Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

“МАСКВА МАЕ ЧАС, КАБ ПАВОЛІ ЦІСНУЦЬ НА ЛУКАШЭНКУ”


Аляксей Дзікавіцкі, Прага

Паводле меркаваньня аўтара дасьледаваньня, экспэрта Цэнтру ўсходніх дасьледаваньняў у справе Беларусі Рафала Садоўскага, Уладзімер Пуцін насамрэч ня хоча, каб Беларусь фармальна пазбавілася незалежнасьці. Спадар Садоўскі лічыць, што расейскі прэзыдэнт цісьне на Лукашэнку, каб дамагчыся перадусім зьменаў у беларускай гаспадарцы і кантролю над ёй, што мусіць зьменшыць кошт утрыманьня састарэлай беларускай эканомікі.

“Расея і так мае гарантаваны і моцны палітычны кантроль над Беларусьсю, якая застаецца выключна ў сфэры ўплыву Масквы”, – адзначаецца ў дасьледаваньні.

У сваю чаргу, нежаданьне Лукашэнкі пазбаўляцца татальнага кантролю над беларускай эканомікай і ўпартыя прапановы стварэньня саюзнай дзяржавы на роўных з Расеяй, паводле спадара Садоўскага, прывялі “да патавай сітуацыі” ў адносінах паміж Менскам і Масквой.

Як жа падзеі будуць разгортвацца далей? Адказвае экспэрт Варшаўскага Цэнтру ўсходніх дасьледаваньняў у справе Беларусі Рафал Садоўскі:

(Садоўскі: ) “Мэтай Расеі ёсьць перадусім падвышэньне прыбыткаў, якія яна мае ад залежнасьці Менску. Беларускае пытаньне, аднак, ня ёсьць гарачай праблемай у расейскай замежнай палітыцы. На мой погляд, Масква задаволеная цяперашняй сытуацыяй, і яна мае час, каб паволі ціснуць на Лукашэнку, дамагаючыся патрэбных саступак. Мяркую, што ўключэньне Беларусі ў склад Расеі цяпер немагчымае. Па-першае, Масква пакуль ня мае дастаткова сродкаў, каб гэта зрабіць, а па-другое, гэткі крок выклікаў бы супраціў міжнароднай супольнасьці, асабліва Захаду. Таксама ня варта забываць, што Беларусь ёсьць краінай-заснавальніцай ААН і іншых міжнародных арганізацыяў”.
XS
SM
MD
LG