Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Марыя і правакатар (Вобразы Божае Маці і Леніна).


Аўтар і вядучы Сяргей Дубавец, Вільня

О Мацi Божая, што ў слаўнай Вострай Браме,
Як зорка ясная, нам сьвецiш заўсягды...

Цудадзейны абраз Мацi Божае Вострабрамскае апеты беларускiмi творцамi ўсiх веравызнаньняў. Але ў вершах савецкага часу i савецкае прасторы ён ня згадваецца. Галоўны сьвяты абраз беларусаў у Беларусi на доўгiя гады трапiў пад цэнзуру. Яму на зьмену прыйшоў iншы галоўны абраз - вобраз Ленiна. Гучыць, вядома, па-блюзьнерску: Мацi Божая i Ленiн. Але сказаць пра гэта па-iншаму яшчэ не атрымлiваецца. Як апiсаць сатанiнскую эпоху без сатанiзму? Праблема! Так часам у тэксьце аўтара, якi выкрывае злачынствы КГБ раптам вычуваеш гэбiсцкiя ноткi. Дастаткова iнтанацыi. Або - як шмат камунiзму ў сучасных
антыкамунiстычных лёзунгах i дзеяньнях, у характарах i поглядах дэмакратаў i незалежнiкаў.

Паступова пачынаеш разумець, што "перастройка" ў Беларусi не дайшла да глыбiннага ўзроўню, а адбылася толькi фармальна. На словах. Таму так пасьпяхова iдзе сёньня рэсаветызацыя. Iндыкатарам пераменаў можа стаць толькi праўда пра Ленiна, прамоўленая безь ленiнiзму ў голасе i пачутая безь ленiнiзму ў сэрцы.

Мы працягнем гэтую тэму ў канцы сёньняшняга выпуску Вострае Брамы. А перад тым - нашыя традыцыйныя рубрыкi: "Прыватныя рэчы", "Opus citatum" i "Краявiд".

Журналiст Аляксандар Лукашук чытае мэмуарную лiтаратуру - перадусiм пра часы сталiнскага таталiтарызму. Гэта ягоная тэма, працаваць зь якой ён пачаў яшчэ тады, калi на кароткi час адчынiлiся архiвы КГБ Беларусi, i можна было што-нiшто паглядзець. У вынiку архiўных пошукаў зьявiлiся кнiгi "Зьдзек", "Фiлiстовiч. Вяртаньне нацыяналiста". Неўзабаве ў
выдавецтве "Наша Нiва" пабачыць сьвет чарговае дакумэнтальнае выданьне Лукашука - "За кiпучай чэкiсцкай работай. Сцэны з жыцьця катаў".

Мы зь сябрамi разглядаем архiўныя здымкi Ленiна перад скананьнем. Здымкi нагадваюць iлюстрацыi з падручнiка судовае мэдыцыны. Я шукаю ў слоўнiках беларускi адпаведнiк дыягназу "невменяемость" i не знаходжу. Шырока расплюшчаныя пустыя вочы з матавым бляскам зрэнак. Погляд, якi пакiнула думка. Погляд немаўляцi. Адтапыраная нiжняя губа, галава нахiленая ўправа. Вось-вось з вуснаў сарвецца штосьцi дадаiстычнае...

Сузiраньне здымка выклiкае адначасова гiдлiвасьць i боль, даўкую вусьцiш ад адчуваньня несапраўднасьцi ўсяго твайго ранейшага жыцьця. Напэўна штосьцi падобнае адчуваюць
самагубцы, стоячы на краi прорвы.

"Ленiн думае пра Беларусь", - жартуе адзiн мой сябра, але яму не ўдаецца схаваць хваляваньня. Падпiшам "Ленiн думае пра Беларусь" i паставiм у газэту на першую старонку -
да 80-й гадавiны Кастрычнiцкай рэвалюцыi. Я перахоплiваю позiрк другога сябра: "Нi ў якiм разе нельга гэтага рабiць. Гэта брыдка".

Колькi мы нi пiсалi пра Ленiна, колькi нi пераконвалi сябе ды iншых у антычалавечнасьцi самага чалавечнага чалавека, а ён, бачыш, па-ранейшаму глыбока хвалюе нас. Сядзiць у нас
усярэдзiне як доказ таго, што несапраўднае мiнулае жыцьцё не прысьнiлася нам, i што сапраўды па сутнасьцi сваёй было несапраўдным. Сапраўднае - вось яно, без знакамiтага
ленiнскага прышчуру i ўвогуле хоць якой радасьцi або чалавечынкi.

Згадайце, якiя ўсё ж вясёлыя былi анэкдоты пра Ленiна савецкае пары. "Уладзiмiр Iльiч, сяляне галадаюць. - Няхай салому ядуць. - Дык замычаць жа! - Не замычаць. Я вось слоiчак мёду навярнуў i не жужжу".

Побач аж расьпiралася афiцыйная прапаганда, якая пачынала свой пажыцьцёвы гiпнатычны сэанс яшчэ ў дзiцячым садку:

Мы прыйшлi ў дзiцячы сад,
Бачым Ленiна пагляд,
Добры дзень, дзядуля Ленiн,
Прывiтацца кожны рад.

Ужо ў пачатку васьмiдзясятых такiя трындушкi не маглi не выклiкаць iронiю. Але побач з гэтым на поўным сур'ёзе распрацоўвалася "дарослая" ленiнiяна. Гэтак у 82-м годзе ў сваiх
дзёньнiках, г.зн. - для сябе, Iван Шамякiн пiсаў:

"Думаю, што многiя з нас, савецкiх лiтаратараў, людзей партыйных, мараць калi-небудзь напiсаць вобраз Уладзiмiра Iльлiча Ленiна, кожны ў сваiм жанры".

У 86-м выйшаў у сьвет трэцi том Энцыкляпэдыi Лiтаратуры i Мастацiтва Беларусi з аграмадным артыкулам "Ленiнiяна".

"Вобраз Ленiна - самы ўзвышаны i яркi ў народнай творчасьцi. Усенародная любоў i павага да правадыра адлюстраваная ў шматлiкiх i разнастайных формах i жанрах фальклёру: казках,
лiрычных песьнях, паданьнях, сказах, прыказках, прымаўках, легендах. Найбольш вядомыя творы беларускага фальклёру пра Ленiна - казкi "Ленiнская праўда", "Вялiкi багатыр"...
Галоўная iдэя "Ленiнскай праўды" - пашырэньне ленiнскага вучэньня ва ўсiм сьвеце..."

Праўда, памятаю, у тыя часы, на такiя рэчы мы ўжо не зьвярталi ўвагi, як на артыкулы з часопiса "Карэя сегодня", дзе "iдэi чучхэ жылi i перамагалi" i над якiмi мы адсьмяялiся яшчэ ў канцы 70-х. Iншая рэч, што творы лiтаратурнай Ленiнiяны ў той час маглi стаць адпраўным пунктам нацыянальнага пачуцьця, як адзiная даступная для гэтага крынiца. Напрыклад,
паэма "Ленiн думае пра Беларусь".

На беларускiм журфаку чытаўся курс "Ленiн - рэдактар", мы сыходзiлiся ў палемiцы над ленiнскай ацэнкай Беларускай Сацыялiстычнай Грамады, цытавалi правадыра ў артыкулах, калi трэба было давесьцi нешта неартадаксальнае. Словам, як нi круцi, а Ленiн жыў, замiнаў i дапамагаў, станавiўся нагодаю для сьмеху i расчараваньня. Прысутнiчаў. I ў гэтым не было, як быццам, нiчога сатанiнскага.

Але вось, зрабiўшы сваё трыюмфальнае шэсьце, цудатворны абраз галоўнага бальшавiцкага сьвятога ператварыўся ў дакумэнтальныя здымкi - у тую праўду, якая гучыць як блюзьнерства. Да той, вядома, ступенi, пакуль мы хоць трохi вычуваем у "невменяемым" правадыры - сьвятога.

Мацi Божай з Вострае Брамы нiколi ня зьведаць такiх мэтамарфозаў. Яна сёньня вяртаецца -
ажываюць радкi колiшнiх вершаў, ствараюцца новыя. Адрозьненьне ад яе галоўнага савецкага сьвятога - у тым, што для яго непазьбежная пэрспэктыва разьвянчаньня.

"Мама, а хто такi Ленiн?" - пытаецца часам сёньняшняе дзiця ў матулi, якая адчувае пры гэтым у глыбiнi душы вусьцiшны халадок ад раптоўнага разуменьня несапраўднасьцi ўсяго свайго ТАГО жыцьця.

"Мама, а хто такi Ленiн?"...

Гэтае дзiця, калi вырасьце, ужо наўрад цi стане абараняць свае погляды цытатамi зь Ленiна або сьмяцца з нашых анэкдотаў пра самага чалавечнага чалавека. Яно будзе ведаць не правадыра, а пачвару з дакумэнтальных здымкаў. Разам з тым гэтае дзiця застрахаванае ад блюзьнерства. Яно не рызыкуе абразiць бога. Бо праўду пра Ленiна яно будзе вымаўляць безь ленiнiзму ў голасе i слухаць безь ленiнiзму ў сэрцы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG