Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КІРАЎНІКІ РАСЕЙСКІХ РЭГІЁНАЎ ПАДТРЫМАЛІ ІНІЦЫЯТЫВУ ПУЦІНА ПРА РЭФЭРЭНДУМ АБ ДАЛУЧЭНЬНІ БЕЛАРУСІ ДА РАСЕІ


Юры Дракахруст, Прага

Губэрнатар Валагодчыны Вячаслаў Пазгалеў мяркуе, што на рэфэрэндум варта выносіць два варыянта аб’яднаньня: фэдэратыўны і канфэдэратыўны, паводле ўзору Эўразьвязу. Пазгалеў лічыць, што варта ісьці па кроках: спачатку стварыць канфэдэрацыю, а потым ператварыць яе ў адзіную дзяржаву.

На думку губэрнатара Самарскай вобласьці Канстанціна Цітова, аб’яднаньне магчымае толькі ў форме далучэньня Беларусі да Расеі.

Кіраўнік Саратаўскай вобласьці Дзьмітры Аяцкаў таксама выказаў меркаваньне, што раўнапраўны саюз немагчымы, і выказаўся за правядзеньне рэфэрэндуму, які, паводле яго, адпавядае прынцыпам народаўладзьдя.

Кіраўнік Ненецкай аўтаномнай акругі Ўладзімер Бутаў лічыць, што пытаньне аб’яднаньня можна вырашыць нават і без рэфэрэндуму, паводле Бутава, дастаткова рашэньня найвышэйшых органаў улады дзьвюх дзяржаваў.

Больш абачліва ўспрыняў ініцыятыву Пуціна пскоўскі губэрнатар Яўгэн Міхайлаў. Ён адзначыў, што беларусам будзе цяжка ўспрыняць гэтую прапанову. Міхайлаў дадаў, што галоўнае – гэта не згубіць тое, што ёсьць – адзіную эканамічную прастору і адсутнасьць мяжы.

Варта адзначыць заўвагу, зробленую членам палаты прадстаўнікоў генэралам Валерыем Фраловым. Ён падкрэсьліў, што у выпадку стварэньня адзінай беларуска-расейскай дзяржавы паводле прапановы Пуціна беларускія нацыянальныя ўзброеныя сілы перастануць існаваць. У гэтым выпадку, заўважыў Фралоў, усе ранейшыя абяцаньні Лукашэнкі, што нашыя сыны ня будуць ваяваць у “гарачых кропках” згубяць ўсялякі сэнс. “Мы тады ня зможам даць беларускім грамадзянам аніякіх гарантыяў у гэтым пытаньні”, – сказаў генерал Фралоў.

У сьвятле пытаньня пра гарантыі цікава адзначыць сёньняшнюю заяву кіраўніка аддзелу міжнароднага супрацоўніцтва міністэрства абароны Беларусі Аляксандра Янушкевіча. Ён сказаў, што ўступленьне ў NATA Літвы, Латвіі і Эстоніі можа станоўча адбіцца на ваенным супрацоўніцтве Беларусі з гэтымі краінамі.
XS
SM
MD
LG