Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Культурная экспансія.


Аўтар і вядучы Сяргей Дубавец, Вільня

Сярод найноўшых тэорыяў культуры i цывiлiзацыi, якiя зьвярнулi на сябе ўвагу, мяне найбольш зацiкавiў адзiн трактат аб культурнай экспансii.

"У сучасным слоўнiку тэрмiн экспансiя азначае сынтэз усемагчымага зла, -- пiша польскi дасьледнiк Нiкадым Бонча-Тамашэўскi. -- Гвалт, кроў, вайна, псыхапатычныя правадыры i абдураныя iмi натоўпы, гатовыя да разьнi -- вось стандартныя асацыяцыi, якiя выклiкае гэты патэтычны некалi тэрмiн... А мiж тым экспансiя ўвесь час вяртаецца, не дае пра сябе забыцца, яна стала прысутнiчае ў культуры... Мы мусiм прызнаць, што разам з галiнамi, традыцыйна экспансiянiсцкiмi -- палiтыкай i вайной -- практычна ўсе сфэры нашага жыцьця пазначаныя эксансiяй. Экспансiяй асобы i грамадзтва, навукi, якая ахоплiвае ўсё новыя аспэкты рэчаiснасьцi, мастацтва, якое шукае формаў экспрэсii. Технiка, iдэалёгiя, рэлiгiя -- усё
ажыцьцяўляецца праз экспансiю".

Калi пазбавiцца ад стэрэатыпу, якi бясконца звужае значэньне гэтага слова, трэба сказаць: тое, што ня творыць сваю экспансiю, тое не жыве. Дакладней, не выжывае. I гэта тая формула, якая змушае нас, магчыма, па-iншаму зiрнуць на наша нацыянальнае адраджэньне. Хоць насамрэч, гэтая размова -- толькi працяг ранейшых гутарак пра волю i бязвольнасьць, пра
сiлу i слабасьць, самазадаволенасьць i -- экспансiю навонкi.

Да тэарэтычнага трактату мы зьвернемся напрыканцы сёньняшняе перадачы, а пачнем зь першых прыватных уражаньняў. Сяргей Харэўскi адшукаў прыклады беларускай экспансii ў гiсторыi нашае культуры.

(Сяргей Харэўскі: ) "У альбанскага пiсьменьнiка Iсмаiла Кадару ёсьць апавяданьне пра турэцкага караваншчыка, якi выконвае дзяржаўную замову -- вязе са сталiцы на заходнiя межы Асманскае iмпэрыi незвычайны груз -- чорныя накiдкi з чадрамi. У гэтыя самыя чадры мусяць быць убраныя жанчыны Грэцыi, Альбанii, Сэрбii. Турак-караваншчык, просты шчыры чалавек, вельмi дзiвiцца чужым норавам, раскаванасьцi й адкрытасьцi бальканскiх жанчынаў.
Мiжволi сьцiплы караваншчык аказаўся праваднiком асманскае культуры, iдэалёгii... За ягонымi плячыма застаецца колер ночы. За ягонымi плячыма моўкне сьмех. Але... гарэзьлiвыя, сьветлыя вочы эўрапеек закiдваюць у ягонае сэрца зерне сумневу...

Зьнямелыя народы Бальканаў, спынiўшы разьбег уласнае цывiлiзацыi, страцiлi ня толькi сваю дзяржаўнасьць, але i культурную самастойнасьць. Адбыўся глябальны пераварот -- з цэнтра ўсходнехрысьцiянскага мэсiянiзму Бальканы ператварылiся ў аб'ект цюрскае акультурацыi.

Антычная Грэцыя пасьля страты ўласных дзяржаўных фармаў яшчэ бясконца доўга слала сьвятло свае цывiлiзацыi ў Эўропу i Азiю. Заваёўнiкi самi былi паняволеныя элiнскай культураю i накiнулi яе многiм народам аж да Аральскага мора i аўганскiх гор. Высокi кшталт грэцкае скульптуры дайшоў да нас пераважна... у безьлiчы рымскiх копiяў, а антычная фiлязофiя зьбераглася... у мудрагелiстых арабесках мусульманскiх перапiшчыкаў... I сёньня
любы па колькасьцi народ можа прымусiць цэлы сьвет спажываць прадукт свае культуры, калi ў народа ёсьць воля. Нас можа не абыходзiць нi колькасьць iрляндцаў нi нават лёс iхнае мовы,
але мы чытаем Джойса i слухаем iрляндзкi рок, бо яны паняволiлi сьвет. Гэта значыць, што i мы можам зьняволiць сваёй культураю сваiх заваёўнiкаў, а можам i заваяваць сьвет, калi толькi нам ня здрадзiць воля.

З часоў позьняга Адраджэньня нацыянальныя культуры, якiя колiсь былi экспансiянiстамi i накiдвалi свой кшталт культуры ўсяму вядомаму сьвету, але пачалi дбаць толькi пра кансэрвацыю ўласных здабыткаў, непазьбежна пераўтваралiся ў рэцыпiентаў -- спажыўцоў чужых культурных уплываў i на стагодзьдзi сыходзiлi з арэны. Напрыклад, Нарвэгiя выйшла зь летаргii толькi ў другой палове мiнулага стагодзьдзя, а напачатку нашага ўжо ўвесь сьвет ведаў музыку Грыга, лiтаратуру Гамсуна, мастацтва Мунка. Iхным памкненьнем найперш было скарыць Эўропу, а ўжо нарвежцамi iм было наканавана застацца.

Iндыкацыя жывой культуры -- яе гатовасьць даць сьвету адказы на агульначалавечыя пытаньнi. Тады праявы культуры становяцца не падпоркамi маста, а самiм мастом, па якiм мы пераходзiм у заўтра...

Беларусь за часамi Адраджэньня вяла рэй у славянскiм сьвеце. Сымбалем нашае цывiлiзацыi стала друкаваная кнiга. Яскравы прыклад нашае экспансii -- славутая Берасьцейская Бiблiя,
выдадзеная Мiкалаем Радзiвiлам Чорным адмыслова па-польску, каб iскры Рэфармацыi закiнуць нашым суседзям на Захад. Лягiчным працягам фэерычнае эпохi беларускага кiрылiчнага друку быў сталы ўплыў на Ўсход, якi выявiўся ў самых розных формах культуры: ад разьбы па дрэве i кахлярства да тэатра i вершаскладаньня. Тым шрыфтам, якi вырабiў пастар са Слуцку Галяш Капiевiч да сёньня паслугоўваюцца сэрбы i ўкраiнцы, асетыны й манголы.

Ад часоў каралевы Боны ў 16 ст. сама Беларусь стала аб'ектам iтальянскай культурнай экспансii. Па вынiках мы атрымалi ня толькi рэформу землекарыстаньня й эўрапейскую ўрбанiстычную культуру, але i высокi кшталт дойлiдзтва. Беларусь стала цэнтрам барока, апошнiм яго фарпостам на краю цывiлiзацыi. А ўжо напачатку 17 стагодзьдзя Беларусь рэтрансьлявала гэты стыль, адаптаваны й зьбеларушчаны, у розныя краi. Перанос вонкавага ўплыву далей стаў эфэктнай i эфэктыўнай формаю ўласнай экспансii.

Беларусiзацыя формаў барока i iх экспарт -- цi ня самы вялiкi ўнёсак Беларусi ў гiсторыю сусьветнага мастацтва. Вiцебская пара пачатку стагодзьдзя -- яшчэ адзiн прыклад. Вiцебск
выправiў у сьвет не беларускае мастацтва, а самiх беларускiх мастакоў. Яны перайшлi мост, якi за iхнымi сьпiнамi ахутала ноч.

А сёньня мы йзноў гародзiм падпоркi, цешымся з пацьвiлых паляў, што засталiся ад тых мастоў. Засяроджаныя на самадастатковасьцi, на ўнутраным спажываньнi, на хатнiм
ужытку... Ня дзiўная рэч -- упэўнiваць самога сябе ў сваёй перавазе над астатнiмi. Той, хто гэтым займаецца, звычайна носiць на сабе чужую рацыю, як чорную турэцкую чадру.

... Стары караваншчык, герой апавяданьня Кадару, спакутаваўся ад сумневаў. Пакрысе ў iм высьпела адчуваньне жалю да тых жанчын, якiх ягоная дзяржава спавiла ў колер жалобы. Праз гэтае неакрэсьленае адчуваньне жалю караваншчык кепска скончыў свой шлях. Выходзiць, ня вартыя жалю тыя, хто ня мае волi на тое, каб сьцьвярджаць сваю перавагу iншым".

(Сяргей Дубавец: ) Гэткае адкрыцьцё зрабiў Сяргей Харэўскi. Андранiк Антанян адчуў беларускую культурную экспансiю ня толькi вакол сябе, але i на ўласнай асобе.

(Андранiк Антанян: ) "Беларускя культурная экспансiя". Большасьць тых, каго ў нашым
грамадзтве прынята называць iнтэлектуаламi, аднясуць гэтую фразу да абсурдных. Што да мяне, то я не кручу пальцам ля скронi, калi чую гэты выраз, бо сам армянiн Андранiк Антанян
стаў ахвяраю гэтай экспансii. Ахвяраю далёка ня першай i зусiм не апошняй. I гэта цешыць.

Аднак сёньня ў Беларусi пануе iншая думка -- пра неабходнасьць супрацiву культурнай экспансii з Усходу (Захаду). Лiчыцца, што гэта ледзьве не галоўны лёзунг усяго нацыянальнага адраджэньня ХХ ст. Насамрэч, гэты лёзунг -- плён нашага часу.

Пераглядаючы гадавiкi старых пэрыёдыкаў, я заўважыў, што беларускiя публiцысты першай паловы стагодзьдзя ўжывалi слова "абарона" толькi ў дачыненьнi да сваiх правоў: палiтычных, эканамiчных, сацыяльных. Абараняцца ад якiх бы там нi было ўплываў не ўваходзiла ў iхныя пляны. Задача стаяла адваротная -- афарбаваць у адзiн беларускi колер усё шматпляменнае насельнiцтва на землях акупаванага Вялiкага Княства. Беларуская Сацыялiстычная Грамада перакладала свае ўлёткi на лiтоўскую мову й распаўсюджвала iх пад сваiм партыйным подпiсам па усёй Аўкштоце, Жмудзi й Сувалкii. I лiтоўскiя сяляне, якiя раней i ня чулi пра iснаваньне Беларусi, рабiлi страйкi, так, як раiлi iм гэта рабiць беларускiя сацыялiсты, бо сваiх, лiтоўскiх тады яшчэ не было. Рэвалюцыйныя вершы Алаiзы Пашкевiч-Цёткi, якiмi нас так мучылi на ўроках беларускай лiтаратуры, у 1905-07 гадах шматразова
друкавалiся-перавыдавалiся цi ня ўсiмi партыйнымi арганiзацыямi левага накiрунку, што iснавалi тады ў шматнацыянальнай Вiльнi.

Ахвярамi гэтай экспансii сталi Максiм Багдановiч зь берагоў Волгi й жыд Самуiл Плаўнiк, якi замест таго, каб адрошчваць пэйсы й сьпяваць вясёлыя хасiдзкiя песьнi, стаў беларускiм
лiтаратарам. Ды хто скажа, колькi людзей пад час руйнаваньня Расейскай iмпэрыi паставiлi сваё жыцьцё на беларускую карту, стаўшы беларусамi-нэафiтамi? Цi адчувалi сябе агрэсарамi
настаўнiкi з младабеларусаў, што гвалтам i пагрозамi прымушалi жыхароў лiтоўскiх i польскiх анкляваў краю запiсваць сваiх дзяцей у беларускiя школы? Наўрад цi.

Апошнiя дзесяць гадоў са старонак беларускiх выданьняў сто разоў на дзень паўтараецца тэзiс пра вымiраньне беларускай нацыi, мовы. Паўсюдна шукаюцца й знаходзяцца ворагi, але гэта робiцца выключна дзеля таго, каб застрашыць самiх сябе. Тыя людзi ня ўцямiлi, што культура, якая ажыцьцяўляе экспансiю, сама ставiць сябе пад удар. I што адзiная культурная прастора -- гэта месца, дзе сустракаюцца экспансii. Беларусы ж чамусьцi баяцца наносiць удары па сваiх ворагах, а калi такое адбываецца, то разглядаецца як выпадковасьць, сьмешная показка па палёх гiсторыi.

Прыклады таго, як магла б праявiць сябе Беларусь па-за межамi тэрыторыi дзяжавы, ёсьць. Гэта хоць бы й мiльённыя наклады кружэлак "Песьняроў". Дарэчы, днямi я знайшоў яшчэ адзiн сьлед гэтай культавай каманды 70-х, i ў самым нечаканым месцы, на вокладцы кампакт-дыску найпапулярнейшага ўкраiнскага рок-гурта "Воплi Вiдаплясава" "Краiна Мрiй", дзе музыкi кажуць вялiкi дзякуй Iсусу, "Пiсьнярам" i чарнiгаўскаму пiву. Яшчэ адзiн прыклад -- раманы, напiсаныя ў Менску беларускiмi лiтаратарамi паводле вiдэа-тэлехiтоў i прызначаныя для спажыўца "за Ўралам". Iх аўтары й працадаўцы былi абвiнавачаныя ў амаральнасьцi. Але цi маральна марыць пра вялiкi кiтайскi мур, якi б адгарадзiў нас ад польскiх ксяндзоў i расейскай папсы?"

(Сяргей Дубавец: ) Андранiк Антанян мяркуе, што найбольш плённы i маральны спосаб
супрацьстаяць чужой культурнай экспансii -- гэта разьвiваць сваю. Доказаў гэтае думкi колькi заўгодна ў суседнiх краiнах. Хоць бы i ў маленькай Лiтве, дзе за апошнiя гады канчаткова
перабiлi хрыбет паланiзацыi i русiфiкацыi, стварыўшы ўласных ксяндзоў i ўласны шоў-бiзнэс.

Аднак вернемся да тэарэтычнага трактату польскага дасьледчыка Бончы-Тамашэўскага. Ён прапануе выразна адрозьнiваць бiялягiчную экспансiю, што вызначаецца жывёльным паходжаньнем чалавека, i экспансiю культурную, якая, як i ўсё ў культуры, не вызначаецца нiчым, апрача чалавечае волi.

"Культурная экспансiя -- гэта ўвядзеньне пэўнага ладу на абшары, якi дагэтуль "незагаспадараны". Пачатак экспансii можа наступiць тады, калi ўкараненьне ў рэчаiснасьцi дастаткова моцнае, калi адзiнка або група ведае, што дасягнула пэўнае праўдзiвае вiдзежы сьвету".

Вось, можа быць, галоўная думка, якая стаiць нам сёньня на перашкодзе. Мы, беларускае адраджэньне ў шырокiм сэнсе, ня ведаем, што дасягнулi праўдзiвае вiдзежы сьвету, не
перакананыя ў гэтым, ня ўпэўненыя. Самыя падвалiны нацыяналiзму -- ад назвы краiны да выбару правапiсу -- страсаюцца кожным нэафiтам, а "старафiты" стамiлiся спрачацца,
маўляў, ай, хлопцы, седзiмо, на чым ёсьць i гледзiмо на ўзоры дэмакратычных краiнаў. Гэта i ёсьць брак волi.

Спамiж тыпаў экспансii i экспансiянiстаў польскi дасьледчык найперш выяўляе ўнутраную экспансiю i пустэльнiка, засяроджанага на сваiм пагружэньнi ў рэчаiснасьць, бо толькi гэта дае яму магчымасьць цалкам рэалiзаваць свой чалавечы патэнцыял. Ён усьведамляе навакольны сьвет у найшырэйшым аспэкце: мэтафiзычным, гiстарыязафiчным, эсхаталягiчным i г.д.
Гэты тып у беларушчыне цi ня самы пашыраны на самых розных iнтэлектуальных узроўнях. Мы ўсе гiсторыкi з чырвонага радка i паэты або мысьляры, словам -- ПУСТЭЛЬНIКI. Самотнiкi. Згадаем дзейнасьць гiсторыка Мiколы Ермаловiча, палiтыка Зянона Пазьняка або фiлёзафа Iгара Бабкова, каб зразумець, што гэткi гераiчны тып найбольш пашыраны сярод нас. Гэта экспансiя ў сабе. Бонча-Тамашэўскi мяркуе, што "за адзiнкавай унутранай экспансiяй iдзе ўзмацненьне ўсяго грамадзтва, нават калi яго члены ня бралi ў гэтым непасрэднага ўдзелу". У якасьцi клясычных прыкладаў унутранай экспансii на грамадзкiм, так бы
мовiць, узроўнi, дасьледчык называе кiтайскую супольнасьць зь яе саракавечнай традыцыяй i качавыя сэмiцкiя плямёны зь iх вандроўкаю ў Палестыну, зрэшты ўсю Бiблейскую гiсторыю жыдоў.

Пачаткi вонкавае экспансii дасьледчык зьвязвае са зьяўленьнем пiсьма. А першым тыпам такога экспансiянiста называе АДКРЫВАЛЬНIКА. Эпоху Вялiкiх Геграфiчных адкрыцьцяў 15-16 ст. распачалi гiшпанцы i партугальцы -- чаму?

"Зусiм не таму, што масы беднага рыцарства прагнулi прыгодаў i хуткае нажывы, як гэта звычайна падаецца. Адкрыцьцi не патрабуюць столькi людзей, каб яны маглi вырашыць праблему iдальго. Зрэшты i "акупальнасьць" удзелу ў падарожжы з эканамiчнага пункту гледжаньня нiякая, а рызыка велiзарная. З 265 удзельнiкаў экспэдыцыi Магеляна вяртаюцца 18!"

Крынiцу экспансii iбэрыйскiх адкрывальнiкаў Бонча-Тамашэўскi бачыць у той самай значнай для грамадзтва ўнутранай экспансii. Найперш, у рэлiгiйнасьцi, арыгiнальным i дынамiчным
каталiцызме. Зьвярнiце ўвагу на доўгатэрмiновыя пасты, малiтвы i iншыя рэлiгiйныя практыкi гiшпанцаў перад выхадам у вандроўку. На жаль, звычайна гэтага не заўважаюць. Хоць
аналiз мiту Эльдарада цi мiстычнае крынiцы "жывое вады", якая мусiла знаходзiцца ў Флёрыдзе i прывяла да стварэньня гiшпанскай вэрсii легенды пра сьвяты Грааль, пацьвярджае
такую думку.

Адкрывальнiцкiя экспансii працягваюць ажыцьцяўляцца i сёньня. У аблiччы навукi. У гэтым выпадку экспансiянiсты пашыраюць межы рэчаiснасьцi. Але цi можам мы казаць, што гэта тычыцца i сучаснае беларушчыны? Наўрад цi. Хiба што з ранейшага часу, з 70-80-х гадоў жыва згадваецца прарыў у галiне гiсторыi лiтаратуры, калi дзясятак адкрывальнiкаў лiтаральна засыпаў публiку невядомымi фактамi.

Наступны герой вонкавае экспансii -- заваёўнiк. Iм рухае тое самае, што i адкрывальнiкам, але ягоныя дзеяньнi чыста дэструктыўныя. Ён не пашырае межы рэчаiснасьцi, а зьнiшчае стары лад нiбыта дзеля таго, каб усталяваць новы. Тут згадваюцца сярэднявечныя набегi гунаў альбо мангола-татараў. Iстотна, што заваёўнiк таксама падрыхтаваны практыкамi ўнутранае экспансii, ён таксама дзейнiчае ў iмя пэўных сваiх iдэалаў. I нават бальшавiцкiя руйнавальнiкi старога сьвету зьбiралiся, прынамсi ў песьнях, будаваць сьвет новы. Праўда, узьнiкае пытаньне -- якой унутранай экспансiяй была падрыхтаваная iхная дзейнасьць? Хiба што выношванай доўгiмi гадамi нянавiсьцю да iсных парадкаў, а таксама -- да культуры, адукацыi, дастатку.

Калi з клясыфiкацыяй бальшавiкоў як заваёўнiкаў яшчэ можна пагадзiцца, то расейская экспансiя на Беларусь у ХIХ ст. выпадае з клясыфiкацыйнай таблiцы польскага дасьледчыка. Iнакш яму давялося б увесьцi яшчэ адзiн тып экспансiянiста -- марадзёр. Бо гэта не была заваёва i сьцьвярджаўся тут ня новы лад, а звычайны для расейскай правiнцыi бюракратычны хаос. Вось цытата з тагачаснага публiцыстычнага рамана пра Беларусь -- нованабыты Расеяй "Западный край":

"Несколько лет тому назад западный край был центром, куда стекалось великое множество людей великорусского происхождения преимущественно и православного исповедания непременно... Здесь стекались люди всяких профессий, возрастов и положений... Это был пир, на который шли все, кому нечего было терять, у кого ничего не осталось за душой дома... Это была ежечасная эмиграция...

Аттестатов никаких не требовалось: достаточно было приехать из России и заявить себя православным, чтобы получить право на такие льготы, права и преимущества, которые превращались в настоящий рог изобилия. Можно поэтому представить, какая масса
разной дряни наводнила собой эти несчастные 9 губерний! Какой контингент лжи, низости, всяких обманов, подкупов, подлогов и нравственного растления принесла с собою эта православная армия алчущих и жаждущих, чающих и ожидающих! Как саранча, бросились они на готовые места, торопясь захватить все то пространство, которое было для них наильственным образом очищено; церемониться было ни к чему, и под видом обрусения и
пропаганды православия эти завоеватели преследовали такие цели, которые не имели ничего общего ни с религией, ни с нравственностью, ни даже с политикой действительного
обрусения..."

Заўважу, што гэты пэрыяд, другая палова ХIХ ст., калi ў Беларусь з Расеi толькi паводле статыстыкi прыбыла ня менш за мiльён чалавек, яшчэ чакае свайго дасьледаваньня i ацэнкi.

Наступны ў шэрагу экспансiянiстаў -- пiянэр. У беларускай традыцыi гэтаму паняцьцю адпавядае пачынальнiк. Заваёўнiк нiчога не будуе, толькi руйнуе. Будуе ПIЯНЭР. Ён не такi калярытны i харызматычны, як папярэднiя тыпы. Бадай толькi амэрыканцы здолелi зрабiць яго героем эпасу. Дзiкi Захад ХIХ ст. стаўся найлепшым тэатрам дзейнасьцi пiянэра. Задача пiянэра -- усталяваньне ня столькi новага ладу, колькi старога ў найлепшых ягоных праявах. Пiянэр -- стабiлiзатар, якi супрацьстаiць хаосу бандытаў i iндзейцаў.

Мiж iншым, экспансiянiсцкiя памкненьнi пiянэраў адлюстваныя i ў беларускiм эпасе -- "Новай Зямлi" Якуба Коласа. Можа быць, гэта самы сьветлы i канструктыўны вобраз нашае нацыянальнае экспансii. На доўгi час гэты тып быў страчаны ня толькi беларушчынай, але i ўсёй нацыяй. Кiнутыя вёскi i землi сьведчаць пра гэта. Пiянэра ў чалавеку забiла савецкая ўлада i працягвае забiваць цяперашнi рэжым.

Калi распачынае шэраг экспансiянiстаў пустэльнiк, дык завяршае яго iншы герой, зьвязаны з сакральнай сфэрай -- мiсiянэр. Сьвяты сталi патронамi многiх эўрапейскiх народаў. Нямала
прыкладаў мiсiянэрскае дзейнасьцi ведае i беларушчына зь яе ксяндзамi-паэтамi мiжваеннага часу. Дарэчы, гэткая практыка, пiша Бонча-Тамашэўскi, характэрная толькi для хрысьцiянаў.
Iслам надае ролю мiсiянэра заваўнiку, а рэлiгii Ўсходу наогул засяроджаныя на ўнутранай экспансii. Хрысьцiянскi мiсiянэр усталёўвае свой лад на трансцэндэнтных падставах.

Так у агульных рысах выглядаюць праявы культурнай экспансii, без разуменьня якой, на думку польскага дасьледчыка, немагчыма зразумець уласную культуру.

Сучасная беларушчына ў гэтым сэнсе не складае выключэньня. Адно кiдаецца ў вочы пераблытанасьць нашых памкненьняў, слабасьць волi i адсюль -- бяскрайнi абсяг нескарыстаных яшчэ магчымасьцяў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG