Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Леў Вітан-Дубейкаўскі.


Аўтар і вядучы Сяргей Дубавец, Вільня

Пад сёлетнiм калядным дажджом прыходзяць у галаву ўсялякiя дзiўныя думкi. Вось слухаў днямi славутую "Лесьвiцу ў неба" Led Zeppelin, пра бедную дзяўчынку, якая паднялася да Бога, а згадваў "Варожбу" Алеся Гаруна, "Засьцянковую аповесьць" пра сiротку панну Эмiлю, у якой ад пошасьцi памерлi бацькi, i якую ўзялiся гадаваць паны.

Ўстане, паходзiць i сядзе iзноў,
Б'ець у галоўку гарачая кроў;
Нейкiя ў сэрцы парвалiся тамы,
Твар то збляднее, то зробiцца ў плямы...
Стане прад маткай сьвятой з Вострай Брамы,
Просiць: "Прачыстая, згiнуць ня дай,
Гора адкiнь, ад бяды захавай!"

Гэты верш датаваны 17-м годам, тым самым, калi была напiсаная Багдановiцкая "Пагоня", дзе паэт таксама зьвяртаецца да Вострае Брамы, як да апошняга паратунку. I мне зноў прыходзяць у галаву дзiўныя думкi пра розныя гiстарычныя i культурныя трансфармацыi. Я думаю, цi маглi б Led Zeppelin даць канцэрт у атворы Вострае Брамы? Як бы гэта ўсё выглядала? Уяўляю сабе гэта i ня бачу неадпаведнасьцi. Led Zeppelin у беларускiм кантэксьце выглядаюць нармалёва, прынамсi больш арганiчна, чым шмат якiя намiнальна беларускiя дзеячы культуры. Я згадваю яшчэ школьны прыкол пра тое, што сваю "Эмiгранцкую песьню" Led Zeppelin напiсалi на словы Максiма Багдановiча, у якога таксама ёсьць "Эмiгранцкая песьня". Зрэшты, я й цяпер ня ведаю, можа быць, так яно й было. А яшчэ згадваецца, як мiнулым летам шараю гадзiнай на Карлавым мосьце ў Празе два дзясяткi студэнтаў, седзячы проста на бруку, сьпявалi хорам пад гiтару песеньку "One" iрляндзкага гурту U2. Гады тры таму, слухаючы гэтую песьню, я пiсаў у "Нашу Нiву" абразок пра нашых сучасных лясных братоў - змагароў з усiмi антыбеларускiмi рэжымамi, якi называўся "Дзядзька Мiхась". А да тых студэнтаў на Карлавым мосьце мы спускалiся з Градчанаў, ад праскага помнiка Францiшку Скарыну...

Гэтак дзiўныя згадкi пераблытваюцца ў галаве, утвараючы гарманiчны i зусiм асабiсты культурны кантэкст ХХ стагодзьдзя. Усё гэта ўспрымаецца як вельмi блiзкае - Вострая Брама, Алесь Гарун, "Лесьвiца ў неба", Максiм Багдановiч, Led Zeppelin, "Эмiгранцкая песьня", U2, Дзядзька Мiхась, Iрляндыя, Скарына, Карлаў мост... Пад калядным дажджом...

Пад зiмовым дажджом
Мокне прывiд халоднага лета
Мо гэта
Зь берагоў выйшла чорная Лета
I легла
На нашыя мары крыжом.

Кантэкст азмрочваецца, як толькi прыходзяць згадкi пра палiтыку, пра хамства, якое царуе цяпер на Бацькаўшчыне. Праўда, Славамiр Адамовiч здолеў напiсаць пра гэта без
эстэтычнага дысанансу:

Каляды, посная куцьця
Ня пiша пiсем арганiстка
Вiсiць над установай сьцяг
Усенароднага фашыста...

Паэт Адамовiч таксама ўпiсваецца ў Багдановiчаву Вострую Браму, дзе граюць жывую акустычную музыку Led Zeppelin i дзе прытулiлася да сьцяны Гарунова сiротка панна Эмiля. Мiма заклапочана прабягае Антанас Глейзьнiс, колiшнi вайсковы фатограф, якi дапамагаў нам выдаваць першыя нелегальныя газэты, а цяперашнi будаўнiк, якi гадоў пяць таму перасьцiлаў у рэдакцыi "Нашай Нiвы" падлогу... Мае дзiўныя думкi нiбы сьнежны камок коцяцца праз сумёты памяцi, выбiраючы адтуль усё новыя повязi i асацыяцыi. Гэтак паўстае цэлы жывы сьвет, якi прагне расьцi, пашырацца, прыцягваючы ў сябе новыя iмёны, назвы i словы. Напрыклад, Iнтэрнэт. Магчыма некалi мы створым у сусьветнай кампутарнай сетцы сваю
старонку, дзе знойдзецца месца i Глейзьнiсу, i Дзядзьку Мiхасю, i Led Zeppelin, i Славамiру Адамовiчу, i Iрляндыi з Карлавым мастом у Празе, i ўсяму, што ўпiсваецца ў жывы культурны кантэкст. А назавем мы тую старонку, як вы ўжо здагадалiся, Вастрая Брама.

У сёньняшнiм выпуску Сяргей Харэўскi распавядзе пра забыты юбiлей чалавека, якога называюць Купалам у архiтэктуры. Але перад тым агляд менскiх тэатраў i канцэртаў зробiць Зьмiцер Бартосiк, якому прыйшла ў галаву дзiўная думка - пра калядны падман.

ПРЫВАТНЫЯ РЭЧЫ

Зьмiцер Бартосiк абышоў на каляды менскiя тэатры i канцэрты, i не падмануўся. Ёсьць i там, аказваецца, што паглядзець i паслухаць палiтызаванаму супрацiўленцу. Значыць, ня мiтынгам адзiным жывы беларус.

КВАЯВIД

Пад заслону гэтага году мы, сыходзячы адсюль назаўсёды, мусiм не пакiдаць пасьля сябе недаробленых справаў i неспарадкаваных рэчаў. Найперш, цi ўсе i ўсё былi згаданыя, хто i што мусiлi згадацца? Напэўна, не. Мастацтвазнаўца Сяргей Хрэўскi цэлы год чакаў ад сваiх калегаў згадкi пра юбiлей выдатнага дойлiда, якога называюць Купалам у архiтэктуры. I не дачакаўся.

(Сяргей Харэўскi: ) "Увесь гэты год я чакаў аднаго юбiлею. 130 гадоў таму нарадзiўся
чалавек, чыё iмя, на маю думку, мусiць ведаць любы архiтэктар, гiсторык або фiлёляг. Але я не дачакаўся. Нiхто пра яго не згадаў.

Леў Вiтан-Дубейкаўскi нарадзiўся ў 867-м у фальварку Дубейкава, пад Мсьцiславам, у клясычнай шляхецкай сям'i, якая вяла свой старажытны радавод ад лiтоўскiх князёў. Пасьля
школы ў Мсьцiславе, ён скончыў Варшаўскую Школу будаўнiчых рамёстваў, якая стала для яго першым крокам у архiтэктуру...

Пасьля Варшавы Дубейкаўскi перабраўся ў Смаленск, дзе адкрыў сваё прыватнае бюро. Сярод галоўных ягоных твораў тае пары: цэрквы ў Манастыршчыне i Ярцаве, скарбнiца ў Вязьме. У 1894-м ён перамог у конкурсе на будаўнiцтва вялiкага мураванага касьцёлу ў Смаленску. На гэты ж час прыпадае "рэстаўрацыйны" пэрыяд у творчасьцi маладога дойлiда. Дубейкаўскi - першы беларускi архiтэктар-рэстаўратар. На ягоным рахунку касьцёлы ў
Крычаве, Смалянах, Воршы, Сьвiслачы (каля Асiповiчаў) i вядома, у родным Мсьцiславе. Пазьней, жывучы ў Вiльнi, ён кiраваў рэстаўрацыяй многiх помнiкаў, у прыватнасьцi,
кляштараў бэрнардынаў i францiшканаў, якiя ацалелi, дзякуючы ягонай рупнасьцi.

Архiтэктурная i чалавечая актыўнасьць Дубейкаўскага зьдзiўляе. У 1901-м ён будуе ў Смаленску фабрыку жалеза-бэтонных вырабаў, а ўжо праз год працягвае вучобу ў Iнстытуце цывiльных iнжэнэраў у Пецярбургу. Пасьля - тры гады вучобы ў францускай Акадэмii Архiтэктуры, дзе ён атрымаў дыплём архiтэктара-мастака i канчаткова сфармаваўся як мадэрнiст...

Праўда, пры ўсiм гэтым мне часам здаецца, што ён хутчэй нейкi кансьпiратар-разьведчык, чым салiдны архiтэктар-практык з грунтоўнай адукацыяй. Перад першай сусьветнай вайной
Дубейкаўскi ў Варшаве, дзе працуе ў фiрме Лiльпопа й Янкоўскага i выкладае ў Тэхнiчна-прамысловай школе. Бывае ў Бэрлiне. Пасьля закладае ўласнае бюро i становiцца сябрам
"Kola architektow w Warszawie". У 15 годзе ён раптам у Арле, пасьля ў Менску, у 16-м у Петраградзе, iзноў у Менску, Арле, Смаленску i нарэшце, у 18-м - у Варшаве, дзе ачольвае
Беларускi Нацыянальны Камiтэт. Пры тым, паўсюль, дзе б ён ня быў, ён праектуе i будуе заводы, дамы, сядзiбы. Нiякiх праблемаў нi зь перамяшчэньнем празь лiнii фронту, нi з
грашыма...

Крынiцы свае беларускае сьведамасьцi ён называў сам: мацi, якая нiколi не цуралася роднае мовы i кнiжачка Багушэвiча, якую паказаў яму мсьцiслаўскi ксёндз. Яшчэ напрыканцы мiнулага стагодзьдзя, працуючы ў Смаленску, Дубейкаўскi пачаў зьбiраць беларускi фальклёр. Пiсаў па-беларуску вершы, байкi, лiставаўся зь беларускiмi газэтамi...

Фактаў ягонае бiяграфii хапiла б на добры раман. Але вось нарэшце самае важнае.

У кастрычнiку 16-га ў Петраградзе яго знайшоў ксёндз Будьзка i замовiў яму праект драўлянага касьцёлу ў беларускiм стылi для вёскi Янатруда ў Полацкiм павеце. 80 гадоў таму, у студзенi 17-га праект быў зацьверджаны Мiнiстэрствам i ўжо ўлетку мелiся распачацца будаўнiчыя работы... Але праект застаўся незрэалiзаваным.

У кнiзе "Эвалюцыя i рэформа дзераўлянага будаўнiцтва" Дубейкаўскi апiсвае працу над гэтым праектам:

"Заданьне было, хоць i прыемнае, але даволi цяжкое, бо-ж у лiтаратурэ - анi тэхнiчнай, анi архiтэктанiчнай аб беларускiм стылю ня было нiякага ўспамiну. Але, як трэба - то трэба!
Застаўшыся без лiтэратурнай падмогi, глыбока ўдумаўся ў заданьне, у iдэю нашага стылю, i запраектаваў касьцёл. Праўда, не зусiм тут мая заслуга - галоўна памаглi думы-думы з духа
Нашага Народу".

Дарэчы, кнiга "Эвалюцыя i рэформа дзераўлянага будаўнiцтва" - першая нацыянальная тэорыя беларускага дойлiдзтва.

Дубейкаўскi бачыў адметнасьць беларускага кшталту ў дрэве, тутэйшым матар'яле.

"... першабытны спосаб рубкi дзераўлянага зрубу цэнiцца ў нас, на Беларусi - з прадвеку. Як i цяперыка бачым - увесь наш край: сёлы, мястэчкi, гарады разам з Вiльняю аб гэтым ясна
сьведчаць..."

Адольф Клiмовiч, у "Матэрыялах да бiяграфii дзеячоў беларускай культуры i нацыянальнага руху" адцемiў: "... собскую тэхнiку будаваньня з дрэва выясьнiў Дубейкаўскi ў падручнiку
будаваньня..." Новая сыстэма Дубейкаўскага была ўхваленая ў 1923 годзе Таварыствам архiтэктараў у Вiльнi. Але гэта была пакуль тэорыя...

У 1924 годзе Леў Вiтан-Дубейкаўскi праектуе касьцёл для мястэчка Дрысьвяты на Браслаўшчыне. Тым часам ён будуе царкву старавераў у Вiдзах, факультэт мастацтва Вiленскага ўнiвэрсiтэту (сёньня Акадэмiя мастацтваў), лясьнiцтва ў Шумску, падлясьнiцтва ў Кене, прыватныя дамы, уласную сядзiбу ў Вiльнi. Увесь час не перапыняе настаўнiцкую працу. У нашу гiстрыю ён увайшоў i як выбiтны пэдагог, першы беларускi выкладчык архiтэктуры - новага часу. Яшчэ ў 1919 годзе ён выкладаў на беларускiх настаўнiцкiх курсах у Гораднi i ў Вiльнi. А ў 1925 стварае Школу будаўлянага рамяства ў Вiльнi i кiруе ёю.

