Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"НАВАТ ЛЕНІН І СТАЛІН НЕ ДАДУМАЛІСЯ…"


Юры Дракахруст, Прага

Вельмі важны сам па сабе той факт, што Лукашэнка паўтарыў сваё нэгатыўнае стаўленьне да прапановы Пуціна, якое ён упершыню выказаў па гарачых сьлядох сустрэчы ў Маскве. Чым часьцей Лукашэнка будзе гэта паўтараць, тым менш шанцаў на тое, што Масква здолее прымусіць яго адкруціць назад і пагадзіцца на ўваходжаньне Беларусі ў Расею.

Але варта адзначыць, што аргумэнтам, якімі Лукашэнка – “савецкі беларус”, паводле яго самавызначэньня – абараняе незалежнасьць, бракуе пераканаўчасьці. Ён, мякка кажучы, крыху перабольшвае ленінскі і сталінскі клопат пра непадзельнасьць Беларусі. Усе савецкія гады, пачынаючы зь Берасьцейскай дамовы 1918 году, яе дзялілі і перадзельвалі шмат разоў. Дастаткова прыгадаць Рыскую дамову, перадачу ў склад РСФСР Смаленскай, Гомельскай, Магілёўскай і Віцебскай вобласьцяў, лёс Вільні і Беласточчны. Ані Ленін, ані Сталін ніколі не ўважалі за Беларусьсю аніякага сувэрэнітэту.

Нават не сягаючы ў гісторыю, варта спаслацца на меркаваньне такога аўтарытэта, як былы сябар палітбюро ЦК КПСС Яўген Прымакоў. Падчас нядаўняга візыту ў Беларусь ён заўважыў, што СССР на самой справе быў унітарнаю дзяржаваю.

Падаецца, што Лукашэнка памыляецца і тады, калі гаворыць, што ідэя далучэньня Беларусі ня будзе ўспрынятая ў Расеі. Прапанову Пуціна за рэдкім выключэньнем горача вітала ўся расейская палітычная эліта. Праўда, зараз першасная хваля энтузыязму пакрысе спадае, пачынаюць гучаць больш цьвярозыя галасы. Напрыклад, старшыня Савету Фэдэрацыі Расеі Сяргей Міронаў у інтэрвію беларускаму штотыднёвіку “Аглядальнік” заявіў: “У працэсе збліжэньня Беларусі і Расеі рэчаіснасьць аказалася нашмат больш складанай, і мы пераацанілі свае сілы”.

Але прычына гэтага працьверазеньня – кансалідаванае непрыняцьцё беларускай элітаю праекту паглынаньня Беларусі Расеяй. Намёкі Лукашэнкі на тое, што Беларусь ніколі ня прыме прапанову, каб саюзу не было, хутчэй за ўсё тычацца нядаўняга паведамленьня, якое прагучала з вуснаў старшыні Фэдэрацыі прафсаюзаў Леаніда Козіка, па сумяшчальніцтве сустаршыні рабочай групы па распрацоўцы канстытуцыйнага акту саюзнай дзяржавы. Паводле Козіка, паралельнана са звышінтэграцыйнымі прапановамі Пуціна расейскі бок прапанаваў зьмены ў дзейную саюзную дамову, якія цалкам выпустошваюць яе.

Фактычна Расея паставіла Лукашэнку перад дылемаю: альбо Беларусь уваходзіць у склад Расеі, альбо адносіны будуюцца як паміж незалежнымі дзяржавамі, што азначае канец гешэфтаў паводле формулы “нафта ў абмен на пацалункі”.
XS
SM
MD
LG