Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Самапачуваньне грамадзтва. Апатыя.


Аўтар і вядучы Сяргей Дубавец, Вільня

На мiнулым тыднi адзiн з кiраўнiкоў Рэспублiкi Беларусь адкрыта заявiў пра апатыю народа. Аднак словы гэтыя ўжо ня страшаць, бо ўспрымаюцца як прызнаньне апатыi самога
лукашэнкавага рэжыму. Пяць гадоў яны памыкалiся адрадзiць савецкую Беларусь, аўтарытарную i камандавую, але бракавала iдэалёгii. Анi славянскiм адзiнствам, анi ўсялякiмi
дамарослымi прыдумкамi народ не прасякнуўся. А без iдэалёгii кiраваць у савецкiм стылi немагчыма. Бо на якiх тады падставах, напрыклад, учыняць масавыя рэпрэсii i перасьлед
дысыдэнтаў? Аднак iдэалёгii не знайшлося. Вось яны й разгубiлiся, прычым, як выглядае, не на жарт. Словы пра апатыю ў працоўных калектывах належаць не каму-небудзь, а шэфу
бясьпекi Вiктару Шэйману.

Праўда, паўтаруся, словы ягоныя ня страшаць. Гэта таму, што на нашых вачах у Беларусi адбываецца распад грамадзкага жыцьця. Ужо ўсё жывое ў краiне не жыве адзiным апазыцыйным парываньнем, ужо зьяўляюцца новыя iмёны ў замарожанай было культуры, ужо вечнае зноў выглядае больш прывабна, чым палiтычная будзёншчына.

Прыемна назiраць маўклiвую незварушнасьць такiх iсьцiнаў, як свая зямля, свая мова, свая культура. I побач - зусiм асобнае i ўжо недатычнае разлажэньне савецкага ладу, якое нагадвае
палёт бамбавiка ў глыбокiм пiке. Беларушчына ўрэшце аддзялiлася ад гэтага ўсяго i засьведчыла, што яна не прападзе. Яна пасьля сацыяльнага катаклiзму будзе чакаць нас
заўтра, каб стаць зьместам нашага будучага грамадзкага жыцьця.

Такiм чынам, апатыя рэжыму, вечнасьць культуры i самапачуваньне народа распалiся зь яшчэ ўчора адзiнага цэлага на розныя неперасякальныя плоскасьцi. Што думаюць беларускiя
культурнiкi пра народнае самапачуваньне i апатыю. Пра гэта ў iх запытаўся Сяржук Сокалаў-Воюш. Першым адказаў на пытаньне пiсьменьнiк i выдавец Адам Глёбус.

(А.Глёбус: ) "Ня хочацца быць прарокам. Асаблiва ня хочацца нiкога палохаць i маляваць апакалiпсiс. Але напружаньне ў грамадзтве iснуе. Чалавек, якi ня можа набыць цукру - гэта чалавек небясьпечны. Ён шукае вiнаватага. I вiнаваты, вядома, начальнiк. А ў Менску няма ня толькi цукру, няма масла. Затое ёсьць чэргi па прадукты. Чэргi незадаволеных людзей. Менавiта ў гэтых чэргах нараджаецца бунт. Цi змогуць улады пазьбегнуць бунту i пазбавiцца гэтых чэргаў? Я мяркую, што не. Чэргi будуць. А калi будуць чэргi, будзе й бунт. Мао Цзэдун сказаў: вiнтоўка нараджае ўладу. А я кажу, што голад народзiць бунт".

(С.Дубавец: ) Адам Глёбус ня так даўно перавыдаў "Бунтарнага чалавека" Альбэра Камю, але, мабыць, ня з гэтае нагоды ён кажа пра бунт, якi насьпявае ў Беларусi. Развагi пра бунт сталiся
заканамернасьцю для ўсяго нашага сёньняшняга апытаньня пра апатыю i грамадзкае самапачуцьцё. А яшчэ ўсе сёньня згадваюць пра чэргi, дэфiцыт i нiзкiя даходы насельнiцтва. Вось адказ Алеся Лiпая, дырэктара прыватнага iнфармацыйнага агенцтва БЕЛАПАН:

(А.Лiпай: ) "Абыякавасьць i апатыя iснуе не ў самiм грамадзтве, а ў дзяржаўных iнстытуцыях i ў апазыцыi - ад стомленасьцi i марнасьцi таго, што яны рабiлi. Адныя ня могуць падвысiць
узровень жыцьця людзей, а другiя - узровень iхнай сьвядомасьцi. А дзеля тлумачэньня сёньняшняга стану грамадзтва ёсьць больш трапнае беларускае слова - нiякаватасьць. Апатыя надыходзiць пасьля пэўнага пэрыяду актыўнасьцi, як наступства расчараваньня ў спадзевах на лепшае. Беларускае ж грамадзтва ў сваёй масе не актыўнае. Беларускую гiсторыю апошнiя 200 гадоў твораць адзiнкi. А грамадзтва прымае любыя зьмены - рэвалюцыйныя, рэфармацыйныя цi рэтраградзкiя - як непазьбежнае, накiроўваючы сваю энэргiю на прыстасоўваньне да гэтых новых умоваў. Вярнулiся часы дэфiцыту i татальнага ашчаджаньня
грошай, каб хаця хапiла да чарговага заробку. Дзяржава не забясьпечвае людзей неабходным мiнiмумам i ў той жа час усяляк звужае iхныя магчымасьцi зарабляць самiм. Таму iнтарэсы
дзяржавы для большасьцi нашых суайчыньнiкаў традыцыйна на апошнiм месцы. Прыватныя iнтарэсы, iнтарэсы сям'i - важныя, але людзi ня ведаюць, як iх можна насамрэч абаранiць. Вось i закупляюць мяхамi цукар ды крупы, за ўчарашнi дзень разьмялi гарэлку з крамаў. Гэта самая простая рэакцыя на пагрозу прыватным iнтарэсам. А большага ад iх чакаць нельга. Трэба быць рэалiстамi i тады ня будзе расчараваньня ў сваiм народзе, ня будзе апатыi й стомленасьцi ў палiтыкаў".

(С.Дубавец: ) Журналiст Алесь Лiпай прапануе каб не расчароўвацца, быць рэалiстамi. А любы рэалiзм развагаў сёньня ў Беларусi выглядае аптымiстычна. Прычым калi чалавек блiжэй да мастацтва i далей ад палiтыкi, ягоны аптымiзм большы. Гэта ўжо зьява самага апошняга часу. Вось што адказаў нам пра апатыю i грамадзкае самапачуваньне перакладчык i заснавальнiк новага часопiса "Архэ" Андрэй Дынько:

(А.Дынько: ) "Што датычыць грамадзкай апатыi, я думаю, што тут iдзецца не пра апатыю ва ўсiм грамадзтве, а пра апатыю, расчараваньне той часткi грамадзтва, якая, жывучы ў 98-м годзе, насамрэч дагэтуль заставалася ў 80-х або нават 70-х гадах, якая адмаўлялася бачыць тую рэчаiснасьць, якая ўтварылася вакол Беларусi за гэтае дзесяцiгодзьдзе. Гэтыя людзi хацелi, каб усё было як раней, толькi лепш. Цяпер жа яны патроху пераконваюцца ў немагчымасьцi вяртаньня назад, на маскоўскi час. I я думаю, што ўлада будзе мець з гэтым
праблемы, бо такое расчараваньне заўсёды мае адваротнай стараной iмкненьне ўсё большай часткi людзей знайсьцi сабе iншыя iдэалы, iншага кумiра нават, iншых правадыроў. Такое
расчараваньне можа ў любы момант абярнуцца нават бунтам. Гэты бунт, здаецца мне, сьпее ў людзях i гора таму, хто паўстане ў яго на дарозе. Неяк нечакана, падысподна мы падыйшлi да сытуацыi, калi сапраўды ўлада ня можа больш правiць па старому, на стары лад, а ўсё больш людзей ня хочуць жыць па старому".

(С.Дубавец: ) "Андрэй Дынько даслоўна даў вызначэньне рэвалюцыйнае сытуацыi, якую ён назiрае ў сёньняшняй Беларусi. Сяргей Астраўцоў, журналiст i празаiк:

(С.Астраўцоў: ) "Нельга сказаць, што настрой у людзей раптам палепшыўся, стаў аптымiстычным. Таму калi Шэйман цi ягоныя паплечнiкi гэта нарэшце заўважылi, можна толькi папляскаць у ладкi й пажадаць, каб яны зрабiлi наступны крок i зразумелi, што прычынай зьяўляюцца яны самi, каманда Лукашэнкi. I яны гэты момант напэўна
ўсьведамляць пачалi. Уключыш тэлевiзар i паглядзiш на пасяджэньнi iхных штабоў... Адразу
ўражваюць твары. Ня проста змрочныя, а нейкiя стомленыя, цьмяныя, твары людзей, якiя чакаюць... гiльятыны. Прычым вiдно, што баяцца яны не абурэньня народнага, а гневу
гаспадара. Наш Дубко ўсё рапартуе: Гарадзенская вобласьць па ўраджаях i надоях вось-вось вернецца да дзевяностага году, калi мы мелi эўрапейскiя паказчыкi. Але нi ў Дубко, нi пагатоў
у тых калгасьнiкаў ня ўзьнiкне пры гэтым думка пра тое, чаму ж мы тады не жывем таксама па-эўрапейску. Людзi нашыя няздатныя рабiць высновы. Нядаўна адна мая каляжанка, якая доўга не была ў Беларусi, вярнулася ў Горадню. I вось яе асноўнае ўражаньне: людзi як бы прыгаломшаныя, паглыбленыя ў адну тэму - цэны, сёньня адно стала даражэй, заўтра - другое, прычым адразу ў некалькi разоў. Гэта для большасьцi шок. Я ўжо не кажу пра гэтае апошняе падвышэньне. Пражыць на зарплаты, якiя дзяржава плоцiць, робiцца зусiм немагчыма. Асаблiва яны нiзкiя ў iнтэлiгенцыi. Як, скажам, настаўнiцы або доктару купiць у
краме пачак кавы, калi заробак 2,5 або 3,5 млн., а кава гэтая 1,2 або 1,4 млн.? Потым гэтыя чэргi, што апошнiм часам былi па цукар, масла, танную каўбасу. Вялiкая колькасьць людзей з
гатовасьцю стала ў гэтыя чэргi, яны там як рыба ў вадзе. У канцы СССР гадамi стаялi i зноў на тым самым месцы апынулiся. Нiчога не зьмянiлася, нiякага рэальнага поступу, паляпшэньня жыцьця. Канечне, яны адчуваюць стомленасьць, расчараваньне, нейкае, мабыць, атупеньне. Але iхная незадаволенасьць не вынiкае ў пачуцьцё пратэсту, пагатоў - жаданьне змагацца".

(С.Дубавец: ) Насьцярожана пазiрае на першыя прымаразкi пiсьменьнiк Уладзiмер Арлоў:

(Ул.Арлоў: ) "Сёньняшняе грамадзкае самапачуваньне ў Беларусi я вызначыў бы як чаканьне. Для адных гэта чаканьне ў чарзе па дзясятак яек цi кiляграм цукру, якiх у беларускiх крамах, як вядома, няма. Для кагосьцi гэта чаканьне выхаду забароненых уладамi кнiгаў. Для кагосьцi - паразуменьня памiж партыямi i рухамi. Для некага чаканьне з турмы палiтвязьняў. Для некага - будучых прэзыдэнцкiх выбараў. А для кагосьцi - чаканьне канца. Такiм чынам, усе чакаюць зьменаў, бо наперадзе тупiк. Беларусаў пераконвалi, што сьвятло ў канцы тунэлю зьявiцца, калi павярнуць назад. Павярнулi. Вярнулi герб i сьцяг былых часоў, пад якiмi пасьпяхова пабудавалi рынкавы сацыялiзм, у вынiку чаго кожны дзень растуць кошты i зьнiкаюць прадукты, якiя нават у слабаразьвiтых афрыканскiх краiнах не зьяўляюцца
дэфiцытнымi. Цяпер зноў трэба досыць рэзка паварочваць, iначай можа быць позна. У Беларусi надышла зiма. Але, у адрозьненьне ад мiнулай зiмы, сёлета беларускае балота падмерзла толькi зьлёгку. Балота - адзiн з вызначальных архетыпаў Беларусi. Памятаеце, у Алеся Разанава: "Напачатку было балота"? Дык вось, у нашым балоце пад тонкiм лiстападаўскiм лёдам iдзе складанае патаемнае жыцьцё, якое тоiць у сабе небясьпеку".

(С.Дубавец: ) Гэтак мяркуе пiсьменьнiк Уладзiмер Арлоў. Такiм чынам, бунт, небясьпека i вось у голасе журналiста Аляксандра Лукашука загучалi трагiчныя ноткi. Шмат гадоў Лукашук займаецца тэмай сталiнскiх рэпрэсiяў у Беларусi, шмат гадоў непасрэдна асьвятляе на Радыё Свабода рэпрэсii супраць апазыцыi сёньня.

(А.Лукашук: ) "Я ня ведаю адказу на гэтае пытаньне. Тое, што мы бачым апошнiя 10 гадоў - канвульсii, сутаргi - гэта можа быць i нараджэньне, i сьмерць. Яны падобныя. Народ, канечне, стыхiя, але стыхiя жывая. Значыць, можа быць i мёртвая. I ня толькi паводле Гегеля, але й паводле гiстарычных фактаў. Геты, яцьвягi цi кельты, сарматы цi скiфы... Праблема Беларусi - не народ, якi ёсьць целам нацыi, а мазгi i душа. Пасьля фiзычнага вынiшчэньня ў 16-м стагодзьдзi Беларусь акрыяла толькi на пачатку 20-га. А пасьля мы ня мелi той перадышкi памiж войнамi, якая адыграла выключную ролю ў лёсах прыбалтаў, чэхаў i палякаў. Калi ў чалавека выдалiць лобныя долi галаўнога мозгу, мы атрымаем, як кажуць на мэдычным слэнгу, расьлiну. Фiзычнае зьнiшчэньне ў 20-30-я гады мозгу нацыi i прывяло да такога прыкладна эфэкту. Беларускае грамадзтва не рэагуе анi на Чарнобыль, анi на зьдзек зь сябе, з сваёй мовы, сваёй гiсторыi. Яно патрабуе кiлбасы ды цукру, радуецца двумстам кiляграмам бульбы, якую прэзыдэнт загадаў выдаць сёлета, i ня будзе моцна пярэчыць, калi забяруць краiну. Гэта паводзiны неразумнага дзiцяцi цi наiўнага абарыгена, якi за блiскучыя пацеркi аддае востраў Манхэтэн. Людзi ня думаюць пра будучыню, пра сваiх дзяцей. У грамадзтве не стае крытычнае масы мазгоў. У беларускага грамадзтва не апатыя i не анабiёз, а алiгафрэнiя. Трагедыя ў тым, што гэта дыягназ члена ўласнай сям'i".

(С.Дубавец: ) Аляксандар Лукашук ня можа iдэнтыфiкаваць сёньняшнiя канвульсii беларускага грамадзтва - цi гэта нараджэньне цi сьмерць.

Яшчэ адзiн погляд на сёньняшнi распад грамадзкага жыцьця ў Беларусi прапанаваў Андранiк Антанян. З уласьцiвай яму "панкаўскай" стылiстыкай Антанян паспрабаваў уявiць сябе
дыктатарам Беларусi i вырашыць беларускае пытаньне з дапамогай вадаправоду. Напэўна гэта наступная за папулiзмам стадыя палiтычнага спрашчэньня - уплыў на масы праз вадаправод.

(Андранiк Антанян: ) "Апатыя - стан для беларусаў добра вядомы. У сучасным беларускiм фльклёры ёсьць даволi дасьцiпнае вызначэньне гэтай рысы нацыянальнага характару - агульная млявасьць i абыякавасьць. Апатыя можа сьведчыць як пра наяўнасьць псыхiчных захворваньняў, напрыклад, шызафрэнii, так i пра парушэньне дзейнасьцi залозаў унутранай сакрэцыi.

Пазiраючы звонку на жыцьцё Беларусi, я злавiў сябе на думцы, што яно стала такiм самым нецiкавым, як футбольны матч дваравой каманды з прафэсiйным клюбам. Да фiнальнага сьвiстка далёка, таблiца чэмпiянату вывучана назубок, у гульнi няма анi азарту, анi майстэрства. На стадыёне сядзець халодна, а цуду ня здарыцца. Гульцы на гледачоў не зьвяртаюць нiякай увагi. Самы час пайсьцi дахаты й заняцца сваiмi справамi.

Днямi да мяне зайшоў сябра, гiсторык Каролiс. Ён нарадзiўся ў Друскенiках у беларуска-лiтоўскай сям'i, цяпер жыве ў Вiльнi, а на кожныя выхадныя езьдзiць да бацькоў у роднае мястэчка. Каролiс прынес бутэльку Кiнзмраўлi, i пачаў распавядаць пра жыцьцё лiтоўскай прравiнцыi. У зьвязку з тым, што ягоны бацька беларус, якi зацята сочыць за падзеямi ў Беларусi, а часткова таму, што беларуска-лiтоўская мяжа прайшла зусiм недалёка ад
Друскенiкаў, гаворка неяк перакiнулася на беларускую тэматыку. Вось у нас у Друскенiках, кажа Каролiс, ёсьць рынак. Народ яго называе Lukaszenkos turgaviete, бо большасьць гандляроў прыяжджае зь Беларусi. Гандлююць чым толькi можна, ад самагонкi з запалкамi да аўтазапчастак. Нагандлююць - закупяцца цукрам i алеем i назад едуць. I ўсе як адзiн жаляцца
на жыцьцё i Лукашэнку. Я iм кажу, дык што вы сюды торбы свае празь мяжу возiце i на жыцьцё скардзiцеся - рабiце рэвалюцыю i ўсё. Не, кажуць, нiчога ня выйдзе. I сьцiхаюць. Што за людзi такiя, жабракуюць, а нiчога ня хочуць мяняць. Дзiвакi нейкiя... Вось, ты, Антанян, што б ты рабiў, каб заўтра стаў дыктатрам Беларусi, зь неабмежаванай уладаю i ўсiм апаратам карных органаў?

Я пачаў разважаць. Ну сапраўды, людзi ў Беларусi затурканыя, мала чым цiкавяцца, п'юць зашмат. Статыстычныя лiчбы разыходзяцца, але лiчбы ўсё адно жахлiвыя - ад 50 да 90
бутэлек гарэлкi на душу насельнiцтва ў год, а калi адняць дзяцей i iнвалiдаў ды падлiчыць колькасьць самагону, спажытага ў вёсцы... Пра тэхналягiчнае адставаньне ад разьвiтых краiнаў лепей ня думаць. Ды якi зь мяне дыктаратар Беларусi, з такiм прозьвiшчам жыцьця ня хопiць, каб i да сяржанта даслужыцца.

Каролiсу мае аднекваньнi не спадабалiся. "Усё я разумею, што прозьвiшча ў цябе не падыходзiць, i што чалавек ты лянiвы. Я табе задаў канкрэтнае пытаньне й чакаю канкрэтнага адказу".

- Добра, сказаў я. У першую чаргу, я б у вадаправодзе распусьцiў конскую дозу амфiтамiну, а на дзяржаўнае радыё запусьцiў бы ды-джэяў з кiслотных дыскатэкаў, каб яны круцiлi сваю музыку. Людзi б кiнулi плач па сваёй старонцы ды тыдзень танчылi ў эйфарыi, спажываньне алькаголю скарацiлася б да мiнiмуму, бо сьмяротнасьць сярод алкаголiкаў падскочыла б да
максымуму. Зялёны зьмей забiваў бы ў простым сэнсе гэтага слова. Калi б гэта не дапамагло, запусьцiў бы ў той жа вадаправод моцны антыдэпрэсант, кшталту ЛСД. На трэцi тыдзень
мяне б арыштаваў Iнтэрпол. У Гаазе мяне б засудзiлi па пажыцьцёвае пакараньне за генацыд i выкарыстаньне хiмiчнай зброi. Але Беларусь зьмянiлася б да непазвальнасьцi. Усяго за два тыднi. Толькi вось ня ведаю, чым бы я займаўся ў той турме.

Каролiс пакрыўдзiўся, маўляў, я у цябе пра сур'ёзныя рэчы пытаюся, а ты - пра ЛСД у зьлiўным бачку. Выклiкаў таксоўку й паехаў да хаты.

А я ня ў першы ўжо раз пачаў разважаць на тэму, як добра, што я не дыктатар".

(С.Дубавец: ) Калi аўтар разважае пра дыктатуру у жанры фантасмагорыi, як гэта робiць Андранiк Антанян - гэта першае сьведчаньне таго, што ён, аўтар, з дыктатурай нiчым не зьвязаны. Урэшце мы атрымлiваем тую самую мэтафару грамадзкага распаду. Зьмiцер
Бартосiк таксама раптам заўважыў, што зусiм не жыве праблемамi аўтарытарнага рэжыму, якiя яшчэ так пераймалi яго ўчора.

(З.Бартосiк: ) "Неяк едучы зь Нiжняга Ноўгараду ў Гомель, я, як заўжды на гэтым шляху, быў вымушаны правесьцi дзень у Маскве. Выпадкова сустрэў на Новым Арбаце старога сябра з тэатральнай вучэльнi, i гадзiны панесьлiся хутчэй у вясёлых размовах пра мiнулыя гады. Але адна акалiчнасьць мяне тады ня тое, што насьцярожыла, але падалася дзiўнаю. З усiх размоваў iншых людзей - у мэтро, на вулiцы, у кавярнях - даносiлася адно прозьвiшча - Гарбачоў. Я ведаў, што Масква - горад лёгкiх вар'ятаў. Але каб на захадзе "перестройкi" ўсяму гораду не
знайсьцi якую цiкавейшую тэму, гэта было занадта. Толькi ў адплываючым ад пэрона цягнiку я даведаўся, што адбывалася 19 жнiўня 1991 году ў той самы час, пакуль мы зь сябрам
аддавалiся ўспамiнам. Сучаснасьць прамаўляла праз вагоннае радыё галасамi мяцежнiкаў. I маё знаходжаньне ў цягнiку, што набiраў хады ў бок Беларусi, чамусьцi падалося мне тады
лепшым з магчымых варыянтаў.

З тае пары я мiжволi прыслухоўваюся да пабочных размоваў на вулiцы. Iншым часам здаецца, што час замёр, цi адкруцiўся на дзясятак гадоў назад. "- Я толькi што бачыла яйкi. - Дзе, дзе, пакажы? - Ды вунь на праспэкце. Ты што, ня чула, што ён нядаўна змарозiў. Сказаў, што мы ўсе хутка наямося "нармальнымi чалавечаскiмi яйцамi". "- Пайшоў учора ў "Цэнтральны" кавы папiць, а яна ўжо каштуе больш за бiлет да Бабруйску. - Гэта што! Мне ў ГУМе пашэнцiла на днях фотаапарат купiць "Вiлiя-аўта". I не паверыш, усяго за тры баксы. За тры баксы, i шчоўкае".

Яшчэ можна ў размовах пра кошты й курсы ўлавiць ноткi банальнай незадаволенасьцi. Але ўсё часьцей праяўляюцца афарбоўкi немагчымасьцi разумець, ШТО НАС ЧАКАЕ ЗАЎТРА? Пакуль гэта ня так заўважна. На палiцах яшчэ ёсьць, што скупiць за драбязу й бяз дрыжыкаў. Яшчэ не апусьцеў збанкрутаваны "Макдональдс". Яшчэ не сыйшлi бесклапотныя ўсьмешкi з твараў нашага студэнцтва. Але ў нечакана рэзка пахаладнелым паветры зьяўляюцца першыя флюiды панiкi. Нiбы перад грандыёзнаю катастрофаю.

Едучы ў перапоўненым няўпэўненасьцю вагоне мэтро на прзэнтацыю нашумелага, не пасьпеў зьявiцца, лiтаратурнага часопiса, я амаль фiзычна адчуваю магiчную, абарончую сьцяну ад гэтых паралiтычных флюiдаў. Там, куды я еду, размовы вядуцца толькi пра дарагiя рэчы. Якiм не пагражае падзеньне курсу беларускага рубля.

Я паспрабаваў уявiць тэмы нашых размоваў, калi б не было нi сёньняшняга рэжыму, нi ягонага заўтрашняга разлажэньня. I ня здолеў пашырыць тэматыку цяперашнiх дзён. Дзе даўно ўжо згубiў, нiбы надакучлiвы гастралёр, усялякую цiкавасьць наш першы й непаўторны. Дзе даўно ўжо не чакаецца перамогаў на заўтра. Таму што перамога творыцца сёньня. I творыцца не ў размовах.

Калi-небудзь маё вуха ўловiць у вулiчнай гамане незвычайную канцэнтрацыю аднаго й таго ж, ужо абрыдлага прозьвiшча. Але цi ўзьнiкне патрэба прыслухоўвацца мацней - што там адбылося з гэтым чалавекам, ня ўпэўнены. У Менску становiцца ўсё болей тэмаў значна цiкавейшых. Ды й сядаць на нейкi там цягнiк патрэбаў ужо няма".

(С.Дубавец: ) Гэта быў Зьмiцер Бартосiк. Сапраўды, немагчыма даць цэльную характарыстыку сёньняшняму грамадзкаму самапачуваньню, бо адзiнага такога самапачуваньня ўжо няма. Прэзыдэнтава палiтыка на скрут галавы ўрэшце нi да чаго iншага як да гэтага самага скруту не прыводзiць. У такой сытуацыi народ стараецца як бы не заўважаць падзеньня кумiра, бо ад яго, народа, нiчога не залежыць, а лiшнi раз сузiраць як бамбавiк з разгону ўваходзiць у глебу лепей у амэрыканскiм кiнабаявiку, чым у жыцьцi. Аднак самай адлучанай часткай грамадзкага жыцьця становiцца наша нацыянальная культура. Калi сёньняшнiя канвульсii, пра якiя казаў Аляксандар Лукашук, азначаюць цi то нараджэньне цi то сьмерць, дык мне здаецца, што я ўжо ведаю, што для культуры гэта нараджэньне.

XS
SM
MD
LG