Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Вандроўкі па Вільні".


Аўтар Сяргей Дубавец, Вільня

Гэтым летам нарэшце выйшла з друку кнiга Лявона Луцкевiча "Вандроўкi па Вiльнi". Нарэшце, бо першы рукапiс яе быў падрыхтаваны яшчэ гадоў 10 таму, доўга ляжаў па менскiх выдавецтвах, у перакладзе на расейскую мову ў 92-м быў апублiкаваны ў часопiсе "Нёман", фрагмэнтамi зьяўляўся ў розных пэрыёдыках, у тым лiку ў "Нашай Ніве" i на радыё Свабода, але асобнай кнiгай пры жыцьцi аўтара так i ня выйшаў. I вось сёлета вiленскае выдавецтва "Рунь" нарэшце надрукавала шматпакутную кнiгу. Лявон Луцкевiч з эпохi ў эпоху расказвае пра падзеi, пэрсанажаў i адрасы вiленскае беларушчыны. Да гэтага дадаюцца плян горада зь пералiкам аб'ектаў, iмянны паказальнiк, дзясяткi здымкаў. На вокладцы - Вострая Брама.

Сам аўтар у прадмове пiша, што "не прэтэндуе, каб ягоная праца разглядалася як навуковае
дасьледаваньне цi ўсыстэматызаваны турыстычны даведнiк. Гэта позiрк старога беларуса-вiленчука, карэннага жыхара Вiльнi на бясконца любы яму горад".

Вiльня - старая сталiца, калыска беларускай культуры, нiбы згублены шанец Беларусi, надта ж далёкая ад цяперашнiх нашых менскiх рэалiяў. Гэтаксама далёкая, як i праўдзiвая беларушчына, якая тут, у Вiльнi, нiколi не была савецкай. Ня тут Янка Купала, Якуб Колас, Максiм Танк ператварылiся ў песьняроў сацыялiстычнае явы. Тут яны былi проста паэтамi - яшчэ не вялiкiмi, але шчыра любiмымi. У прынцыпе нiкуды не дзяецца беларуская Вiльня, апiсаная Лявонам Луцкевiчам. Гэта ў Беларусi паменела беларушчыны, а разам зь ёю паменела i любовi. Здавалася б, прыйдзiце i вазьмiце. Ня так, вядома, як лукашэнкаў дыплямат, якi краў у вiленскiх бiблiятэках кнiгi. Прыйдзiце як у храм, каб ачысьцiцца i прасьвятлець. Ня ходзяць жа ў храм па абразы.

Скажаце, мяжа, вiзы, кошты... Рацыя, але гэта занадта малыя перашкоды для духу, якi прагне прыпасьцi да першакрынiцаў. Прыйдзiце ў горад, якi яшчэ ў мiжваенны пэрыяд паэт Жылка назваў крывiцкай Мэккай. Яна чакае сваiх пiлiгрымаў.

Новая кнiга Лявона Луцкевiча падалася нам дастатковай нагодай для таго, каб высьветлiць месца Вiльнi ў сьвядомасьцi сучасных беларусаў. Сьледам за аўтарам "Вандровак па Вiльнi" мы ня будзем рабiць навуковага дасьледаваньня, для якога яшчэ не прыйшоў час, а толькi прасочым тыя душэўныя зрухi, якiя выклiкае ў людзей старая беларуская сталiца.

Сяргей Харэўскi згадаў аўтара кнiгi, Лявона Луцкевiча.

(С.Харэўскi: ) "Выбiтны архiтэктар Лаўрын Гуцэвiч, якi, мiж iншым, паставiў копiю рымскага сабора Сьвятога Пятра ў Маляцiчах, ля Мсьцiслава, пахаваны ў Вiльнi, на цьвiнтары старажытнага касьцёла Сьвятога Стэфана, побач зь сёньняшнiм аўтавакзалам, якi бачны кожнаму, хто прыяжджае цi ад'яжджае зь Беларусi i ў Беларусь. Лявон Луцкевiч меркаваў, што Гуцэвiч пахаваны на старасьвецкiх вiленскiх могiлках Росы, дзе сёньня ўжо ёсьць магiла самога спадара Лявона. Ён ня быў гiсторыкам, ня быў мастацтвазнаўцам. Ягоная гiсторыя Вiльнi - гэта ўнiкальны фальклёр, сплеценыя ўласнымi ўяўленьнямi i пачуцьцямi асабiстыя й запазычаныя ўспамiны, гiстарычныя й мастацкiя даведкi, чуткi й показкi. I, як кожны фальклёр, ён быў неадрыўны ад постацi самога выканаўцы, ад ягонага голасу i жэстаў.

Аднаго разу мне давялося пабываць у лёхах вiленскага касьцёла Сьвятога Духа. Знаёмы ксёндз запрасiў мяне туды на экскурсiю разам з францускiмi археолягамi. Лёхi гэтага касьцёлу шырэйшыя за сам касьцёл i спускаюцца на некалькi паверхаў углыб. У гэтых катакомбах за некалькi стагодзьдзяў пахаваныя тысячы людзей. Часам труны ляжаць адна на адной... Iснуе старое вiленскае паданьне, паводле якога ўваход сюды сьцеражэ белы мнiх, якi аднаго разу перапудзiў жаўнераў-маскалёў, якiя вартавалi касьцёл на загад Мураў'ёва. Дык вось працяг гэтага паданьня ведаў толькi Лявон Луцкевiч: Калi Вiльню занялi немцы, у першую сусьветную вайну, дзядзька спадара Лявона Iван Луцкевiч вызваўся спраўдзiць гэтыя расповеды. Пэўнае ўлады ў горадзе не было, а таму была магчымасьць без усялякiх дазволаў злазiць у касьцёльныя катакомбы. Дамовiўшыся з вартаўнiком, Iван Луцкевiч аднае начы спусьцiўся па вяроўцы ў тыя самыя скляпеньнi. Ажно раптам вяроўка парвалася i ён упаў... Калi падняўся, то пабачыў насупраць сябе... белага мнiха. Чыркнуўшы запалкаю, разгледзеў, што гэта мумiя, якая выпала са спарахнелае труны. Падобных мумiяў тутака тысячы. Гэтак менавiта Iван Луцкевiч наноў адкрыў сьвету вялiкi нэкропаль касьцёла Сьвятога Духа. Доўгi час, недзе да 30-х гадоў, тут было нешта накшталт кунсткамэры, куды хадзiлi цiкаўныя.

Калi я iшоў гэтым сярэднявечным вусьцiшным лябiрынтам сьледам за мнiхам, жывым, дамiнiканцам у белым каптуры, я прыгадваў артыстычны выклад гэтае гiсторыi спадаром Лявонам. Блукаючы па вулках старое Вiльнi, па справах цi бязь iх, я найперш прыгадваю ягоныя, беларускiя iнтэрпрэтацыi вiленскае гiсторыi.

Апавяданьнi Лявона Луцкевiча спляталiся адно з адным, у бясконцы ланцуг-повязь, што паядноўвае нас зь бяскоцасьцю часу i бясконцасьцю Вiльнi. У якiм касьцёле браў шлюб Бранiслаў Тарашкевiч, чаму Луцкевiчы i Аляхновiч прынялi кальвiнiзм, што падавалi й што гралi ў рэстарацыях Штраля, як апранаўся Леў Вiтан-Дубейкаўскi i якi голас быў у айца Аляксандра Каўша... Лявон Луцкевiч быў ня проста носьбiтам традыцыi, ён быў яе палымяным прапагандыстам. Нават калi ён чуўся блага, цi быў стомлены, у летнi сквар i ў марозную непагадзь, калi яго хацелi чуць, ён заўсёды быў. Бо ўважаў сябе ня толькi за чычэронэ, але й за астатняга магiканiна несавецкае беларушчыны ў Вiльнi. Толькi ён ужо мог з пэўнасьцю паказаць месцы дзе быў мячэт, лютэранскiя могiлкi, кнiгарня Станкевiча, бiблiятэка-чытальня "Веды", друкарнi iмя Скарыны, паказаць тую Вiльню, якой ня будзе ўжо нiколi... Ёсьць гэткае старое вiленскае паданьне:

"Неўзабаве, як памёр кароль Жыгiмонт Аўгуст, у Вiльнi пачала зьяўляцца ягоная здань. Калi на небе ўсплывала поўня, яна выходзiла на вяршыню Гедымiнавае гары. Адсюль кароль-нябожчык доўга глядзеў на любую Вiльню, да хараства й сьвятасьцi якое ён гэтулькi прыклаў намаганьняў. Тут пад гарою, у катэдры, спачываюць ягоныя любыя жонкi: заўчасна памерлая юная Альжбэта й Барбара, горыч ад страты якое ён ня здолеў згасiць да самае свае сьмерцi. Каралеўская постаць абыходзiла катэдру, доўга кленчыла ля трунаў жанок, пасьля абыходзiла пакоi i залi вялiкакняскага палацу... Затым здань Жыгiмонта ўваходзiла ў засень саду Радзiвiлаў, дзе адбылося ягонае першае спатканьне з каханай Барбарай. I як толькi за Вострай Брамай пачынала вiднець, каралеўская здань раставала...

Аднак кожнага разу, як Жыгiмонт зьяўляўся на гары, усё з большым сумам ён глядзеў на красуню Вiльню. Час i людзкая нядбайнасьць панiшчылi адну за другой памяткi, дарагiя каралеўскаму сэрцу. Амаль дашчэнту разбурыўся старажытны замак Гедымiна, нiчога не засталося ад Нiжнiх замкаў, ад палаца Барбары, ад радзiвiлаўскага саду, не засталося i знаку ад былое пахавальнi каралеўскiх жонак у цалкам перабудаванай катэдры... Неяк здань караля iзноў зьявiлася ў поўню на гары. Доўга-доўга з тугою глядзеў Жыгiмонт Аўгуст унiз, а пасьля скалануўся й заламiў рукi ў адчаi. Больш ён не вяртаўся нiколi".

Ня ведаю, цi наканавана ценю Лявона Луцкевiча бачыць Вiльню. Вiльня нiбы ўвесь час рэстаўруецца й дабудоўваецца. У яго гэта не выклiкала непрыманьня, ён паўтараў увесь час, што Вiльня толькi харашэе. Адзiнае, што зьнiкае зь яе незваротна - гэта непаўторная вiленская беларушчына, жывы суплёт традыцыяў, разам са сваiм фальклёрам, апошнiм носьбiтам якога i быў спадар Лявон".

(С.Дубавец: ) А цi ведаюць пра помнiкi беларушчыны i пра саму беларускую Вiльню людзi, якiя ў гэтую хвiлiну iдуць па менскiм праспэкце Францiшка Скарыны? З такiм пытаньнем зьвярнуўся да мiнакоў Севярын Квяткоўскi.

(С.Квяткоўскі: )

(С.Дубавец: ) Былы праспэкт Ленiна ў Вiльнi носiць сёньня iмя вялiкага князя Гедымiна, якi, паводле паданьня i заснаваў гэты горад у 14-м стагодзьдзi. Гара Гедымiна - усё што засталося ад верхняга замка - найбольш вядомы вiленскiх помнiк.

Зьмiцер Бартосiк не пасьпеў яшчэ прачытаць новую кнiгу Лявона Луцкевiча, затое ён чуў ад самога аўтара тое, што пасьля склала зьмест "Вандровак па Вiльнi".

(З.Бартосік: ) "Чым далей у часе аддаляецца Вiльня, тым больш прыемна мне яе згадваць. Я й зараз не магу дакладна растлумачыць, што дало мне такое адчуваньне свабоды, пры якiм хацелася скакаць вышэй за вежу Гедымiна.

Мяжы тады не было, на руках - савецкiя грошы, а я пачуваюся арыштантам, якi зьбег з-пад канвою.

Я блукаў абсалютна без анiякае мэты. Безупынна мяняючы накiрункi, збочваючы ў двары, наздагад заходзячы ў кавярнi. У маiм нататнiку не было нiводнага вiленскага тэлефона, я ведаў толькi адзiн адрас - вакзал. Але чаму тады ўва мне ўзьнiкала адчуваньне, што я тут ня лiшнi, - гэта я пачаў разумець вярнуўшыся зь Вiльнi.

Горад, пра беларускасьць якога я ведаў толькi, што ўсё пачыналася тут (прычым гэтае "ўсё" яшчэ не было напоўнена фактамi ды ймёнамi), дазваляў мне самому прыдумваць сабе гульню, адно толькi сваiмi дэкарацыямi падказваючы вобразы. I я гуляў з апантанасьцю дзiцяцi, уяўляючы сябе то здарожаным мнiхам-рыцарам, то заблукалым афiцэрам у чаканьнi бальшавiцкага фронту, то якiмсь збанкрутавалым буржуа. I горад абсалютна не замiнаў.

Нагодаў выправiцца ў Вiльню другi раз было зашмат. Па-першае - я ня ўбачыў Востае Брамы,
па-другое - у маiм нататнiку завёўся першы вiленскi тэлефон. Першай беларускае газэты. Куды я адразу ж i накiраваўся. Нiкому невядомым i нiкiм нечаканым госьцем я зьявiўся ў дамку на вулiцы Жыгiмонта, дзе ў кампанii маладых людзей быў цёпла вiтаны паважнага веку панам з манэраю крыху расьцягваць словы, што падалося мне вельмi арыстакратычным. Я запытаўся ў аднаго з маладзёнаў - "Хто гэты пан"? "Луцкевiч", - адказаў той. Мая рэакцыя на знаёмае прозьвiшча вылiлася ў больш арыгiнальнае пытаньне да супрацоўнiка "Нашай Нiвы". "Няўжо той самы?" - запытаўся я. Зьбянтэжаны нашанiвец пасьля хвiлiны роздуму вымавiў: "Ну-у, вядома".

Пасьля, калi я вырашыў пашпацыраваць па дзiвосным горадзе як мага долей, i шпацыр мой зацягнуўся на год, я часта сустракаў Лявона Луцкевiча на чале якой-небудзь групы пераважна маладых людзей, цi то турыстаў зь мэтраполii, цi то студэнтаў зь мясцовага ўнiвэрсытэту, дзе адкрылася беларуская катэдра. Я ахвотна далучаўся да тых экскурсiяў у мiнулае, i ад усьведамленьня таго прастога факту, што ў старога, шляхетнага чалавека гэтае мiнулае прайшло на вачах, я зьбянтэжана губляўся ў пошуках нейкага галоўнага пытаньня. А ён гатовы быў адказаць на любое. Мне думаецца, нашыя наiўныя пытаньнi "а дзе было тое, а дзе адбывалася гэтае" давалi старому чалавеку сiлы жыць. Ён, чыя роля галоўнага сьведкi беларускага часу нашае былое сталiцы напаўнялася сэнсам толькi пры наяўнасьцi удзячнае публiкi, нарэшце нас дачакаўся.

Неяк, бадзяючыся па тавернах з адным сваiм лiтоўскiм прыяцелем, што на правах гаспадара вырашыў зьдзiвiць мяне тутэйшым джынам, ды выпадкова сустрэўшы Луцкевiча, я абмяняўся зь iм параю словаў. Пачуўшы беларускую гаворку, лiтовец нямала зьдзiвiўся: "Што i этат дедушка тоже прiехал iз Гомеля". "Ды не, - адказаў яму я, - гэта мы тут з табою турысты з розным стажам, а ён на гэтых вулiцах гаспадар". Цi-то мой лiтовец хацеў зрабiць мне прыемна, цi-то сапраўды прасякнуўся сытуацыяй, але прапанаваў выпiць "за настояшчего хозяiна".

Пра сыход гаспадара я даведаўся з радыё "Свабода", калi мая палутарагадовая прагулянка ўздоўж Малой Пагулянкi скончылася ў Гомелi. На нэрвовы погляд мацi, я адказаў проста: "Памёр Луцкевiч. Той самы".

Усё ж ёсьць рацыя ў тым, што ў Вiльню зь Беларусi зараз не паедзеш запроста. Калi гаспадар адсутнiчае, трэба яшчэ даказаць ягоным блiзкiм, што ты маеш права зайсьцi ў дом. Таму я неахвотна хаджу па дамах-музэях. Там нельга палiць, карыстацца гаспадарскiмi фатэлямi, а галоўнае - пакiдаць пасьля сябе сьляды.

Калi стану старым, няважна якiя рэжымы тут будуць панаваць, нехта юны абавязкова павiнен у мяне запытаць: "Дзядзька, а раскажыце пра Вiльню". I мне будзе што яму распавесьцi. Адна фраза "памятаю, сустракаю я на Замкавай Луцкевiча" чаго каштуе! А тое, што пытаньнi прагучаць - у гэтым асабiста у мяне сумневаў ужо няма".

(С.Дубавец: ) Магу толькi пагадзiцца з Бартосiкавым аптымiзмам, бо беларуская Вiльня належыць да мiнулага жыцьця адно калi глядзiш зь Менску. У рэальнасьцi яна нiкуды не дзяецца. Яна чакае беларусаў, каб даць iм сiлы духу. I тое, што яны пакуль не разумеюць гэтага, не разумеюць, чаго iм сапраўды бракуе, - таксама не падстава для пэсымiзму. Бо гэты горад - вечны. I ў яго ёсьць усе шанцы ня сёньня, дык праз гады i стагодзьдзi спатрэбiцца нам.

Вiльня - гэта кантэкст, праверачнае слова для любога зруху ў беларускай культуры. Iншых такiх праверачных словаў у нашай культуры папросту няма.
XS
SM
MD
LG