Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мёртвы хапае жывога.


Аўтар і вядучы Сяргей Дубавец, Вільня

Напачатку чэрвеня рэдакцыя газэты "Наша Нiва" атрымала папярэджаньне Дзяржкамдруку аб "недапушчэньнi скажэньня агульнапрынятых нормаў выкарыстоўваемай мовы". Рэч у тым, што "Наша Нiва" ўжывае несавецкi правапiс, якi быў забаронены ў БССР у 1933 годзе, калi была прынятая пастанова народных камiсараў аб спрашчэньнi беларускай мовы i наблiжэньнi яе да мовы расейскай.

Звычайны грамадзянiн на такую навiну толькi сьцепане плячыма: маўляў, хай пiшуць як хочуць, калi iх нехта чытае, абы нiчога благога не рабiлi. Але ў тым i рэч, што несавецкi правапiс - той, за якi многiя сотнi нашых землякоў былi замучаныя ў ГУЛАГу - стаўся такiм самым нацыянальным сымбалем, як герб "Пагоня" i бела-чырвона-белы сьцяг. Вось чаму пасьля забароны герба й сьцяга ў 1995 годзе Лукашэнка ўзяўся за правапiс, каб давесьцi ненавiснае яму нацыянальнае адраджэньне да поўнае дэмаралiзацыi.

Хаду ягонае думкi прасачыць няцяжка - нахай усе гэтыя нацыяналiсты, БНФ, ТБМ i iншыя пiсьменьнiкi-дэмакраты змагаюцца за Беларусь пад савецкай сымболiкай, пад якой Беларусь ужо аднойчы была зьнiшчаная, няхай пiшуць такiм правапiсам, якiм пiсалiся расстрэлы ў Курапатах. У вынiку яны натуральным чынам вымруць, разам са сваiм "языком, на якiм нельга выказаць нiчога глыбокага". Гэта ж менавiта наркомаўскую мову меў на ўвазе прэзыдэнт РБ. I трэба прызнаць, што ягоная палiтыка прыносiць свае плады. Таптаньне й застой назiраюцца ў стане нацыянальных дэмакратаў. Мяне задавальняе такая апазыцыя, - кажа прэзыдэнт.

(Сяргей Шупа: ) "Мэтаю майго невялiчкага расьсьледаваньня было выявiць юрыдычныя падставы зьяўленьня згаданага папярэджаньня. Рэч у тым, што адпаведны пункт Закону аб друку - той, што датычыць правапiсу - быў прыняты ў больш мяккай у параўнаньнi з праектам фармулёўцы. Замест фармулёўкi "афiцыйна зацьверджаны" правапiс, была прынятая больш расплывiстая - "агульна прыняты". У ёй няма тэрмiналягiчнай дакладнасьцi, юрыдычнай адназначнасьцi, а гэта пакiдае пэўную свабоду дзеяньня таму, хто прымае пастановы. Цi ёсьць нейкiя адмысловыя iнструкцыi, камэнтары, дадаткi да закону, якiя ўдакладняюць сэнс гэтай "агульнай прынятасьцi", спасылаюцца на пэўны лiнгвiстычны кодэкс, акадэмiчную граматыку, слоўнiкi? Бо вядома, што нават у рамках шырока ўжыванага г. зв. савецкага правапiсу - наркомаўкi - у розных слоўнiках i граматыках дапускаюцца вельмi iстотныя адхiленьнi ў адзiн або другi бок.

Маiм першым суразмоўцам быў старшыня Дзяржаўнага Камiтэту ў Справах Друку Мiхась Падгайны, чый подпiс стаiць на дасланым "Нашай Нiве" папярэджаньнi. На падставе чаго рыхтавалася гэтае папярэджаньне?

