Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Шоў-бізнэс.


Аўтар Сяргей Дубавец, Вільня

На мiнулым тыднi ў Вiльнi адчынялася новая кавярня. Падзея ня надта ўнiкальная для гораду, дзе падобных установаў дзясяткi цi нават сотнi. I тым больш можна сабе ўявiць, як няпроста новай кавярнi прыцягнуць да сябе ўвагу. Таму заснавальнiкi раскiдалi ў паштовыя скрынi вiленчукоў каляровыя рэклямкi, дзе пералiчвалiся вартасьцi новае ўстановы: ненавязьлiвы сэрвiс, утульны iнтэр'ер, выдатная кухня i што там яшчэ? Ага, лiтоўская музыка. Маецца на ўвазе лiтоўская поп-музыка. Вось чым прываблiвала наведнiкаў новая кавярня. Мне ўявiлася падобная сытуацыя ў Менску. Беларускiя рэстараншчыкi, бадай, нiколi б не рызыкнулi рэклямаваць сваю ўстанову беларускай папсой. А нават калi б i рызыкнулi, дык наўрад цi набралi б дастатковую колькасьць якасных запiсаў.

Далей маё параўнаньне стане больш зразумелым, калi сказаць, што за апошнiя дзесяць гадоў лiтоўская эстрада з анкляву савецкае эстрады вырасла ў цэлую iндустрыю шоў-бiзнэсу. Дзясяткi iмёнаў на слыху, шоў-праграмы на ўсiх шасьцi лiтоўскiх тэлеканалах, хiт-парады i рэйтынгi, штодзень новая касэта або кампакт, канцэрты i фэстывалi на стадыёнах або на беразе мора. I ўсё гэта толькi па-лiтоўску. Вы скажаце, што раней мы праз Маскву ведалi хоць адно-два прозьвiшчы выканаўцаў, а цяпер, калi iх такое мноства, мы ня ведаем нiчога. Рацыя. I распавядаючы пра лiтоўскi нацыянальны шоў-бiзнэс я, напрыклад, абсалютна нiчога ня ведаю пра латыскi. Хоць упэўнены, што ў Рызе ўсё гэта жыве i круцiцца нiяк ня менш актыўна, чым у Лiтве. Але галоўнае ня гэта. Галоўнае, што нацыянальны шоў-бiзнэс у Лiтве цалкам валодае ўвагаю маладзёжнае аўдыторыi. Кожная школьнiца назаве вам iмя сёньняшняга кумiра i насьпявае самыя папулярныя песьнi. Яна можа ня ведаць, што цяпер у двадцатцы MTV i тым больш у якiм-небудзь маскоўскiм музабозе. Сваё, тутэйшае, лiтоўскае выглядае ня менш таленавiта i рэспэктабэльна, ня менш сучасна i модна, а таму больш прывабна. I яшчэ - у Лiтве няма рускамоўных выканаўцаў. Iх не забаранялi так, як у свой час забаранiлi кампартыю. Але матыў iхнае адсутнасьцi, бадай, той самы. Навошта рускамоўным рабiць сваю кар'еру тут, калi побач Расея? Рускамоўны выканаўца ў Вiльнi выглядаў бы недарэчна, бо для дарэчнасьцi Лiтва мусiла б стаць расейскай правiнцыяй, Валагодчынай цi Прыморскiм краем. Iнакш не зразумела, чаму ён ня робiць сваю кар'еру ў Маскве або Пiцеры. Там ягоны алiмп.

Дыяпазон лiтоўскае поп-культуры надзвычай шырокi. Ёсьць тут свае Мадоны, ёсьць i свае Шуфуцiнскiя.

Я сьпяшаюся параўнаць лiтоўскi шоў-бiзнэс зь беларускiм, таму што розьнiца памiж iмi нарастае з такой хуткасьцю, што яшчэ трохi, i параўнаньне стане некарэктным. Ужо сёньня, бадай, позна казаць пра карысны досьвед i магчымасьць павучыцца. У Беларусi няма эканамiчнай свабоды i няма волi да гэтае свабоды з боку шоў-мэнаў таксама. Вось якiя ўражаньнi ад супрацоўнiцтва зь менскiмi культурнiкамi мае дыджэй беларускай праграмы на адным зь вiленскiх радыё Андранiк
Антанян.

(А.Антанян: ) "Блiзу як год, кожную суботу я займаюся тым, што кручу ў эфiры вiленскага радыё на FM-хвалях беларускую музыку. Паўгадзiны на тыдзень. Ня так i шмат. Абавязкi ў мяне не асаблiвыя, плоцяць таксама ня шмат, але за гэта я маю абсалютную свабоду у выбары музыкi для сваёй праграмы.

