Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

ЛУКАШЭНКА СПРАБУЕ СПАЛУЧЫЦЬ СУПРАЦЬЛЕГЛЫЯ РЭЧЫ: ЗАХАВАЦЬ ВОБРАЗ ІНТЭГРАТАРА І ЎМАЦАВАЦЬ ВОБРАЗ НЕЗАЛЕЖНІКА


Юры Дракахруст, Прага

Аляксандар Лукашэнка паспрабаваў спалучыць супрацьлеглыя рэчы: захаваць вобраз інтэгратара і ўмацаваць вобраз незалежніка. У ягоным адказе на ліст Пуціна прагучаў стандартны набор абвінавачаньняў на адрас Масквы: Расея ня хоча роўнапраўнага саюзу зь Беларусьсю, шэраг расейскіх урадоўцаў і багатых людзей хочуць крыміналізаваць Беларусь і прыхапіць яе. Пайшла ў ход і антызаходніцкая карта: кіраўнік Беларусі заявіў, што прычыны цяперашняй лініі Крамля – у зьнешняй палітыцы: “Паглядзім, ці вытрымае кіраўніцтва Расеі ціск, здадуць Беларусь ці не”, – заявіў Лукашэнка.

Раней гэтыя інвэктывы спалучаліся з абвінавачаньнямі ў тым, што Масква не гатовая ісьці ў аб’яднаньні так далёка, як Беларусь, ня хоча аднаўляць адзінства, разбуранае ў 1991 годзе.

Зараз жа абвінавачаньні на адрас Крамля ў нежаданьні інтэгравацца спалучаюцца ў кіраўніка Беларусі з адмоваю ад любых варыянтаў аб’яднаньня, якія прадугледжваюць хоць якое абмежаваньне беларускага сувэрэнітэту.

Лукашэнка катэгарычна адхіліў як пэрспэктыву ўваходжаньня Беларусі ў склад Расеі, гэтак і інтэграцыю паводле ўзору Эўразьвязу. Паводле кіраўніка Беларусі, нават апошні варыянт прадугледжвае скасаваньне існай беларуска-расейскай дамовы. “Калі Расея хоча дэнансаваць дамову, то калі ласка, толькі ў аднабаковым парадку”, – сказаў Лукашэнка.

Тут варта прыгадаць, што 3 гады таму сам кіраўнік Беларусі называў цяперашнюю дамову “сьмяхоцьцем” і тое, што па сваёй сутнасьці дзейная дамова задумвалася, як прыступка да больш шчыльнай інтэграцыіі. У 1996 годзе была падпісаная дамова пра супольнасьць, у 1997 годзе яе зьмяніла дамова пра саюз, у 1999 годзе была падпісаная дамова аб саюзнай дзяржаве. Кожная наступная адмяняла папярэднюю, аднак ніколі раней Лукашэнка не папікаў за гэта Маскву.

На першы погляд, агрэсіўнасьць ягоных суботніх заяваў выглядае беспадстаўнаю. Пуцін у сваім лісьце пералічыў тры магчымыя варыянты інтэграцыі: уваходжаньне Беларусі ў Расею, мадэль Эўразьвязу і якраз працяг цяперашняга існаваньня паводле дзейнай дамовы. Здавалася б, дастаткова было б ветліва адказаць: “Для нас прымальны толькі трэці варыянт”. Але зрабіць гэта – канчаткова страціць вобраз інтэгратара.

Пра тое, што сытуацыя для Лукашэнкі нагадвае пастку, сьведчаць і яшчэ дзьве сэнтэнцыі зь ягонай прамовы. Ён сказаў, што ніводнае ведамства, ніводны палітык ў Беларусі не займаецца адказам на пасланьне Пуціна і тут жа дадаў, што беларускі бок усё ж накіруе адпаведны адказ. Якім жа можа быць гэты адказ, калі яго ніхто не рыхтуе?
XS
SM
MD
LG