Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Перанос парэштак М.Багдановіча зь Ялты ў Менск. Спрэчкі культурнікаў.


Аўтар і вядучы Сяргей Дубавец, Вільня

У сярэдзiне лютага газэты паведамiлi пра тое, што дзяржаўныя iнстанцыi РБ наважылiся перавезьцi цела паэта Максiма Багдановiча зь Ялты, дзе ён памёр i быў пахаваны ў 1917 годзе,
у Менск. Раней iдэя такога перазахаваньня шырока абмяркоўвалася ў Беларусi ў пачатку 90-х. Тады, памятаецца, думкi рэзка падзялiлiся. Падзеленыя яны i сёньня. Толькi вось сёньня нiхто ня будзе праводзiць абмеркаваньня. Бо слухаць апанэнтаў сёньняшнiя ўлады ня лiчаць патрэбным. Хутчэй за ўсё, Багдановiч будзе перавезены ў загадным парадку, пра што грамадзкасьць даведаецца пасьля.

Зрэшты, сама праблема ад гэтага нiкуды не дзяецца. Прынамсi, з нашага культурнага кантэксту ХХ ст.

У краiне сьветлай, дзе я ўмiраю
У белым доме ля сiняй бухты
Я не самотны, я кнiгу маю
З друкарнi пана Марцiна Кухты, -

пiсаў перад сьмерцю хворы на сухоты паэт, якога сябры адправiлi зь Менску на лекаваньне ў Ялту. Што думаюць пра вяртаньне цела паэта ў Менск сучасныя беларускiя культурнiкi?

Спачатку - думка мастацтвазнаўцы Сяргея Харэўскага.

(Сяргей Харэўскi: ) "У цiхую бязьветраную ноч па лiлёвых хвалях Лiгурыйскае затокi да Генуi падыйшоў карабель. Ягоныя ветразi, панiклыя ў бязвольнае жалобе, нiбы чорныя скрыдлы грэшных анёлаў сьцераглi сон Генiя. Ён вярнуўся ў родны горад таемна, пад мiнорныя акорды мора i неба. Генiй пакiнуў гэты сьвет далёка ад бацькоўскага дому ля сiняе бухты. Нянавiсьць царквы i людзкая боязь не дазволiлi яму адразу спачыць у сваёй зямлi. Доўгiя, доўгiя днi i ночы, у сьпёку i ў дождж самотны карабель з жалобным грузам ня мог прыстаць да берага. Урэшце сябры таемна перанесьлi дубовую труну на сушу й схавалi яе ў лёхах
замку. Мiнулi гады... Генiй знайшоў спакой, калi пра яго забылi. Зямля Генуi прыняла нарэшце Нiкола Паганiнi. А з часам тут паўстаў праўдзiвы ягоны аўтар, дзе гучыць скрыпка, палаюць
сьвечы i вецер разносiць водар кветак.

Быць прынятым роднай зямлёю - цi не найвялiкшае чалавечае жаданьне, з тых, што выходзяць за межы штодзённасьцi. Тут гэтак званая гiстарычная сьведамасьць выяўляецца не
абстрактна, а лiтаральна. Нездарма людзi яшчэ пры жыцьцi думаюць пра розныя варыянты сьведчаньняў свайго йснаваньня пасьля. Што застанецца, а чаго НЕ застанецца...

Бiлi званы. Шматтысячная людзкая плынь трыюмфавала. Свая зямля вiтала сваю дачку. У 1910 годзе да берага Дзьвiны зь бясконцага шляху прыплыла чароўная ладзьдзя - рАка з мошчамi
Сьвятое Эўфрасiньнi. Спачыла яна пры брамах нябеснага места ў Ерусалiме ў 1173 годзе, адкуль празь пяць гадоў даплыла да Кiева, але з доўгiх вандраваньняў вярнулася толькi напачатку нашага стагодзьдзя. Цi ня з гэтага цудоўнага здарэньня, што стала магутнай крынiцаю духовага адраджэньня краю, зачэрпнула i ўся беларушчына? Што магло быць наўзамен? Адсутнасьць сьвятынi? Пустая зямля...

Дзiцём я часта бываў на радзiнных могiлках у вёсцы Астравы, што каля Мiханавiч. Гэта не вымагала ад мяне вялiкiх высiлкаў - старасьвецкiя, парослыя велiзарнымi дрэвамi могiлкi
знаходзяцца акурат насупраць сядзiбы майго дзеда. На iх я i глядзеў штовечар, калi гасьцяваў на бацькоўскай радзiме. Шпацыр па могiлках здаваўся мне падарожжам у часе. Тут
спачываюць мае прапрадзеды, прадзеды i дзяды, безьлiч маiх далёкiх i самых блiзкiх крэўных. Каталiкi i праваслаўныя... Замшэлыя валуны зь ледзьве чытэльнымi надпiсамi, спарахнелы
мэтал крыжоў - усё гэта прамаўляла мне тое, чаго ня можна прачытаць у паперах. Я ведаю (цi адчуваю) свой радавод на гэтым лапiку свае зямлi гэтаксама глыбока, як глыбока ўрасьлi
й пераплялiся тут каранi дрэваў, што ўзьнялiся задоўга да майго зьяўленьня на сьвет. Аднойчы, на пачатку 80-х магутны ўраган паламаў i павыдзiраў тут шмат дрэваў. Пераварочаныя магiлы зеўралi ў неба, як пустыя вачнiцы. Людзкiя парэшткi перамяшалiся з зьямлёю. Перамяшалiся свае i чужыя. Парэшткi тых нямецкiх жаўнераў, што былi тут расстраляныя, з парэшткамi тых, хто супраць iх ваяваў. Старыя цiха енчылi i жагналiся,
парадкуючы гэты хаос. Мне ж гэтая глеiстая, перамяшаная зямля падалася самай праўдзiваю i сьвятой.

Каму патрэбныя магiлы? Пэўна, што не таму, хто стварыў нас падобнымi да сябе i даў нам гэтую, а ня iншую зямлю. Для праўдзiвага хрысьцiянiна сам па сабе спрахнелы шкiлет мала што значыць пасьля таго, як праз колькi дзясяткаў дзён, тое, чаму ён служыў начыньнем, пакiдае наш сьвет назаўжды. Iншая трактоўка больш надаецца да фэтышызму. Памятаю, як пад час перзахоўваньня братоў Луцкевiчаў у Вiльнi, на Росах, нехта абмовiўся, што вельмi ж хацелася мець тутака хоць бы па адной iх костачцы, ад Iвана з Польшчы i ад Антона зь Сiбiры... Але сымбалiчныя магiлы Луцкевiчаў i Францiшка Аляхновiча патрэбныя былi тым, хто хацеў прыносiць iм жывыя кветкi i жывы агонь сьвечак. Гэтак усё ў гэтым сьвеце набыло свой парадак - Беларусь, Вiльня, героi, кветкi i сьвечы. Наша зямля. Месца спрычыненьня. Гэтаксама тут побач ляжыць велiзарная чорная плiта, ля якой заўсёды ёсьць сьвежыя кветкi i гараць сотнi сьвечаў. На плiце надпiс: "Мацi i сэрца сына". Тут магiла мацi Пiлсудзкага, куды пазьней, паводле ягонага запавету паклалi i ягонае сэрца. Азiраючы гэтыя старасьвецкiя могiлкi са славутае Лiтарацкае горкi, дзе пахаваны тузiн нашых герояў церазпалосна з палякамi i лiтоўцамi, дзе яшчэ не зацягнулiся пацiнай нашыя помнiкi на "несапраўдных" магiлах, я думаю, - "А што можа быць больш сапраўдным за гэты аўтар памяцi? I што было б, каб iх не было?"

Генiй, прызнаны, цi адрынуты, па сьмерцi даруе нашчадкам усё. Але цi даруюць Нам Нашыя нашчадкi адсутнасьць нашага аўтара Генiю, адсутнасьць ахвярнага агню сьвечаў i зрэзаных кветак?.."

(Сяргей Дубавец: ) Мастацтвазнаўца Сяргей Харэўскi падказаў першую важную для нашае размовы думку: пра тое, што само сабою перанясеньне костак, калi яно нiчым не адухоўленае - гэта ўсяго толькi фэтыш. Сапраўды, калi духоўны чын i сумоўе з памерлым генiем ператвараюцца ў дачыненьнi з косткамi, - гэта не адраджэньне, а руцiна. Нездарма да перапахаваньня расейскае царскае сям'i, якое абмяркоўваецца ў гэтыя днi, падключана ўся каласальная махiна праваслаўнае царквы. Аднак ня будзем шукаць сэнсу ў гэтым часавым супадзеньнi i вернемся да Максiма Багдановiча.

Сяргей Шупа затэлефанаваў з Прагi вядомаму лiтаратурнаму крытыку i рэдактару Але Сямёнавай. Вось яе меркаваньне:

(Ала Сямёнава)

Так лiчыць Ала Сямёнава. А паэт Сяржук Сокалаў-Воюш у адказ на нашае запытаньне сам прапанаваў вершаваны экспромт.

(Сокалаў-Воюш)

Зразумела, не маглi мы не запытацца i ў сёньняшняга кумiра, сьпевака Данчыка:

(Данчык)

Гэта быў Данчык. Напэўна найбольш дасьведчаны i зацiкаўлены ў тэме нашае перадачы чалавек - дырэктар музэя Максiма Багдановiча ў Менску Алесь Бяляцкi:

(Алесь Бяляцкi)

На словах Алеся Бяляцкага думкi апытаных намi людзей падзяляюцца. Напрыклад, паэт Алег Мiнкiн ужо адназначна супраць пераносу магiлы Багдановiча ў Менск:

(Алег Мiнкiн)

Гэтак думае паэт Алег Мiнкiн. Нагадаю, што ўсе меркаваньнi, якiя тут прагучалi, запiсаў Сяргей Шупа. Дарэчы, Сяргей, а што ты сам думаеш пра перапахаваньне Багдановiча?

(Сяргей Шупа)

Гэта быў Сяргей Шупа. Нарэшце, каб завершыць карцiну думак, паслухаем чалавека, якi лiчыць сябе "земляком" Максiма Багдановiча. Зьмiцер Бартосiк жыў з паэтам на адной вулiцы. У розныя часы вядома.

(Зьміцер Бартосiк: ) "У беларускай культурнiцкай прэсе зноў зьявiлася тэма, якую пакiнулi былi ў спакоi некалькi гадоў таму: вяртаньне парэшткаў Максiма Багдановiча. Зноў ажывiлiся старыя дыскусii наконт неабходнасьцi такога кроку сёньня, пра тое, чыiмi рукамi гэтая справа будзе рабiцца, пра тое, цi гатовае наша сёньняшняе грамадзтва належным чынам "прыняць свайго сына"... Як для мяне, дык не стасуецца ўся гэтая мiтусьня з вобразам паэта.

Мне прыемна ўсьведамляць той факт, што мы жылi зь iм на адной вулiцы. Праз дом. Праўда, з розьнiцаю ў 80 гадоў. Але тады, шторанiцы праходзячы паўз драўляны двухпавярховы асабняк, я не выдзяляў яго сярод астатнiх дамоў старажытнай нiжагародзкай вулiцы. На якой у пачатку стагодзьдзя жылi Горкi, Караленка й сям'я Багдановiчаў. Толькi пазьней, калi ўсё часьцей буду браць з палiцы ягоную кнiгу, у маёй настальгii па родным расейскiм горадзе ўзьнiкне беларускi матыў.

"Успамянем, мой дружа, ў багатай чужыне
Аб беднай, далёкай сваёй старане".

Але i пазьней, наведваючы Нiжнi, я не сьпяшаўся на Канатную вулiцу, бо зусiм ня схiльны фэтышызаваць мясьцiны, зьвязаныя з жыцьцём знакамiтых людзей. "Няма таго, што раньш было", - адзiнае, што мне прыходзiць у галаву ля дамоў, адзначаных у шэрагу iншых, нiбы ордэнамi, мэмарыяльнымi дошкамi. Там жывуць iншыя людзi. I наўрад цi на той вулiцы хтосьцi чуў пра любiмага паэта беларусаў.

"Чаму у нас акамянеласьцi
"Духоўнай страваю" завуць?
Iх ужываць - ня хопiць сьмеласьцi!
Ў музэум iх няхай нясуць!"

Дарэчы, адзiны выпадак у маiм жыцьцi, калi музэум для мяне ажыў, быў зьвязаны таксама з аўтарам гэтых радкоў. Маючы неяк пару вольных гадзiнаў да цягнiка ў горадзе Яраслаўлi, даўно мною зьведаным, я вырашыў - а чаму б не пайсьцi ў госьцi да Багдановiча. Я чуў, што ў ягоным яраслаўскiм доме адкрыўся музэй. На маё дзiва, першы ж мiлiцыянт падрабязна растлумачыў, як знайсьцi патрэбны мне дом. Але нiкога ў тым доме я не застаў. Напэўна, музэйная бабулька, што нiяк не чакала сярод белага дня самотнага наведнiка зь Беларусi, пайшла па сваiх справах. I я вымушаны быў хадзiць вакол дому, зусiм, аднак, не марнуючы хвiлiны да цягнiка. Чым болей я блукаў пад вокнамi, тым больш ува мне узмацнялася нейкае мiстычнае адчуваньне, што гэты дом - жывы. Вось рэчы гаспадара, якiя я выгледжваю праз
фiранкi: зусiм не па-музэйнаму прыбраны ложак, раскiданыя паперы на рабочым стале. Асаблiва на мяне падзейнiчаў разгорнуты нумар "Нашай Нiвы". Сьвежы для таго, хто яго чытаў. Выпалiўшы колькi цыгарэтаў, я пашыбаваў на вакзал. I быў пры гэтым невымоўна рады ад такога наведваньня музэя, усяляк песьцячы ў сабе дзiўнае пачуцьцё дасады, што не пашанцавала пабачыцца з гаспадаром. А "Я хацеў бы спаткацца з вамi на вулiцы"...

"Там, на вулцы, нi сiвер, нi бура,
Там адно толькi - мрок, самата.
Але як я маркотна, панура
Да свайго пацягнуся кута".

Адзiная магiла, на якую мяне цягнула ўсё юнацкае жыцьцё - магiла Высоцкага. Чаго нiколi не разумеў мой бацька. "Ты што, сваяк ягоны? Цi табе мала стужак, кнiг, успамiнаў?" Кумiры
юнацтва зь цягам часу набываюць чалавечыя рысы, цi застаюцца ў юнацтве. Цi пацягне мяне на магiлу Максiма Багдановiча ў Менску? Ня ведаю. Але карцiнку пераезду ягонай магiлы ўяўляю досыць выразна. Пад неягонымi сымбалямi яны, чужыя яму, заробяць сабе плюсiк i, так бы мовiць, вырашаць ягонае пытаньне. Назаўсёды.

"Усё мiнулася - i боль, i гора, -
Ўсё кудысь далёка адшло;
Але строгi надпiс: "Disce mori"
Нагадае, што з табой было".

Iдэя перазахоўваньня ў роднай зямлi лепшых сыноў нацыi ня новая. Вярнулiся на радзiму пасьля сваёй сьмерцi Шаляпiн, Купала, Мiцкевiч. Але мне ня хочацца, каб сёньня ў гэты шэраг
стаў Багдановiч. Я не пра брудныя рукi рэжыму. Я пра прыгожыя выключэньнi з правiлаў. Так, ён не пакiнуў пасьля сябе тэстамэнту. Ён спакойна i мудра пазiраў на сваю блiзкую
сьмерць i скончыў жыцьцё вершам. Якi, сапраўды, вядомы кожнаму беларусу. I, мне здаецца, ён павiнен заўсёды быць у "краiне сьветлай"...

(Сяргей Дубавец: ) Не прэтэндуючы на канчатковую выснову, скажу, што мне найблiжэй думка, якую выказаў Алесь Бяляцкi. Уся справа, па-мойму, у адпаведнасьцi. I для таго, каб зьдзейсьнiць акт перазахаваньня Багдановiча, каб наблiзiць, а не забiць легенду, пра якую казаў Алег Мiнкiн, каб зноў адкрыць Паэта, а не закрыць пытаньне, для гэтага самая Беларусь павiнна дасягнуць такога мэтафiзычнага гучаньня, такога ўсеагульнага нацыянальнага ўздыму, такога апатэозу ўсенароднае любовi да роднага слова i родных сьвятыняў... Словам, стаць Беларусяй Багдановiча. На жаль, сёньня беларуская дзяржава зусiм не iмкнецца да гэткага стану. I перазахваньне парэшткаў любiмага паэта нацыi стане хiба што яшчэ адным антыподзьвiгам антыбеларускага рэжыму. У адрозьненьне ад Зьмiцера Бартосiка, мне думаецца якраз пра брудныя рукi, якiмi ня робяцца сьвятыя справы.
XS
SM
MD
LG