Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

ПАСЬЛЯ ЎНІФІКАЦЫІ ЧЫГУНАЧНЫХ ТАРЫФАЎ БЕЛАРУСЬ МОЦНА НАСАЛІЛА РАСЕІ


Юры Сьвірко, Менск

Сёлета, пасьля падпісаньня 12 красавіка беларуска-расейскага пагадненьня пра стварэньне роўных умоваў для суб’ектаў гаспадаркі дзьвюх дзяржаваў, былі значна зьменшаныя чыгуначныя тарыфы на перавозку грузаў у кантэйнэрах. Калі раней перавезьці адзін 20-тонны кантэйнэр зь Менску ў Маскву каштавала 330 даляраў, дык цяпер толькі 200.

З гэтай прычыны вырас аб’ём перавозак. Паводле апошніх дадзеных Беларускае чыгункі, зь Беларусі ў Расею вязуць грузаў больш, чым з Расеі ў Беларусь. Як зазначыў на сёньняшняй прэсавай канфэрэнцыі намесьнік начальніка службы грузавой працы і зьнешнеэканамічнай дзейнасьці Беларускае чыгункі Васіль Зелянкоўскі, усталяваньне адзіных тарыфаў на перавозкі закранула толькі двухбаковыя беларуска-расейскія зносіны.

(Зелянкоўскі: ) “Транзыт тут ня ўлічваецца. Тарыф захаваўся ранейшы, за выняткам Калінінградзкае вобласьці. Пры перавозках з Расеі ў Калінінградзкую вобласьць Беларуская чыгунка ў аднабаковым – трэба адзначыць – парадку перайшла на ўнутрырасейскі прэйскурант”.

Спадар Зелянкоўскі дадаў, што суседняя Літоўская чыгунка за свой участак бярэ грошы з Расеі паводле міжнародных тарыфаў. Кіраўнік эканамічнае службы Беларускае чыгункі Аляксандар Грэцкі прызнаў, што для расейцаў выгодная ўніфікацыя тарыфаў зь Беларусьсю.

(Грэцкі: ) “Вядома ж, выгодна – пра што там казаць! Тое, што здаецца стратамі чыгункі сёньня – а гэтыя сумы ёсьць, бо зьнізіўся тарыф – ён жа рэальна не ўвайшоў у кошт прадукцыі. Па сутнасьці гэтая прадукцыя прададзеная, стала запатрабаваная. Тое самае для расейцаў: чым ніжэйшыя тарыфы, тым лягчэй рэалізоўваеццца прадукцыя. Адсюль выгодна й ім”.

Гэтае меркаваньне спадара Грэцкага падзяляе ягоны калега Васіль Зелянкоўскі. Але на маё пытаньне, якая доля Беларускае чыгункі ў тым 1 мільярдзе даляраў, які Расея, паводле Аляксандра Лукашэнкі, ускосна атрымлівае ад Беларусі, спадар Зелянкоўскі адказаў гэтак:

(Зелянкоўскі: ) “Што да, як вы кажаце, 1 мільярда даляраў, дык я не гатовы адказаць на гэтае пытаньне. Адкажу толькі: зьніжэньне тарыфаў дазволіла кампэнсаваць чыгуначнікаў аб’ёмамі”.

Васіль Зелянкоўскі падаў апошнія зьвесткі наконт росту перавозак беларускіх грузаў у Расею:

(Зелянкоўскі: ) “Аб’яднаньне “Атлант” – павелічэньне недзе ўжо на 15%, ТАА “Белсолад” – недзе на 8%, “Мазырсоль” – на 158%... Я баюся нават вялікія адсоткі “Белкалія” называць што да павелічэньня аб’ёмаў”.

Такім чынам, дзякуючы адзінаму чыгуначнаму тарыфу Беларусь моцна насаліла Расеі – значна павялічыліся пастаўкі звычайнае солі з Мазыра ды калійнае з Салігорску.

Але, на думку некаторых эканамістаў, Расея таксама неўзабаве можа насаліць беларусам сваёй прадукцыяй – калі грузаперавозкі патаньнелі, расейскі тавар стане больш канкурэнтаздольным у Беларусі. Хаця менскія чыноўнікі кажуць, што ў Расеі большыя адлегласьці і для перавозак адтуль у Беларусь тарыфныя зьніжкі ня вельмі адчувальныя, аднак там жа значна больш таваравытворцаў і лепшыя ўмовы для бізнэсу.

Таму ўніфікацыя тарыфаў можа не спрыяць беларускім таваравытворцам у Расеі, а зьнішчыць іх дома, у Беларусі. Вось што кажа начальнік эканамічнае службы Беларускае чыгункі Аляксандар Грэцкі:

(Грэцкі: ) “Вядома, калі спатрэбіцца агароджваць свой рынак ад нейкага засільля, у тым ліку расейскага ці яшчэ некага, каб свайго вытворцу падтрымаць, – напэўна, давядзеца рабіць захады: мыта, зборы, тарыфная палітыка ўсялякая. Гэта не выключаецца, вядома”.
XS
SM
MD
LG