Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Вобраз краіны, адлюстраваны ў нас.


Аўтар і вядучы Сяргей Дубавец, Вільня

Згледзеўшы на менскай вулiцы араба, згадваеш пра алжырскую разьню, пра якую надоечы чуў у праграме навiнаў. Далей усё залежыць ад твайго ўяўленьня. Можа быць ён i не араб, а
косаўскi албанец або турак з прадмесьця Франкфурта. Так цi iнакш, гэты чалавек - жывы вобраз сваёй ня надта прывабнай краiны. Кожны чалавек на чужыне - гэта вобраз свайго краю. Спачатку, калi чалавек проста зьяўляецца ў полi зроку iншаземцаў, ягоны край стварае яму вобраз, пасьля, калi завязалася гаворка або штосьцi ўчынiлася, ужо чалавек стварае
вобраз свайму краю. I гэтыя простыя, на першы погляд, iсьцiны бываюць важнейшыя за хiтраспляценьнi палiтыкаў ды iмiджмэйкераў.

Беларус заўважны на вулiцах Лёндана або Вашынгтона. Нельга сказаць, каб ён вылучаўся з натоўпу лепшымi якасьцямi. Хутчэй наадварот. А загаворыць - i ўсё можа пайсьцi iнакш. У
невялiкiх нацыяў з высокiм узроўнем самасьвядомасьцi звычайна такiя рэчы - культавыя. Кожны лiтовец дзе-небудзь у Солт-лэйк-сыты або ў Баранавiчах ведае, што гледзячы на яго,
будуць выносiць уражаньне пра Лiтву.

Вобраз свае краiны, якi беларусы ствараюць за мяжой, у цяперашнiя летнiя часы разьездаў стаўся тэмай нашае перадачы.

ПРЫВАТНЫЯ РЭЧЫ

Ня часта нашыя землякi наўмысна правакуюць цiкавасьць замежнiкаў да Беларусi. Сяржук Сокалаў-Воюш звычайна робiць менавiта так. Але гэтым разам ён распавядае пра пачуцьцi не
беларуса, а чарнаскурага амэрыканца.

(С.Сокалаў-Воюш)

Сяржук Сокалаў-Воюш звычайна дэманструе сваю прыналежнасьць да Беларусi.

У зьвязку з гэтым мне згадваецца адзiн мой прыяцель, якi сёлета заехаў у Амэрыку i там нiдзе й нiколi не здымаў з вопраткi бэдж, на якiм значылася ягонае прозьвiшча i слова Беларусь. Праўда, такое раўнiвае стаўленьне да сваiх нацыянальных, скажам так, абавязкаў ня надта характэрнае для беларусаў за мяжой. У параўнаньнi зь iншымi народамi. Часам патрыятычныя ўчынкi нашых землякоў набываюць нейкi вычварны выгляд з цалкам адмоўным эфэктам. Як гэта нядаўна здарылася ў Лiтве, дзе беларускага дыплямата выкрылi на крадзяжы старасьвецкiх кнiг. Пра гэта нам распавядзе Сяргей Харэўскi. Краў дыплямат з патрыятычных матываў. А паколькi гутарка iдзе пра кнiгi, дык пры ўсёй iранiчнасьцi сытуацыi мы вырашылi паставiць гэты сюжэт у рэцэнзiйную рубрыку "Opus citatum".

OPUS CITATUM

(С.Харэўскi: ) "Да тае пары, пакуль мы не аднавiлi свае дзяржавы, беларусы выклiкалi ў лiтоўцаў сымпатыю. Маўляў, разумныя, спакойныя, адукаваныя, таксама хочуць людзьмi звацца. Калi ж у нацыi ёсьць дзяржава, у ёй, як у зьбiральным люстры, адбiваюцца рысы тае нацыi, як бы нi звалася дзяржава. Савецкi Саюз, напрыклад, на Захадзе ўпарта называлi Расеяй. У памяцi лiтоўцаў СССР назаўсёды стаўся iмпэрыяй зла. РБ, якая пачыналася як
спрадвечная суседка з такiм самым старадаўнiм гербам, за апошнiя гады ператварылася ў штосьцi няўцямнае i больш непрыемнае, чым сымпатычнае. Лiтоўцы бачаць на поўднi
дзяржаву, у якой увасабляюцца жаданьнi прагнаных зь Лiтвы ў 91-м годзе платфармiстаў i амонаўцаў. Сымпатыi зьмянiлiся ў лепшым выпадку абыякавасьцю.

Сапраўды, як растлумачыць, навошта лiтоўцам падтрымлiваць беларускую культуру ў Вiльнi, калi яна не патрэбная ў Менску. Сёньня ў Вiльнi калi й згадваюць пра Беларусь, то толькi ў
зьвязку з чарговымi выбрыкамi Лукашэнкi. Што ведаюць у Лiтве пра сёньняшнюю беларускую культуру? Амаль нiчога. Калi ў Вiльнi адбылася прэзэнтацыя кнiгi беластаччанаў Сакрата Яновiча й Лявона Тарасэвiча, што выйшла ў Iталii, у газэтах зьявiлiся недарэчныя загалоўкi - "Iтальянцы цэняць беларускiх дысыдэнтаў"...

Млявая цiкавасьць лiтоўскае публiкi да Беларусi была падагрэтая нядаўна зусiм нечаканым чынам. 6 чэрвеня нумар газэты "Lietuvos Ritas" адкрыўся скандалам вакол пасольства
Беларусi, якое займалася кантрабандай старадаўнiх кнiг, скрадзеных зь вiленскiх бiблiятэк. Як паведамiла газэта, работнiкi дзяржбясьпекi Лiтвы летась не далi вывезьцi зь Вiльнi дзьве кнiгi XVI стагодзьдзя: Статут i Трыбунал Вялiкага Княства. Афёрамi са старасьвецкiмi кнiгамi займалiся беларускiя дыпляматы, пакуль iх дзейнасьць не перапынiлi. Аднак, як сьцьвярджаюць супрацоўнiкi бясьпекi, у Нацыянальнай бiблiятэцы Беларусi ўжо ляжаць некалькi каштоўных старасьвецкiх кнiг, нелегальна прыдбаных i ўсё ж вывезеных летась зь Вiльнi.

Галоўным удзельнiкам кантрабандавае махiнацыi з вывазам кнiг газэта "Lietuvos Ritas" называе былога дарадцу беларускага пасольства Васiля Жлутку. Лiтоўскiя ўлады плянавалi абвясьцiць
яго пэрсонаю non grata i выслаць зь Вiльнi, аднак тады мiнiстар замежных справаў Альгiрдас Саўдаргас прапанаваў патрымаць iнцыдэнт у сакрэце.

На гэты конт усё ж давялося даваць тлумачэньнi паслу Беларусi, былому мiнiстру культуры Яўгену Вайтовiчу, якi растлумачыў, што выкрадзеныя кнiгi засталiся на тэрыторыi Рэспублiкi
Беларусь i трапiлi да нейкiх невядомых спонсараў. Тым часам дыплямат Жлутка пасьпеў атрымаць прызначэньне ў Маскву...

Аргумэнт у тых, хто незаконным чынам вывез кнiгi зь Лiтвы, будзе гэткi: лiтоўцы адабралi ў нас Вiльню, чаму нам не пакрасьцi ў iх усё што можна. Апраўданьне злачынства вышэйшымi
мэтамi - лёгiка тэрарызму. Напрыклад, чаму не захоплiваць у закладнiкi лiтоўскiх цi польскiх грамадзянаў i не патрабаваць за iх нашыя скарбы з музэяў i бiблiятэк. Чаму не? Усё ж для
Беларусi. Але чаму няма жаданьня найперш прывесьцi ў парадак беларускiя архiвы, бiблiятэкi, музэi. Чаму ў Менску не знайшлi магчымасьцяў, каб законным чынам выкупiць камплект кнiг
Скарыны ў Лёндане? У тым i рэч, што гэты рэжым са сваiмi паслугачамi ня можа дзейнiчаць законным чынам. Нават калi ў яго ёсьць iншая магчымасьць, ён усё ж абярэ незаконны шлях...

Пра тое, якiх i колькi кнiг было выкрадзена, газэта "Lietuvos Rytas" не паведамляе. Аднак можна меркаваць, што яны будуць недаступныя нi беларускiм навукоўцам, нi тым больш народу, таму што легалiзаваць iх немагчыма. Паколькi гэтая справа выйшла на паверхню, лiтоўцы не пашкадуюць нi сiлаў нi часу, пакуль ня вернуць назад кнiгi, якiя яны ўважаюць i за свае нацыянальныя скарбы, i будуць нагадваць пра гэта на ўсiх перамовах, апэляваць да Эўропы й Расеi. Кнiгi будуць вернутыя. Затое мiждзяржаўныя адносiны - сапсаваныя. Справа нават не ў чынавенстве, якое мала розьнiцца ва ўсiм сьвеце. Зараз беларускiм навукоўцам будзе цяжка працаваць у Вiльнi, бо ў кожным можна падазраваць злодзея й не пушчаць у архiвы ды бiблiятэкi. Цяжка будзе пярэчыць лiтоўскiм мытнiкам, якiя будуць шматкроць пiльней трэсьцi нашыя багажы. Цяжка будзе растлумачыць калегам журналiстам, гуманiтарыям ды нават звычайнаму чалавеку, чаму адукаваныя людзi зь Беларусi, дыпляматы й навукоўцы (а бязь iх не абыйшлося) паводзiлi сябе менавiта гэткiм чынам.

У складаным становiшчы апынаюцца сёньня вiленскiя беларусы. Праекты аднаўленьня Беларускага музэю й стварэньня беларускага архiву-бiблiятэкi сёньня пад пытаньнем. На iх трапляе доўгая цень "букiнiстычнае афёры". Як i на ўсю тутэйшую беларушчыну ўжо даўно паклаў свой цёмны цень менскi рэжым..."

(С.Дубавец: ) Сяргей Харэўскi распавядаў пра подзьвiгi беларускiх букiнiстычных тэрарыстаў у лiтоўскiх бiблiятэках. Асабiста мяне засмучае тое, што гаворачы пра вобраз Беларусi, якi
ствараем ёй мы самi, непазьбежна зьбiваесься на адмоўныя прыклады. У цэлым жа беларусаў не абыходзiць, якое адлюстраваньне iхнай краiны ўбачаць у iхных вачох замежнiкi. Такую непрыемную выснову Зьмiцер Бартосiк вырашыў падсаладзiць расповедам пра заежджага расейца, якi прыбыў у Менск па МАЗы. Вядома, парушынка ў чужым воку выглядае большаю за бервяно ў сваiм...

(З.Бартосiк: ) "Неяк мне давялося выслухаць безьлiч камплiмэнтаў на адрас Беларусi й беларусаў ад аднаго маскоўскага кiроўцы-перагоншчыка. Ён прыехаў сюды, каб забраць набыты ягонымi гаспадарамi МАЗ. Па атрыманьнi машыны маскоўскаму госьцю захацелася разьняволiцца. Пакаштаваць беларускага каханьня. Час быў самы прыдатны - 23 гадзiны, i масквiч, узяўшы таксоўку, паехаў па Менску, прадчуваючы незабыўную беларускую ноч у абдымках адной з прыгажуняў, ад колькасьцi якiх на менскiх вулiцах расейская галава пайшла кругам. Запрашэньне да раману ў расейца не адзначалася тонкасьцю. Спыняючы таксоўку, ён высоўваў галаву й крычаў сваёй абраньнiцы ледзь не на ўсю вулiцу адну толькi фразу. "Эй,
трахацца пайдзём!" Няцяжка было адгадаць рэакцыю "непрадзьвiнутых" менскiх дзяўчатак на такую стыльную маскоўскую прэлюдыю. Паматаўшыся бяз вынiку па вулiцах чужой сталiцы ды пакiнуўшы менскаму таксi суму, за якую можна было б спакусiць, бадай, Шахерэзаду, зьбянтэжаны масквiч накiраваўся на сваю стаянку. "Але што яны ўсе робяць на вулiцы?" -
запытаў ён у таксiста на разьвiтаньне. "Гуляюць", - адказаў той. "I ўсё? - разгубiўся маскоўскi госьць, - а першай гадзiне ночы?! Загадкавая, блiн, краiна".

Гэтую фразу - загадкавая краiна - масквiч будзе паўтараць да самага ад'езду. "Вы не разумееце, у якой чыстай краiне вы жывяце. У вас жа школьнiцы газоны граблямi капаюць. На свае вочы бачыў. У нас жа яны на трасах па чырвонцу стаяць. А граблi, падзi, i за сотню ў рукi ня возьмуць". Ён пакiнуў Беларусь зь няўцямнай усьмешкаю на твары, так i не паспытаўшы беларускага каханьня. Павез у свой дзесяцiдаляравы рай сьветлыя ўражаньнi ад загадкавай краiны. Разгадкi пакiнуўшы мне.

Я так i не зразумеў, цешыцца мне ад гэтага "Советского Союза глазами зарубежных гостей" цi не. З аднаго боку, канечне, добра, што нахабнаму ўсходняму госьцю тут не абламiлася. А зь
iншага, я ж ведаю кошт гэтае чысьцiнi.

Калiсьцi, дарэчы, мне вельмi хацелася выглядаць сапраўдным iншаземцам у вачах менавiта расейцаў. Для беларусаў, думалася, толькi Расея можа служыць лепшым i агромнiстым люстрам нашай эўрапейскасьцi. А перад кiм жа яшчэ казыраць рэшткамi готыкi ды барока, гiстарычнаю спадчынай Вялiкае Лiтвы й Рэчы Паспалiтай, урэшце рэшт шляхетнымi дамкамi, заходнiмi аўтамабiлямi ды добрымi, зноў жа, у параўнаньнi з расейскiмi, дарогамi. Але большасьць маiх суайчыньнiкаў захацела растварыцца ў гэтым люстры, цi-то схавацца за iм. Толькi атрымалася наадварот. Для расейца я стаў iншаземцам. Ды радасьцi ад гэтага не паболела. У ягоных вачах я напэўна выглядаю адданым вырабляльнiкам танных МАЗаў, якога можна па-сваяцку паляпаць па плячы, маўляў, "харошая рэспублiка, бедна, но чыста" i кiраваць у сапраўдную Расею, "бязь месных страннасьцей". Для эўрапейца ж я так i ня стаў сваiм. Але эўрапеец нарэшце заўважыў мяне дзякуючы чырвонай пляме не майго сьцяга.

Памятаю, зь якою крыўдаю распавядаў мой сябра-бiзнэсовец пра тэлефонны званок з далёкае Эстонii. Эстонскi фiрмач, зацiкаўлены ва ўсё тых жа МАЗах, удосталь даў волю свайму
досьцiпу з нагоды "такой чудеснай рэспублiкi, на каторую весь мiр смотрыт с надзеждай. "Включайте факс", - адказаў сябра. "О, в вашей рэспублiке дажэ факс есть!" - данеслася зь безь пяцi хвiлiнаў Эўропы. Але сябра дарэмна крыўдаваў на свайго балтыйскага калегу. Нас павiнны нелюбiць. Гэта лепш чым поўная адсутнасьць цiкавасьцi. Можа хоць гэтая няпрыязь паслужыць беларусам нагодаю для зацiкаўленьня самiмi сабой".

(С.Дубавец: ) Зьмiцер Бартосiк спрабаваў затулiць праблему адмоўнага беларускага вобразу адмоўным вобразам расейскiм.

Увогуле Беларусь мае досыць выйгрышную пазыцыю ў сьвеце. Пра яе амаль нiчога ня ведаюць. А такiя краiны звычайна не выклiкаюць нэгатыўных эмоцыяў. Апрыёры замежнiкi ставяцца да такiх краiнаў i народаў хутчэй з сымпатыяй, чым абыякава. Усё ж прыемна адкрыць для сябе штосьцi новае добрае, чым новае благое. Нямала папсаваў iмiдж Беларусi сёньняшнi кiраўнiк РБ. Ягоная рэсаветызацыя памалу адбiваецца i на нашым вобразе ў сьвеце. Напрыклад, на нядаўнiм кангрэсе Эўрапейскай Асацыяцыi Журналiстаў у Варшаве ва ўсiх дакумэнтах iмя нашае краiны пiсалася не як Беларусь i нават не як Бялорусь, а як Белараша
- як за савецкiм часам. Журналiсты з Партугалii, Бэльгii, Швэцыi ўважлiва слухалi пра закрыцьцё газэт i iншыя антыдэмакратычныя акты ўладаў. А нашыя эстонскiя калегi на
поўным сур'ёзе спыталiся ў нас: Колькi сёньня журналiстаў у Беларусi сядзяць у турмах. Мы адказалi: сёньня сядзяць пераважна прадпрымальнiкi, а журналiста - нiводнага. Як, нiводнага журналiста? - шчыра зьдзiвiлiся эстонцы.

Рысу пад сёньняшнiм вобразам Беларусi падвёў славуты польскi iнтэлектуал, рэдактар "Gazety Wyborczej" Адам Мiхнiк. Перад тым, як даць слова мiнiстру друку, спэцыяльна запрошанаму зь Менску, Мiхнiк распавёў партугальцам ды бэльгiйцам пра Беларусь. Гэта цудоўная краiна, якую мы, палякi, вельмi любiм, - сказаў Мiхнiк. Таму мы ставiмся да Беларусi зь вялiкай
увагай i моцна перажываем, калi там нешта ненармальна. Гэта краiна, якая дала сьвету пiсьменьнiкаў Васiля Быкава i Алеся Адамовiча, якi напiсаў славуты нарыс "Вандэя перастройкi", а таксама Сакрата Яновiча, якi жыве ў нас у Польшчы i Касю Камоцкую. Iтальянцы з нарвэгамi акуратна занатоўвалi гэтыя прозьвiшчы ў свае нататнiкi. Заўтра яны напiшуць у сваiх газэтах пра цудоўную краiну i яе выдатных творцаў.

Адам Мiхнiк ведае Беларусь нiяк ня горш за сярэднестатыстычнага беларуса. У свой час ён зрабiў iнтэрвiю з Лукашэнкам, якое называлася "Савецкi беларус". Аднак зборны вобраз нашае краiны, якi з падачы мэтра пашыраецца ў сьвеце, здаўся мне новым. Васiль Быкаў, якога многiя ўжо намiнавалi на Нобэлеўскага ляўрэата, Алесь Адамовiч, якi быццам i не
памiраў, бо сам час у Беларусi ад'ехаў назад, у Вандэю. Сакрат Яновiч - магчыма самы "эўрапейскi" зь беларускiх творцаў цi нават "заходнеэўрапейскi". Кася Камоцкая - нарэшце, i чалавек майго пакаленьня зьявiўся спасярод даўнiх i даўно шанаваных iмёнаў.

Такая новая ерархiя цi не ўпершыню пазначылася, калi Васiль Быкаў згадзiўся надрукаваць сваю кнiгу ў выдавецтве "Наша Нiва", прычым несавецкiм правапiсам. Гэта значыць, працягнуў руку маладзейшаму пакаленьню. I вось цяпер імёны прадстаўнiкоў розных пакаленьняў агучаныя Мiхнiкам для прадстаўнiкоў усёй эўрапейскай журналiсцкай брацii.

Гэта таксама вобраз Беларусi, але не бытавы, а iнтэлектуальны. Усё адно як можна казаць пра стэрэатып насупленых ангельцаў, а можна пра... Англiя? Гэта Шэксьпiр i Бiтлз. Гэткiм парадкам паступова прамалёўваецца i Беларусь. Беларусы цудоўныя людзi, яны iдуць зваротным шляхам у сацыялiзм, iхныя найвыбiтнейшыя творцы - Васiль Быкаў i Кася Камоцкая.

Дзiўны, новы, але бясспрэчны вобраз краiны.

XS
SM
MD
LG