Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ліпені будзе створанае супольнае расейска-беларускае газатранспартнае прадпрыемства


Юры Сьвірко, Менск

Абураным менчукам, якія сёньня не маглі перасаджвацца з аднае лініі мэтро на іншую з прычыны ўзмоцненых захадаў бясьпекі, асабліва запомнілася фраза Аляксандра Лукашэнкі, адрасаваная падчас сустрэчы сам-насам Ўладзімеру Пуціну:

(Лукашэнка: ) “Самае галоўнае — што вам зручна тут”.

Аляксандар Лукашэнка дадаў: “Вы — першы госьць у мяне дома”. Пазьней Лукашэнка распавёў, што ўчора размаўляў з Пуціным да паловы дванаццатае начы. Спадар Пуцін падзякаваў яму за гэты “вельмі добры жэст”.

Яшчэ адным добрым жэстам пасьля леташняга абмену рэзкімі заявамі стала агучаная Аляксандрам Лукашэнкам інфармацыя пра тое, што ён падпісаў указ аб стварэньні супольнага расейска-беларускага прадпрыемства, якое зоймецца транспартаваньнем расейскага газу на Захад. Гэтае прадпрыемства будзе створанае ўжо ў ліпені. Нагадаю, што менавіта газавым ціскам Крамля Аляксандар Лукашэнка тлумачыў леташнія патрабаваньні далучыць Беларусь да складу Расейскае Фэдэрацыі.

Сёньня ж Уладзімер Пуцін заявіў у Менску, што выкарыстаньне расейскага рубля ў якасьці адзінага плацежнага сродку саюзнае дзяржавы будзе распачатае з 1 студзеня 2005 году — менш як праз два гады. “Нам нічога не перашкаджае рэалізаваць гэтае рашэньне”, — заявіў спадар Пуцін, хаця нават Аляксандар Лукашэнка раней зазначаў, што гэтаму перашкаджае найперш беларуская Канстытуцыя, якая гарантуе самастойнасьць грашова-крэдытнае сыстэмы Беларусі й выключнае права Нацыянальнага банку выпускаць грошы. Але Ўладзімер Пуцін сёньня зрабіў нават лёгкую пагрозу:

(Пуцін: ) “Крыху спазьняецца плян супольных дзеяньняў што да ўвядзеньня адзінай грашовай адзінкі саюзнае дзяржавы. Тут трэба, вядома, паскорыць работу, інакш пакет можа затармазіцца ці нават разваліцца зусім”.

Спадар Пуцін дадаў, што пасьпяховае прасоўваньне па шляху саюзнага будаўніцтва немажлівае без выпрацоўкі адзіных пазыцыяў што да палітычных пытаньняў, асабліва ў справе Канстытуцыйнага акту саюзнае дзяржавы. Цяпер яго праектам займаецца камісія больш высокага ўзроўню на чале са сьпікерамі палатаў парлямэнтаў Расеі й Беларусі. Аднак канкрэтнае даты прыняцьця гэтага акту сёньня зноў не назвалі.

Дарэчы, Уладзімер Пуцін сёньня шмат разоў карыстаўся тэрмінам “саюзная дзяржава”, які беларускі міністар замежных справаў Міхаіл Хвастоў раней назваў састарэлым і неадэкватным. Прэзыдэнт Расеі сказаў, што “курс на стварэньне саюзнае дзяржавы — гэта стратэгічны напрамак расейска-беларускага ўзаемадзеяньня”. Але спадар Лукашэнка аддае перавагу тэрміну “саюз”:

(Лукашэнка: ) “Просты й шчыры абмен думкамі пра стратэгію саюзнага будаўніцтва спрыяў паглыбленьню працы над канцэпцыяй Канстытуцыі нашага саюзу”.

Аляксандар Лукашэнка выказаў спадзяваньне, што да наступнага паседжаньня Найвышэйшае дзяржаўнае рады бакі атрымаюць узгоднены праект Канстытуцыйнага акту. Але калі гэтае паседжаньне адбудзецца — пакуль невядома.
XS
SM
MD
LG