Просты, шараговы баец беларускага шоў-бiзнесу. Напiсаў i схамянуўся. Баец просты й шараговы, але мабiлiзацыя майго войска яшчэ, вiдаць, не адбылася, i я мушу адстрэльвацца на гэтым жорсткiм фронце сам. Калi год таму мне прапанавалi рабiць музычную беларускую праграму, я ахвотна згадзiўся. Ну што там такога. Закупi штук 20 беларускiх кампакт-дыскаў, зараджай iх у прайгравальнiк i круцi сабе паўгады, пасьля крыху паднавi фанатэку i працуй далей, ставячы сваю любiмую музыку, разбаўляючы яе нi да чаго не абавязковымi размовамi. Але ж як я памыляўся ў сваiх спадзяваньнях!

Па-першае, беларускага музычнага рынку амаль што няма. Лягчэй у Вiльнi павячэраць гнёздамi лаўстаўкi, чым у Менску набыць (заўважце, набыць за грошы, а не выцыганiць цi там пазычыць) кампакт-дыск. На слова кампакт-дыск, мае менскiя знаёмыя, якiя маюць далёка ня ўскоснае даченьне да беларускага музычнага рынку, у адзiн голас казалi, маўляў, чулi, нешта выходзiла, дзе набыць ня ведаем. У вынiку некалькiх месяцаў тэлефонных размоваў, пасыланьняў факсаў з замовамi, я разжыўся ажно на 7 CD. Статыстыка такая: шэсьць кружэлак я атрымаў зь Беластоцкага(!) радыё на кабальных для майго начальства ўмовах - адзiн беларускi дыск мянялi на два з расейскаю папсою. Кранальна высокая катыроўка беларускай музыкi. Яшчэ адзiн, "Песьнярок" - набыў праз знаёмага ў Менску. Вынiкам цэлага месяца перамоваў з фiрмаю "Ковчег" (каб хто ведаў, як мяне дабiвае балтаславянскае тугадумства!) па сёньняшнi дзень зьяўляецца тое, што маю даволi буйную замову, а беларускiя выдаўцы ўжо год як ня могуць сабрацца выканаць - пераслаць у Вiльню (адлегласьць 180 км) усё, што выпушчана iхнаю фiрмаю ў двух асобнiках. I гэта пры тым, што з грашыма праблемы няма. Не паквапiлiся беларускiя выдаўцы й на тое, што жыхары паўночных раёнаў Гарадзенскай вобласьцi могуць спакойна слухаць маю праграму. Чым не пляцдарм хоць для мiнiмальнага пашырэньня рынку? Дзiўныя яны людзi. Урэшце давялося пазычаць у знаёмых закручаныя да дзюрак касэты з запiсамi беларускiх гуртоў i перапiсваць зь вiнiлавых кружэлак песьнi залатое пары "Песьняроў". Неяк высьлiзнуў зь непрыемнага становiшча ды-джэя без фанатэкi.

Але грызуць мяне згрызоты. У Беларусi сёньня актыўна працуе якi тузiн беларускамоўных каманд, яшчэ тузiн нашкрабецца на Беласточчыне. Прыкладна трацiна зь iх упрыгожыць этэр любой станцыi. Грызуць яны мяне таму, што сёньня ў Вiльнi прыхiльнiкаў кiеўскiх "Вопляў Вiдалясава" нашмат больш, чым у Беларусi мае "N.R.M" з "Улiсам" разам. Крыўдна, што у канцы 90-х гадоў XX стагодзьдзя капакт-дыск "Песьнярок" выйшаў у мона-запiсу! Крыўдна, што вiленская каманда "Skamp" месяцамi трымаецца на вяршынi гiт-параду самай папулярнай лiтоўскай радыёстанцыi, а альбом вельмi падобнага да iх стылiстычна, але нашмат больш цiкавага ў музычным пляне гурта "Крывi", я вымушаны перапiсваць для сваiх сяброў на аўдыёкасэты, бо кружэлка iхная трапiла да мяне самым вакольным шляхам, якi толькi можна прыдумаць. За год майго ды-джэйства ў мяне склалася ўражаньне, што ў экспансii беларускай музыкi на Лiтву й павялiчэньнi накладаў беларускай музычнай прадукцыi зацiкаўленыя не музыкi й iх прадзюсары, а шараговы ды-джэй Антанян. На ўласнай скуры я пераканаўся, што сёньня беларускi музычны бiзнэс iснуе ў такiм глыбока-латэнтным стане, што прасьцей згадзiцца з тэзiсам, што яго зусiм няма".

