Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рэспубліка Радзіма.


Аўтар і вядучы Сяргей Дубавец, Вільня

Адзiн пiцерскi знаёмец некалi распавядаў, што для расейскага вуха Вячаслаў Францавiч Кебiч гучыць ня йначай як Беата Тышкевiч, гэта значыць, не па-свойску. У тыя часы людзi ў Расеi магчыма ўпершыню адчулi, што брацiшка-беларус жыве ў iншай краiне. Прычым адчулi на самым жорсткiм, знакавым узроўнi - на ўзроўнi ўласных iмёнаў. Тады ж, спрабуючы вярнуць братэрскае "единообразие", сёй-той з палiтыкаў тлумачыў, што ў Беларусi ўладу захапiлi палякi. А мясцовыя нацыяналы, наадварот, вышуквалi ва ўласных iмёнах глыбокiя эўрапейскiя повязi. I калi Кебiч сустракаўся з Колем, яны задаволена адзначалi, што сустракаюцца дзьве капусты: Кебiч па-ангельску i Коль па-нямецку.

Роля ўласных iмёнаў, iх таемны ўплыў на лёсы людзей i ўсяго народа магутная i да канца невытлумачальная. У мiнулым выпуску "Вострае Брамы" я паабяцаў зьвярнуцца да гэтае тэмы з дапамогай дасьведчаных экспэртаў, i сёньня мы зробiм гэта напрыканцы нашае праграмы. А пачнем яе зь яшчэ адной знакавай тэмы - з цытатаў, якiя часам самi просяцца на язык. Пра гэта напружана думае наш аўтар Зьмiцер Бартосiк.

OPUS CITATUM

(Зьміцер Бартосiк: ) "Iшым часам у мяне ўзьнiкае ўражаньне, што наша лiтаратура ад часоў першай "Нашай Нiвы" нiчога вартага цытаваньня не нарадзiла. Прычым не адмыслова адшуканай цытаты дзеля большай важкасьцi ўласнае думкi, а таго, што напрошваецца на язык
мiжвольна. I амаль усё, што лавiла маё вуха ў размовах зь сябрамi, было напiсанае амаль сто гадоў таму. "Няма таго, што раньш было", - з тэатральнай скрухаю ў голасе кажа мой сябра,
аглядаючы палiцы пiвярнi i не знаходзячы на ёй беларускiх гатункаў. Другi, штурмуючы набiты аўтобус, любiць уставiць "Падымайся зь нiзiн, сакалiна сям'я". Што цiкава, дапамагае.
Падымаюцца з радасьцю. Асобная тэма - эпiтэты на адрас роднага народа. Тут нашыя клясыкi пашчыравалi ад душы, даючы нам, сёньняшнiм, магчымасьць не займацца хаця б гэтым - абуджэньнем уласнага люду з гразi, з каленаў, зь ярма, з лапцёў i да таго падобнага. Ды, разам з тым, пры кожным зручным выпадку згадваем i што "сьляпы, быццам крот", i "дурны, як варона" ды iншыя красамоўнасьцi, ад якiх любы нармальны чалавек моцна засумняваецца - а цi сапраўды ён здаровы? Нiбы пратэстуючы супраць гэтага лапцюжнiцтва, цi, можа, успрыняўшы яго як асабiстую абразу, мой трэцi знаёмы пры кожным адпаведным выпадку не бяз гонару кажа - "хай я дурны, але ж мужык". Але ж клясыкаў ня судзяць. I цытуем мы iх не таму, што яны клясыкi, а клясыкi - таму што мы цытуем.

Цiкава, што ў нашанiўскiм сьпiсе ста лепшых кнiг няма прозьвiшча Аркадзя Куляшова. Аднак зь якою б гiронiяй мы нi прыгадвалi юнака, што "цьвёрда трымаўся на дапросе", той юнак
перажыве нас i нашыя прагнозы. Асабiста мне падабаюцца Куляшоўскiя лiрычныя радочкi "пайшла ты, любая, пад гоман жоўтых сосен". Не з адною любаю я такiм чынам разьвiтаўся, але крыўдаў не было. Усё ж клясыка! А адно клясычнае выказваньне суправаджае нас ужо больш за стагодзьдзе. Тое, пра "не пакiдайце, каб ня ўмёрлi". Невядома, колькi ж стагодзьдзяў нас чакае пад такiм жыцьцесьцьвярджальным лёзунгам. Магчыма, пакуль не памрэм.

Адкуль гэткая беднасьць? Ад нашай нецiкавасьцi да ўласнай афарыстыкi? Цi ад нашай ляноты зрабiць удалы сказ крылатым? У адсутнасьць годнага матэрыялу я ня веру. Веру, што ўдала
напiсанае слова ў дзясяткi разоў узмацняецца, калi становiцца ўдала, да места й не аднойчы прамоўленым. Я таксама схiльны думаць, што характар нашых цытатаў служыць сваеасаблiвай афарбоўкай нашага часу, цi ягоным знакам. I з асьцярожнаю радасьцю ўсё часьцей заўважаю, як шэрыя колеры "кутка цемнаты" патроху саступаюць месца "маёй краiне пад белым сьцягам". Таму што, "наша, не чужое". Таму што, "былi, ёсьць i будзем". Таму, урэшце, што "з намi анёл абаронца, з намi Божая мацi".

(Сяргей Дубавец: ) Зьмiцер Бартосiк усё ж знайшоў сярод беларускiх цытатаў, якiя самi просяцца на язык, тое, што абнадзейвае.

Мiнулым разам мы гаварылi пра тую фiксаваную беднасьць на чалавечыя iмёны, якая з савецкiх часоў гаспадарыць у Беларусi. Сашы з Машамi i Наташамi, безумоўна, пазычаныя ў суседняга народа, ствараюць пэўны абмежаваны прэйскурант, за межы якога ў загсах, дзе рэгiструюць дзяцей, выходзiць або не рэкамэндуюць, або нават забараняюць. У iншых народаў такiх жорсткiх абмежаваньняў паводле ўсенароднай дамоўленасьцi не iснуе. А ў дачыненьнi да нас гэта сьведчыць пра абмежаваны кругагляд, што выяўляецца цi не ва ўсiх сфэрах жыцьця. Ад выбараў улады, напрыклад, да працы газэтных кiяскёрак. Ужо паўгода кiяскёркi ўсяе Беларусi тэрарызуюць рэдакцыю "Нашай Нiвы" з патрабаваньнем падняць iмя газэты зь сярэдзiны старонкi ў самы верх. Iначай iм нявыгадна раскладаць. Вось яна, вядомая з СССРу неабмежаваная вахцёркая ўлада. Пляваць на эстэтыку i нават на пажаданьнi чытачоў газэты. Кiяскёркам нязручна. А раскладаць па-iншаму, чым цяпер, яны ня могуць. Таму кожная газэта мусiць быць як усе.

***

Выбар iмя - гэта важны акт, у якiм сыходзяцца традыцыi, густы i астральная энэргiя. Калi ж над народам пануе абмежаваны загсаўскi прэйскурант, для выбару амаль не застаецца месца. На гэтай абмежаванай прасторы мы поўнiмся крытыцызмам да iмёнаў сваiх суайчыньнiкаў i да iмя самое нашае краiны Беларусi.

Некалькi нумароў запар у "Нашай Нiве" друкуюцца лiсты беларусяборцаў. Маўляў, кепскае iмя нашай краiны фатальна навiсла над ейным лёсам i не дае ёй вылузацца, стаць самастойнай i самавiтай. Адзiн чытач прапануе называцца Крывiяй, другi Лiтвой. Абодва падтрымваюць адзiн аднога ў крытыцы iмя Беларусь, але ў выбары альтэрнатывы разыходзяцца. Маўляў, Крывiя сымбалiзуе толькi паганскую веру, а Лiтва - хрысьцiянскую. Трэцi чытач, якому таксама недаспадобы Беларусь, адмаўляе Крывiю, бо ён гомельскi, г.зн. радзiмiч і ганарыцца ўласнай рода-племянной традыцыяй. Я думаю, прыгожая магла б атрымацца назва - Рэспублiка Радзiма...

