Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь у паралельным часе.


Аўтар Сяргей Дубавец, Вільня

Колькi чаго ў жыцьцi залежыць ад сьвядомасьцi чалавека, а колькi адбываецца самахоць?.. Вось сёньняшняе адчуваньне Беларусi: пра аўтарытарны рэжым усё сказана i можна толькi паўтарацца, апазыцыянэры таксама стабiлiзавалiся, палiтычныя прагнозы й ацэнкi нагадваюць пераклады адкуль-небудзь з ангельскай i ня спраўджваюцца, народ у прынцыпе задаволены status quo. I ўсё гэта нiбы ня тычыцца Беларусi. Бо Беларусь жыве ўжо неяк па-свойму, мiма рэжыму, апазыцыi й народа. Пра тое, што яна жыве, сьведчаць зьявы й падзеi культуры, у якiх зусiм не адчуваецца аўтарства. Бывае ж такое, што пэўны аўтар, якi ўчора не заўважаўся, сёньня раптам загучаў на поўны голас. I нiхто, у тым лiку й ён сам, не разумее, чаму. Быццам i сапраўды iснуе той паралельны час, якi, у параўнаньнi з нашым, не спынiўся, а працягвае свой рух. I нiбы менавiта туды перамясьцiлася Беларусь, пакiнуўшы тут толькi надпiс на сьцяне пра тое, што яна — жыве.

Паралельнаму часу прысьвечаныя сёньняшняя перадача. Гутарка пойдзе пра падзеi й праявы культуры, за якiмi не прачытваецца напружанай думкi канкрэтнага стваральнiка i якiя выглядаюць на парадак больш рэальна й вартасна, чым у папярэднiя гады.

Вось, скажам, «Народны Альбом» беларускiх рок-музыкаў, прэм'ера якога адбылася нядаўна ў Польшчы. У Беларусi гэты праект, бадай, i не ацэньваўся. У Польшчы ж, дзе культурныя працэсы больш спарадкаваныя, аглядальнiк «Gazety Wyborczej» Робэрт Ляшчынскi пiша:

«Спачатку мне падалося дзiўным, што ў краiне, у якой дзеецца шмат важных справаў, артысты займаюцца гiсторыямi 80-гадовае даўнiны. Аказваецца, аднак, што з дапамогай такой формулы пра Беларусь можна сказаць нашмат болей i пры гэтым ня зьвесьцi ўвесь праект да жанру бягучага палiтычнага камэнтара. Вось чаму «Народны Альбом» — гэта перад усiм твор мастацтва. У Польшчы яго рэклямавалi як «антылукашэнкаўскую рок-опэру», з чаго самi творцы сьмяюцца й падкрэсьлiваюць, што iснуюць у Беларусi цалкам афiцыйна. «Антылукашэнкавасьць» «Народнага Альбому» заключаецца магчыма ў тым, што Лукашэнкi там няма».

Р.Ляшчынскi мiжволi падказвае нам iдэю Беларусi ў паралельным часе. Нешта падобнае вычуваеш i ў словах самiх рок-музыкаў, калi просiш iх распавесьцi пра тое, з чым яны сёньня выходзяць да публiкi. Адказы падаюцца ня тое, што павярхоўнымi або дзяжурнымi, але не зусiм адпаведнымi тым творам, якiя музыкi пiшуць i выносяць на публiку.

Сёньня пазьяўлялася мноства цэльных (давершаных) i вартасных (бясспрэчных) культурных прадуктаў, творцы якiх ня здольныя растлумачыць гэтую давершанасьць i вартасьць.

(З.Бартосік: ) "Едучы нядаўна з адным шанаваным мною пiсьменьнiкам, чые творы ўжо колькi гадоў уключаныя ў школьныя праграмы, у правiнцыйны заходнебеларускi горад, куды нас запрасiла на творчыя сустрэчы мясцовае таварыства беларускай мовы, я ўсю дарогу адчуваў нейкую невытлумачальную тугу. Хутчэй за ўсё, гэта была туга ад перадвызначанасьцi падарожжа. Цi ад таго, якiм я яго сам сабе намаляваў. Сумны бэтонны краявiд за брудным вакном раённага гатэлю, крыху бажавольныя актывiсты ТБМ, тоўстыя, залатазубыя настаўнiцы роднай мовы ды iхныя прыдуркаватыя выхавальнiкi. Клясычнае беларускае надвор'е з дажджом па-над раскiслымi разорамi толькi спрыяла маiм жыцьцянярадасным фантазiям.

Аўтастанцыя выглядала такой самай, якой я яе й маляваў. З засьмечаным пэронам, зь некалькiмi iржавымi камэрцыйнымi шапiкамi ды дрэнным рэпрадуктарам, якi пiсклявым галаском аб'явiў наш прыезд. «Як тут можна жыць?» — запытаўся я ў пiсьменьнiка. «Мяне больш цiкавiць, чаму нас не сустрэлi», —адказаў ён.

Раптам на пляцоўку выплыла чырвоная й блiскучая, нiбы толькi з канвэеру, AUDI-цыгара, з адчыненага вакна якой на ўсю ваколiцу неслася «вiтам, панове, я Казiк Пэсэцкi». Затым з аўтамабiля паказаўся й сам герой песьнi. Высачэзны бляндын у пiжонскiм скураным палiто. З-пад неверагоднай велiчынi капелюша вiжавалi шэрыя, прыгожыя вочы. Раптам незнаёмец накiраваўся да нас. «Я Казiмiр, бухгальтар раённага ТБМ. Ну як там у Менску?» — працягваючы татуiраваную руку, ды выпускаючы струю дарагога тытунёвага дыму, запытаўся ён, мiжвольна гледзячы на нас зьверху ўнiз.

У аўто сядзеў яшчэ адзiн чалавек. Саракагадовы пан з акуратна зачасанымi чорнымi валасамi. Пах моцнай парфумы надзвычай пасаваў ягонаму дыхтоўнаму гарнiтуру з круглым значком ТБМ на штрыфэлi. «Знаёмцеся, гэта наш бос. Старшыня раённай рады», —прадставiў нам свайго калегу бляндын, калi мы патанулi ва ўтульнасьцi нямецкага салёну. «Спачатку едзем у гатэль. Затым сустрэча з актывам, а заўтра праедземся па школках», —паiнфармаваў бос. «I Захад нам дапаможа», — чамусьцi згадалася мне.

Бухгальтар раённага ТБМ узмацнiў гук i рвануў машыну зь месца. Далей я толькi пасьпяваў схоплiваць карцiнкi раённага жыцьця, што замiльгалi ў рок-н-рольным рытме.

Сьвежапафарбаваны баракальны касьцёл; бронзавы першадрукар, падобны на крыжаноснага рыцара, якi замест мяча абапёрся на фалiянт з мудрым надпiсам «Бярыце i чытайце»; забiтая выключна маладой публiкай заля бiблiятэкi; апазыцыйная мясцовая газэта з праграмным артыкулам Пазьняка; i яшчэ вельмi разумныя вочы дзяцей у вясковай школе.

Трохi аддыхаўшыся ў гатэлi, я нарэшце заўважыў, што вокны нумару выходзiлi на сярэднявечны замак часоў Вялiкай Лiтвы. Маленькiя хаткi тутэйшых жыхароў нахабна падступалiся да самых сьценаў помнiка даўнiны. Тым самым надаючы замку выгляд вельмi вялiкага, пакiнутага дому. Гаспадары якога абавязкова вернуцца. Ды я iх, зрэшты, ужо бачыў.

Даўно заўважыў — людзi, для якiх беларуская мова ёсьць толькi прафэсiйным абавязкам цi гiстарычным помнiкам, нехаця пачынаюць гаварыць штампамi кепскiх гiстарычных п'есаў. «Да нас прыехаў наш цудоўны пiсьменьнiк, чые творы назаўжды ўваходзяць у скарбонку духоўнай культуры нашай зямелькi. Павiтаем, дзецi, жывога клясыка». Колькi разоў я гэта чуў, столькi ж i не шкадаваў аб скарачэньнi беларускамоўнага навучаньня. Але нi ў кога гэтая мова не гучыць больш пераканаўча й жыва, чым у дзяцей, якiя ўвогуле гавораць некалькi гадоў свайго жыцьця. ТБМаўскi бос, а па-сумяшчальнiцтву яшчэ й завадзкi сьлесар, павёў нас да сябе ў iнтэрнат у госьцi. У адным з пакояў гулялiся iнтэрнатаўскiя дзецi. Дзясяткi тры чалавек займалiся тым, чым i павiнны займацца людзi, якiм ад пяцi да дзесяцi гадоў — хадзiлi на галаве. Але пакой зьвiнеў, рагатаў i енчыў нашаю моваю. «Ды так, зарганiзаваў нешта накшталт дзiцячага клюбу. Бацькi ж ня супраць. Дакладней, сюды iмкнуцца прыстроiць сваiх чадаў жыхары суседнiх iнтэрнатаў», — патлумачыў карцiну бос.

Седзячы перад ад'ездам у няўтульным савецкiм рэстаране, уся выгода якога заключалася ў замкавай вежы ў вакне, я цi не ўпершыню за мiнулыя суткi ўлавiў чужую гаворку. Цераз столiк ад нас размаўлялi памiж сабою сiвы сьвецкi леў нобэлеўскага выгляду з кiлiшкам каньяку ў руцэ й трыццацiгадовы маладзён, падобны на зорку апэрэты. Размаўлялi па-француску. Бухгальтар ТБМ патлумачыў: «Гэты стары — сапраўдны француз. Ды яшчэ й марксiст у дадатак. Зьбег аднекуль з Брэтонi ў 60-х, каб самому будаваць камунiзм. Да гэтай пары ўсё будуе». «Ты лепш ў яго запытайся, як тут можна жыць», — параiў мне пiсьменьнiк. Але седзячы ў захалусным рэстаране ды жуючы бiточкi па-беларуску пад шансонны дыялёг, гледзячы на вальтэраўскую галаву на тле замкавай вежы, мне, можа, упершыню не захацелася ў Парыж".

(Севярын Квяткоўскі: ) "Беларускi рок-н-рол перажывае сёньня новы вiток свае актыўнасьцi. Канцэртныя пляцоўкi запаўняюцца ўдзячнай публiкай. Рок-хiты выконваюцца пад гiтару ў дворыках i сквэрах. Энтузiясты з тэлевiзii фактычна бясплатна робяць вiдэаклiпы, а «партызаны» з FM-станцыяў круцяць беларускiх рокераў. Улады паступова адмаўляюцца ад палiтыкi забароны канцэртаў i спадзяюцца «прыручыць» рок-кумiраў, хоць як такое можа быць — нават уявiць сабе цяжка.

«NeuroDubel» — беларускi гурт, якi нават ускосна немагчыма назваць заангажаваным: анi палiтычна, анi музычна. Паводле прызнаньня лiдэра гурта АЛЯКСАНДРА КУЛIНКОВIЧА, на пачатку дзейнасьцi ND перахварэў на «музычную» расейшчыну. Але сёньня ND мае ўласную ўнiкальную канцэпцыю, якую я акрэсьлiў бы як «драматычны рок». Гэта песьнi, дзе экспрэсiя вобразу пераўзыходзiць хардавую-панкавую моц музыкi. ND — гэта музычныя мiнi-драмы, якiя зрабiлiся аднымi з самых папулярных сярод беларускай альтэрнатыўнай моладзi.

А.Кулiнковiч:

- Мы жывем у выдатнай краiне ў абсалютна паганых умовах. Словы «незалежная Беларусь» для мяне не пусты гук. Я люблю Беларусь, я лiчу яе сваёй краiнай, я ёсьць беларусам. Я ня думаю, што ў гэтым мы адрозьнiваемся ад нашай публiкi. Тым больш ня думаю, што наша публiка з сымпатыяй ставiцца да таго, што робiцца з нашай краiнай. Я не магу сказаць, што граю пэўную сацыяльную ролю. Бадай, нашая сацыяльная чыннасьць заключаецца ў тым, што мы не бярэм удзелу ў акцыях, якiя ладзяцца ППРБ альбо БПСМ. Я не хачу, каб з-за нашага неабдуманага кроку хаця б адзiн наш прыхiльнiк пахiснуўся i ўступiў у дзярмо.

С.К.: У тваiх тэкстах выразна бачныя вобразы з савецкiх часоў. У сярэдзiне 90-х, калi пачало зьяўляцца пакаленьне, якое цьмяна ўяўляе, хто такi «дзедушка Ленiн», гэта падавалася недарэчным. Але сёньня твае «ехалi ўроды на памiнкi» ажываюць канкрэтнымi тварамi. Нiбы iх вяртаньне было прадбачанае.

А.К.: Я сапраўды люблю вобразы з савецкiх часоў, але тыя часы не кiруюць маёй творчасьцю. Да таго ж, вельмi шмат песень, якiя сёньня ўспрымаюцца на ўра, былi напiсаныя вельмi даўно, але толькi нядаўна загучалi на поўную моц. Iх паклiкаў час, якi ня хоча даць моладзi забыцца на «дзедушку Ленiна». Але, пагадзiся, у вобразах савецкiх часоў ёсьць шмат карыснага для роздуму. Iнакш мы сапраўды вельмi хутка на iх забылiся б. Мы ўсе павiнныя ў гэтым, i ты, i я... Зрэшты, нашыя песьнi пра душу чалавека, пра тое, што ён думае. А гэта заўжды аднолькава, будзь чалавеку восем цi восемдзясят гадоў...

С.К.: Кулiнковiч кажа пра агрэсiўную асуджанасьць, якая апанавала ягоную творчасьць:

А.К.: На сытуацыю ў краiне я гляджу як на фатальную. Раней мне падавалася, што выйсьце зь непрымальнай сытуацыi — набiць каму-небудзь морду. Нават у творчасьцi ў нас iшла агрэсiя не ад галавы, а ад рук. Цяпер я разумею, што гэта ня правiльна, таму ня бачу выйсьця з сытуацыi, у якой апынулася краiна.

С.К.: Наступны альбом гурта мусiць быць цалкам пэсымiстычным. Зь iншага боку, Аляксандар не выключае, што пэсымызм можа ў любы момант зьмянiцца на аптымiзм:

— Я бачу па сваёй публiцы, што вырастае новае пакаленьне, якое ведае, што ёсьць свабода, i якое не адмовiцца ад гэтага.

С.К.: Кулiнковiч выключае магчымасьць жыцьця па-за межамi Беларусi. У выпадку, калi навакольнае жыцьцё зробiцца зусiм невыносным, ён гатовы зьехаць у вёску. Сярод iншых рэзонаў — ён вельмi ня хоча, каб краiна засталася без такога гурта як ND. На пачатку 90-х ён стварыў песьню «Belarus Uber Alles»:

А.К: Гэта праўда, што песьня стваралася як свайго кшталту сьцёб. Але ў альбом мы яе ўключылi толькi ў 1996-м. I для мяне, i для публiкi сэнс словаў «Беларусь перад усiм» стаў iншым, глыбокiм. Для мяне гэтыя словы азначаюць сумленьне. Сумленьне вышэй за ўсё.

(С.Квяткоўскі: ) КАСЯ КАМОЦКАЯ таксама лiчыць што новае пакаленьне зьявiлася. Але пакуль яна ня бачыць плёну дзейнасьцi моладзi. Кася мяркуе, што юнацкi экстрэмiзм важная рэч, але не дастатковая для таго, каб стварыць штосьцi новае. Зрэшты, яна не адмаўляе, што знаходзiцца пад уплывам сваёй значна памаладзелай публiкi:

К.Камоцкая: Я не жыву асобна ад грамадзтва, ад дзяржаўнай тэлевiзii... Я зрабiлася больш знэрваванай, таму на канцэртах бываюць выплескi агрэсii. Але гэта не выяўляецца ў заклiках i тэкстах. У любым выпадку, я лiчу, што тое, што робяць сёньня беларускiя рок-музыкi, вельмi важнае для Беларусi.

(С.Квяткоўскі: ) ЗЬМIЦЕР ВАЙЦЮШКЕВIЧ з гурта «Крывi» кажа пра музыкаў, якiя наракаюць на сытуацыю ў краiне. Маўляў, калi кепска —зьяжджай, альбо заставайся й рабi, каб стала лепей. Зьмiцер лiчыць, што наша грамадзкая дэпрэсiя зробленая намi самiмi. Бо беларусы за свае грошы ствараюць вядомасьць у краiне расейскiм зоркам i грэбуюць беларускiмi выканаўцамi. У той жа час на Захадзе шмат хто з тых расейскiх зорак папросту не цiкавы, а некаторыя беларускiя ўспрымаюцца як сапраўднае адкрыцьцё. Зьмiцер кажа, што нават у самых складаных умовах можна рабiць кляснае мастацтва, проста ня трэба ленавацца ўздымацца «супраць эскалятара».

А яшчэ ён кажа пра тое, што ў краiне зьявiлася шмат файнай моладзi, якая на канцэртах вяртае музыкам станоўчую энэргiю.

(С.Квяткоўскі: ) ЛЯВОН ВОЛЬСКI з НРМ, як i 10 гадоў таму, грае ў першую чаргу для падлеткаў. Праўда, ягоная «Мроя» была «беларускiм савецкiм гуртом» кшталту «беларускiх савецкiх пiсьменьнiкаў», якiя зьнiклi з культурнага поля разам са зьнiкненьнем СССР. Сёньняшнi гурт нарадзiўся разам з зараджэньнем уласна беларускага грамадзтва пасьля рэфэрэндуму 95-га году i вулiчных падзеяў 96-га. Вольскi мяркуе, што ўзьлёт папулярнасьцi рок-музыкi непасрэдна зьвязаны з дэпрэсiўнай грамадзкай сытуацыяй:

Л.Вольскi: Для публiкi, як i для выканаўцаў гэта нiбы выйсьце ў паралельную прастору. Там за сьценамi ходзяць мiлiцыянты i гапата... Я выходжу на вулiцу пасьля канцэрту й не разумею, што адбываецца вакол.

У розныя часы мы хацелi давесьцi рознае... Мы хочам даць пачуцьцё разьняволенасьцi, пачуцьцё ўнутранай свабоды.

(С.Квяткоўскі: ) Беларуская моладзь сёньня шукае разьняволенасьцi рознымi шляхамi. У сучаснай Беларусi iзноў зьявiўся такi фэномэн як падзел моладзi на субгрупоўкi. Падчас сёлетняга фэстывалю «Рок па Вакацыях» шматтысячная аўдыторыя з аднолькавым iмпэтам скандавала «Жыве Беларусь!» i «Гамон гапаце». Агрэсiўнае адмаўленьне люмпэнiзацыi раўналеткаў у абарону ўласнай нармальнасьцi.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG