiкi да перасьледу Садама Хусэйна - усё гэта сьведчыць пра важнасьць для сёньняшняга сьвету пытаньня адказнасьцi за галакост.

Нядаўна я даведаўся яшчэ пра адзiн знак гэтае актуалiзацыi. У Вiленскiм акруговым судзе адбыўся працэс над былымi байцамi атрада НКВД, якiя ў 1945 годзе спалiлi дом селянiна. Тады ў ходзе апэрацыi НКВД былi забiтыя цяжарная кабета, дзьве дзяўчынкi i сам гаспадар дому. Судзiлi трох байцоў, хоць у забойстве ўдзельнiчала шмат болей чэкiстаў, аднак ня ўсе
дажылi да сёньняшняга дня. Гэта быў першы працэс паводле закону "Аб адказнасьцi за генацыд жыхароў Лiтвы". Цяпер рыхтуюцца слуханьнi ў справе яшчэ двух лiтоўцаў-генацыдчыкаў, якiя дзейнiчалi зь нямецкага боку i зьнiшчалi жыдоў Вiленскага гета.

Пра выпадкi такiх злачынстваў у Беларусi мы ня раз распавядалi i на старонках НН i ў перадачы Вострая Брама. Аднак пра тое, каб у нас судзiлi чэкiстаў-забойцаў - пра такое сёньня ня можа быць i гаворкi. Тут Беларусь выпадае з сусьветнага кантэксту. Нагадаю, што на запыт Архiву Найноўшае Гiсторыi аб прыцягненьнi да адказнасьцi былых савецкiх партызан, якiя забiвалi мiрных людзей на Слонiмшчыне генэральны пракурор Бажэлка адказаў звычайнай адпiскай.

У Беларусi па-ранейшаму важным застаецца даказваньне таго, што злачынцаў супраць чалавечнасьцi трэба судзiць - зь якога б боку, пад якiмi б лёзунгамi яны нi выступалi. I няма сумневу, што абавязкова настане час пакараньня.

Гутарка ня йдзе пра помсту. Дарэчы, вiленскi суд у справе байцоў НКВД вынес наступную пастанову: аднаго чэкiста да шасьцi гадоў пазбаўленьня волi, двух ягоных пасобнiкаў - да
трох з паловай. Ва ўсiх канфiскуюць маёмасьць, аднак у адносiнах да ўсiх ужыты закон аб амнiстыi i тэрмiны зьменшаныя на трэць. Нiхто зь iх не арыштаваны, бо ўсе яны - iнвалiды
другой групы.

Гутарка iдзе пра тое, што забойца мiрных людзей ня мусiць жыць камфортна, са спакойным сумленьнем, з нажытым майном, а тым больш быць ушанаваным дзяржаваю як герой i прыклад для моладзi. Грамадзтва мусiць, як мiнiмум, даць зразумець яму, што яно ўсьведамляе цяжар ягонага злачынства i адводзiць яму ролю iзгоя. А iнакш само грамадзтва асуджанае жыць i мучыцца ў палоне мiнуўшчыны, слухаць гучны голас катаў-энкавэдыстаў i выконваць iхныя каманды.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG