Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіраўнік Расеі задаволены беларуска-расейскім гандлёвым абаротам


Сяргей Навумчык, Прага

Для палітычных аглядальнікаў, якія адсочваюць разьвіцьцё ўзаемаадносінаў паміж Крамлём і афіцыйным Менскам, цяперашні саміт павінен быў стаць своеасаблівым індыкатарам. Нагадаем, што гэтая сустрэча Лукашэнкі і Пуціна была першай сустрэчай пасьля візыту кіраўніка Беларусі ў Маскву, дзе расейскі прэзыдэнт вылучыў непрымальныя для Лукашэнкі ўмовы інтэграцыі. Некаторыя назіральнікі выказалі меркаваньне, што канфлікт паміж Масвой і Менскам будзе працягвацца найперш ў эканамічнай сфэры і што Расея скарыстае эканамічныя рычагі ўзьдзеяньня на Беларусь.

Як вынікае з рэпартажу нашага адмысловага карэспандэнта Віталя Цыганкова, які цяпер знаходзіцца ў Малдове, прэсавай канфэрэнцыі па выніках саміту не было. Аднак расейскі прэзыдэнт усё ж зрабіў заяву, якая ў пэўнай ступені, можа адлюстроўваць стаўленьне Крамля да эканамічнага аспэкту беларуска-расейскіх дачыненьняў.

Як паведамляе агенцтва “Мэдыяфакт”, перад самітам Уладзімер Пуцін заўважыў, што “напружанасьць абмеркаваньня палітычных пытаньняў пасьля апошняй сустрэчы была вялікай”, але адзначыў, што гэта не адбілася на эканамічным супрацоўніцтве абодвух краінаў. У пацьвярджэньне гэтага Пуцін паведаміў, што пасьля падпісаньня дамовы ў справе рэгуляваньня тарыфаў, чыгуначныя перавозкі узьняліся на 103%.

Уладзімер Пуцін заявіў журналістам, што Беларусь зьяўляецца другой краінай у Эўропе паводле гандлёвага абароту пасьля Нямеччыны.

Уладзімер Пуцін выказаў меркаваньне, што да канца года гандлёвы абарот паміж Беларусьсю і Расеяй дасягне 10 мільярдаў даляраў.
XS
SM
MD
LG