М.Падгайны: Мы давалi на залючэньне ў Iнстытут мовазнаўства Акадэмii Навук па прымяненьнi правапiсу. Справа ў тым, што такi артыкул iснуе ў нас у Законе аб друку i iншых сродках масавай iнфармацыi. I гэта папярэджаньне пра тое, што iснуе закон, якi трэба выконваць. Гэта не азначае, што газэта будзе зачынена. Гэта не артыкул пяты, паводле якога на падставе двух i болей папярэджаньняў можна закрываць выданьне.

- А калi наступны нумар газэты ўсё адно выйдзе гэтым правапiсам?

М.Падгайны: Ну тады мы зьвернемся ўжо ў суд. Дзяржкамiтэт ня мае права зачыняць газэту. Але мы, як суб'ект, якi сёньня займаецца рэгiстрацыяй газэт, зьвернемся ў суд, якi можа закрыць, аштрафаваць i г.д.

- Моладзь вас памятае даўно, мабыць, яшчэ з часоў Талакi. I напачатку беларускай незалежнасьцi, напачатку 90-х вы былi адным зь тых, хто дапамог "Нашай Нiве" атрымаць дзяржаўную датацыю...

М.Падгайны: Безумоўна. Я тады працаваў у Мiнiстэрстве культуры. Я i зараз гатовы падтрымлiваць "Нашу Нiву", нягледзячы на тое, што яна, мякка кажучы, не заўсёды знаходзiцца ў падтрымцы дзяржавы i, больш таго, яна крытычна адносiцца да любых дзеяньняў дзяржавы, я гатовы яе падтрымлiваць i надалей. Але ж закон ёсьць закон. У свой час у Англii iснаваў закон, якi забараняў трымаць коней на балконах. Ён нi разу не прымяняўся, але й коней на балконе нiхто не трымаў.

- У законе не ўказаныя канкрэтныя базы – канкрэтная акадэмiчная граматыка цi слоўнiк, якiя мусяць акрэсьлiваць агульнапрынятасьць правапiсу...

М.Падгайны: Прабачце, гэта ёсьць у iншых законах.

- Напрыклад?

М.Падгайны: Цi ў Законе аб адукацыi, я ня памятаю, такiя правiлы былi прынятыя ў свой час, па-мойму, ў 32-м цi 33-м годзе. I з таго часу гэты закон нiхто не адмяняў.

- Вам тут як старшынi Дзяржкамдруку дадзена свабода лiчыць нешта агульнапрынятым...

М.Падгайны: Прабачце, калi ласка, ня мне, а Iнстытуту мовазнаўства.

- А цi ўсе газэты вы пасылаеце ў Iнстытут мовазнаўства? Чаму менавiта "Наша Нiва" была пасланая?

М.Падгайны: Таму што да мяне прыйшоў лiст-пратэст, што парушаецца закон.

- Гэта быў пратэст звычайнага грамадзянiна?

М.Падгайны: Так, звычайнага грамадзянiна. Калi сёньня нехта напiша мне, што "Звязда" парушае гэтыя правiлы, я накiрую газэту "Звязду" ў Iнстытут мовазнаўства.

Такiм чынам вымалёўваецца гэткая схема: Дзяржкамдрук атрымвае скаргу на "Нашу Нiву", аўтарам якой можа быць любы чытач, I Камiтэт, рэагуючы на скаргу, дасылае зьвязаныя з скаргай матэрыялы ў кампэтэнтную ўстанову - у нашым выпадку Iнстытут Мовазнаўства Акадэмii Навук Беларусi - з просьбай даць экспэртную ацэнку.

Мой наступны званок - Аляксандру Лукашанцу, намесьнiку дырэктара Iнстытуту, выканальнiку абавязкаў адсутнага сёньня дырэктара Аляксандра Падлужнага.

Я запытаўся ў А.Лукашанца: што ў нас сёньня лiчыцца "агульна прынятым правапiсам".

А.Лукашанец: Справа ўся ў тым, што калi, вы памятаеце, была ўся гэтая гiсторыя з рэформай правапiсу i была створана нейкая быццам бы дзяржаўная камiсiя (ТБМ i г.д.), на нейкiм этапе была прынятая ўрадавая пастанова, што да выпрацоўкi новых правiлаў беларускай арфаграфii карыстацца тымi правiламi, якiя былi зацьверджаныя пастановай, я ня помню, 57-га цi 59-га году.

- Новы закон аб друку...

А.Лукашанец: Я яго не чытаў.

- Вы яго нават не чыталi... А хто канкрэтна рыхтаваў заключэньне па правапiсу, якi ўжываецца ў "Нашай Нiве", якое было дасланае ў Дзяржкамдрук i на падставе якога было дысланае папярэджаньне?

А.Лукашанец: Гэта рыхтаваў Жураўскi Аркадзь Iосiфавiч.

Цяжка сказаць, цi можна было б у Iнстытуце Мовазнаўства знайсьцi больш адпаведнага для напiсаньня заключэньня на "Нашу Нiву" чалавека, чым Аркадзь Жураўскi - ён i сапраўды дзесяцiгодзьдзямi быў у самай гушчы спрэчак аб тонкасьцях беларускага правапiсу, баталiяў памiж мовазнаўцамi й пiсьменьнiкамi, змаганьняў памiж прыхiльнiкамi й ворагамi моўнай рэформы 1933 году. Адна бяда - ва ўсiх гэтых канфрантацыях ён быў зусiм не староньнi назiральнiк, аб'ектыўны дасьледнiк, рэгiстратар натуральнае плынi падзеяў. Ён заўсёды займаў цьвёрдыя iдэалягiчныя пазыцыi па адзiн бок барыкадаў. "Наша Нiва" - па другi бок. Таму даручэньне менавiта яму вырашыць лёс газэты, да якой ён заведама ставiцца суб'ектыўна - было, мякка кажучы, некарэктным. Звычайна людзi, якiя не ручаюцца за сваю аб'ектыўнасьць, адмаўляюцца ад падобных прапановаў. Аркадзь Жураўскi не адмовiўся. Я запытаўся:

- У Законе аб друку пункт шосты сфармуляваны расплывiста. Гаворыцца пра агульнапрынятыя нормы правапiсу. Для юрыдычнага дакумэнта гэтага замала, бо не акрэсьлена, якая канкрэтна граматыка мусiць стацца ўзорам. Цi былi яшчэ нейкiя
нарматыўныя акты, iнстукцыi, дакумэнты, якiя вас адназначна ў гэтай справе кiравалi, на якiя вы мусiлi спасылацца, пiшучы заключэньне?

А.Жураўскi: Я не глядзеў Закон аб друку, а кiраваўся самай звычайнай чалавечай лёгiкай, што як гэта можна - у адной краiне некалькi варыянтаў правапiсу? Ну, што вам сказаць? Вы запусьцiлi добры бумэранг у беларускую мову. I калi вы будзеце
так працягваць - iншыя будуць вынiкi пры чарговым рэфэрэндуме.

- Мы проста ня хочам даць ёй памерцi.

А.Жураўскi: Ну ладна. Кончылi.

Як бачым, галоўны дакумэнт, на падставе якога было складзенае папярэджаньне Дзяржкамдруку - экспэртнае заключэньне Iнстытуту Мовазнаўства - было напiсанае не з апорай на пэўную юрыдычную глебу, а толькi паводле "звычайнай чалавечай лёгiкi" спадара Жураўскага, чалавека заведама неаб'ектыўнага. Сумнеў выклiкае таксама, што экспэртыза праведзеная толькi адным чалавекам, што практычна вылучае аб'ектыўнасьць ацэнкi. Такiм чынам, можна канстатаваць, што ў справе з папярэджаньнем "Нашай Нiве" наконт недазволенага правапiсу ўладамi быў
дапушчаны звычайны юрыдычны нiгiлiзм. Галоўныя героi гэтай гiсторыi i не зьбiралiся юрыдычна абгрунтоўваць свае дзеяньнi, яны нават не знаёмыя з законамi, выкананьне якiх так дбайна абараняюць".

(Вiнцук Вячорка: ) "Што такое "агульна прынятыя нормы беларускае мовы"? Што такое беларуская мова? Гэта ж ня толькi мова Беларускага тэлебачаньня. Гэта i старабеларуская, i дыялектная мова, i местачковае мiждыялектнае кайнэ, i ўрэшце гэтак званая трасянка. Калi ж дапусьцiць, што ў бяздарнай фармулёўцы закону
зашыфраваная лiтаратурная мова, дык каторы зь яе варыянтаў - агульнапрыняты?

Гвалтоўнае рашэньне 1933 году распаўсюджвалася толькi на тэрыторыю БССР. Але Беларускае Навуковае Таварыства ў Вiльнi тады ж у 33-м на адмысловым паседжаньнi асудзiла гэтак званую рэформу, i нiводнае заходнебеларускае выданьне, акрамя закiнутых з-за савецкае мяжы камунiстычных лiсткоў, не перайшло на савецкi правапiс i граматыку. Гэтаксама як не перайшла i заходнебеларуская школа.

Дык хто цi што той "агул", для якога прынятыя нормы?

Гэтае папярэджаньне - лягiчны працяг дагэтулешнiх антыбеларускiх праўных актаў 1696, 1859, 1862, урэшце 1933 i 1995 гадоў, якiя альбо забаранялi ўжываць беларускую мову ў найважнейшых сфэрах, альбо зьнiшчалi яе скажэньнем. Так што лукашэнкаўцы сталi пераймальнiкамi палянiзатараў i русiфiкатараў.

Можна гаварыць зусiм канкрэтна пра пункты абвiнавачаньняў. Так, у прыватнасьцi, "неабмежае выкарыстаньне канчаткаў -аў/яў (асобаў, ахвяраў)", якое закiдваецца газэце "Наша Нiва", пераканаўча абвяргаецца якраз афiцыйнай акадэмiчнай граматыкай беларускае лiтаратурнае мовы, дзе прыводзiцца багата прыкладаў
аўтарства Якуба Коласа, Мiхася Чарота, Аркадзя Куляшова, Петруся Броўкi цi Канстанцыi Буйлянкi, як кажуць, на кожны густ. Тое самае можна сказаць i пра формы канчаткаў -ае/яе прыметнiкаў ("да раньняе зары", Пятрусь Броўка). Гэтыя
канчаткi граматыка беларускае лiтаратурнае мовы трактуе як раўнапраўныя з канчаткамi -ай/яй, хаця й адсылае iх пераважна ў мову лiтаратурна-мастацкiх твораў i размоўныя стылi, што зусiм не касуе нашага права iх ужываць у савецкiм варыянце
беларускае лiтаратурнае мовы.

Зрэшты, усе мае развагi маюць сэнс толькi тады, калi мы дапусьцiм, што акадэмiчная граматыка, абодва яе выданьнi, цi правiлы беларускай артаграфii, якiя выйшлi адразу пасьля дапаўненьня рэформы 57-га году, - ёсьць дакумэнты, якiя вызначаюць гэтую самую "агульнапрынятую норму". Але так ня ёсьць. Агульнапрынятая норма ў мове - гэта тая норма, якой прытрымлiваюцца журналiсты, пiсьменьнiкi, выдаўцы i зь якой згаджаюцца чытачы. Наяўнасьць чытацкае аўдыторыi газэты "Наша Нiва" ёсьць сьведчаньнем таго, што гэтая норма ёсьць агульнапрынятая прынамсi спасярод гэтых некалькiх тысячаў спажыўцоў тэкставай прадукцыi гэтай газэты".

XS
SM
MD
LG