Роўна 70 гадоў таму Дубейкаўскi нарэшце прыступiў да будаўнiцтва першай ў сьвеце бажнiцы ў беларускiм стылi... Яшчэ адзiн забыты нацыянальны юбiлей... На гары замчышча, якое
паўвыспаю заходзiць у Дрысьвяцкае возера, распачалася будова. Праз два гады касьцёл узьнёсься па-над дрысьвяцкiмi разлогамi. Гэтая нiдзе дагэтуль ня бачаная будынiна i сёньня мае дагледжаны выгляд. Тое, што не ўдалося зрабiць палякам або расейцам, зрабiў беларускi дойлiд. Гэта не этнаграфiчная, а найноўшая нацыянальная архiтэктура: чыстае дрэва i чысты бэтон.

Адсутнасьць дэкору й чужародных матэрыялаў стваралi нязвыклую, арганiчную зьнiтаванасьць будынка з натуральным атачэньнем. Мысьленьне катэгорыямi арганiчнае архiтэктуры было для Вiтан-Дубейкаўскага вынiкам эвалюцыi ўсяго дойлiдзтва i ён
дакладна гэта адчуў. Дойлiдзтва i прырода мусяць быць сплеценыя ў суцэльны гуманiстычны асяродак. Цi ня першым сьведчаньнем беларускай экалягiчнай думкi гучаць ягоныя словы:

"... лес страшэнна эксплёатуецца i вывозiцца ў нашы гарады i за гранiцу - лесу ўсё малей i ён ужо не спраўляецца з патрэбамi чалавецтва расьцi..."

На жаль, i гэтая думка выбiтнага дойлiда-патрыёта патанула ў каламуцi ХХ стагодзьдзя. У 30-я гады Дубейкаўскi шмат настаўнiчае, працуе ў Беларускiм Iнстытуце Гаспадаркi i культуры, аднаўляе кляштар у Друi, будуе кляштар пад Варшаваю, мiкрараён на Антокалi ў Вiльнi. Гэты канструктывiсцкi двухпавярховы асяродак з тэрасамi пэўна ж ня раз спыняў на сабе зьдзiўлены позiрк падарожнiкаў зь Беларусi. Аднак, цяжкая хвароба прыкавала Дубейкаўскага да ложка. Ягоная жонка, мэмуарыстка Юльяна Вiтан-Дубейкаўская, у кнiзе "Мае ўспамiны"
пiша:

"Сумныя былi Каляды 1938 году. Мой добры муж амаль ужо год пасьля цяжкой апэрацыi чакаў, калi Бог яго выбавiць ад ягоных мукаў... 6 лiстапада 1940 году Бог адазваў яго, i ксёндз Адам Станкевiч, якi ў 1922 годзе нас вянчаў, яго й пахаваў на Росе ў роднай Вiльнi".

I да сёньня нейкiм таямнiчым чынам пад Дзяды на магiле дойлiда зьяўляецца шыкоўны букет жывых кветак. Пад простым каменным крыжам словы са Сьвятога Пiсаньня: "Не сумуйце, як тыя, што надзеi ня маюць"...

Дубейкаўскi двума крокамi вывеў беларускую архiтэктуру ў будучыню, паставiў яе ў эўрапейскi кантэкст. Завод жалезабэтонных вырабаў у Смаленску - першы крок беларускае
архiтэктуры ў iндустрыйнае XX стагодзьдзе. Касьцёл Пятра i Паўла ў Дрысьвятах - першы крок архтiтэктуры ў Беларушчыне. I пакуль апошнi...

(Сяргей Дубавец: ) “Леў Вiтан-Дубейкаўскi - энiгматык, яшчэ адна загадкавая постаць у беларускай культуры. Ён уяўляецца ў адным шэрагу з такiмi дзеячамi як Iван Луцкевiч або Iгнат Канчэўскi. Людзi,
вартыя ўсенароднага ўшанаваньня, застаюцца не ўшанаванымi, бо загадкавымi i праз тое як бы больш жывымi за сваiх забранзаўлёных сучасьнiкаў. Iх жыцьцё i справы будзяць жывую
цiкавасьць i прагу разгадаць iхныя матывацыi, якiя часта выглядаюць мiстычнымi. I гэта таксама тэма нашае перадачы. Але разгадваць загадкi нацыянальнае культуры мы будзем ужо ў новым 98-м годзе”.
XS
SM
MD
LG