Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьмех па-беларуску.


Аўтар і вядучы Сяргей Дубавец, Вільня

Калi сьмех - справа здаровая, дык усялякiя навуковыя тэорыi, датычныя сьмеху, звычайна павяргаюць у панылы настрой. Уявiш сабе трактат пра сьмехавую культуру цi нешта
падобнае, i нi за што на сьвеце не засьмяесься. А колькi такога напiсана i колькi iснуе самых сур'ёзных сэнтэнцыяў пра сьмех. Словам, тэма гэтая настолькi пашыраная, што сёньня,
напярэдаднi Дня сьмеху, мы не маглi не прысьвяцiць ёй чарговую "Вострую Браму". Свой трактат пра сьмех у беларускiм культурным кантэксьце падрыхтаваў Сяргей Харэўскi.

(Сяргей Харэўскi: ) "Колькi разоў я зь землякамi прыяжджаў у Пецярбург на вучобу, столькi разоў мы зьдзiўлялi сваiх калегаў з Расеi i Ўкраiны сваiмi анэкдотамi й жартамi. Здавалася, распавядаю вядомую менскую показку, а пiцерскiя, маскоўскiя, кiеўскiя маладзёны заходзяцца ад рогату. У 70-80-я гады ў Менску й сапраўды нараджалася процьма анэкдотаў. Падобна, што й добрая палова "адэскiх" жартаў нараджалася тут, а не ў Адэсе. У гэтым была
свая лёгiка: сапраўды, хто як не беларусы лепей ведаюць нацыянальныя характары жыдоў, украiнцаў ды расейцаў. Праўда, мала задумваюцца над сваiм...

Гумар - сьмяротны. Тое, што магло нас пацяшаць ад душы дваццаць гадоў таму, мала каго расьсьмешыць сёньня. Калiсьцi шостая частка сьвету пырскала сьмехам, калi на тэлеэкране
зьяўляўся Райкiн, альбо Абразцоў са сваiмi лялькамi. Сёньня гляджу выпадкова якi-небудзь стары запiс у тэлебачаньнi й не магу даць сабе рады: з чаго сьмяялiся? Зь недалёкiх пародыяў на чужыя краiны, з хамства й дэфiцыту тавараў, зь несуноў й халтуршчыкаў. Усяго гэтага не паменела, прынамсi ў Беларусi, але... ня сьмешна. Гэтаксама сёньня цяжка ўявiць сабе
чалавека, якi сьмяецца з камэдыяў Апулея. Гумар - iмгненная рэакцыя на жыцьцё. Любая показка непазьбежна нясе ў сабе трапныя дэталi канкрэтнага ладу, пэўнага побыту. Сёньня
сьмяюцца з "новых рускiх". А толькi ўчора сьмяялiся з генсекаў. Каго пасьлязаўтра насьмешыць аповед пра тое, як малы пытаецца ў мацi: чаму сёньня няма перадачы "Спокойной ночи, малыши?" Мацi адказвае: "Памёр таварыш Чарненка?" "А гэта Фiля цi Хруша?" - пытаецца малы... Мiж тым, гэтая показка, цi ня самая ўдалая iлюстрацыя, пачатку 80-х, стаўленьня савецкiх людзей да памiраючага рэжыму... Неяк неўпрыкмет прапалi
клясычныя пэрсанажы - Вiнi-Пух, Штырлiц i Чапаеў... Пра iх назойлiва нагадвае ўжо ня вусная творчасьць, а творчасьць непераборлiвых выдаўцоў.

Нашым дзецям ужо спатрэбяцца разгорнутыя камэнтары, з чаго мы сьмяялiся. Але сёньня ўжо нашыя бацькi не заўсёды разумеюць, з чаго сьмяемся мы. Напрыклад, з навязьлiвасьцi тэмы гомасэксуалiстаў. Сьвежая вiленская показка: хлопец у касьцёле на споведзi. Ксёндз працягвае з канфэсiяналу руку для разьвiтальнага пацалунку. Хлопец у захапленьнi: "Якiя ў пана ксяндза добрыя пярсьцёнкi!" Задаволены ксёндз сам высоўваецца са спавядальнi й пытаецца: "А завушнiчкi?" Мае бацькi ўвогуле не знаёмыя з гееўскай сэмантыкай й слаба знаёмыя з касьцёльным жыцьцём. Таму iм ня сьмешна. Значыць, гумар, перадусiм,
абавязкова зьвязаны са сваiм лякальным ужыткам. I чым больш лякальны ўжытак - тым сьмяшней яго носьбiтам...

Гумар - нацыянальны. Сёньня мне распавесьцi показку, над якой пасьмяецца расеец, вельмi цяжка. А насьмяшыць лiтоўцаў мне гэтак i не выпадае. У лепшым выпадку, давядзецца ўсё тлумачыць. Напрыклад, што нас сьмешыць у мове Лукашэнкi... Гэтаксама й мы часам моршчым лоб, гледзячы расейскую перадачу "Куклы". Якiя пастановы, законы, зьдзелкi яны высьмейваюць? На што намёк? Але вось на экране лялька Лукашэнкi - i ўжо месяц беларусы
пераказваюць адзiн аднаму пабачанае.

Зрэшты, гэта прыйшло ня ўчора. Даўным-даўно, на фэстывалi эстонскае мультыплiкацыi ў Менску, мне давялося адслухаць лекцыю пра эстонскi гумар. Абаяльны лектар-эстонец доўга i
падрабязна тлумачыў, што й да чаго. Публiка, якая ўздыхнула з палёгкаю на апошнiх ягоных словах: "Ээттии муультфиильмы развееюют Вааше преедстаавленние о неккоторой тяжеловвесноости ээстоннского юммора". Рана ўзрадвалася. Пяць запар, выдатна зробленых стужак не прымусiлi нiкога засьмяяцца. У нязвыклай цiшы поўная заля пачала разыходзiцца. А "мульцiкi" былi й сапраўды файныя... Зрэшты й не адзiн каўказец не расьсьмяяўся з
"каўкаскiх" анэкдотаў, якiмi я спрабаваў казырнуць падчас вандровак на Поўдзень. А грузiны моцна крыўдзiлiся. Мая парада падарожнiкам: не распавядайце на Каўказе пра гомасэксуалiстаў i не спрабуйце iмiтаваць акцэнт. Ня менш дзiўнае адкрыцьцё я зрабiў у Адэсе: тыя показкi, якiя ў нас распавядаюць пра чукчаў, адэсiты распавядаюць пра малдавянаў. Не рызыкуйце сёньня ўстаўляць персанажаў - малдавянаў. Чукчу Вам, бадай, спаткаць будзе цяжэй...

З чаго сьмяюся сёньня я? З таго, чаго й раней: з Лукашэнкi, з эротыкi i з абсурду. У дэфiнiцыю "абсурд" я адсылаю показкi пра наркаманаў, вар'ятаў i пра... Ды цi мала ў нас сёньня абсурду? Толькi вось гумар становiцца больш коўткiм. Альбо вузка нацыянальным: "хлопцы, а чаму Вы пiшаце ПАТАЛЁК?"

(Сяргей Дубавец: ) Сяргей Харэўскi сьмяецца з колiшняга рытарычнага пытаньня Анатоля Сыса. Калiсьцi гомельскi студэнт Сыс iранiзаваў з тарашкевiцы зь ейнымi фiлялёгiямi i фiлязофiямi, гэтак нарадзiўся ягоны "паталёк". Мне згадваецца яшчэ адно пытаньне, якiм Сыс даставаў сваiх адукаваных сяброў. Яму абавязкова хацелася дазнацца, чаму бiблiятэчны штампiк ставiцца менавiта на 17-й старонцы. Здаецца, адказу ён не атрымаў i дагэтуль.

Калi ўжо гутарка зайшла пра прыватнасьцi, заўважым сабе, што сьмех - гэта справа прыватная, i пяройдзем да нашае рубрыкi "Прыватныя рэчы", каб паслухаць, з чаго сьмяецца яе аўтар Зьмiцер Бартосiк.

ПРЫВАТНЫЯ РЭЧЫ

(Зьмiцер Бартосiк)

Зьмiцер Бартосiк ледзь не прамовiў яшчэ адну тэарэтычную выснову: сьмех - гэта справа аптымiстычная.

Сьмех па-беларуску яшчэ з савецкiх часоў засеў у мазгох сэнтэнцыяй нейкага тагачаснага дасьцiпнiка пра тое, што ён, сьмех, - гэта справа сур'ёзная. Iснуе таксама i адваротная, несавецкая сэнтэнцыя, пра тое, што ўсе гадасьцi на сьвеце робяцца з сур'ёзным выразам твару.

Разумеючы адноснасьць усялякiх сэнтэнцыяў, асабiста я схiляюся да другое, i пачынаю шукаць сьмеху ў сьвятой справе нацыянальнага адраджэньня. Але не знаходжу. Гэта ня значыць, што беларускi рух не сьмяецца. Сьмяюцца часам натужна паводле сцэнароў,
сьмяюцца ў тым месцы, дзе прынята сьмяяцца, хоць i ня сьмешна, а дзе сьмешна, але непрынята - не сьмяюцца. Нэафiта, якi раптам зарагатаў, торгаюць за рукаво - зубаскалiш.

Вядома, заўсёды важна, хто сьмяецца i ў якiм кантэксьце. Калi газэта "Имя" сьмяецца з БНФ, якi, маўляў, раздае пашпарты БНР, гэта чужы сьмех тых, якiя ў гэтым нiчога ня смысьляць над тымi, каму гэта дорага. А калi ў "Нашай Ніве" адзiн з аўтараў сьмяецца з iдэi паставiць помнiк беларускай мове - гэта ўспрымаецца або як зубаскальства, або як рэакцыя самое мовы на клопат руплiўцаў-далакопаў. Калi сьмяюцца з эмiграцыi Пазьняка, нехта пачуваецца абражаным у сваёй веры. Калi сьмяецца Лукашэнка, у многiх кулакi сьцiскаюцца ад нянавiсьцi. Зрэшты, часам i нянавiсьць выражаецца празь сьмех. Тады ў прымружаных сьмехам вачах заўважаеш сталёвыя iскаркi.

Рэакцыю адмаўленьня заўсёды выклiкае фраза: "Ды як вы пасьмелi з гэтага сьмяяцца?" Этычная калiзiя цалкам залежыць ад эстэтыкi той формулы, якая выклiкала сьмех. Урэшце, колькi iснуе анэкдотаў пра гiбель Чапаева або якiх-небудзь вязьняў Бухенвальда, што
выклiкаюць здаровы рогат i распаўсюджваюцца з хуткасьцю маланкi. Разважаючы пра ўсё гэта, я ўрэшце пачынаю мысьлiць iмпэратывамi. Сьмяяцца можна з усяго, у тым лiку з самога
сябе. Калi чалавецтва сапраўды сьмеючыся разьвiтваецца са сваiм мiнулым, дык, выходзiць, сьмяяцца можна i з Курапатаў, i з Чарнобыля, i з Лукашэнкi. Адно каб сапраўды было сьмешна. Калi вам ня сьмешна, або вас гэта абражае, значыць адно з двух: або сьмех быў зроблены нясьмешна, або прычына ў вас самых - у вашых перакананьнях цi ў адсутнасьцi пачуцьця гумару. Сьмех, нават самы зубаскальскi i iдыёцкi нельга забараняць. Можна, вядома, пазьбягаць сьмяшыцеля, але заўсёды карысна падумаць, чым выклiканы той iдыёцкi жарт i
абавязкова самакрытычна прааналiзаваць - цi ня ў вашым асабiстым iдыятызме хаваецца прычына ацэнкi сьмеху як iдыёцкага.

Здаровы сьмех найлепей асацыюецца з прысутнасьцю жывога жыцьця. Сьмяецца тое, што жыве i разьвiваецца. Асабiста мне ў сучасным беларускiм адраджэньнi вельмi не стае здаровага сьмеху, у тым лiку i зь сябе. Таму я папрасiў Сяргея Шупу зьвязацца зь дзеячамi нашага нацыянальнага адраджэньня i высьветлiць, з чаго яны апошнi раз здарова i ад душы
сьмяялiся. Вось што з гэтага апытаньня выйшла.

(Рыгор Барадулiн, Васiль Сёмуха, Уладзiмер Халiп, Лявон Баршчэўскi)

Мудрыя людзi гавораць мудрыя словы. Сьмяемся, каб ня плакаць - у гэтай, апошняй на сёньня сэнтэнцыi прысутнiчае вечнасьць, але я бачу ў ёй новую Беларусь. Калi параўноўваеш яе з савецкай формулай "сьмех - справа сур'ёзная", дык бачыш, як моцна зьмянiлася наша краiна i яе людзi. Галоўнае, што адрозьнiвае два выразы - гэта непадзеленая адказнасьць i свабода, якiя начыста адсутнiчалi ў БССР i якiмi пад завязку напоўненыя сёньняшнiя духоўныя лiдэры нацыi. Зубаскальская пустата часовага i даўкая праўда спрадвечнага. Сьмяемся, каб ня плакаць - можа быць гэта найлепшае вытлумачэньне слова "жывем".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG