Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БЕЛАРУСКІЯ І РАСЕЙСКІЯ ПАЛІТЫКІ І АНАЛІТЫКІ ПРА НОВУЮ ХВАЛЮ ПРОЦІСТАЯНЬНЯ ПУЦІНА І ЛУКАШЭНКІ


Валер Каліноўскі, Менск

Сёньняшнія супярэчнасьці паміж У. Пуціным і А. Лукашэнкам аб'ектыўныя, бо Расея рэфармуецца, інтэгруецца ў міжнародную супольнасьць, а Беларусь застаецца з былым савецкім багажом, і гэта застаецца базай для пэрманэнтнага канфлікту і далейшага пагаршэньня адносін, – лічыць лідэр АГП Анатоль Лябедзька. Беларусь ня ўпісваецца ў тую рынкавую і дэмакратычную канцэпцыю, якую ажыцьцяўляе Расея:

(Лябедзька: ) “На сёньняшні дзень, паводле майго перакананьня, ёсьць найбольшыя магчымасьці для таго, каб Лукашэнка схіляўся да варыянта паглыбленай самаізаляцыі. Ён ня пойдзе ні на Ўсход, ні на Захад”.

Анатоль Лябедзька ўпэўнены, што і Расея ня будзе асабліва пераймацца беларускай тэмай, больш займаючыся ўласнымі эканамічнымі і палітычнымі праблемамі.

(Лябедзька: ) “Ня думаю, што Пуцін сёньня будзе займацца гэтым і карпець над мапай Беларусі ды думаць, што рабіць зь Беларусьсю. За яго будзе вырашаць эканоміка і тая глябалізацыя, якая ідзе ў сьвеце”.

Спадар Лябедзька ад імя сваёй партыі прапануе сёлета правесьці адмысловыя слуханьні па расейска-беларускіх адносінах.

Былы старшыня Нацбанку Беларусі Станіслаў Багданкевіч упэўнены, што Беларусь з эканамічных прычынаў будзе вымушаная працягваць інтэграцыю:

(Багданкевіч: ) “Лукашэнка сваёй асаблівай мадэльлю разьвіцьця загнаў краіну у амаль безвыходную сытуацыю, у яго няма прасторы для манэўру, і ён будзе вымушаны праводзіць прыватызацыю з допускам расейскага алігархічнага капіталу”.

Прафэсар Багданкевіч упэўнены, што калі Беларусь не атрымае сёлета каля 300 мільёнаў даляраў, то пачнецца чарговая хваля інфляцыі. На ягоную думку, лакмусавай паперкай далейшай палітыкі афіцыйнага Менску стане рэакцыя на прапанову Крамля пра паскораны пераход на расейскі рубель да дасягненьня пагадненьня аб эмісійным цэнтры.

(Багданкевіч: ) “Магчыма, Лукашэнка, нягледзячы на свае гучныя заявы, пойдзе на расейскі рубель, і гэта стане пачаткам здачы сувэрэнітэту краіны ў рэальнасьці, а не ў дэклярацыях. Я ня веру, што ён сёньня здольны спыніцца”.

Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Натальля Машэрава ўвогуле мяркуе, што пасьля эмацыйных ацэнак прэзыдэнтам Расеі і Беларусі давядзецца паспрабаваць працягваць інтэграцыю, нават з чыстага аркуша.

(Машэрава: ) “Я супраць таго, каб рабіць барыкады, і я спыніла б антырасейскую рыторыку тут, і антыбеларускую – там. Усё ўжо сказалі, як бывае і ў сям'і, нагаварылі...”

Натальля Машэрава мяркуе, што ў канфлікце вінаватыя перш за ўсё чыноўнікі і тыя людзі, якія займаліся праблемамі інтэграцыі прафэсійна.

Маскоўскі журналіст Уладзіслаў Максімаў з аналітычнага выданьня "Ведомости" лічыць, што шавіністычная рэакцыя расейскай эліты, якая жадае інкарпарацыі Беларусі, была прагназаванай:

(Максімаў: ) “Яна новая толькі таму, штот ідэя інкарпарацыі Беларусі шасьцю абласцямі была агучаная нядаўна, а ў галаве яе трымалі заўсёды. На гэты конт ніякіх асаблівых ілюзіяў мець ня трэба”.

На думку спадара Максімава, у А. Лукашэнкі яшчэ ёсьць шанец павярнуць, даць задні ход, але трэба сьпяшацца, бо ў Маскве гатовыя разглядаць і варыянт ягонай замены на больш ляяльную фігуру:

(Максімаў: ) “Для новага этапу, так як яго тут успрымаюць, патрэбны больш адэкватны і больш кіраваны чалавек”.

Аднак пакуль Расея ня мае праваднікоў сваёй палітыкі ў Беларусі, апрача Лукашэнкі. Апошні ж будзе намагацца вярнуць інтэграцыйны цягнік на старыя рэйкі, – мяркуе маскоўскі журналіст Уладзіслаў Максімаў.

А вось Вячаслаў Ніканаў, прэзыдэнт расейскага фонду "Палітыка", ня лічыць цяперашні канфлікт паміж Пуціным і Лукашэнкам сур'ёзным і незваротным:

(Ніканаў: ) “Расея і Беларусь па-ранейшаму застаюцца саюзьнікамі, прычым найбліжэйшымі, дыскусіі з нагоды мэханізмаў інтэграцыі будуць працягвацца, а тое, што гэтая інтэграцыя будзе ісці, у мяне няма ніякіх сумненьняў, хаця б у агульнаэўрапейскім кантэксьце. Таму, безумоўна, канфлікт носіць лякальны характар і ніяк не паўплывае на доўгатэрміновыя адносіны паміж дзвюма краінамі”.

Вячаслаў Ніканаў сьцьвярджае, што імкненьне інкарпараваць Беларусь у склад Расеі ня ёсьць дамінуючай пазыцыяй расейскай палітычнай эліты і крамлёўскіх кіруючых колаў, і тут Лукашэнка наўмысна акцэнтуе ўвагу на адным з трох прапанаваных Пуціным варынтаў.
XS
SM
MD
LG