(С.Дубавец: ) Андранiк Антанян схiльны думаць, што беларускага шоў-бiзнэсу не йснуе наогул. А Сяргей Харэўскi лiчыць, што папулярная культура ў Беларусi паводле закону захаваньня матэрыi рэалiзуецца ў iншай сфэры - у сфэры дзяржаўнае палiтыкi i рэлiгii.

(С.Харэўскi: ) "Шоў працягваецца. Сёньняшняе кiраўнiцтва Беларусi, рыхтык як дырэкцыя вясковага клюбу, iнстынктыўна засвойвае прыёмы поп-культуры. Лёгка лiюцца зь iхных вуснаў цэлыя плоймы iдэёмаў, што прызначаныя для ўдзячных слухачоў.

Што меў на ўвазе Лукашэнка, калi казаў патрыярху Алексiю пра тое, што ў Беларусi "подавляющее большинство" - праваслаўныя i што ён бярэ курс на стварэньне хрысьцiянскае дзяржавы. Калi адкiнуць на час жангляваньне лiчбамi, высьвятленьне, каго ў Беларусi больш - каталiкоў, праваслаўных цi пратэстантаў, то спынiмся на тым, што ў краiне ёсьць супольнасьць людзей, якiм Лукашэнка гатовы дапамагчы "падаўляць" (паводле ягонае тэрмiналёгii) астатнiх. Сам ён, будучы "праваслаўным атэiстам", натуральна, не хрысьцiянiн, а таму размова можа весьцiся толькi пра вонкавыя праявы рэлiгii - сымболiку, рыторыку, урэшце культуру - сукупнасць розных вiдаў i жанраў мастацтва, архiтэктуры i музыкi, якiм, вiдаць, будзе аказаная падтрымка на дзяржаўным узроўнi. З другога боку перапыняецца трансьляцыя фiльма пра Хрыста Марцiна Скарсэзэ. Вось жа i сапраўды, атэiстычны рэжым хоча выглядаць больш сьвятым за самога Папу.

Як i ў астатнiм, гэтыя словы прэзыдэнта застануцца толькi словамi, але эфэкт, на якi ён разьлiчваў, дасягнуты. Умоўная большасьць, да якое зьвяртаўся ўмоўны шоў-мэн, зь iм згодная... Царква стала ў Беларусi iнструмэнтам дзяржаўнае мас-культуры; тэлевiзiя, прэса, радыё рэклямуюць рэлiгiю. Вось Лукашэнка сьпiнаю да алтара разглагольствуе ў катэдры, вось Фiларэт з кветкамi, вось мясцовае начальства ахвяруе на бажнiцу, вось пад воплескi перарэзалi стужачку, адкрываючы чарговую бэтонную каплiчку...

У савецкiя часы сутыкненьне з Хрыстом, як пэрсанажам, адбывалася яшчэ ў школе. "В белом венчике из роз впереди Исус Христос", - на ўсе лады дэклямавалi камсамольцы. А на палiтiнфармацыях у якасьцi прыкладу заходняга цемрашальства, з аплёмбам згадвалi опэру Эндру Лойда Уэбэра "Iсус Хрыстос - супэрзорка", 1970 году, зь якой большасьць пазнаёмiлася дзесяцiгодзьдзем пазьней... Маленькую шчылiнку ва ўяўленьнях зрабiў Караткевiч, сваiм "Хрыстом у Гароднi", але, пры ўсёй сьмеласьцi мэтафараў, Сьвятое Пiсаньне ў яго й засталося толькi прыгожай мэтафарай. У часы "перастройкi" толькi хiба малапiсьменны не пачытаў "Майстра i Маргарыты" Булгакава, дзе сам Хрыстос быў зьведзены на ўзровень дасьцiпнага героя дасьцiпнае кнiгi. Айтматаў, са сваёй "Плахаю", якая "прагрымела" ў iнтэлiгенцкiх колах, у гэтым сэнсе быў ужо эпiгонам. Гэтак у атэiстычным сэкулярызаваным грамадзтве намаганьнямi iнтэлiгенцыi й дзяржавы выбудаваўся культ веры без самой веры. Як некалi шафёры вешалi ў салёнах замызганую фотку Сталiна i вымпялы "Дынама", так сёньня вешаюць то абразок то распяцьце. Сувэнiр.

У звароце да рэлiгii менскi рэжым не арыгiнальны. Менавiта таталiтарныя рэжымы, як i ў сярэднявеччы, цынiчна карыстаюцца пачуцьцямi вернiкаў, цi то ў Паўднёвай Амэрыцы, цi то ў чорнай Афрыцы. "Рэлiгiйнасьць" рэжымаў нiбы падсьвятляе iх, лучыць з пазачасавасьцю. Але ў вiры часу зьнiкаюць дыктатары, iмпэрыi й карлiкавыя рэжымы. Застаецца вера й культура. Шоў працягваецца".

(С.Дубавец: ) Гэта быў Сяргей Харэўскi. Ягоныя дапушчэньнi пра тое, што ў нашай нерэлiгiйнай краiне сфэра духу мусiла б рэалiзавацца ў папулярнай культуры, ня спраўдзiлiся. У Беларусi вытварыўся нейкi адмысловы гiбрыд - сама рэлiгiя выкарыстоўваецца ў якасьцi папулярнае культуры.

Аднак вернемся ў кавярню або рэстаран, зь якога й пачалi сёньняшнюю перадачу. Выканаўца ўласных песень Зьмiцер Бартосiк даўно марыць стварыць беларускую праграму для рэстарану, бо тое, што сёньня гучыць у беларускiм рэстаране анi паводле густу, анi паводле мэнтальнасьцi не дапасоўваецца да беларускай душы.

(Бартосiк. Песьня)

Зьмiцер Бартосiк прыдумляе беларускiя песьнi для рэстарану. Перад тым, як даць яму слова, я сказаў пра мэнтальную неадпаведнасьць машаў распуцiных для беларускага вуха. Пры гэтым я ня меў на ўвазе, што беларускае вуха ня стане слухаць расейскую папсу. Я хацеў працягнуць думку, некалi ўжо выказаную ў "Вострай Браме". Расейская мас-культура мэнтальна арыентаваная на нiжэйшыя або й максымальна нiзкiя чалавечыя ўяўленьнi. Яна для нашага вуха, даруйце мне гэтую нязграбную фразу, гучыць нiжэй пояса. Можна гэта ўсё назваць разбэшчваньнем, якое вельмi падобнае на спайваньне народа. Ня важна нават, пра што сьпявае тая група на-на, важна, што найнiжэйшая эстэтычная планка ў звычаёвым беларускiм уяўленьнi ўсё адно вышэй, таму на-на для нас - гэта ўжо фiзыялёгiя, а не папулярная культура. У адрозьненьне ад расейцаў, дзе якi-небудзь алег газманаў - гэта яшчэ культура. Не выключаю, што падобнае можа быць i параўнаньне беларускага ўспрыманьня з амэрыканскай поп-культурай. Нездарма анi беларусы, анi лiтоўцы цi палякi так i ня здолелi прыдумаць такой мас-культурнай зьявы як расейскi мат. Бо мат - гэта мова нiжэй пояса. А якая-небудзь наша, прабачце, срака - пры ўсёй грубасьцi - гэта ўсё ж у рамках эстэтыкi, гэта тое, што можна знайсьцi ў слоўнiку Насовiча або ў кнiгах нашых клясыкаў.

Калi працягваць паралель беларусаў з згаданымi лiтоўцамi i палякамi, мы ўбачым, як яны запабягаюць гэтай лавiне расейскае папсы нiжэй пояса. Яны ствараюць свой шоў-бiзнэс са сваiмi машамi распуцiнымi i алегамi газманавымi. Пры жаданьнi ўсю расейскую поп-культуру можна ўбачыць у выглядзе схемы, дзе вэртыкалi будуць азначаць эстэтычную вартасьць, а гарызанталi - жанравую разнастайнасьць. У палякаў або лiтоўцам гэтай схеме адпавядаюць свае. Патрэбы публiкi задавальняюцца ў полi яе, публiкi, мэнтальнасьцi. Расейская папса не разбэшчвае i не размывае густы.

Калi ж перавесьцi позiрк на тыя парасткi поп-культуры, якiя iснуюць у Беларусi, мы заўважым, што яны зусiм арыгiнальныя i нiяк не перакрываюць расейскага ўплыву. Яны самi па сабе i не
складаюцца ў цэльную схему. Чыё месца займае Iрына Афанасьева або група НРМ? Нiчыё, яны арыгiнальныя. Таму пеннае мора расейскае папсы хвалюецца й шумiць побач зь iмi i ня
стрымлiваецца iмi. Вядома, рана цi позна давядзецца нам запаўняць сваю схему. Магчыма адным зь першых жанраў стане рэстаранная песьня, якую сьвядома стварае i выконвае Зьмiцер Бартосiк.
XS
SM
MD
LG