Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Новы Наваградак.


Аўтар і вядучы Сяргей Дубавец, Вільня

Пераходныя часы звычайна спараджаюць у грамадзтве цiкавасьць да ўсялякiх мiстыфiкацыяў i фантазiйных сюжэтаў. Сур'ёзныя людзi пра такiя рэчы не гавораць. Мiж тым, з сноў ды лятункаў часам паўстаюць вобразы мастацтва, лiтаратуры. А мiстыфiкацыi ды фантасмагорыi бяруць раптам, ды набываюць матэрыяльную сiлу.

У нядаўнiм нумары "НН" Адам Глёбус казаў пра тое, што перанес бы сталiцу Беларусi ў Наваградак. Нельга назваць гэтую iдэю зусiм новай. У пошуках свайго духоўнага адраджэньня беларусы заўсёды згадваюць, што мелi ў гiсторыi старабеларускiх дзяржаўных утварэньняў чатыры сталiцы: Полацак, Навагарадак, Вiльню й Менск. Полацак - самая старая сталiца Ўсяслава Чарадзея i асьветнiцы Эўфрасiньнi. Наваградак - калыска i першая сталiца Вялiкага Княства Лiтоўскага. Вiльня - горад Гедымiна, Скарыны, фiламатаў, Калiноўскага, "Нашай Нiвы", сталiца новае беларушчыны, яшчэ несавецкай. Менск - сталiца БНР, пасьля БССР i сёньня - РБ. Рэспублiканская, словам, сталiца. Пры гэтым найдаўжэйшая ў часе наша сталiца - Вiльня - 500 гадоў, а найкарацейшая - Менск - 70 гадоў.

Фантазii пра перанос сталiцы зьвязаныя ня толькi з пошукам панацэi, але й з тым, што Менск успрымаецца часта не як беларускi, а як антыбеларускi горад. Усё, што ў iм магло прываблiваць беларускага чалавека, даўно панiшчана, а новае - не паднялося. Зажурыцца беларуская душа ў гэткiм ляндшафце дый прысьнiць перанос сталiцы ў Наваградак. Праўда, часам сны атрымлiваюцца саркастычныя. Як у Зьмiцера Бартосiка, напрыклад.

I Севярыну Квяткоўскаму гэтая гульня ў беларускi Вашынгтон не задалася. Хоць чаму б не паразважаць? Урэшце, пераносяць жа сталiцы, калi яны не на месцы цi калi гэта можа палепшыць здароўе краiны i грамадзтва.

Выраз Новы Наваградак заключае ў сабе таўталёгiю, зрэшты, апраўданую ў беларускай гiсторыi. Наша гiсторыя любiць наслаеньнi. Напрыклад, наслаеньнi акупацыяў. Прыйшла расейская, сьледам польская, сьледам нямецкая, сьледам савецкая... Папярэднiя не сканчаюцца, а iх накрываюць усё новыя й новыя, i ўжо не разьбярэш - дзе чые наступствы i ўвогуле, што за краiна.

Памiж акупацыяў ХХ стагодзьдзя вылучаецца адна асаблiвая - акупацыя беларускiмi сялянамi беларускага гораду. Гэта была менавiта акупацыя, бо ў вынiку зьнiклi беларускiя гарады,
беларускiя вёскi i беларуская мова. Вяскоўцы купiлi сёньняшнi Менск цаною роднае мовы i традыцыйнае культуры. Так Менск ператварыўся ў антыбеларускую сталiцу, у якой за 70 гадоў нiякiм энтузiястам, нiякiм творчым саюзам не ўдалося прышчапiць людзям беларушчыну. Бо людзi ўжо прамянялi яе на самаўсьведамленьне сталiчных жыхароў. Калi ўдумацца, вельмi нездаровая атрымалася урбанiзацыя. Яе наступствы адчувальныя на кожным кроку. А як iх пераадолець? Чакаць, пакуль новыя пакаленьнi забудуцца на зьдзелку бацькоў? Цi ўзяць ды перанесьцi сталiцу ў беларуска-чысты Навагарадак?

(Зьмiцер Бартосiк: ) "Вось яно i зьдзейсьнiлася. Прароцтва клясыка. Настолькi доўгачаканае, што ўскокваць у гэты мiтусьлiвы карагод нават няёмка. Iншая справа - сьцiпла назiраць за гэтым "грандыёзным праектам", "вялiкiм актам гiстарычнае справядлiвасьцi", "фантастычнай рэальнасьцю цi рэальнай фантастыкай", "Нью-Васюкамi наяве", цi як там яшчэ абазвалi тое, што адбылося, былыя сталiчныя газэты. А спэктакаль сапраўды неверагодна дарагi й дзёрзкi. Самому сабе зайздросьцiш, шчасьлiваму гледачу, якому пашчасьцiла зь лiчбаю нараджэньня на бiлецiку лёсу.

Здаецца, самi рэжысэры не чакалi такога рэзанансу ад дзеi, што разгорнецца на калiсьцi цiхiх пагорках, чыя цiшыня зрэдку парушалася гукамi аўто, а часьцей крыкамi пеўняў. Усяго двух
дадтковых голасоў у парлямэнце на карысьць гэтай авантуры было дастаткова, каб Эўропа зьехала з глузду. Як жа ёй, матухне, нас не хапала. Як жа ёй было сумна бяз нас, мяркуючы па тых сумах i колькасьцi ахвотных удзельнiчаць у архiтэктурных конкурсах Новага гораду. I як жа забаўна выглядаюць лiтоўскiя дойлiды са сваiмi довадамi пра агульную гiстарычную спадчыну, адстойваючы свой праект мiжнароднага аэрапорту. Я ўжо не кажу пра генiяльную думку зрабiць з новай сталiцы архiтэктурны маўзалей. Ад будаўнiцтва цацачнай Нямiгi, здаецца, адмовiлiся. Але закладаньне новага фундамэнту пад некалi менскi дамiнiканскi касьцёл ужо адбылося. Так бы мовiць, сымбаль пераемнасьцi. I кожны дзень прыносiць новыя сюрпрызы, нараджае новыя праблемы. Дзе павiнен стаяць помнiк Балаховiчу? Цi варта ўвекавечваць iмя Машэрава ў назве адной з будучых вулiцаў? I галоўнае - каму на тых вулiцах жыць? Навошта нейкi закон аб люстрацыях, калi гэта толькi здаецца, што ад правiнцыйных менскiх тратуараў да новых уладных калiдораў нейкiх 150 кiлямэтраў. Сотнi гадоў вялiкалiтоўскай дзяржаўнасьцi, у спадчыннай сталiцы якой, гэтым беларускiм горадзе-iдэале, менавiта мы вартыя ягоных заснавальнiкаў. Хто як ня мы заслужылi сваёй перамогай вiд з вакна спальнi на Замкавую гору, спатканьне з каханай на плошчы Вiтаўта ды кiлiшак сьмiрноўскае гарэлкi на тэрасе рэстарацыi "У Зянона"?

Я амаль на ўсе сто ўпэнены, што мне нiколi ня прыйдзецца пiсаць усё гэта ўсур'ёз. Мой бiлет на гэтае сьвята будзе пратэрмiнаваным. Я так i не пасьпею пабачыць нi новае сталiцы, нi новае краiны, нi новае Эўропы, неад'емнай часткаю якое будзе й Беларусь. Толькi вось чамусьцi сумаваць ад гэтага ўсьведамленьня ня цягне. Таму што ўчора я разам з сотняю прыгожых маладых людзей пад бясконцым менскiм дажджом слухаў сталiчнага паэта Адамовiча, заўтра пайду прабiвацца на прэм'еру да сталiчнага актора Забары, а пасьлязаўтра раптам вазьму й дапiшу адну песеньку са сталiчным сюжэтам. I калi не напiшацца, можна будзе й пасумаваць. Цi зьбегчы ад гэтага суму ў Наваградак. У горад, дзе пакуль што духаў i прывiдаў жыве больш, чым людзей, за што i люблю яго. Цi ня станем мы самi нябачнымi прывiдамi на местачковых вулiцах нашае колiшняе сталiцы?.."

(Севярын Квяткоўскi: ) "Ня ведаю, наколькi добра жыхары Наваградчыны знаёмыя з асобаю Мяндоўга, i цi абыходзiць iх тое, што сёньняшнi райцэнтар калiсьцi быў сталiцай эўрапейскай дзяржавы. У той самы час я перакананы, што калi б беларускiя ўлады дазволiлi лiтоўцам шчыраваць на гiстарычнай глебе, яны б адбудавалi ў колiшняй супольнай сталiцы СВОЙ замак. Прычым за свае грошы.

Цi маюць наваградзкiя беларусы асобу, на ўшанаваньне якой нават вясковы пэнсiянэр ахвяраваў бы колькi рубельчыкаў? Магчыма, такая асоба - Барыс Рагуля. Бо ж памяць пра створаны iм калiсьцi беларускi батальён дагэтуль цешыць тутэйшых дзядоў.

Мяндоўг памёр даўным даўна. Гэтаксама, як даўна - у адзiн гiстарычны час са сьмерцю Мiцкевiча - зьнiк апошнi грамадзянiн, народжаны ў Мяндаўгавай дзяржаве. Сапраўды, скуль даведаесься пра тыя часы? Хiба з кнiжак. Але ў беларускiх райцэнтрах i вёсках мала вераць кнiжкам. Кажуць, што ў беларускай правiнцыi больш слухаюць, што мяркуе начальства. Але, насамрэч, нашыя людзi найперш даюць веры таму, што бачылi на ўласныя вочы.

Аднойчы ранiцай жыхары Наваградку й навакольля могуць пабачыць велiчэзнае скопiшча тэхнiкi. А яшчэ праз колькi часу перад iмi можа паўстаць адноўлены Мяндоўгаў замак, над якiм залунае ПэПээРБэшны штандар. Менавiта такiя фантазii рояцца ў галовах стваральнiкаў праекту "Залатога Кальца Беларусi".

Iмёны ўплываюць на лёсы. У назве старажытнай сталiцы можна вылучыць слова "новы", а можна - "гарадок", iнакш - мястэчка. Праз гэта магчыма вывесьцi прычыну, чаму Наваградак спарадзiў Княства, Паэта i Беларускае войска падчас апошняй вайны, але пры гэтым асобы, народжаныя дзеля гэтай зямлi, не належаць ёй. Можна казаць пра Наваградак як пра вечна новы, i вечна маленькi горад. Магчыма, ён быў створаны дзеля нашага вечнага шанцу. А магчыма - як напамiн пра згублены шанец".

(Сяргей Харэўскi: ) "Чытаючы выдадзеную нядаўна ў Польшчы кнiгу Яраслава Марка Рымкевiча "Кiлька шчэгулув" ("Некалькi асаблiвасьцяў"), я зноў паддаўся магii старажытнай сталiцы. Кнiга прысьвечаная Мiцкевiчавым сьлядам i, у першую чаргу, у Наваградку. Рымкевiч пiша, што гэты горад у вобразах Мiцкевiча - вялiкая мiстыфiкацыя. Большасьцi апiсаных клясыкам цудаў у ягоныя часы ўжо не было. Нi цэлых замкавых вежаў, нi старажытнай замкавай царквы, нi пекнага касьцёла езуiтаў, а тым больш - цудадзейнага абраза Мацi Божае Замкавае Наваградзкае ў iм, нiхто з сучасьнiкаў паэта ня бачыў... Атрымлiваецца, Мiцкевiч сваёй фантазiяй засяляў Наваградак цудамi, пра якiя ведаў толькi ён.

... Надоечы я прысьнiў дзiўны сон. Iду па Наваградку, бачу - на месцы, дзе стаяў помнiк Ленiну, стаiць помнiк Мiцкевiчу на вялiкiм гранiтым пастамэнце. Але не сучасны, работы Янушкевiча, а нейкi нiбы старасьвецкi, зь пекнай каванай агароджай, зь вялiкiмi мудрагелiстымi лiхтарамi. Узгадаў! Гэта ж такi самы помнiк стаiць у цэнтры Варшавы! Выдатна прыдумалi - усё навокал набыло зусiм iншы маштаб, iншы дух. Напэўна, велiзарная была ўрачыстасьць, калi яго прывезьлi сюды, на былы рынкавы пляц...

Iду я сабе ў сьне й бачу, што па-над усiм местам пануе калёна, якая ў зыркiх промнях пражэктараў здаецца залатою. Калёна стаiць акурат на Кургане Неўмiручасьцi, дзе нядаўна быў хмызьняк. Анёл наверсе калёны нясе вянок паэту. Сам Мiцкевiч стаiць нiжэй, закiнуўшы галаву. Тут да мяне даходзiць, што рыхтык гэткi ж помнiк стаiць у Львове. Выдатна прыдумалi - што яшчэ можа так пасаваць старажытнаму гораду, як ня гэтая стромкая калёна з анёлам памiж вежаў наваградзкiх бажнiцаў? Цiкава, як гэты помнiк са Львова даставiлi?.. I курган нiбыта стаў вышэйшым. Анёл над Наваградкам.. Як i колiсь, калi купал ратушнае вежы завяршаў чорны архангел Мiхаiл зь мячом. А вунь жа i ён. "Глядзi ты, - маракую сабе ў сьне,- i ратушу аднавiлi, дзе нядаўна ўнiвэрсам стаяў". Iду я ў сьне па Наваградку, сьпяшаюся на цягнiк, забягаю ў мэтро, праз колькi станцыяў выходжу. Бачу перад вакзалам зялёны сквэр з фантанамi, нейкая каплiчка, а побач... помнiк Мiцкевiчу. Гляджу, не магу сабе рады даць: помнiк лiтаральна гэткi ж як у Вiльнi, брук вакол, кветнiк...

Можа, гэткi сон сплёўся ў мяне ад лiтоўскага нацыянальнага сьвята, Дня каранацыi Мяндоўга ў Наваградку?

Калi б Наваградак стаў беларускай сталiцай, усе пытаньнi палякаў i лiтоўцаў адпалi б разам. Усе б ведалi: каранацыя князя Мяндоўга адбылася ў сталiцы Беларусi, Адам Мiцкевiч нарадзiўся ў беларускай сталiцы i гэтак далей...

Першае, што я прыгадаў пасьля сну - гэта безьлiч краявiдаў Наваградка ў нашым мастацтве. Я нават не кажу пра ХIХ ст., калi была створана цэлая галерэя вобразаў. Я кажу пра мастацтва нашага стагодзьдзя, за якое пасьпелi стварыць вобраз i Наваградка несавецкага (дастаткова прыгадаць Драздовiча) i паваеннага.

Яго пiсалi Цьвiрка i Шчамялёў, Марачкiн i Качан. Лягчэй назваць прозьвiшчы пэйзажыстаў, якiя чамусьцi абмiнулi гэты горад, чым пералiчыць усiх, хто яго маляваў. Няма патрэбы бываць у Наваградку, каб зразумець што там i як. Дастаткова пагартаць мастацкiя альбомы i ў вас застанецца яскравы вобраз. Цяжка сказаць, чаму атрымалася менавiта гэтак. Магчыма таму, што ў самыя цяжкiя часы шукалася трывалае апiрышча ў эпiчнай гiсторыi, незатлумленай вывертамi ХХ стагодзьдзя? А дзе ў Беларусi гэтую эпiку можна было вычуваць лепей, чым у Наваградку? Магчыма, яшчэ й таму, што беларускiя пераклады "Пана Тадэвуша" сталi неад'емнаю часткаю нашае клясычнае традыцыi? Мiцкевiч, Наваградак, Беларусь у нашым мастацтве непадзельныя. Мiцкевiч стварыў Наваградак гэткiм, якiм яго ўяўляюць мiльёны. А беларускiя мастакi стварылi Наваградак гэткiм, што пра яго мiльёны маглi б марыць. Альбо сьнiць...

Якiм жа павiнен быць Наваградак насамрэч? Адбудаваным, людным, iдэальным? А можа i, наадварот, мае рацыю Рымкевiч, аўтар кнiгi "Некалькiх асаблiвасьцяў", якi пiша пра свае ўяўленьнi гэтак:

"У зацемцы, якую я знайшоў у "Жычэ Варшавы", гаворыцца, што беларусы (альбо беларусы супольна з палякамi) маюць намер рэканструяваць фальварак Завосьсе. Задума вiдавочна iдыёцкая i для самога фальварку выключна шкодная. Тое, што сапраўды прыгожае i вартае зьдзiўленьня - гэта зданi дамоў, iх незвычайная схiльнасьць да ўзьнясеньня ў завоблачныя сфэры. Ходзячы па бачным Наваградку, мы, калi зданi дамоў падаюць нам руку - узносiмся ўгару. Лунаем па-над тым, што афарбавана тутэйшым i сёньняшнiм iснаваньнем, а насамрэч пераносiмся ў атмасфэру былога. Цi шукаем, можам знайсьцi, адчуваньне таго, што нас чакае, пераварот i пераўтварэньне: Новы Наваградак цi Новы Ерусалiм".
XS
SM
MD
LG