Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аляксандар Кішчанка і Андрэй Варгола.


Аўтар і вядучы Сяргей Дубавец, Вільня

Сьнежань. Час падводзiць вынiкi году. У атворы Вострае Брамы, разам зь вядомымi ў Беларусi людзьмi, мы паспрабуем вызначыць галоўную культурную падзею 97-га. А Сяргей Харэўскi распавядзе пра творчасьць мастака Аляксандра Кiшчанкi, якi сёлета пакiнуў наш сьвет.

OPUS CITATUM

Што вы чытаеце, гледзiцё, слухаеце? Цi спадабалася? Чаму? Як зьмяняецца кола вашых прыхiльнасьцяў? Што вы параiце iншым?

Першае ўражаньне пасьля апытаньня гуманiтарыяў пра культурную падзею году - агульная прыгнобленасьць i адсутнасьць Падзеi як такой. Паэт Лявон Галубовiч сказаў нам пра цёмную аўру, якая закрывае яму сьвет апошнiм часам, а паэтка Галiна Дубянецкая адказала проста, што нiякiх падзеяў не было.

Мы зь Сержуком Сокалавым-Воюшам наўмысна зьвярталiся да людзей культуры, як нам уяўляецца, нацыянальнага маштабу, а адказы атрымлiвалi часта з прыватнага цэхавага клопату. Магчыма, так яно i мусiць быць. Але ж ня цалкам. Нешта, паводле лёгiкi, мусiць прызнавацца ўсiмi. Iнакш пачынаеш думаць, што нашыя гуманiтарыi iснуюць сёньня ў культуры зусiм паасобку. А гэта значыць, што нiякага адзiнага культурнага кантэксту, хай сабе ўрэзанага цi фрагмэнтарнага, у Беларусi няма.

Напрыклад, Мiкола Нiкалаеў - кнiгазнаўца зь Пецярбургу назваў падзеяй году 600 ўгодкi кiеўскай псалтыры. А адзiн зь дзеячоў рабочага руху Вiктар Iвашкевiч прыгадаў пастаноўку "Князя Вiтаўта" ў Купалаўскiм тэатры.

Выглядае, што мы ў "Нашай Нiве" таксама iснуем у пэўным iзаляваным асяродзьдзi. У нас сёлета выйшла з друку кнiга ўспамiнаў пра Саюз Беларускiх Патрыётаў "Гарт", у нас таксама
выйшаў з турмы паэт Славамiр Адамовiч i рыхтуецца да выхаду кнiга прозы Васiля Быкава "Сьцяна". Дарэчы, пра Быкава нам сказаў i Карлас Шэрман, старшыня Беларускага ПЭН-цэнтру. Цiкава, што гутарка iдзе пра кнiгу Быкава, якая яшчэ ня выйшла, але ўжо называецца падзеяй. Але прынамсi гэта не размова пра страты.

Калi выбраць усе страты з тых адказаў, якiя мы атрымалi, дык мiжволi пачне вымалёўвацца мартыралёг культуры, а ня сьпiс яе здабыткаў.
Вось i мастацтвазнаўца Валянцiна Трыгубовiч казала пра падзею больш палiтычную, чым культурную, а таксама пра сьмерцi.

Гэтак мяркуе мастацтвазнаўца Валянцiна Трыгубовiч. Я думаю - цi можна сьмерць лiчыць падзеяй года? Калi мы зьвязваем слова падзея з узрушэньнем, дык так, а калi з дасягненьнем, дык, - не. Нам жа, мне здаецца, сёньня якраз неабходныя дасягненьнi, прырост. I мы, уся нацыянальная iнтэгiгенцыя, мусiлi б зрабiць крок да фармаваньня такiх стэрэатыпаў. Да вызначэньня падзеi нацыянальнага маштабу. Рэальна гэта цi не рэальна... Мiнулы год усё ж не назавеш абсалютна бясплённым. I мы мусiлi б вынесьцi зь яго набыткi, якiя ўсе разам прызнаем за гэткiя.

Сьмерць Мiхася Раманюка - гэта антыпадзея культуры. Гэта яшчэ адно адыманьне. I, можа быць, ня толькi гэтая сьмерць. У мастакоў памёр яшчэ i знакамiты габэленшчык Аляксандар
Кiшчанка. Сяргей Харэўскi зьвязаў гэтую падзею зь 10-мi ўгодкамi сьмерцi Эндзi Ўорхала, пачынальнiка поп-арту, i ўбачыў у гэтым параўнаньнi парадаксальную рэч: нонканфармiзм
абярнуўся матэрыяльным плёнам, а шчыры канфармiзм, наадварот, завёў у пастку.

ПАРТРЭТ

Жывыя твары i вобразы, якiя ажыўляе памяць, - у каменi, на паперы i ва ўяўленьнi - людзi зь мiнуўшчыны, сучаснасьцi ды будучынi, сярод якiх кожны знаходзiць i свой партрэт.

(Сяргей Харэўскi: ) "Яны нарадзiлiся ў розных краiнах. Андрэй Варгола - у 1928-м у Пiтсбургу (ЗША). Ягоныя бацькi, праўда, родам з русiнскае горнае вёскi Мiкова ў Славакii, на сумежжы Ўкраiны i Польшчы.

Аляксандар Кiшчанка нарадзiўся ў вёсцы Белы Калодзеж у Варонескай вобласьцi, на сумежжы з Украiнай, праз пяць гадоў, у 33-м. Ягоныя бацькi былi савецкiмi калгасьнiкамi.

Андрэй Варгола зь цягам часу перабраўся ў багемны квартал Нью-Ёрку. Тут ён стаў Эндзi Ўорхалам. А Кiшчанка перабраўся ў Менск. Праўда, ён застаўся Кiшчанкам.

Эндзi Ўорхала называюць першасьвятаром пап-арту. Яшчэ гадоў дзесяць таму паспалiты амэрыканец мог ня ведаць Рэмбранта, але Ўорхала ён ведаў абавязкова. У квяцiстых сукнях, намаляваных Эндзi, ходзяць мiльёны жанчынаў. Зробленыя iм партрэты Мэрылiн Манро, Элвiса Прэсьлi, Ленiна i Мао можна сёньня пабачыць у рэстарацыях i кавярнях ад Мэхiка да Вiльнi. Ягоныя iнсталяцыi з бляшанкамi ад таматнага супу "Кэмпбэл'з" сталi абразом для
пастiдустрыйнага сьвету.

Навязьлiвасьць славы Ўорхала стала настолькi адыёзнай, што ён заслужыў тэрарыстычнага замаху. А вяршыняй ягонага снабiзму стаў лэнч у парыскай рэстарацыi "Рытц" разам з Сальвадорам Далi i Джонам Ленанам...

З кiм мог папалуднаваць Кiшчанка? Пэўна ж з Савiцкiм i бадай, з Вуячычам. Дзе-небудзь у Кiеве, на днях культуры БССР. На яго нiхто не рабiў замахаў. Хоць недабразычлiўцаў хапала i ў яго. Ягоная слава ў БССР таксама пераходзiла ўсялякiя межы савецкага ўяўленьня. Росьпiсы санаторыя "Беларусь" у Крыме, гiганцкiя мазаiкi на Юбiлейнай плошчы i на гатэлi "Беларусь" у Менску, велiзарныя, у 10 паверхаў, пано на дамах у мiкрараёне "Усход-1". Сотнi жывапiсных працаў пазнавальнага "аплiкатыўнага" стылю, вывешаных у розных музэях СССР i растыражаваных у маскоўскiх ды менскiх альбомах.

Асобнае гутаркi заслугоўваюць габэлены Кiшчанкi. Пры iм габэлен стаў часткай iдэалягiчнага будаўнiцтва ў БССР. Ягоныя творы ткалiся дзясяткамi майстрых на габэленавай фабрыцы. Але якi размах! Габэлены для ЦК КПБ, для тэатраў Менску i Вiцебску, для пасольстваў, гатэльных холаў, аграмадны габэлен-запавеса для тэатру Музычнае камэдыi... Габэлен "Чарнобыль" пабачыў Нью-Ёрк. Шкада, Уорхал не дажыў. Яны маглi б сустрэцца. Чужанiца-бунтар, якi сваiм эпатажам скарыў бамонд авангарду i савецкi прагматык-канфармiст, якi ўсё жыцьцё абслугоўваў дзяржаву. Гэты габэлен i да сёньня вiсiць у ААН.

Самай вялiкай кропкаю (15 на 19 мэтраў) у творчасьцi Кiшчанкi стаў габэлен "Дваццатае стагодзьдзе". Тут, як у павелiчальным шкле, сабраныя дзеячы БНР i БССР, беларускiя i ня толькi, дзеячы культуры, навукi, выбiтныя асобы палiтыкi i царквы. Па-над iмi лунае Хрыстос Пантакратар, справа ад якога прымасьцiўся Лукашэнка... Адкуль такая эклектыка? Рэч у тым,
што працу над гэтым творам Кiшчанка пачаў яшчэ ў 1991 годзе. Вось i зьявiлiся на iм браты Луцкевiчы, Ластоўскi, Iгнатоўскi... Якi лёс мог напаткаць гэты твор пры новым рэжыме?.. Вось i зьявiўся Лукашэнка. Натуральна, Кiшчанка разьлiчваў на салiдны ганарар. Бо месца для габэлена ўжо было прадвызначанае ў будучым Палацы Рэспублiкi. I нават Лукашэнка
паглядзеў, "адобрыў". Але ў дзяржавы не знайшлося грошай на выкуп гэтага твору...

Уорхал памёр зьнянацку, пасьля няўдалае апэрацыi на жоўцевым пухiры, Кiшчанка таксама памёр заўчасна - ад раку.

Прыхiльнiкi Ўорхала засталiся расчараваныя спадчынай, якую пакiнуў iхны кумiр: цынiчныя скандальныя "Дзёньнiкi Ўорхала" i куча хлуду, якiм быў завалены ягоны дом. Паказны нонканфармiзм абярнуўся генiяльным камэрцыйным трукам. Ужо сёньня ягоную
бiяграфiю хутчэй знойдзеш у даведнiках шоў-бiзнэсу, чым мастацтва.

Заслужаны дзяяч мастацтваў БССР Кiшчанка, якi ў свой час быў адным з самых заможных людзей краiны, памёр, ледзь зводзячы канцы з канцамi. Сёньня дзяржаўны бюджэт не прадугледжвае расходаў на дзяржаўных мастакоў. Шчыры канфармiзм абярнуўся пасткаю.

У вёсачцы Мiкова, на радзiме бацькоў Уорхала, дзе яго абагаўляюць, створаны калясальны музэй, перад якiм стаяць двухмэтровыя бэтонныя кансароўкi супу "Кэмпбэл'з". А ў Нью-Ёрку пра "Папу попа" сёньня згадваюць толькi знаўцы.

У райцэнтры Багучар, на радзiме Кiшчанкi, у музэi баявой i працоўнай славы, засталася расьпiсаная iм заля i габэлен "Мой родны край"...

А ў Менску "Габэлен стагодзьдзя" ужо два гады ляжыць у спусьцелай майстэрнi. Унiкальны твор, найбуйнейшы ў сьвеце габэлен, разам з выяваю Лукашэнкi, пакрысе жарэ моль. Хто
ведае, што чакае гэты твор, варты кнiгi рэкордаў Гiнэса, заўтра..."

(Сяргей Дубавец: ) “Сяргей Харэўскi распавядаў пра творчасьць мастака Аляксандра Кiшчанкi з нагоды ягонае сьмерцi. Што да Андрэя Варголы, дык мне запомнiлася адна фраза зь ягонага скандальнага дзёньнiка: "У мяне было прызначана шмат спатканьняў, але я вырашыў застацца дома i перафарбаваць бровы". Вось i ўсё, што запомнiлася. У нас у шасьцiдзясятыя гэта назвалi б пiжонствам. А сёньня, здаецца, такiя рэчы ўжо нiкога не хвалююць.

Але вернемся да непасрэднае тэмы сёньняшняе праграмы. Дарэчы, мастацтвазнаўца Харэўскi падзеяй году назваў Хартыю-97, якая, маўляў, упершыню так выразна зьяднала людзей культуры, людзей палiтыкi i паспалiтых грамадзянаў краiны.

Параўноўваючы наша апытаньне з тым, што адбываецца ў суседнiх культурах - у Польшчы, Лiтве, Украiне, дзе нiхто ня кажа пра разбурэньне i сьмерць, бо знаходзiцца маса сьцьвярджальных нагодаў, я спрабую вызначыць, ад чаго гэта залежыць. Што патрэбна, каб беларускi культурны кантэкст цэмэнтавалi такiя зьявы культуры, якiя б прызнавалiся ўсiмi аўтарытэтамi з самых розных гуманiтарных сфэраў.

Па-першае, патрэбная iнфармацыя. I тут, на жаль, мала што залежыць ад жаданьня дзеячоў культуры. Калi ўсе газэты, радыё i тэлебачаньне жыва рэагуюць на новыя культурныя праекты, дык уся нацыя аказваецца далучанай да культурнага кантэксту. У абставiнах жорсткай цэнзуры гэта, вядома, немагчыма.

А вось другi матыў у большай ступенi залежыць ад нас. Патрэбны ўнiвэсалiзм, калi ў разуменьнi культурнiкаў розныя жанры - кiно, музыка, лiтаратура, тэатар - узаемна цiкавыя, калi яны ўзаемапранiкаюць. Калi паўстаюць iнтэгральныя праекты, дзе сьпеў, выява i паэзiя, напрыклад, зьлiваюцца ў адно. Або калi на пляцы, навiдавоку, паўстае таленавiты помнiк, ля якога праходзяць тысячы людзей. Альбо калi выходзiць кнiга, якая становiцца здабыткам у бiблiятэцы кожнай сям'i. Бяз прэсы i дэмакратычнага парадку з гэтым шмат чаго не дасягнеш. Але мы мусiм. Ведаючы, што антыбеларуская дыктатура ня будзе вечнай. Рана цi позна яна вытхнецца. Тады, напрыклад, калi мы навучымся вызначаць сваю агульную культурную падзею i ствараць свой агульны культурны кантэкст.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG