Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жазэ Сарамага. Мікрараён.


Аўтар Сяргей Дубавец, Вільня

У мiнулы чацьвер адбылася падзея, якую беларускiя культурнiкi чакалi зь нецярплiвасьцю, хоць i без асаблiвых спадзяваньняў. У Стакгольме было абвешчана iмя ляўрэата самай прэстыжнай лiтаратурнай узнагароды 98-га году. Замест першага беларускага ляўрэата Нобэлеўскай прэмii iм стаў першы партугалец. Празаiк i паэт Жазэ Сарамага - у пэўным сэнсе наш калега, бо таксама выступае са сваiмi радыёкамэнтарамi.

Сарамага пачынаў лiтаратурную кар'еру пасьля вайны з твораў пра рабочую клясу, але посьпех прыйшоў да яго толькi пасьля шасьцiдзесяцi. З тых часоў яго шмат перакладаюць у розных краiнах сьвету. Сёньня Сарамага 75. Найбольш вядомыя ягоныя раманы - "Бальтазар i Блiмунда" i "Эвангельле ад Iсуса Хрыста". Кандыдатура Сарамага на набэлiста разглядалася даўно, але й сёлета аналiтыкi прадказвалi, што Швэдзкая Акадэмiя спакусiцца на больш гучнае iмя, напрыклад, Мiлана Кундэры або Гюнтэра Граса.

У мiнулы чацьвер, жадаючы даведацца пра выбар Швэдзкае Акадэмii, я адкрываў iнтэрнэтаўскую старонку навiнаў i ўяўляў пры гэтым, што зараз здарыцца цуд i я прачытаю iмя Васiля Быкава. Прасякнуўшыся такой думкай, я амаль фiзычна адчуў як зьмяняецца ўяўленьне пра ўласную нацыю, а сама нацыянальная iдэя набывае неабвержную матэрыяльную сiлу. Аднак замест Быкава было напiсанае iмя Сарамага. Дарэчы, у абодвух пiсьменьнiкаў шмат падобнага акрамя таго, што яны - першыя кандыдаты ў сваiх краiнах. Сарамага таксама мае рэпутацыю нонканфармiста i змагара з дыктатурай. У ягоным рамане "Год сьмерцi Рыкарда Рэйса", якi быў апублiкаваны ў 84 годзе, дзеяньне адбываецца ў Лiсабоне ў 36-м, якраз падчас дыктатуры. Паводле прозы Быкава быў пастаўлены балет, а паводле рамана Сарамага "Бальтазар i Блiмунда" ў славутым мiланскiм тэатры Ля Скала зрабiлi опэру. Абодва пiсьменiкi аднолькавага веку i жывуць на сёньняшнi момант удалечынi ад радзiмы: Быкаў у Фiнляндыi, а Сарамага на Канарскiх выспах.

Iстотна адрозьнiваецца ўласна проза абодвух аўтараў. Вось некалькi радкоў з Сарамагавага раману:

"Брудна-бурай ракой зацякаў натоўп на пляц перад цьвiнтаром Храма. Iсус зь ягнём на руках глядзеў на мiтульгу, сумятню i куламесу: адныя ўзыходзiлi па прыступках, ведучы цi несучы
асуджаных на ахвяру жывёлаў, другiя супаскалiся ўжо ўлегцы, з прасьветленымi тварамi, i ўсклiквалi: "Алiлуя!", "Асана!", "Амэн!" цi маўчалi, паколькi ў iхным выпадку радавацца было б гэтаксама недарэчна, як закрычаць пры выхадзе з Храма Ерусалемскага "Эвоэ!" альбо рыкнуць зычнае "Гура!" Над храмам сыходзiў у нябёсы слуп дыму, што не сьсякаў, бо ўвесь час набiраўся новых i новых усеспаленьняў i быў заклiканы паказаць усяму сьвету, колькiя з тых, хто прынес ахвяры, былi простымi i законнымi спадкаемцамi Абэля".

Быкаў - клясычны рэалiст, блiзкi да францускiх экзыстэнцыялiстаў. Стыль Сарамага падаўся мне патэтычным. Iншы нобэлеўскi ляўрэат Чэслаў Мiлаш на пытаньне пра партугальца сказаў, што цярпець ня можа ягоных вымучаных досьцiпаў. Гэта, вядома, нiяк не прынiжае выбар Швэдзкае Акадэмii, якая ў папярэднiя два гады зьдзiўляла сьвет прэмiяваньнем маргiнальных аўтараў.

Зрэшты, хто можа сказаць, што ў сёньняшняй сусьветнай лiтаратуры маргiнальнае, а што не. Што ў прынцыпе ўяўляе сабою сучасная лiтаратурная ерархiя?

Швэйцарскi франкамоўны часопiс "Л'Эбдо" надрукаваў нядаўна вынiкi апытаньня лiтаратурных крытыкаў з 18 краiнаў, якiм прапанавалi назваць дзясятку найлепшых сучасных пiсьменьнiкаў. У вынiку атрымаўся сьпiс з 18 iмёнаў, якi пачынаецца з Маркеса, Кундэры, Апдайка, Эко i Сальмана Рушдзi. Але ў гэтым сьпiсе няма нi Васiля Быкава, нi Жазэ Сарамага. Праўда, другому пашанцавала больш. Нобэлеўская прэмiя стане для яго пропускам у падобныя рэйтынгi i наступны раз лiтаратурныя крытыкi яго не абмiнуць.

Цырымонiя ўручэньня прэмii адбудзецца 9 сьнежня. Мы на яе не трапляем. Што гэта значыць? Толькi тое, што ў беларускiх культурнiкаў ёсьць наперадзе ажно цэлы год.

***

Колькi разоў мы абмяркоўвалi ў "Вострай Браме" менскiя краявiды i заўсёды рабiлi выснову пра нетрываласьць, а то й няўтульнасьць пэйзажу. Менск увесь час знаходзiцца ў стадыi дараблiваньня, пераробкi i разбурэньня. Нiшто не затрымлiваецца, нiякая сытуацыя, у якой мог бы з гадамi высьпелiцца дух гораду. I вось зусiм нядаўна мне пашчасьцiла патрапiць у такi менскi краявiд, дзе было i трывала i ўтульна. У хрушчоўцы на маленькай вулiцы Фролiкава, якая перасякае шырокую Ўральскую, недзе пад Трактарным мне падалося, што жыцьцёвы цыкль тут замыкнуўся.

Даўно абжытая кватэрка, у якой цьвiка не ўваб'еш, бо любая зьмена будзе лiшняй i марнай, яркiя гронкi арабiны ў вакне, старыя дрэвы памiж паралельна пастаўленымi пяцiпавярховiкамi, неверагодны спакой. Я стаяў пасярод гэтае цiшынi й думаў пра тое, што ў такой сытуацыi добра было б рабiць? Добра было б хварэць, лежачы ў ложку, добра было б памерцi, а калi жыць, то адзiнае, што тут добра - пiць. Ня з гора цi радасьцi, а ад паўнаты жыцьця. Напрыклад, чытаць тут кнiгу або зьбiрацца адсюль ў вандроўку падаецца недарэчным, залiшнiм. Нават уключаны тэлевiзар перапоўнiў бы начыненьне цераз край.

Потым ужо я зразумеў, што начыньне для гэтай самай паўнаты жыцьця бывае рознае. Гэта можа быць агромнiсты горад, а можа - вось такая хрушчоўская кватэрка з арабiнаю ў вакне. Малюсенькае начыньне, у якiм ужо няма месца нiякiм парываньням, прычым незалежна ад таго, хто ты такi i кiм сябе ўяўляеш. Таму жывыя ў такiх мiкрараёнах як правiла п'юць. Толькi п'юць.

У Вiльнi таксама адчуваеш спакой i ўтулак, i паўнату жыцьця. Але тут цэлы стары горад. У Менску, варта пакiнуць тую фролiкаўскую кватэрку, як трапляеш у няцэлыя начыньнi - альбо ў сталiнскi цэнтар, дзе сёньня iдзе iнтэнсыўная зьмена насельнiкаў, або ў Малiнаўкi зь Вясьнянкамi, дзе гiганцкiя каменныя джунглi нiяк не пакiдаюць адчуваньня ўтулку. I толькi ў першых хрушчоўскiх пяцiпавярховых мiкрараёнах жыцьцезварот здаецца завершаным. Цi то на Розачцы, цi на Бульвары, цi ў раёне кiно "Партызан", на вулiцы Кахоўскай або Арлоўскай.

Сяргей Харэўскi заўважыў дзьве парадаксальныя рэчы: па-першае, Беларусь - гэта радзiма мiкрараёну, а па-другое, мiкрараён у Беларусi пачаў зьнiкаць.

(С.Харэўскi: ) "Усьлед за пiсьменьнiкам-утапiстам Кампанэла, аўтарам кнiгi "Горад Сонца", iдэальныя гарады пачалi прыдумляць i дойлiды. Казачныя паселiшчы мусiлi быць прыгожымi, чыстымi i ўтульнымi. Але то войны, то хваробы, то брак сродкаў замiналi ажыцьцявiць гэтыя праекты. Нарэшце такая магчымасьць зьявiлася ў Беларусi, куды на запрашэньне Радзiвiла Сiроткi сюды прыехалi тыя самыя летуценьнiкi-дойлiды й пабудавалi новы Нясьвiж. Першы горадабудаўнiчы комплекс, пабудаваны паводле адзiнага праекту, якi спалучаў у сабе вытворчыя, адмiнiстратыўныя й жыльлёвыя функцыi, альбо як кажуць сёньня мiкрараён, зьявiўся ў нас яшчэ ў 1583 годзе. Беларусь стала радзiмаю мiкрараёнаў.

Калi малым я шчагаляў у дзiцячай будзёнаўцы па адным зь першых савецкiх мiкрараёнаў Менску - Арлоўскiм, дзе нарадзiўся й правёў першыя свае гады, дык пра наяўнасьць нейкага iншага Менску й не здагадваўся...

Мой дзiцячы сьвет быў абмежаваны тэрыторыяй, прылеглай да вулiцы Гая, якая адным канцом упiралася ў кацельню, другiм - у кальцавую дарогу, за гастраномам пачыналiся паплавы на месцы недасушаных тарфяных балотаў, за iмi быў бярэзьнiк, якi здаваўся тады эталёнам хараства й выклiкаў малаакрэсьленыя жаданьнi. Тры-чатыры месяцы тут усё зелянела зь пераменным посьпехам, але большую частку году вецер насiў тафяны пыл з таго самага балота i куродым з той самай кацельнi. Доўгi час жыхары мiкрараёну з энтузiязмам спрабавалi тут нешта прыхарошыць, саджалi дрэвы й кветкi, дзякуючы чаму вакол дамоў забуялi палiсаднiкi. Рыхтык як у вёсцы, адкуль i папрыяжджалi жыхары. Падабенства зь вёскаю дадавалi лавачкi пад вокнамi, на якiх, не раўнуючы, як на прызбах сядзелi кабеты, пiльна ўглядаючыся ў кожнага мiнака.

Недзе далёка-далёка iснаваў велiзарны прыгожы палац, насупраць якога былi самыя прыгожыя ў сьвеце вежы - Вакзал, зь якога разьлягалiся шляхi ў сьвет, у маiм дзiцячым выпадку - у вёску. Гэтак, цi прыблiзна гэтак, працякала жыцьцё маiх раўналеткаў з мiкрараёнаў... Тут быў дзiцячы сад, школа, дзiцячыя пляцоўка. Для дарослых была крама i тралейбусны прыпынак, на якiм яны прападалi ўраньнi i ўзьнiкалi надвячоркам.

Калi на раёне былi монстры iндустрыi - Тактарны, Камвольны, альбо "Электронiка", дык лёс большасьцi мiкрараённых менчукоў ставаўся перадвызначаным: гэтак званыя "працоўныя дынастыi" паглыналi ўсё новыя пакаленьнi. З малаком мацi i смогам тут усмоктвалiся каштоўнасьцi iндустрыялiзацыi. Каля заводаў нараджалiся, вучылiся, сьпiвалiся... Складаўся дзiўны горад: людзi, народжаныя на адной ягонай ўскраiне, добра ведалi толькi суседнюю ўскраiну i гадамi ня мелi патрэбы перасякаць Цэнтар. Усе iх цiкавасьцi ў Менску абмяжоўвалiся ГУМам i Вакзалам. Гэтак мiкрараёны ператваралiся ў цалкам самадастатковыя арганiзмы, дзе адбываўся штодня замкнёны цыкл людзкога жыцьця. Толькi пахаваньнi адбывалiся недзе бясконца далёка адсюль. Тут не было нi бажнiцаў, нi могiлак, а таму нiшто не нагадвала пра канечнасьць жыцьця. Заставалася толькi канечнасць жыцейскiх цыкляў.

Сёньня там, дзе ў Арлоўскiм мiкрараёне быў тарфянiк, даўно шумiць парк зь дзiўнаю назваю Бангалор. Там, дзе некалi зелянеў таямнiчы гаёк - яшчэ адзiн мiкрараён. Спусьцеў дзiцячы сад. Цяпер у iм нечы офiс. Новая царкоўка ўбралася ў бель i золата. Састарэлыя жыхары мiкрараёну ходзяць сюды на сьвяты... На сьвяты да iх прыяжджаюць дзецi...

Клясычны беларускi мiкрараён сёньня - рэлiкт. Ускраiны гарадоў усё больш нагадваюць гарады. Вантробы мэтро зьнiтавалi Менск у адзiн арганiзм. Вырасьлi дрэвы, пакрысе захiнуўшы бэтонныя швы дамоў. Да непазнавальнасьцi перабудоўваюць "хрушчоўкi", былыя канторы i крамы. Пакуль яшчэ недарэчна зазiхцелi люстранымi шкельцамi навабуды. Камунiстычныя транспаранты з простымi лёзунгамi зьмянiлiся капiталiстычнымi, зь iншымi, але па-ранейшаму простымi лёзунгамi. Тут расьце сабор, за iм, праз вулiцу малельны дом з шырокiм паркiнгам для новых машын новых прыхаджанаў... Ужо не чуваць заводзкiх гудкоў i зрэдку яшчэ дымiць якi комiн. Радзiма бяз жалю разьвiтаецца са сваiм дзiцём - мiкрараёнам, якi апявалi, якi ганiлi, якi неўзабаве будзе цяжка згадаць... Шкада толькi няма ўжо больш таго Вакзалу, куды я ў дзяцiнстве заўсёды ехаў як на сьвята".

Гэта быў Сяргей Харэўскi са сваiмi ўспамiнамi пра менскi мiкрараён. Мне здаецца, што першым, хто апеў мiкрараён у сучаснай беларускай лiтаратуры быў Адам Глёбус. Прычым апеў лiтаральна, санэтам. Вось фрагмэнт:

Мне падабаецца: мiкрараён -
Жалезны дух у канструктыўным целе,
Дзiцячы пляц i школьны стадыён...
Мне падабаюцца шурпатыя панэлi.

Адаму Глёбусу падабаецца завершаная жыцьцёвая сытуацыя. Хрушчоўскiя мiкрараёны сёньня - гэта самы цэльны Менск, а iхны дух у неглыбокiм начыньнi - гэта й ёсьць дух Менску, не прыдуманы, а адзiны, якi стварыўся або захаваўся. Асабiста мне даводзiлася сутыкацца з носьбiтамi менскага даваеннага духу. Той дух успрымаўся як нешта антыкварнае i пры гэтым незваротна страчанае, тое, чаго вельмi шкада, бо яно сваё, яно ўнiкальнае i больш не адновiцца нiколi. Пасьля я быў сьведкам сфармаванага савецкага духу гораду, дзе стваральнымi элемэнтамi выступалi сталiнскi ампiр, стадыён "Дынама", квас у бочках i простая радасьць на тварах. Гэты дух загiнуў на пачатку 80-х, бо жывiўся ён у фасадах, а фасады ў Менску падлягаюць пэрманэнтнаму перастварэньню. I вось адзiны дух, якi выжыў - гэта дух хрушчоўскiх мiкрараёнаў, схаваных ў нэтрах гораду, дзе можна са спакойнай душой пiць гарэлку i нiякае сумленьне ў табе не зварухнецца, бо на тое там папросту не прадугледжана месца. Наўрад цi праектанты гэтых мiкрараёнаў прадбачвалi такi зыход. Проста жылi яны ў той сытуацыi, дзе асабiстыя чалавечыя парываньнi ня ўлiчвалiся, дзе на першы плян ставiўся калектыў.

Сёньня, нават калi мiкрараёны сапраўды зьнiкнуць зь беларускiх гарадоў, як гэта прарочыць Сяргей Харэўскi, iх яшчэ абавязкова будуць згадваць не адзiн раз i ў раманах, i ў санэтах. Бо некалькi пакаленьняў прайшлi празь iх i завершылi ў iх свой жыцьцёвы цыкль.
XS
SM
MD
LG