Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Незаўважаны Чарнобыль.


Аўтар і вядучы Сяргей Дубавец, Вільня

12-я ўгодкi аварыi на Чарнобыльскай АЭС, шчыра кажучы, успрымаюцца як вымушаная нагода для размовы. Хоць вакол Чарнобыля ўжо створаны немалы культурны пласт з кнiг, фiльмаў, цэлых жывапiсных экспазыцыяў. Няма толькi таго, што мы называем "культурным кантэкстам". Таму ўсё нiбыта прамоўлена i толькi паўтараецца з стандартнай агаворкай пра тое, што мы яшчэ не ўсьвядомiлi ўсяго маштабу бяды й ня ведаем, чым урэшце яна для нас абернецца. Можна падумаць, што некаму сапраўды хочацца гэта ведаць або ўсьведамляць...

Чарнобыль ня мае кантэксту. Ёсьць толькi розныя iнтэрпрэтацыi катастрофы. Можна вылучыць тры асноўныя погляды. Першы, пашыраны сярод людзей культуры i апазыцыйных палiтыкаў, разглядае аварыю на АЭС як нацыянальную катастрофу, а то й як божае пакараньне беларускаму народу. За што? У гэтым iнтэрпрэтатары могуць разыходзiцца дыямэтральна: адныя кажуць - за тое, што мову сваю забылi i гiсторыю, што ня хочуць незалежнасьцi, а другiя - за развал Саюзу. Урэшце i першыя, i
другiя зноў сыходзяцца ў пошуках збавеньня - да Бога, праўда месцы збору ў iх розныя: першыя гуртуюцца ля абразоў, другiя - каля адмыслова збудаванага храму.

Чарнобыльская тэма ад пачатку суседзiць з крытыкай уладаў. Мiж тым, закiды паўтараюцца, але так нi да чаго й не прыводзяць. Заяўлены апазыцыяй у першыя пасьлячарнобыльскiя гады грамадзкi суд над Сьлюнковым i кампанiяй, што хавалi ад людзей бяду, Нюрнбэргам ня стаў, не прагучаў. А злачынства камунiстычных кiраўнiкоў БССР патанула ў ня менш злачынных захадах наступных эшалёнаў намэнклятуры. У такой сытуацыi была канчаткова страчаная дынамiка грамадзкае думкi ў чарнобыльскiм пытаньнi, i многiя аб'ектыўныя крытыкi з акадэмiчнага асяродзьдзя ўрэшце махнулi рукой - што толку прыводзiць усе гэтыя лiчбы, якiя большасьцю ўспрымаюцца ўжо толькi як статыстыка.

Фактаў злачыннай i бяздарнай палiтыкi ўладаў ужо дастаткова на многiя тоўстыя тамы й на тое, каб засумнявацца ў галоўных прычынах трагедыi - цi яны ў тым, што ўзарваўся рэактар (разавая катастрофа), цi ў палiтыцы кiраўнiцтва краiны, якое за гэтыя гады, фiгуральна кажучы, ператварыла рэсьпiратарную хваробу ў анкалягiчную. Можна ж i так паставiць пытаньне: наш сапраўдны Чарнобыль - гэта нашае начальства! Толькi вось каторае? Сьлюнькоў? Кебiч? Лукашэнка? Назiраючы, як бестурботна шпацыруе сёньня па вулiцы Пулiхава чарнобыльскi бос ЦК КПБ, я бачу, што нiякi маральны клопат не кладзецца ценем на ягоны заўсёды насуплены твар. I тады я думаю пра тое, што ў нашай краiне ня толькi начальства ператварыла катастрофу ў прафанацыю, але й грамадзтва дазволiла начальству гэта зрабiць. Кола развагаў замыкаецца. "Духоўны Чарнобыль" - цi ня самая моцная мазахiсцкая вынаходка нашых трыбунаў, якая ставiць кропку на любым душэўным неспакоi. Вось яна - фатальная бездапаможнасьць, супраць якой не папрэш, хiба што ты сам прарок Маiсей цi Данка, гатовы вырваць сваё сэрца. Але няма герояў у Айчыне. Дык чаго тады гарод гарадзiць? У вынiку Чарнобыль не хвалюе нiкога. А той, у каго дактары знайшлi лейкемiю i вытлумачылi яе Чарнобылем, разумее, што застаўся са сваёй бядою сам-на-сам, бо ўсiм ён абыякавы настолькi ж, наколькi яшчэ ўчора ахвяры радыяцыi былi абыякавыя яму самому. Не прасi спагады, не шукай ратунку. Няма ў каго i няма дзе...

У такой беспрасьветнасьцi нараджаецца другi погляд на аварыю - адваротны. Чарнобыль - гэта ня кара божая, а дарунак лёсу. I непрадказальная радыяцыя ўрэшце паспрыяе таму, што праз колькi гадоў у Беларусi завядуцца сапраўдныя волаты - змагары, генii, словам, звышчалавекi. А чарнобыльскi рэгiён ператворыцца ў зямны рай. Вы скажаце, глупства. Але сёньня гэта, бадай, адзiнае, за чым стаiць, прынамсi, нейкая пэрспэктыва, нейкае заўтра. Няхай сабе i блюзьнерскае. Урэшце, толку ад гэтага сьмеху будзе ня менш, а хто ведае, можа быць i больш, чым ад галашэньня. Саркастычны сьмех часам можа выклiкаць катарсiс i лiтаральна расплюшчыць вочы на заблытаную, затуманеную сытуацыю. Хоць iншым разам здаецца, што i для чарнобыльскiх антыўтопiяў час ужо прайшоў.

Трэцi погляд - самы пашыраны. Гэта погляд большасьцi народа, а значыць i цяперашняй улады, якая ўзяла на ўзбраеньне клясычны папулiзм, г.зн. палiтыку падыгрываньня масавым густам. Фармулюецца ён так: ды колькi можна пра Чарнобыль, надакучыла! Магчыма, i ёсьць нейкая рызыка, а магчыма й няма. Ну быў я ў тых раёнах, шкода закiнутае зямлi, закiнутых паселiшчаў. Урэшце нiхто нiчога толкам ня ведае, а адсяленцы вяртаюцца. Словам, досыць.

Грамадзкая думка, якая страцiла дынамiзм у першыя пасьлячарнобыльскiя гады, сёньня нудзiцца ад блытанiны зьвестак i захадаў i схiльная проста не падымаць тэму.

Пералiчыўшы тры погляды на Чарнобыль, я вырашыў пашукаць чацьвертага - антыпогляду. За мiнулыя 12 гадоў краiна перажыла ўздым нефармальнага руху, дэклярацыю аб сувэрэнiтэце, выбары прэзыдэнта з рэфэрэндумамi, славянскi саюз з Расеяй... Вiдавочна, што ў кожнай з гэтых падзеяў так цi iнакш адбiваўся Чарнобыль. А калi б Чарнобыля не было, як бы гэта паўплывала на наступныя 12 гадоў беларускай гiсторыi? На такое пытаньне адзiн мой калега заўважыў, што беларусы як нацыя Чарнобыля й не заўважылi.

Зрэшты, падумалася, i развалу СССР беларусы як нацыя не заўважылi. I незалежнасьцi ўласнае краiны - таксама. Але тое ня значыць, што яны не заўважаць гэтага ў будучынi. Ня дай Бог, вядома, каб празь якiя генныя мутацыi. Патрэбны час, каб вакол глябальных падзеяў найноўшае гiсторыi паўстаў кантэкст. Толькi-толькi беларусы падступаюцца да разуменьня сталiнскага генацыду i праўды пра мiнулую вайну. Патрэбны час гэтае вось нехацi гаварыць пра тое, пра што ўжо тысячу разоў сказана, каб яно заявiла пра сябе само. Патрэбны час, якi ператварыўся ў
сынонiм нашае незалежнасьцi. Страцiўшы яе, мы проста зьнiкнем, так i не заўважыўшы Чарнобыля.

(Зьміцер Бартосік: ) "Можа й мае рацыю пiсьменьнiк Андрэй Федарэнка, якi неяк выказаў арыгiнальную думку, што нарадзiся ён, Федарэнка, дзе-небудзь у Бразылii цi Калюмбii, дык iмя б яму было Борхес цi Маркес. Але ж нарадзiўся ён у палескай вёсцы i пiша так, як можа пiсаць толькi Андрэй Федарэнка.

А сапраўды, колькi ж усяго напiсана й намалявана на змрочную чарнобыльскую тэму. Тысячы вершаў пра закiнутыя вёскi, у якiх ужо нiколi не загучаць званочкi дзiцячых галасоў, сотнi палотнаў, ад сымбалiчных, дзе на ганку адселенага дому абавязкова валяецца цi паламаная лялька, цi буквар, - да авангардысцкiх, дзе сюжэт абвастраецца суседзтвам космасу, эмбрыёну ды злапалучнага энэргаблёку. А як узбагацiлi рэпэртуар мясцовых тэатраў нашыя драматургi, разгортваючы перад гледачамi адзiн i той самы сюжэт. Як жылi-былi дзядок з бабулькаю да аварыi, i як не даюць iм, цёмным людзям, жыцьця пасьля яе. А якая была публiцыстыка! Толькi самы лянiвы цi недасьведчаны не ўзгадаў пра зорку Палын, якою Бог пакараў беларусаў за забытую мову продкаў. Лягчэй, праўда, нiкому ня стала. Нi хворым дзецям, нi кiнутым старым, нi мове продкаў, нi самому госпаду Богу. Ды й не магло стаць. Мастацтва нiколi не было мэдыцынай. Але нiяк не магу згадзiцца з тым, што такая катастрофа здарылася толькi дзеля таго, каб натхнiць нашых творцаў. Цi не дзякуючы якраз iхным шчыраваньням Чарнобыльская бяда сталася самай будзёнай i нецiкавай для абываталя тэмай. Як павольная сьмерць без надзеi на выратаваньне. Але дзе ж выратаваньне - во загадка.

Беларускi бард Андрэй Мельнiкаў, якi зусiм нядаўна стаў бацькам, не зьбiраецца пакiдаць улюбёны Гомель. Ён, магчыма, адзiны ў горадзе, хто на суседзтва з Чарнобылем глядзiць як на дарунак лёсу. Ён ня схiльны лiчыць сусьветнага Творцу за школьнага настаўнiка мовы, якi такiм дзiкiм чынам карае сваiх самых кепскiх вучняў. Бард цалкам упэўнены, што зьмены ў генэтычнай сыстэме, выклiканыя суседзтвам станцыi, дадуць такiя вынiкi праз пару пакаленьняў, такiя народзяцца волаты й супэрмэны, што сёньняшнiя нашы скуголеньнi па мове й зайдрасьць да перадавой Лiтвы будуць успрымацца тымi дзецьмi рэактара як забаўкi нямоглых склеротыкаў. Адным словам, адраджэньне пачнеца з таямнiчага Паўднёвага Ўсходу. Я ня бачу ў мельнiкаўскай казцы нiчога сьмешнага. Тут ужо ёсьць iнтрыга, жаданьне дажыць, а галоўнае - загадкавае заўтра.

Чарнобыльская аварыя, што адбылася як эпiлёг гiсторыi СССР, безумоўна стане зьяваю культуры. Але ўжо, дзякуй Богу, не савецкай. А хто ведае, можа ня мае рацыi Андрэй Федарэнка й народзiцца такi дзе пад Гомелем якi Борхес. I можа бард Мельнiкаў - прарок, i сапраўды ёсьць сэнс пераехаць у самы забруджаны раён Гомеля з сымбалiчнаю назвай - Валатава".

(Сяргей Харэўскі: ) "Аварыя ў Чарнобыле засьпела мяне зь сябрам у Кiеве. Была цi ня першая веснавая зьлiва, а мы елi цi ня першае ў сэзоне марозiва. Нiхто тады ня мог сабе ўявiць тысячы памерлых людзей, адселеныя гарады й вёскi, боязь па-здраднiцку сьпелых яблыкаў. Зрэшты, мне гэта цяжка ўявiць i сёньня...

Той, хто езьдзiць зь Менску ў Вiльню, альбо куды-небудзь на Вiцебшчыну цi Гарадзеншчыну, абавязкова бачыў у розных вёсках новыя вулкi з аднастайных шэрых дамоў, вакол якiх яшчэ няма платоў. Для "чарнобыльцаў", - кажуць мясцовыя жыхары. "Чаму ж яны пустуюць?" "Акруцiлiся й зьехалi назад", - тлумачаць. Тысячы людзей, якiх амаль гвалтам вывезьлi ў чыстыя раёны Беларусi, вярнулiся ў свой небясьпечны кут. Не прыжылiся на Поўначы краiны, не знайшлi працы, не знайшлi сумоў'я з тутэйшымi людзьмi, якiя цуралiся iх. Каму пашанцавала - той прадаў хату. А не - то й кiдалi проста гэтак. У iх родных раёнах iм плоцяць "грабавыя" - 300 тыс. беларускiх рублёў на кожнага ў сям'i. Неяк можна жыць, ды i працы там хапае.

На пачатак 1995 году ў Беларусi ў зоне радыяктыўнага забруджваньня знаходзiлiся 3.221 населены пункт... У iх змушана застаюцца каля 2 мiльёнаў людзей, альбо 20% беларусаў. Адсяленьня не адбылося...

У свой час урад Фiнляндыi прапанаваў кампэнсацыю суайчыньнiкам, якiя апынулiся пасьля малавядомай вайны ў межах СССР. Людзi самi былi вольныя выбраць сабе месца жыхарства й распарадзiцца наяўнымi грашыма. На Захад выехала 400 тысячаў жыхароў Карэлii! Шаснаццатая рэспублiка, Карэла-Фiнская ССР перастала йснаваць. Чаму гэтак не паступiлi ўлады ў Беларусi? Таму што пра ратаваньне людзей былi гаворкi, а думкi былi пра iншае. Узяўшы грошы й матэрыялы пад чарнобыльскую бяду, чынавенства ў абласьцях, раёнах, сельсаветах, порстка вырашала ўласныя й мясцовыя праблемы. Памятаеце будаўнiчы бум на мяжы 80-90-х? Калi хто забыўся, хай пад'едзе на бераг Менскага мора. Тутака наглядней вiдаць, куды пайшлi шалёныя чарнобыльскiя грошы...

Сёньня ўлады няўпэўнена сьцьвярджаюць, што "нягледзячы на тое, што генэтычная рызыка пакуль ня бачная, у будучым можа быць нанесены сур'ёзны ўрон генафонду беларускае нацыi". Але навошта зазiраць у будчыню, калi на адной Гомельшчыне ўжо сёньня колькасьць хваробаў узрасла ў 9 разоў, калi ўжо сёньня толькi дзесяць працэнтаў нашых дзяцей здаровыя. Няцяжка здагадацца, што праз пакаленьне абсалютна здаровых беларусаў ня будзе ўвогуле...

Але гэта заўтра. А сёньня ўлады, як i пры СССР, робяць усё, каб пакiнуць людзей на брудных землях. Таму што той паток халяўных грошай, якi яшчэ вiраваў гадоў пяць таму, вычарпаны. "Глаўнае - сахранiць калякцiвы". Праграмы па адсяленьню людзей згорнутыя. На думку Лукашэнкi, там жыць можна. Спрачацца няма з кiм. У "чарнобыльскiх" раёнах кладуць асфальт, пракладаюць новыя дарогi, цягнуць газаправоды. Толькi ў Гомельскай вобласьцi плошча сельскагаспадарчых земляў з узроўнем радыяцыi звыш 1 Ku/кв.км. складае зараз 806 тыс. гектараў. Гэта, дарэчы, больш, чым плошча многiх дзяржаваў. На iх па-ранейшаму функцыянуе З70 калгасаў i саўгасаў. Адна з прыкметаў нашага часу - тысячы людзей зь Сярэдняе Азii i Каўказу, якiя запаланiлi некалi адселеныя вёскi й мястэчкi Гомельшчыны. Радыяцыя - ня бомбы цi кулi, пра яе яны ведаюць мала. Улады толькi радыя. Ёсьць насельнiцтва - будзе кiм кiраваць. Фатограф Анатоль Кляшчук распавядаў, што ён ледзь не расплакаўся, пабачыўшы, як у Хойнiчах гуляюцца ў пяску мурзатыя дзеткi з далёкае Азii...

Веснавым вечарам я сябрам зазiрнуў у менскую краму з траскучай назваю "Прэстан-маркет". На нашае зьдзiўленьне, сярод безьлiчы тавараў не было нiчога беларускага, за выключэньнем гарэлкi. Спачатку мы ўспрынялi гэта за камiчны снабiзм "новых беларусаў". Пазьней, праўда, скемiлi, што гэта толькi клопат уладальнiкаў пра здароўе сваiх пакупнiкоў. Гэткi ж самы, як i ў астатнiх прэстыжных прыватных крамах Менску. Яшчэ адна прыкмета нашага часу - дасьведчаны беларус пазьбягае ўжываць беларускi харч. Па краiне цяпер 446 гаспадарак, дзе рэгiструецца перавышэньне дапушчальнае нормы радыёнуклiдаў у малацэ. Статыстыка па iншых прадуктах iзноў засакрэчаная. Натуральна, большасьць тых самых прадуктаў з чарнобыльскае зоны трапляе ў Менск, у сталiцу розных "зонаў". Любы бохан хлеба, любы кавалак каўбасы, любы пакет сьмятаны, якiя мы купляем у беларускiх крамах, можа быць небясьпечным для здароўя. Пра што нiякi Мiнздраў не папярэджвае..."

(Андранік Антанян: ) "Прайшло даволi шмат часу, i ўжо ня так проста сходу адказаць на пытаньне, што я рабiў 26 красавiка 1986 году. Дзёньнiка я тады ня вёў, а памяць не знайшла нiчога для сябе вартага ў, здавалася, звычайным красавiцкiм днi. Памятаю, што яшчэ да першамайскай дэманстрацыi папаўзьлi па Мiгiлёву няўцямныя плёткi пра аварыю на Чарнобыльскай АЭС. Празь дзень з аптэк зьнiклi таблеткi зь ёдам, i людзi, што давалi гiпакратаву клятву, цынiчна фарцавалi iмi. Сёньня мне ўжо не здаюцца дзiкiм цемрашальствам угаворы маёй маткi не iсьцi на дэманстрацыю, а перасядзець гэты дзень у хаце. У той дзень я мусiў праехаць на лыжаролерах у калёне юных лыжнiкаў мiма ганаровай трыбуны на плошчы, якая носiць iмя Ленiна. Трэнэр Мiкалай Аляксандравiч у той дзень упершыню выдаў мне форму спартовага клюбу "Дынама". Ня памятаю ўжо, што паўплывала на маё рашэньне як бы там нi было паўдзельнiчаць у першамайскай дэманстрацыi 86-га году. Гонар за бела-блакiтную саколку цi жаданьне не вылучацца з калектыву. Сёньня й адзiн i другi аргумэнт гучаць па-дзiкунску.

Рэха падзеяў, якiя адбылiся 26 красавiка 1986 году ў цiхамiрным украiнскiм мястэчку Чарнобыль, выходзiць далёка за межы проста экалягiчнай катастрофы. Зьмены, якiя адбылiся пасьля гэтай падзеi, ахапiлi ў нас усё, што маглi ахапiць. Справа не абмежавалася перавозам соцень тысяч тубыльцаў з аднаго месца ў iншыя. Адбылiся зьмены ў нацыянальнай беларускай кухнi, з рацыёну якой былi выцесьненыя ялавiчына, сьвежамалочныя прадукты ды стравы з рачной рыбай, iхнае месца
занялi згушчонае малако й марская капуста. Мы, дзецi, радавалiся, што нам замест малака бацькi на талёны, выдадзеныя ў дзiцячай палiклiнiцы, купляюць раней недаступную, а таму й жаданую згушчонку. Але хутка салодкая да болю ў зубах цягучка прыехалася, i ў нас у хаце утварыўся гуртовы склад гэтага прадукту. У 1991 годзе ў Маскве я прадаваў яе сваiм аднакурсьнiкам. Толькi што тады я iм нi прадаваў - ад сьвежых батонаў, вынесеных з начное зьмены грузчыкам булачнай на
Пятроўцы да талёнаў на цукар.

Тады ж зьявiлiся новыя пэрсанажы ў гарадзкiм фальклёры Чарнобыльскi Вожык i Чарнобыльскi Нябожчык, а бабкi для сваiх унукаў знайшлi новую пужалку пад назваю "рацыя", i любыя калiзii ў навакольным сьвеце прывязвалi да падзеяў у мястэчку зь бiблейскаю назваю.

Сёньня нiхто ня ў стане ацанiць, у колькi соцень разоў вырасла ў травеньскiя днi 86-га аўдыторыя "варожых галасоў". I ў колькi разоў упаў давер на савецкай улады сярод людзей, якiм так цi iначай давялося сутыкнуцца з Катастрофай. Але факт застаецца фактам - першыя незалежныя дэпутаты (хай яны былi сто разоў прайдзiсьветы) здолелi вырваць хоць якую ўладу з рук кола "сваiх людзей" на Магiлёўшчыне й Гомельшчыне, дзякуючы найперш Чарнобыльскай тэме. "Хай жыве КПСС на Чарнобыльскай АЭС!" I тая папулярнасьць БНФ на Мiгiлёўшчыне зь ня так i даўно крамольнымi iдэямi незалежнасьцi на пачатку была зьвязана выключна з тым, што ахвяры Аварыi адчулi: Маскве да iх праблемаў рукi ня дойдуць нiколi".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG