Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Перад будучыняй.


Аўтар і вядучы Сяргей Дубавец, Вільня

Стаiм мы перад будучыняй нашай... - пiсаў Купала. А мы, атрымлiваецца, зь перадачы ў перадачу ў пошуках нашага культурнага кантэксту становiмся якраз перад мiнуўшчынай. Мы
гаворым пра рэсаветызацыю, пра вяртаньне Беларусi на дзесяць-дваццаць гадоў назад. Пры гэтым маса народу заклапочаная выключна сёньняшнiмi сваiмi праблемамi, а якiя-кольвек футуралягiчныя развагi ня толькi не вiтаюцца, але й гучаць недарэчна. Наша будучыня паступова ператвараецца ў табу, бо ўсё грамадзтва нiбы паводле нейкай унутранай
дамоўленасьцi вырашыла пра будучыню не казаць. Тут можна заўважыць глябальны псыхалягiчны парадокс - людзi сьведама выбралi ўладу, якая адкрыта паабяцала весьцi краiну назад i за ўсе гэтыя гады нiколi, нi разу не падзялiлася плянамi на будучыню. Фразы кшталту "я свой народ за цывiлiзаваным сьветам не павяду" ўвесь час сьцьвярджаюць адсутнасьць будучынi. А пачнеш разважаць пра пэрспэктывы - хто б ты ня быў: чэсны цi нячэсны, чырвоны цi дэмакрат - ты адразу абавязкова ўступiш у канфлiкт з афiцыйным курсам.

Будучынi няма. Яе няма ва ўладных прамовах, у афiцыйных газэтах, зрэшты, i ў неафiцыйных таксама. Будучыня можа ўспрымацца толькi як вораг. Пры гэтым усе цудоўна ўсьведамляюць, што краiна не разьвiваецца, што так як сёньня жыць нельга, што рана цi позна, а ўсiм нам давядзецца ўсё ж стаць перад будучыняй нашай.

Такiм чынам улады выкарыстоўваюць схiльнасьць народу да звыклых рэгулаў i боязь якiх-кольвек пераменаў. У гэтай замкнёнай сытуацыi яны захоўваюць свае крэслы, а ўсе астатнiя
са страшком чакаюць, што будзе. Каму ад гэтага лягчэй i каму такое наогул патрэбна? Адказ на такое пытаньне гучыць убога: уся сытуацыя патрэбная адно толькi ўладам, каб ня страцiць
свайго становiшча.

Тым ня менш, пры поўнай адсутнасьцi будучынi мы ўсё ж паспрабуем нашу сёньняшнюю праграму прысьвяцiць ёй або хоць бы яе месцу ў беларускiм культурным кантэксьце канца ХХ
стагодзьдзя.

КРАЯВIД

У мiнулай праграме Сяргей Харэўскi казаў пра тое, што прэзыдэнцкая ўлада выцягвае на сьвет божы ня толькi бээсэсэраўскую камандавую эканомiку i камунiстычную сумболiку, але й маштабныя пляны колiшнiх першых сакратараў. Напрыклад, iдэю пабудовы пад Менскам атамнае электрастанцыi, якую ўвесь сьвет зможа спазнаць пад назваю Рудзенскай. Яшчэ адзiн праект, якi быў пахаваны за Саветамi i рэанiмаваны сёньня - гэта плян падубовы Менскае тэлевежы.

(С.Харэўскi: ) "Каранi жанру фантастыкi бяруць свой пачатак у палiтычнай публiцыстыцы. Гэрбэрт Уэлс, пiшучы сваю славутую "Машыну часу", задумляў яе як памфлет, крытыку сацыяльнае палiтыкi ангельскай дзяржавы. Калi памятаеце, то ў той далёкай будучынi, куды патрапiў падарожнiк у часе, дзьве расы людзей жылi сярод вялiзарных спарудаў i камунiкацыяў, пра прызначэньне якiх яны ўжо не здагадвалiся. Чытачы наступных
пакаленьняў успрынялi гэты твор толькi як добрую лiтаратуру... У Беларусi сёньня ўсё наадварот: фантастычныя ўтопii ператвараюцца ў дзяржаўную палiтыку.

Для падняцьця тонусу свайго электарату рэжым рапартуе, што ўжо пачалося цi то будаўнiцтва, цi то праэктаваньне велiзарнай тэлевежы ў сталiцы, на праспэкце Машэрава. Як
кажуць, яна будзе цi другой, цi чацьвертай па вышынi ў сьвеце. Аж дух захоплiвае...

У жнiўнi насамрэч адбылося паседжаньне ў Мiнiстэрстве сувязi, на якiм абмяркоўвалiся праекты тае самае тэлевежы, якiя былi раней адабраныя. Спынiлiся на разглядзе трох: Усходнекiтайскага iнстытуту праектаваньня i дызайну, нямецкай фiрмы "Вайс унд Фрайтаг" i расейска-беларускага кансорцыюму.

Iдэя завяршыць ансамбль праспэкту Машэрава зусiм слушная i зусiм ня новая. Пра патрэбу тэлевежы ў Менску гаварылi яшчэ напрыканцы 70-х. Нават iснавалi эскiзныя красьлюнкi ды макеты. Але ў БССР гэткiх грошай не знайшлося, а зараз хапае i сёньняшняе тэлемачты.
Што да ансамблю магiстралi iмя Машэрава, то ён сапраўды без належнае дамiнанты застаўся нiбы парэзаны напалам: да i пасьля вулiцы Заслаўскай. Не ўратавала сытуацыю нават цётка з трубамi пад бэтоннай стэлаю - помнiк аднае з гадавiнаў апошняе вайны. Наадварот, дальняя палова праспэкту стала яшчэ больш самастойнаю...

Мне з новых праектаў тэлевежы найбольш спадабаўся менавiта расейска-беларускi варыянт. Ён успрымаецца як алюзiя на спадчыну Татлiна i Лiсiцкага. Праект сярод астатнiх вылучаецца
хоць нейкай увагаю да традыцыяў, а менавiта да вiцебскага авангарду мяжы 10-х i 20-х гадоў. Нiбыта вялiкая спружына, лопаючыся, iмклiва ўвiнчваецца ў неба. Гэтая канструкцыя i магла б упрыгожыць горад, асаблiва ўначы, далёка сыплючы промнямi па-над менскiмi разлогамi. Праўда, сьцьвярджаюць, што гэты праект больш падобны да гiганцкага штопару, а таму сымболiка можа атрымацца занадта канкрэтнаю...

Цi варта будаваць менавiта тэлевежу? Праектная вышыня вежы вагаецца памiж 480 i 420 мэтрамi. Кошт, напрыклад, аднаго мэтру вiленскай тэлевежы - каля 10 тысячаў даляраў. Ня цяжка падлiчыць, колькi будзе каштаваць вежа, запраектаваная ў Менску. Дадайце, што яе эксплюатацыя таксама запатрабуе бясконцага фiнансаваньня. Тым часам як у сьвеце порстка разьвiваецца спадарожнiкавае i кабэльнае тэлебачаньне, гэткiя растраты для Беларусi не апраўданыя. Тым больш, што радыюс дзеяньня трансьляцыi з гэткай вежы будзе толькi каля 80-цi кiлямэтраў. Таму рэальнай патрэбы ў ёй няма. Цi не прасьцей за нашмат меншую суму наторкаць рэтрансьлятараў, безь якiх усё адно не абысьцiся, альбо заняцца спадарожнiкавым тэлебачаньнем?

Дык вось не! Калi ўжо аднаўляць БССР - дык у поўным аб'ёме, разам з утопiямi! Хай там у Лiтве зачыняюць АЭС, а мы - пабудуем. Хай ствараюцца новыя тэлетэхналёгii - нам дарагiя
ўсё ж нашыя мары 20-цiгадовае даўнiны. I вакзал найбуйнейшы ў СССР дабудуем! I сьвiнарнiкi ў восем паверхаў з кармапровадамi! Гэткiм чынам Беларусь, рыхтык паводле сюжэту фантаста Ўэлса адправiлася ў падарожжа па часе, праўда, не ў галавакружную будучыню, а на чвэрць стагодзьдзя назад. Ня толькi iдэйна, з чырвонымi зоркамi i кумачом, але i матэрыяльна, з архiтэктураю i з тэхналёгiямi.

Хутчэй за ўсё рэанiмацыя савецкiх утопiяў - гэта толькi блеф рэжыму, iмiтацыя бурапеннае будаўнiчае дзейнасьцi i мiжнародных сувязяў. Хай кiтайцы зь немцамi пазаймаюцца,
падключацца... А калi ня блеф - дык нашыя дзецi будуць дзiвiцца на калясальную спаруду, другую цi чацьвертую ў сьвеце (не iстотна). I як людзi будучынi з раману фантаста Ўэлса, ня
здолеюць растлумачыць, навошта яна збудаваная".

(С.Дубавец: ) "Сяргей Харэўскi распавёў пра колiшнiя пляны будаўнiцтва Менскае тэлевежы, якiя дасталi зь нябыту сёньняшнiя архiтэктары краiны. Ва ўсiх гэткiх плянах, хоць яны i
абернутыя нiбыта ў заўтрашнi дзень, няма будучынi, бо няма сэнсу. Функцыянальна тэлевежа не патрэбная. Ну была б яна хоць бы самай высокай у сьвеце i праславiла Беларусь у кнiзе
рэкордаў Гiнэса, але й гэтага няма. Бо нiхто ня ставiць задачу праслаўляць Беларусь.

Будучынi няма i ў адказах выпадковых мiнакоў, якiх Севярын Квяткоўскi апытваў на вулiцах Менску.

(С.Квяткоўскi)

Апытаньне на менскiх вулiцах зрабiў Севярын Квяткоўскi.

Напэўна, калi не ўяўляць сабе будучыню, яна й не настане. Пра якую будучыню марылi беларусы 50 гадоў назад? У 48-м? Пра камунiзм? А яшчэ раней - у пачатку стагодзьдзя? Гэтым пытаньнем задаўся Зьмiцер Бартосiк.

OPUS CITATUM

(З.Бартосік: ) "Пару месяцаў таму на Вiльню зноў пусьцiлi некалi адменены дызэльны цягнiк. Таму ў мяне не было праблемы з выбарам, чым ехаць. У торбу я паклаў толькi адну кнiжку. "Рунь" Максiма Гарэцкага. Рэпрынт таго, 14-га году выданьня, з друкарнi пана Марцiна Кухты. Адкуль у той жа час выйшла яшчэ адна кнiжка, толькi паэтычная. Аднолькавыя па фармаце, някiдкiя па аздабленьнi, яшчэ "неўнармаваныя" па мове, яны, як у час свайго зьяўленьня з-пад прэсу, так i сёньня застаюцца лепшымi дакумэнтамi даросласьцi нацыi.

За ўвесь шлях да мяжы я адолеў толькi адно невялiчкае апавяданьне, якое й дало назву ўсяму зборнiку. Герою апавяданьня, (цытую Гарэцкага) "запала неяк у галаву, што, вось, прарокi слова у нас знаходзюцца, а прарокаў - эканамiстаў няма. Ён хацеў так. Сабраць у сьвецi ў адных сваiх руках столькi грошы, каб, напрыклад... купiць усю Вiльню, i потым з гэтымi грашамi рабiць эканамiцкае адраджэньне Беларусi. Гэта, у пасьледку была яго манiя, i некаторые лiчылi яго блiзка што ненармальным". Далiбог, можна забыцца, што гэта рэпрынтнае выданьне. I чым далей я знаёмiўся з героем апавяданьня, тым больш знаходзiў агульных рысаў памiж iм колiшнiм i намi сёньняшнiмi. Хто з нас не спрабаваў "словам адраджаць чалавека ў беларусе"? Цi не задумваўся ў роспачы аб самагубстве? Цi не плянаваў беззваротна ад'ехаць чым далей, тым лепей?

Але прачытаўшы наступны абзац, я шчыра парадваўся за сябе. Цытую: "Па праўдзi, ну чаго ж я буду жыць далей?.. каб толькi ведаў што будзiць цераз 50 гадоў з беларускай справай..."
Лiчба "50" мне падаецца тут зусiм недарэмнаю. Гэта той далягляд, за якi меў рэальны шанец зазiрнуць, iнакш кажучы, дажыць, сам пiсьменьнiк. Напэўна з завiрухi чатырнаццатага году паўвекавая дыстанцыя яму ўяўлялася неверагодна вялiкаю для спраўджваньня самых фантастычных сцэнараў. I наўрадцi ён мог дапусьцiць той сюжэт, якi вядомы мне. Савецкая Беларусь 64-га году, дзе, здаецца, у беларускай справы шанцаў на жыцьцё амаль няма. I якою нязначнаю й шэраю здаецца лiчба "64", калi ў тваiм досьведзе ўжо ёсьць "98". I наступныя паўстагодзьдзi здаюцца нават завялiкiм авансам для адраджэньня, не, ужо не чалавека у беларусе, а беларуса ў чалавеку. I што цешыць, у чалавеку канкрэтным. Цi то ў суседцы па пляцоўцы, цi то ў неабцяжараным нацыяналiзмам прыяцелi.

Вось ён у Гарэцкага: "Я заступаюся за брата-мужыка, а ён жэ - не сымпатычны, ён жэ мяне крыўдзiў болей, чым хто". Але што дае сёньня сьмеласьцi спакойна глядзець ва ўласнае "заўтра", дык гэта тое, што беларус ёсьць. I хуткасьць ягонага адраджэньня цалкам адэкватная менавiта твайму уменьню й жаданьню даказаць яму, што ён жа - сымпатычны. Таму мой
далёкi 2048-мы год не выклiкае ў маёй душы страху, а тым больш думак аб цыянiстым калii. Вось толькi ня хоча нiкуды зьнiкаць туга па тым часе, калi мы ня марылi дзесяцiгодьдзямi. Можа, кепска мы чыталi нашых клясыкаў? Цытую: "Самагубства ня выйшла. Ды й чаго памiраць, калi я жыў толькi у думках. I толькi у думках прыйшоў да самагубства!" Цi не пра нас гэта колiшнiх, якiя толькi ў думках прыходзiлi да Беларусi, i толькi зараз нарэшце прыходзiм да яе намацвальнай?

Як гэта нi банальна гучыць, а ўдача беларускае справы закладзеная ў нашым жаданьнi дажыць. Да чаго дажыць, гэта ўжо справа кожнага. Я вось дажыў да моманту, калi ў вокнах майго вагону паплыла Вiльня. Нязьменная як канстанта - што сто гадоў таму, што праз сто наперад. Цi ня тут знаходзiцца ключ да ўдачы. У тым iмкненьнi героя аповеду "купiць яе ўсю".

Гарэцкi дае шанец свайму пэрсанажу не звар'яцець. Цытую: "... мяркуючы па яго натуры, успамiнаючы яго думкi i перэбiраючы у галаве некаторые словы, думаю, што ён жыў! Жыў i куець долю новаго чэлавека (беларуса) у далёкай Амэрыцы альба ў Аўстралii". Няўжо гэта пiсалася без сарказму? I ў гэтым таксама было прароцтва пiсьменьнiка? Адказ хаваецца ў
наступным стагодзьдзi. Чакаць засталося няшмат".

(С.Дубавец: ) Зьмiцер Бартосiк чытае Максiма Гарэцкага, герой якога марыў купiць усю Вiльню i пабудаваць там эканамiчна разьвiтую Беларусь. Для аднаго чалавека гэта, вядома, гучыць як мроя, а калi ўзяць усю нацыю, ды напачатку стагодзьдзя, дык атрымаецца яшчэ адзiн зь вельмi многiх нерэалiзаваных шанцаў Беларусi.

Выснова з усяго сказанага вышэй напрошваецца сама - гэта той прарочы радок Янкi Купалы, зь якога я й пачаў сёньняшнюю перадачу. Мы мусiм думаць пра будучыню, уяўляць i прыдумляць яе канкрэтнай i безумоўна лепшай. Бо ўсялякiя пляны пачынаюцца з мараў. I гэта будзе азначаць, што мы яшчэ жывыя.
XS
SM
MD
LG