Чацьверты прапануе, каб ня блытацца зь Лiтвой-Летувой, называцца Вялiкалiтвой. Пяты чытач ужо ня пiша, а тэлефануе мне ў рэдакцыю i кажа, што пасьля ўсiх гэтых прапановаў у яго
ня толькi ўсё пераблыталася ў галаве, але й паплыла трывалая глеба пад нагамi. Маўляў, справа, дзеля якой жывеш i выстойваеш у супрацьстаяньнi з антыбеларускiмi ўладамi,
пачынае рассыпацца на мноства часьцiнак. I калi ўжо на тое пайшло, яму зручней называцца як ягоная вясковая бабка - тутэйшым, самым мудрым i па-фiлязофску глыбокiм сялянскiм iмем, ад канкрэтнага месца на зямлi - тут. Вось толькi ў горадзе гэтага "тут" няма, не намацваецца...

Парадокс у тым, што ўсе нашыя чытачы маюць рацыю. I наконт Беларусi, i наконт Крывii зь Лiтвой, i наконт Тут. Усе iхныя прапановы сто разоў гiстарычна апраўданыя i вартыя ўвагi.
Адно, што выбар гэтых людзей, якiя сыходзяцца ў справядлiвай крытыцы iмя Беларусь, разводзiць iх у розныя бакi. Ён iх не злучае, а разьядноўвае. Бо крывiч нiколi не захоча звацца
лiцьвiном або тутэйшым i наадварот. I чым далей будзе працягвацца дыскусiя, тым больш непераадольны будзе вырастаць памiж iмi бар'ер. Досьвед у гэтым сэнсе ў нас ёсьць. Гэта расколатая беларуская эмiграцыя, якая паглыбiла свае разыходжаньнi ў выбары назвы краiны на раскол канфэсiйны, партыйны i ўсялякi iншы. Прымiрэньне ў большасьцi выпадкаў аказалася немагчымым.

А мiж тым якраз беларушчына сёньня - адзiнае, што дазваляе iдэнтыфiкаваць i аб'яднаць супраць русiфiкацыi i крывiчоў, i лiцьвiноў, i радзiмiчаў, i тутэйшых. Уявiм сабе "НН" як лiтоўскую або лiцьвiнскую газэту, цi напiсаў бы ў яе крывiч або якi-небудзь яцьвяг - як у сваю, прычым адначасова сваю для ўсiх? Сумнеўна. Таму выбар у гэтай справе пралягае не памiж альтэрнатыўнымi назвамi, а памiж яднаньнем i расколам.

Назва краiны можа быць зьмененая ў часы ўсенароднага ўздыму i прыходу да ўлады нацыянальных сiлаў або ў часы, калi нармальная ўлада стабiлiзуе сытуацыю ў краiне. Скажам, крывiцкая партыя пераможа на выбарах лiцьвiнскую i Беларусь стане называцца Крывiяй. Але гэта ня здарыцца сёньня. Сёньня антыбеларускi i антыдэмакратычны рэжым, якi заняў пасад краiны, будзе назiраць за спрэчкаю крывiчоў зь лiцьвiнамi, i цешыцца тым, што iхны адзiны сьцяг разьдзёрты на дробныя кавалкi няiсных краiнаў.

Як нi круцi а зьмена назвы не выглядае сёньня панацэяй для Беларусi. Можа быць, у нашае агульнае маткi i сапраўды НЯ ТОЕ iмя. Але на iншае яна нам не адгукнецца.
XS
SM
MD
LG