Лінкі ўнівэрсальнага доступу

12 лістапада ў расейскай Дзярждуме адбудуцца слуханьні наконт сытуацыі ў Беларусі


Уладзімер Глод, Менск

Сёньня я патэлефанаваў у Маскву дэпутату Дзярждумы з фракцыі СПС Вадзіму Бондару. Ён наступным чынам патлумачыў неабходнасьць слуханьняў:

(Бондар: ) “Хацелася б зьвярнуць увагу расейскай грамадзкасьці: ёсьць дастаткова сур’ёзны і распрацаваны погляд на тое, якой мусіць быць інтэграцыя Расеі й Беларусі. Але не паводле сцэнару Лукашэнкі, а паводле таго, які агучыў Пуцін — аб’яднаньне паводле мадэлі Эўразьвязу. Справа ў тым, што мы ўжо маем дэтальныя распрацоўкі, як рухацца ў гэтым напрамку. Мы хочам паказаць шырокай грамадзкасьці, што ведаем дэталі, ужо бачым, як гэта рабіць. Мы не спрабуем рабіць на гэтым палітыку. Мы сапраўды хочам рашаць гэтую праблему”.

Беларуская дэлегацыя, якая сёньня ўвечары накіроўваецца ў Маскву, складаецца з двух дзясяткаў асобаў. Гэта лідэры Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька і Яраслаў Раманчук, дэпутаты Палаты прадстаўнікоў генэрал Валеры Фралоў і алімпійскі чэмпіён Уладзімер Парфяновіч, экс-прэм’ер Міхаіл Чыгір, прафэсар Станіслаў Багданкевіч, генэрал Павал Казлоўскі, жонкі зьніклых Сьвятлана Завадзкая і Ірына Красоўская ды іншыя.

Паводле Анатоля Лябедзькі, гэтая паездка — працяг той працы, што вядзе АГП на расейскай палітычнай прасторы. Ён нагадвае, што слуханьні ёсьць працягам дамоўленасьцяў, які былі дасягнутыя ўлетку, калі Дзярждуму наведала дэлегацыя АГП і родныя зьніклых.

Адметна, што ў абмеркаваньні маюць намер удзельнічаць прадстаўнікі практычна ўсіх фракцыяў і групаў Дзярждумы. Гаворыць Анатоль Лябедзька:

(Лябедзька: ) “Я думаю, гэта будзе цікавая дыскусія. Магчыма, там будуць розныя погляды на сытуацыю ў Беларусі і Расеі, на тое, што адбываецца апошнім тыднем. У любым выпадку, гэта будзе вельмі карысна, паколькі доўгі час лічылася, што расейская Дзяржаўная дума ёсьць стратэгічным саюзьнікам Аляксандра Лукашэнкі. Я думаю, мы пераўтвараем тое, што ўчора было рэчаіснасьцю, у сёньняшні міт”.
XS
SM
MD
LG